Закон Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дэкларавання фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў"

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 лістапада 2009 года
Ухвалены Саветам Рэспублікі 19 лістапада 2009 года
 

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 года "Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 8, 2/923; 2006 г., № 78, 2/1208, 2/1212; № 112, 2/1244) змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

"Закон Рэспублікі Беларусь
Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці

Гэты Закон вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы дэкларавання фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці і накіраваны на забеспячэнне абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы, рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы барацьбы з карупцыяй, папярэджанне, выяўленне і спыненне карупцыйных правапарушэнняў.

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, што прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

блізкія сваякі — бацькі, дзеці, усынавіцелі (удачарыцелі), усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі;

дзяржаўная арганізацыя — унітарнае прадпрыемства, установа, дзяржаўнае аб'яднанне, маёмасць якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці (уласнасці Рэспублікі Беларусь або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі) і замацаваная за імі на праве гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кіравання;

даходы — любыя грашовыя сродкі, у тым ліку пазыкі, а таксама іншая маёмасць, атрыманыя фізічнымі асобамі ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян, асобаў без грамадзянства і арганізацый;

асобы, якія сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, — асобы, якія пражываюць у адным жылым памяшканні і вядуць агульную гаспадарку, цалкам або часткова аб'ядноўваючы і расходуючы свае грашовыя сродкі і іншую маёмасць;

аб'ект, які не завершаны будаўніцтвам, — капітальнае збудаванне (будынак) і іншая маёмасць, будаўніцтва якіх дазволена ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але не завершана (будаўніцтва якіх працягваецца, прыпыненае, спыненае або закансерваванае) або будаўніцтва якіх завершана, але гэтыя аб'екты не зарэгістраваныя ў парадку, вызначаным актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

выдаткі — любыя грашовыя сродкі і іншая маёмасць фізічных асобаў, накіраваныя імі на набыццё маёмасці, выкарыстаныя на іншыя мэты;

фізічныя асобы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі ў парадку, вызначаным актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, нарматыўных прававых актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

Гэты Закон рэгулюе адносіны, якія ўзнікаюць пры дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці, а таксама пры ажыццяўленні кантролю ў сферы дэкларавання даходаў і маёмасці.

Дзеянне гэтага Закона не распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзнікаюць пры:

дэклараванні даходаў і маёмасці асобаў, якія вылучаны кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх блізкіх сваякоў, мужа (жонкі) і яго (яе) бацькоў;

дэклараванні даходаў і маёмасці асобаў, якія вылучаны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў;

дэклараванні даходаў пры рэгістрацыі ў органах дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ў якасці беспрацоўных;

падачы падатковай дэкларацыі (разліку) па падаходным падатку з фізічных асобаў.

Артыкул 4. Асобы, абавязаныя ажыццяўляць дэклараванне

Фізічныя асобы абавязаны ажыццяўляць дэклараванне ў выпадках, прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Ад абавязку падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці вызваляюцца грамадзяне, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь:

кіраўнікі, а таксама дыпламатычны персанал дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў;

кіраўнікі, а таксама консульскія службовыя асобы консульскіх устаноў замежных дзяржаў;

кіраўнікі, а таксама службовыя асобы прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;

адміністрацыйна-тэхнічны персанал дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, консульскіх устаноў замежных дзяржаў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;

абслуговы персанал дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, консульскіх устаноў замежных дзяржаў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;

іншыя асобы, даходы і маёмасць якіх не падлягаюць дэклараванню ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Даходы, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню

Абавязковаму дэклараванню ў выпадках і парадку, прадугледжаных гэтым Законам, падлягаюць даходы фізічных асобаў, атрыманыя на працягу каляндарнага года ад крыніц у Рэспубліцы Беларусь, а таксама ад крыніц за межамі Рэспублікі Беларусь.

У выпадку, прадугледжаным часткай чацвёртай артыкула 12 гэтага Закона, дэклараванню падлягаюць даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі за іншы перыяд.

У дэкларацыі аб даходах і маёмасці пазначаюцца таксама пазыкі, атрыманыя за перыяд, які папярэднічае перыяду, за які падаецца дэкларацыя аб даходах і маёмасці, і не вернутыя на дату падачы дэкларацыі. Такія даходы пазначаюцца ў памеры атрыманых пазык.

Калі ў дзяржаўны орган (арганізацыю), у тым ліку падатковы орган, службовай асобе дэкларацыя аб даходах і маёмасці падавалася раней, то пры падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў гэты ж дзяржаўны орган (арганізацыю), у тым ліку падатковы орган, гэтай жа службовай асобе раней адлюстраваныя ў дэкларацыі звесткі аб даходах могуць не пазначацца.

Даходы, названыя ў частцы першай гэтага артыкула, падлягаюць абавязковаму дэклараванню незалежна ад таго, ці з'яўляюцца яны аб'ектам падаткаабкладання або вызвалены ад падаткаабкладання ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь могуць быць вызначаны выпадкі, калі даходы фізічных асобаў абавязковаму дэклараванню не падлягаюць.

Артыкул 6. Маёмасць, якая падлягае абавязковаму дэклараванню, і вызначэнне яе кошту

Абавязковаму дэклараванню ў парадку, вызначаным гэтым Законам, падлягае маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці фізічных асобаў на дату падачы дэкларацыі:

зямельныя ўчасткі, капітальныя збудаванні (будынкі), ізаляваныя памяшканні, у тым ліку жылыя дамы, жылыя памяшканні (кватэры, пакоі), дачы, садовыя дамкі, гаражы;

транспартныя сродкі (за выключэннем мапедаў і прыраўнаваных да іх механічных транспартных сродкаў, веласіпедаў, гужавога транспарту), самаходныя машыны, марскія судны, судны ўнутранага плавання і змешанага (рака — мора) плавання (за выключэннем маламерных суднаў, гідрацыклаў і суднаў з падвяснымі рухавікамі), паветраныя судны;

творы мастацтва, каштоўныя металы і каштоўныя камяні, вырабы з іх, кошт кожнага з якіх перавышае адну тысячу базавых велічыняў ці агульны кошт якіх перавышае дзве тысячы базавых велічыняў;

будаўнічыя матэрыялы, агульны кошт якіх перавышае дзве тысячы базавых велічыняў;

долі ў статутных фондах (акцыі) гаспадарчых таварыстваў, паі ў маёмасці вытворчых і спажывецкіх кааператываў, аб'екты, не завершаныя будаўніцтвам, іх часткі, прадпрыемствы як маёмасныя комплексы на суму, якая перавышае пятнаццаць тысяч базавых велічыняў;

іншая маёмасць, кошт адзінкі якой перавышае дзве тысячы базавых велічыняў;

долі ў праве ўласнасці на маёмасць, названую ў абзацах другім і трэцім гэтай часткі;

долі ў праве ўласнасці на маёмасць, названую ў абзацах чацвёртым — сёмым гэтай часткі, калі іх кошт перавышае межы, вызначаныя адпаведнымі абзацамі гэтай часткі.

Маёмасць, названая ў абзацах другім, трэцім і восьмым часткі першай гэтага артыкула, падлягае дэклараванню незалежна ад яе кошту.

Маёмасць, названая ў абзацах чацвёртым — сёмым і дзявятым часткі першай гэтага артыкула, падлягае дэклараванню ў выпадку, калі яе кошт на дату падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці перавышае межы, вызначаныя адпаведнымі абзацамі часткі першай гэтага артыкула.

Кошт маёмасці, названай у абзацах чацвёртым — сёмым і дзявятым часткі першай гэтага артыкула, для ўстанаўлення неабходнасці яе дэкларавання вызначаецца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Кошт дэкларуемай маёмасці пазначаецца фізічнай асобай у дэкларацыі аб даходах і маёмасці па цане яе набыцця. Калі маёмасць атрыманая фізічнай асобай бязвыплатна, у спадчыну або па здзелках, якія не прадугледжваюць правядзенне разлікаў, кошт такой маёмасці ў дэкларацыі не пазначаецца.

Пры вызначэнні кошту дэкларуемай маёмасці палажэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ацэначнай дзейнасці не прымяняюцца, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Не падлягаюць дэклараванню грашовыя сродкі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асобаў, у тым ліку размешчаныя фізічнымі асобамі на рахункі і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках Рэспублікі Беларусь (у тым ліку працэнты па іх), іх выдача, а таксама перавод з рахункаў (укладаў) у банках іншых дзяржаў у банкі Рэспублікі Беларусь, аблігацыі, вэксалі і іншыя каштоўныя паперы, якія знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асобаў, за выключэннем каштоўных папер, названых у абзацы шостым часткі першай гэтага артыкула.

Калі склад раней дэклараванай маёмасці не змяніўся, пра гэта паведамляецца ва ўсіх наступных дэкларацыях аб даходах і маёмасці, што падаюцца па патрабаванні аднаго і таго ж падатковага органа альбо ў адзін і той жа дзяржаўны орган (арганізацыю), адной і той жа службовай асобе, без дэкларавання гэтай маёмасці.

Артыкул 7. Дэклараванне даходаў і маёмасці няпоўнагадовых, а таксама асобаў, якія абмежаваныя судом у дзеяздольнасці і прызнаныя судом недзеяздольнымі

Дэклараванне даходаў і маёмасці:

няпоўнагадовых ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (малалетніх) ажыццяўляецца іх законнымі прадстаўнікамі (бацькамі, усынавіцелямі (удачарыцелямі) або апекунамі);

няпоўнагадовых ва ўзросце ад чатырнаццаці да васемнаццаці гадоў, за выключэннем асобаў, якія набылі дзеяздольнасць у поўным аб'ёме ў выніку эмансіпацыі або заключэння шлюбу, ажыццяўляецца гэтымі асобамі з пісьмовай згоды іх законных прадстаўнікоў (бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў) або апекуноў);

асобаў, абмежаваных судом у дзеяздольнасці, ажыццяўляецца гэтымі асобамі са згоды іх апекуноў;

асобаў, прызнаных судом недзеяздольнымі, ажыццяўляецца іх апекунамі.

Артыкул 8. Дэклараванне даходаў і маёмасці пры паступленні на службу

Калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дэкларацыю аб даходах і маёмасці ў адпаведны дзяржаўны орган (арганізацыю) абавязаны падаваць асобы, якія паступаюць на дзяржаўную службу, а таксама на ваенную службу па кантракце, службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, органы ўнутраных спраў і органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Дэклараванне даходаў і маёмасці пры прызначэнні на пэўныя пасады

Калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дэкларацыю аб даходах і маёмасці абавязаны падаваць у адпаведны дзяржаўны орган (арганізацыю):

асобы, якія прызначаюцца на пасады кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый;

асобы, якія прызначаюцца на пасады кіраўнікоў недзяржаўных сельскагаспадарчых арганізацый, калі з імі ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абавязкова заключаюцца кантракты;

дзяржаўныя служачыя — пры займанні іншай дзяржаўнай пасады;

вайскоўцы — пры прызначэнні на вайсковыя пасады намеснікаў кіраўнікоў дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў падраздзяленняў цэнтральнага апарату дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, і падпарадкаваных ім органаў, галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама на пасады камандзіраў вайсковых часцей, злучэнняў, кіраўнікоў органаў ваеннага ўпраўлення і арганізацый Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь і іх намеснікаў;

супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях — пры прызначэнні на пасады кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў падраздзяленняў цэнтральнага апарату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з правамі юрыдычнай асобы, а таксама на пасады старшага, сярэдняга і малодшага начальніцкага складу органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны пажарны нагляд і дзяржаўны нагляд і кантроль у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый;

супрацоўнікі органаў унутраных спраў — пры прызначэнні на пасады кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў падраздзяленняў цэнтральнага апарату Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, іх падраздзяленняў, а таксама на пасады старшага, сярэдняга і малодшага начальніцкага складу тэрытарыяльных органаў унутраных спраў;

супрацоўнікі органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь — пры прызначэнні на іншую пасаду ў органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Штогадовае дэклараванне даходаў і маёмасці

Штогадовае дэклараванне даходаў і маёмасці дзяржаўных служачых, іх мужа (жонкі) і поўнагадовых блізкіх сваякоў, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным гэтым Законам, з улікам асаблівасцяў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 70, 2/953).

Штогадовае дэклараванне даходаў і маёмасці асобаў, пасады якіх уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, іх мужа (жонкі) і поўнагадовых блізкіх сваякоў, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным гэтым Законам, з улікам асаблівасцяў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь" для асобаў, прызначаных на дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнікі дзяржаўных арганізацый, за выключэннем названых у частках першай і другой гэтага артыкула, іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці кіраўнікам дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый, якія прызначылі гэтых кіраўнікоў арганізацый на пасады.

Кіраўнікі недзяржаўных сельскагаспадарчых арганізацый, калі з імі ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абавязкова заключаюцца кантракты, іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці старшыням адпаведных гарадскіх або раённых выканаўчых камітэтаў.

Вайскоўцы органаў пагранічнай службы, якія займаюць воінскія пасады ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Рэспублікі Беларусь, а таксама вайскоўцы, якія займаюць воінскія пасады кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў падраздзяленняў цэнтральнага апарату дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, і падпарадкаваных ім органаў, галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (за выключэннем асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці адпаведна кіраўнікам дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, і падпарадкаваных ім органаў, намесніку Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — камандуючаму ўнутранымі войскамі, начальніку Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вайскоўцы, якія займаюць воінскія пасады камандзіраў вайсковых часцей, злучэнняў, кіраўнікоў органаў ваеннага кіравання і арганізацый Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь і іх намеснікаў (за выключэннем асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці непасрэдным камандзірам (начальнікам).

Вайскоўцы органаў пагранічнай службы, якія праходзяць ваенную службу па кантракце на пасадах афіцэраў і прапаршчыкаў (за выключэннем вайскоўцаў, указаных у частках пятай і шостай гэтага артыкула, і асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці камандзіру вайсковай часці органаў пагранічнай службы.

Супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія займаюць пасады кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў падраздзяленняў цэнтральнага апарату Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з правамі юрыдычнай асобы, а таксама займаюць пасады старшага, сярэдняга і малодшага начальніцкага складу органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны пажарны нагляд і дзяржаўны нагляд і кантроль у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый (за выключэннем асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці адпаведна кіраўніку (начальніку) органа або падраздзялення па надзвычайных сітуацыях.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія займаюць пасады старшага і сярэдняга начальніцкага складу органаў унутраных спраў (за выключэннем асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці кіраўніку (начальніку) адпаведнага органа ўнутраных спраў.

Супрацоўнікі органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь (за выключэннем асобаў, прызначаных на вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь), іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Дэкларацыі аб даходах і маёмасці падаюцца штогод да 1 сакавіка.

У выпадку непадачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці (непадачы ў тэрмін, адмаўлення ў падачы) мужам (жонкай) і (або) поўнагадовымі блізкімі сваякамі, якія сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку з асобай, абавязаны штогод падаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці, гэта асоба пісьмова паведамляе аб непадачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці яго мужам (жонкай) і (або) поўнагадовымі блізкімі сваякамі з указаннем прычын іх непадачы. Пры гэтым асобы, якім штогод падаюцца дэкларацыі аб даходах і маёмасці, прымаюць рашэнне аб выпатрабаванні праз падатковыя органы дэкларацый аб даходах і маёмасці мужа (жонкі) і (або) поўнагадовых блізкіх сваякоў, якія сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку з асобай, абавязанай штогод падаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці, і накіроўваюць адпаведны запыт.

Фізічная асоба, муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі якой абавязаны ў адпаведнасці з гэтым артыкулам штогод падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці, самастойна вызначае з іх колькасці тых асобаў, якія сумесна з ёй пражываюць і вядуць агульную гаспадарку.

Пры неабходнасці па матываваным запыце асобаў, якім штогод падаюцца дэкларацыі аб даходах і маёмасці, падатковымі органамі могуць быць запатрабаваныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці ад поўнагадовых блізкіх сваякоў асобаў, абавязаных у адпаведнасці з гэтым артыкулам падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці, якія сумесна з імі не пражываюць і (або) не вядуць агульную гаспадарку, але не часцей за адзін раз у год.

Падатковы орган накіроўвае пададзеныя па яго патрабаванні дэкларацыі аб даходах і маёмасці асобам, якія прынялі рашэнне аб выпатрабаванні дэкларацый аб даходах і маёмасці і накіравалі запыт аб выпатрабаванні гэтых дэкларацый.

Артыкул 11. Дэклараванне даходаў і маёмасці пры фарміраванні звестак аб кандыдатах на пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь

Кандыдаты на пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, абавязаны падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў дзяржаўныя органы, якія фарміруюць звесткі аб такіх кандыдатах.

Артыкул 12. Дэклараванне даходаў і маёмасці па патрабаванні падатковых органаў

Дэклараванне даходаў і маёмасці можа ажыццяўляцца шляхам падачы фізічнымі асобамі дэкларацый аб даходах і маёмасці па пісьмовым патрабаванні падатковых органаў, у тым ліку па патрабаванні, якое прад'яўляецца на падставе пісьмовага запыту органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі і пракуратуры.

Пісьмовае патрабаванне аб падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці маюць права прад'яўляць ад імя падатковых органаў Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь і яго намеснікі, начальнікі тэрытарыяльных падатковых органаў і іх намеснікі.

Пісьмовы запыт аб выпатрабаванні дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў падатковы орган маюць права накіроўваць ад імя:

органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь — Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго намеснікі, начальнікі галоўных упраўленняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і іх намеснікі, старшыні камітэтаў дзяржаўнага кантролю абласцей і іх намеснікі, начальнікі органаў фінансавых расследаванняў і іх намеснікі, старшыні міжраённых камітэтаў дзяржаўнага кантролю і асобы, якія іх замяшчаюць;

органаў унутраных спраў — Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і яго намеснікі, начальнікі галоўных упраўленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і іх намеснікі, начальнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і іх намеснікі;

органаў дзяржаўнай бяспекі — начальнікі органаў дзяржаўнай бяспекі і іх намеснікі, начальнікі галоўных упраўленняў органаў дзяржаўнай бяспекі і іх намеснікі;

органаў пракуратуры — Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і яго намеснікі, пракуроры абласцей, горада Мінска, раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, прыраўнаваныя да іх пракуроры і іх намеснікі, начальнікі ўпраўленняў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Падатковыя органы маюць права патрабаваць пададзеныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці за поўны каляндарны год або некалькі поўных каляндарных гадоў, але не больш чым за дзесяць поўных каляндарных гадоў, што папярэднічалі году, у якім накіроўваецца пісьмовае патрабаванне.

Пісьмовае патрабаванне аб падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці складаецца ў двух экзэмплярах. Першы экзэмпляр пісьмовага патрабавання ўручаецца фізічнай асобе асабіста пад роспіс або накіроўваецца па пошце заказным пісьмом з паведамленнем аб уручэнні. Другі экзэмпляр пісьмовага патрабавання захоўваецца ў падатковым органе, які выпатрабаваў дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

Дэкларацыя аб даходах і маёмасці падаецца ў тэрмін, вызначаны ў пісьмовым патрабаванні, які не можа быць меншым за дзесяць працоўных дзён, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь або нарматыўнымі прававымі актамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У выпадку немагчымасці падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў вызначаны тэрмін фізічная асоба абавязана не пазней чым за тры каляндарныя дні да надыходу ўказанага ў пісьмовым патрабаванні тэрміну падаць у падатковы орган, які выпатрабаваў дэкларацыю, заяву з указаннем прычын яе непадачы. У заяве таксама ўказваецца тэрмін (які вызначаецца каляндарнай датай) падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

Службовая асоба падатковага органа, які выпатрабаваў дэкларацыю аб даходах і маёмасці, пісьмова паведамляе фізічнай асобе аб прадаўжэнні тэрміну падачы дэкларацыі або робіць адзнаку аб такім прадаўжэнні на двух экзэмплярах пісьмовага патрабавання. Пры гэтым тэрмін падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці можа быць прадоўжаны не больш чым на тры месяцы з дня атрымання фізічнай асобай пісьмовага патрабавання аб яе падачы.

Дэкларацыя аб даходах і маёмасці можа быць пададзена фізічнай асобай асабіста, праз свайго ўпаўнаважанага прадстаўніка або па пошце. Пры накіраванні дэкларацыі аб даходах і маёмасці па пошце днём яе падачы з'яўляецца дата паштовага адпраўлення.

Артыкул 13. Форма дэкларацыі аб даходах і маёмасці і парадак яе запаўнення

Дэкларацыя аб даходах і маёмасці падаецца па форме, устаноўленай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай другой гэтага артыкула.

Кандыдаты на пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, а таксама асобы, якія займаюць пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, іх муж (жонка) і поўнагадовыя блізкія сваякі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, падаюць дэкларацыі аб даходах і маёмасці па форме, устаноўленай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Расходы на выраб бланкаў, неабходных для дэкларавання даходаў і маёмасці, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Бланкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці выдаюцца дзяржаўным органам (арганізацыяй), у які (якую) падаецца дэкларацыя аб даходах і маёмасці, або падатковым органам, які выпатрабаваў дэкларацыю, бясплатна.

Парадак запаўнення дэкларацыі аб даходах і маёмасці вызначаецца Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Правы і абавязкі фізічных асобаў пры дэклараванні даходаў і маёмасці

Фізічныя асобы маюць права на:

атрыманне ў дзяржаўным органе (арганізацыі), у які (якую) падаецца дэкларацыя аб даходах і маёмасці, або ў адпаведнай службовай асобы падатковага органа, які выпатрабаваў дэкларацыю аб даходах і маёмасці, бясплатнай кансультацыі аб форме і змесце дакументаў, якія падаюцца, і парадку запаўнення ўказанай дэкларацыі;

прадстаўленне сваіх інтарэсаў у дзяржаўных органах (арганізацыях), у тым ліку падатковых органах, самастойна або праз свайго ўпаўнаважанага прадстаўніка;

атрыманне ў арганізацыях і ў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія з'яўляюцца крыніцай выдачы (выплаты) даходу, даведкі аб сумах выдадзенага (выплачанага) даходу, у тым ліку аб кошце перададзенай маёмасці;

кампенсацыю стратаў (шкоды), нанесеных ім невыкананнем або неналежным выкананнем службовымі асобамі дзяржаўных органаў (арганізацый), у тым ліку падатковых органаў, абавязкаў, вызначаных гэтым Законам.

Фізічныя асобы абавязаны:

падаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў парадку, вызначаным актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

па пісьмовым патрабаванні падатковых органаў падаваць тлумачэнні аб крыніцах даходаў у тэрмін, вызначаны часткай шостай артыкула 15 гэтага Закона.

Фізічным асобам забараняецца перашкаджаць службовым асобам дзяржаўных органаў (арганізацый), у тым ліку падатковых органаў, пры правядзенні імі праверкі паўнаты і дакладнасці звестак, указаных у дэкларацыі аб даходах і маёмасці і ў тлумачэннях аб крыніцах даходаў.

Артыкул 15. Кантроль у сферы дэкларавання даходаў і маёмасці

Падатковыя органы, іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі), у якія падаюцца дэкларацыі аб даходах і маёмасці, ажыццяўляюць кантроль за выкананнем парадку дэкларавання, у тым ліку за паўнатой і дакладнасцю звестак, указаных у дэкларацыях аб даходах і маёмасці.

Праверка і захоўванне дэкларацый аб даходах і маёмасці, якія падаюцца кандыдатамі на пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, а таксама асобамі, якія займаюць пасады, уключаныя ў кадравы рэестр Кіраўніка Дзяржавы Рэспублікі Беларусь, іх мужам (жонкай) і поўнагадовымі блізкімі сваякамі, якія сумесна з імі пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Праверка і захоўванне дэкларацый аб даходах і маёмасці, якія падаюцца ў адпаведнасці з артыкуламі 8, 9 і 10 гэтага Закона, ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Праверка і захоўванне дэкларацый аб даходах і маёмасці, выпатрабаваных падатковымі органамі, ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

Падатковыя органы ажыццяўляюць кантроль за адпаведнасцю расходаў фізічнай асобы даходам, заяўленым у дэкларацыі аб даходах і маёмасці, пададзенай па патрабаванні падатковых органаў. Супастаўленне сум расходаў і даходаў фізічнай асобы, якая падала дэкларацыю аб даходах і маёмасці, праводзіцца на падставе звестак, указаных гэтай асобай у дэкларацыі аб даходах і маёмасці, і інфармацыі, якая ёсць у падатковым органе.

Калі падатковым органам пры ажыццяўленні кантролю за адпаведнасцю расходаў фізічнай асобы даходам, заяўленым у дэкларацыі аб даходах і маёмасці, пададзенай па патрабаванні падатковых органаў, вызначана, што расходы фізічнай асобы перавышаюць яе даходы, указаныя ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці, або факт атрымання даходу не пацвярджаецца, то гэты падатковы орган накіроўвае фізічнай асобе пісьмовае патрабаванне аб дачы тлумачэння аб крыніцах даходаў. Тлумачэнні ў пісьмовай форме павінны быць пададзены фізічнай асобай у падатковы орган на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня ўручэння пісьмовага патрабавання.

Калі фізічнай асобай не пададзены тлумачэнні аб крыніцах даходаў у выпадках і парадку, прадугледжаных часткай шостай гэтага артыкула, або калі пададзеныя тлумачэнні не дазваляюць вызначыць крыніцу даходаў, даходы фізічнай асобы, падлічаныя зыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі, падлягаюць падаткаабкладанню ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі), якія ажыццяўляюць у адпаведнасці з гэтым Законам кантроль за выкананнем парадку дэкларавання, пры выяўленні ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці няпоўных і (або) недакладных звестак на працягу пятнаццаці каляндарных дзён з дня ўстанаўлення такога факта накіроўваюць аб гэтым паведамленне ў падатковы орган па месцы жыхарства фізічнай асобы, а таксама завераныя кіраўніком або яго намеснікам копіі дэкларацыі аб даходах і маёмасці і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць устаноўлены факт, у мэтах прыцягнення такой асобы да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці

Асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Адказнасць за непадачу дэкларацыі аб даходах і маёмасці мужам (жонкай) поўнагадовым блізкім сваяком асобы, абавязанай у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь падаваць дэкларацыю аб даходах і маёмасці, за ўказанне імі ў дэкларацыі няпоўных і (або) недакладных звестак, парушэнне імі парадку падачы дэкларацыі нясуць муж (жонка), поўнагадовы блізкі сваяк указанай асобы.

Прымяненне да фізічнай асобы мераў адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці не вызваляе яе ад абавязку падачы дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

У выпадку выяўлення фізічнай асобай у пададзенай ёю дэкларацыі аб даходах і маёмасці няпоўных і (або) недакладных звестак да іх выяўлення дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), у тым ліку падатковымі органамі, якія праводзяць праверку паўнаты і дакладнасці звестак, указаных у дэкларацыі, гэта асоба мае права заявіць аб гэтым у адпаведны дзяржаўны орган (арганізацыю), у тым ліку падатковы орган, і падаць удакладненую дэкларацыю. Пры гэтым фізічная асоба вызваляецца ад адказнасці за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дэклараванні даходаў і маёмасці.

Асобы, якія дапусцілі выдаванне звестак аб даходах і маёмасці, а таксама звестак, якія ўтрымліваюцца ў тлумачэнні аб крыніцах даходаў, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.".

 

Артыкул 2. З частак першай і трэцяй артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2006 года "Аб барацьбе з карупцыяй" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 122, 2/1262) словы "і аб крыніцах грашовых сродкаў" выключыць.

Артыкул 3. З абзаца чацвёртага пункта 1 артыкула 27 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2007 года "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 119, 2/1317) словы ", а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, выпатрабаваць ад іх дэкларацыі аб даходах і маёмасці" выключыць.

Артыкул 4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 5. Гэты Закон уваходзіць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 4, якія ўваходзяць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

3 снежня 2009 года, г. Мінск.

№ 64-З