Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
24 снежня 2009 г. № Р-418/2009
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, іншых законаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 снежня 2009 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 снежня 2009 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Палажэннямі Закона дэталізуюцца канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей – замежнікі) у Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца парадак іх уезду, прабывання і выезду з Рэспублікі Беларусь, механізм абскарджання рашэнняў і дзеянняў органаў і службовых асоб, звязаных з выкананнем Закона. У Законе змяшчаюцца таксама нормы аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь, звязаныя з прававым становішчам замежнікаў.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Згодна з артыкулам 11 Канстытуцыі замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 3 Закона заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы замежнікаў у Рэспубліцы Беларусь асноўваецца на Канстытуцыі і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

 

Выяўляючы канстытуцыйна-прававы сэнс нормы, якая змяшчаецца ў частцы першай артыкула 3 Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

 

Прававое становішча замежніка ўяўляе сабой сукупнасць яго правоў, свабод, абавязкаў, ільгот, прывілеяў, а таксама форм і парадку яго рэалізацыі. Рэгуляванне прававога становішча замежнікаў ажыццяўляецца актамі рознага ўзроўню. У Канстытуцыі вызначана, што замежнікі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. У законах і іншых заканадаўчых актах знаходзяць далейшае развіццё правы, свабоды і абавязкі замежнікаў, вызначаюцца іх ільготы і прывілеі, прынцыпы, формы і метады прававога рэгулявання рэалізацыі правоў і свабод замежнікаў, выканання імі абавязкаў, а таксама кампетэнцыя дзяржаўных органаў у сферы рэгулявання прававога становішча замежнікаў. У актах заканадаўства падзаконнага ўзроўню могуць быць устаноўлены парадак карыстання правамі, свабодамі, ільготамі, прывілеямі і выканання абавязкаў замежнікамі, а таксама працэдуры рэалізацыі дзяржаўнымі органамі сваёй кампетэнцыі ў сферы рэгулявання прававога становішча замежнікаў. Пры гэтым недапушчальна абмежаванне правоў і свабод замежнікаў на ўзроўні актаў заканадаўства падзаконнага характару.

 

2. У Законе замацоўваюцца гарантыі забеспячэння наступных правоў і свабод замежнікаў: асабістых правоў і свабод; права на свабоднае перамяшчэнне і выбару месца прабывання (жыхарства); права на ўдзел у палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях; сацыяльна-эканамічных правоў; права на ажыццяўленне працоўнай, прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці; маёмасных і асабістых немаёмасных правоў; права на ахову здароўя; права на адукацыю; права на захаванне нацыянальнай культуры і павагу нацыянальнай годнасці (артыкул 7–15).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што нормы, якія змяшчаюцца ў вышэйуказаных артыкулах Закона, развіваюць палажэнні артыкулаў 24–31, 36, 42–50 Канстытуцыі.

 

3. У артыкулах 19–21 Закона ў адносінах да замежнікаў устаноўлены абмежаванні, звязаныя адпаведна з рэалізацыяй правоў на ўдзел у выбарах і рэферендумах, на заняцце пэўных пасад, а таксама з выкананнем воінскага абавязку. Палажэннямі артыкулаў 22, 23 Закона для замежнікаў прадугледжаны абавязак выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь і павагі яе нацыянальных традыцый, а таксама абавязак рэгістрацыі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне ўказаных абмежаванняў і абавязкаў адпавядае нормам артыкулаў 37–39, 52, 57 Канстытуцыі.

 

4. Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававы рэжым уезду, выезду і прабывання замежнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, які вызначаецца Законам, адпавядае пункту 1 артыкула 2 Дэкларацыі аб правах чалавека ў адносінах да асоб, якія не з’яўляюцца грамадзянамі краіны, у якой яны пражываюць, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 13 снежня 1985 года. У адпаведнасці з дадзеным пунктам ні адно палажэнне ўказанай Дэкларацыі не павінна растлумачвацца як палажэнне, што абмяжоўвае права любой дзяржавы прымаць законы і правілы, якія датычацца ўезду замежнікаў і ўмоў іх прабывання, або ўстанаўліваць адрозненні паміж яго грамадзянамі і замежнікамі; аднак такія законы і правілы павінны быць сумяшчальныя з міжнародна-прававымі абавязацельствамі, прынятымі на сябе гэтай дзяржавай, уключаючы абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.

 

Правілы, якія вызначаюцца ў Законе і датычацца ўезду і прабывання замежнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, адпавядаюць міжнародна-прававым абавязацельствам дзяржавы, абмежаванні, што ўстанаўліваюцца пры гэтым, не парушаюць асноватворных правоў і свабод асобы, замацаваных у міжнародных пактах аб правах чалавека, улічваюць прынцып суразмернасці пры забеспячэнні нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

5. У артыкуле 65 Закона прадугледжваецца, што замежнік можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб, калі ён не можа быць падвергнуты дэпартацыі (частка першая); рашэнне аб высылцы прымаецца органам унутраных спраў або органам дзяржаўнай бяспекі (частка другая); высылка можа быць ажыццёўлена шляхам добраахвотнага выезду замежніка з Рэспублікі Беларусь або ў прымусовым парадку (частка трэцяя).

 

У артыкуле 71 Закона ўстанаўліваюцца палажэнні аб тым, што замежнікі, а таксама іх прадстаўнікі маюць права на абскарджанне рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь, звязаных з выкананнем гэтага Закона, у вышэйстаячы дзяржаўны орган, вышэйстаячай службовай асобе (частка першая); абскарджанне ў судовым парадку рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў і службовых асоб Рэспублікі Беларусь, звязаных з выкананнем гэтага Закона, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пасля абскарджання такіх рашэнняў і дзеянняў (бяздзеяння) у вышэйстаячы дзяржаўны орган, вышэйстаячай службовай асобе (частка другая).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўказаныя нормы адпавядаюць артыкулу 13 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім замежнік, які законна знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы, можа быць высланы толькі дзеля выканання рашэння, вынесенага ў адпаведнасці з законам, і, калі імператыўнае разуменне дзяржаўнай бяспекі не патрабуе іншае, мае права на прадстаўленне довадаў супраць сваёй высылкі, на перагляд сваёй справы кампетэнтнай уладай або асобай ці асобамі, спецыяльна назначанымі кампетэнтнай уладай, і на тое, каб быць прадстаўленым для гэтай мэты перад гэтай уладай асобай або асобамі.

 

6. У частцы другой артыкула 3 Закона вызначаецца, што калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаная прававая норма адпавядае патрабаванням Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года, да якой Рэспубліка Беларусь далучылася ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 1986 г. Згодна з артыкулам 26 дадзенай Канвенцыі кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

 

Прымаючы да ўвагі выкладзенае, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм Закон не супярэчыць Канстытуцыі, накіраваны на развіццё яе норм і прынцыпаў.

 

Па форме нарматыўнага прававога акта Закон адпавядае патрабаванням пункта 2 часткі першай артыкула 97 і часткі першай артыкула 104 Канстытуцыі, часткі першай артыкула 15 і часткі першай артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках кампетэнцыі ў адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта, парадку яго прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч