Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 снежня 2009 г. № Р-383/2009
Аб судовым абскарджанні рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства)

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, прыняцця новых нарматыўных прававых актаў, якія выцякаюць з кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот Вышэйшага Гаспадарчага  Суда Рэспублікі Беларусь аб абскарджанні ў судовым парадку растлумачэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях прымянення падатковага заканадаўства, якія даюцца па зваротах суб’ектаў гаспадарання.

 

У звароце ўказана на розныя падыходы гаспадарчых судоў і іншых дзяржаўных органаў да прымянення асобных палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб”. У гаспадарчыя суды паступаюць заявы аб прызнанні несапраўднымі растлумачэнняў падатковых органаў, якія даюцца па зваротах суб’ектаў гаспадарання аб прымяненні заканадаўства. Пры гэтым заяўнікі спасылаюцца на падпункт 1.3 пункта 1 названага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498, згодна з якім рашэнне арганізацыі па звароту можа быць абскарджана ў вышэйстаячы ў адносінах да яе ў адпаведнасці з яе падпарадкаванасцю дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, а рашэнне вышэйстаячага органа па звароту можа быць абскарджана ў суд.

 

Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, растлумачэнне ўпаўнаважанага органа па звароту, звязанаму з прымяненнем норм заканадаўства, не з’яўляецца рашэннем гэтага органа, паколькі не носіць абавязковага характару, не ўстанаўлівае правоў і абавязкаў канкрэтнай асобы, у сувязі з чым не падлягае абскарджанню ў парадку гаспадарчага судаводства, а гаспадарчыя суды не надзелены паўнамоцтвамі па афіцыяльнаму растлумачэнню норм заканадаўства.

 

Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь лічаць, што рашэнні падатковых органаў па пытаннях прымянення заканадаўства могуць быць абскарджаны ў суд зыходзячы з норм падпункта 1.3 пункта 1 вышэйназванага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498, а таксама пункта 17 пераліку дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва, зацверджанага гэтым Указам.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – Падатковы кодэкс), Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб” (далей – Указ № 498), іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з артыкулам 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.

 

Да ліку правоў і свабод грамадзян, якія гарантуюцца Канстытуцыяй, адносіцца права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы (артыкул 40 Канстытуцыі).

 

Адным са спосабаў забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца іх абарона кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (артыкул 60 Канстытуцыі).

 

Указаныя канстытуцыйныя гарантыі дзейнічаюць таксама ў адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб.

 

2. Нормамі Закона “Аб зваротах грамадзян” і Указа № 498 вызначаны механізм рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на звароты ў дзяржаўныя органы.

 

Пунктам 2 Указа № 498 зацверджаны пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва (далей – пералік).

 

Звароты, у якіх змяшчаюцца і пытанні растлумачэння падатковага заканадаўства, падлягаюць разгляду па сутнасці ў дзяржаўных органах і арганізацыях, указаных у пераліку, калі выкладзеныя ў іх пытанні адносяцца да адпаведных сфер грамадскіх адносін.

 

У адпаведнасці з пунктам 17 пераліку адказным дзяржаўным органам за разгляд зваротаў у сферы падаткаабкладання (растлумачэнне падатковага заканадаўства) з’яўляюцца інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па раёнах, гарадах, раёнах у гарадах, рашэнні якіх па зваротах, згодна з часткай трэцяй пункта 2 Указа № 498, могуць быць  абскарджаны ў вышэйстаячыя дзяржаўныя органы: інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па абласцях, гораду Мінску і Міністэрства па падатках і зборах. Рашэнне вышэйстаячага дзяржаўнага органа па звароту можа быць абскарджана ў суд (падпункт 1.3 пункта 1 Указа № 498).

 

Устаноўлены ва Указе № 498 парадак разгляду падатковымі органамі зваротаў, звязаных з растлумачэннем падатковага заканадаўства, знайшоў далейшае замацаванне ў Падатковым кодэксе. Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2008 г. зменена рэдакцыя  падпункта 1.5 пункта 1 артыкула 82 Падатковага кодэкса і да абавязкаў падатковых органаў і іх службовых асоб аднесена дача пісьмовых растлумачэнняў плацельшчыкам (іншым абавязаным асобам) па пытаннях прымянення актаў падатковага заканадаўства.

 

3. Згодна з артыкулам 3 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” прававыя акты, якія прымаюцца (выдаюцца) з мэтай ажыццяўлення канкрэтных (разавых) арганізацыйных, кантрольных або распарадчых мерапрыемстваў або разлічаны на іншае аднаразовае прымяненне, не з’яўляюцца нарматыўнымі.

 

Прававы аналіз рашэнняў вышэйстаячых падатковых органаў, прынятых па зваротах, звязаных з пытаннямі растлумачэння падатковага заканадаўства, паказвае, што яны характарызуюцца наступнымі асаблівасцямі:

 

выносяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі, адказнымі за разгляд зваротаў;

 

выражаюць волю дадзенага дзяржаўнага органа па прававому  рэгуляванню канкрэтных грамадскіх адносін;

 

носяць індывідуальны характар і разлічаны на аднаразовае прымяненне;

 

цягнуць пэўныя прававыя вынікі, паколькі могуць закранаць правы і абавязкі асоб.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, рашэнні вышэйстаячых падатковых органаў, прынятыя па зваротах, звязаных з растлумачэннем падатковага заканадаўства, з’яўляюцца прававымі актамі ненарматыўнага характару, якія разлічаны на аднаразовае прымяненне і носяць індывідуальны характар.

 

4. Згодна з артыкулам 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных прававых актаў.

 

У Гаспадарчым працэсуальным кодэксе ўстаноўлена, што гаспадарчыя суды разглядаюць у парадку адміністрацыйнага судаводства гаспадарчыя (эканамічныя) спрэчкі, што ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, пералічаныя ў артыкуле 42 гэтага Кодэкса, а таксама іншыя справы, разгляд якіх заканадаўчымі актамі аднесены да кампетэнцыі гаспадарчых судоў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што рашэнне вышэйстаячага падатковага органа, прынятае па звароту, звязанаму з растлумачэннем падатковага заканадаўства, як прававы акт ненарматыўнага характару можа быть абскарджана ў гаспадарчы суд у адпаведнасці з прыведзенымі вышэй палажэннямі Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса ва ўзаемасувязі з палажэннямі пунктаў 1 і 2 Указа № 498.

 

5. З наяўных матэрыялаў вынікае, што Вышэйшым Гаспадарчым Судом 19 мая 2009 г. на адрас гаспадарчых судоў абласцей і горада Мінска было накіравана пісьмо, у якім указана, што ў прымяненні да падпункта 1.3 пункта 1 Указа № 498 растлумачэнне дзяржаўнага органа аб прымяненні заканадаўчых норм, дадзенае ў адказ на зварот суб’екта прадпрымальніцкай дзейнасці, не з’яўляецца рашэннем гэтага органа і не можа быць абскарджана ў гаспадарчы суд.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што выкананне гаспадарчымі судамі ўказання, якое змяшчаецца ў пісьме Вышэйшага Гаспадарчага Суда ад 19 мая 2009 г., не забяспечвае магчымасць рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на доступ да правасуддзя.

 

У артыкуле 69 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў замацавана права Вышэйшага Гаспадарчага Суда даваць растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што, для таго каб указаныя растлумачэнні Вышэйшага Гаспадарчага Суда, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы падаткаплацельшчыкаў, змяшчалі агульнаабавязковыя правілы паводзін для іх і гаспадарчых судоў, неабходна выкананне патрабаванняў заканадаўчых актаў аб форме і змесце такіх растлумачэнняў.

 

У адпаведнасці з артыкулам 74 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў разгляд матэрыялаў абагульнення судовай практыкі вырашэння гаспадарчых (эканамічных) спрэчак і прыняцце пастаноў па пытаннях прымянення заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, якія носяць нарматыўны характар, адносяцца да кампетэнцыі Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага, у тым ліку падаткаплацельшчыкаў, на судовую абарону прызнаць неабходным забяспечыць магчымасць абскарджання ў суд рашэнняў вышэйстаячых падатковых органаў, прынятых па зваротах, звязаных з пытаннямі падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства).

 

2. Прапанаваць Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду Рэспублікі Беларусь прыняць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі пастанову Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па ўказанаму пытанню.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч