Закон Рэспублікі Беларусь
Аб статусе ваеннаслужачых

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 11 снежня 2009 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 17 снежня 2009 года

Гэты Закон вызначае статус ваеннаслужачых, асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне прававой і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў.

Ухвалены Саветам Рэспублікі 17 снежня 2009 года

Гэты Закон вызначае статус ваеннаслужачых, асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне прававой і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў.

Глава 1
Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асновы статусу ваеннаслужачых

Статус ваеннаслужачых — сукупнасць правоў, свабод, абавязкаў і адказнасці ваеннаслужачых, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь (далей — заканадаўчыя акты), у тым ліку міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь (далей — міжнародныя дагаворы).

Змест і аб'ём правоў, свабод, абавязкаў і адказнасці ваеннаслужачых залежаць ад таго, знаходзяцца яны або не знаходзяцца пры выкананні абавязкаў ваеннай службы.

Ваеннаслужачыя знаходзяцца пры выкананні абавязкаў ваеннай службы ў час:

выканання ўскладзеных на іх абавязкаў у размяшчэнні вайсковых часцей, ваенных навучальных устаноў, органаў ваеннага кіравання і арганізацый Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (далей, калі не пазначана іншае, — вайсковая часць) або па-за імі, калі гэта выклікана службовай неабходнасцю;

удзелу ў баявых дзеяннях, вучэннях;

нясення баявога дзяжурства, баявой службы;

знаходжання ў сутачным або гарнізонным нарадах;

знаходжання на зборах, у службовых камандзіроўках або на лячэнні;

накіравання да месца службы, лячэння і назад;

знаходжання ў палоне (акрамя выпадкаў добраахвотнай здачы ў палон), становішчы закладніка або інтэрніраванага;

адсутнасці без вестак — да прызнання ваеннаслужачага без вестак адсутным або абвяшчэння памерлым у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (далей — заканадаўства);

аказання дапамогі праваахоўным органам у забеспячэнні законнасці і правапарадку;

абароны жыцця, здароўя, гонару і годнасці грамадзян;

ажыццяўлення іншых дзеянняў, прызнаных судом ажыццёўленымі ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Не прызнаюцца выканаўцамі абавязкаў ваеннай службы ваеннаслужачыя:

якія знаходзяцца па-за размяшчэннем вайсковай часці, у звальненні або водпуску, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных абзацамі восьмым — дванаццатым часткі трэцяй гэтага артыкула;

якія самавольна знаходзяцца па-за размяшчэннем вайсковай часці або ўстаноўленага за яе межамі месца службы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных абзацамі восьмым — дванаццатым часткі трэцяй гэтага артыкула;

якія добраахвотна прывялі сябе ў стан алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення;

якія ўчыняюць правапарушэнні, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь і Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях;

якія ўчыняюць самазабойства або спробу самазабойства, калі названыя дзеянні не былі выкліканы хваравітым станам або давядзеннем да самазабойства.

Статус ваеннаслужачага набываецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (далей — грамадзяне) з дня пачатку знаходжання на ваеннай службе і страчваецца з дня, які надыходзіць за днём заканчэння знаходжання на ваеннай службе.

Ваеннаслужачыя валодаюць правамі і свабодамі, якія ўстаноўлены заканадаўствам для іншых грамадзян, з абмежаваннямі, абумоўленымі асаблівасцямі ваеннай службы і прадугледжанымі гэтым Законам, іншымі заканадаўчымі актамі. Асаблівасці ваеннай службы заключаюцца ва ўскладанні на ваеннаслужачых абавязкаў па падрыхтоўцы да ўзброенай абароны і па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь, якія звязаны з неабходнасцю беспярэчнага выканання пастаўленых задач у любых умовах, у тым ліку з павышанай рызыкай для жыцця і здароўя. Абмежаванне ваеннаслужачых у правах і свабодах кампенсуецца забеспячэннем іх дзяржавай дадатковымі сацыяльнымі льготамі, правамі і гарантыямі.

Ваеннаслужачым выдаецца дакумент, які сведчыць асобу і статус ваеннаслужачага.

Ваеннаслужачыя маюць права на прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, захоўванне, нашэнне, выкарыстанне і прымяненне зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі ў выпадках і парадку, вызначаных заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачыя маюць права на абгрунтаваную прафесійную рызыку. Прафесійная рызыка прызнаецца абгрунтаванай, калі ажыццёўленае ваеннаслужачым дзеянне аб'ектыўна вынікала са становішча, якое склалася, пастаўленая мэта не магла быць дасягнутая не звязанымі з рызыкай дзеяннямі, а ваеннаслужачы прыняў усе магчымыя меры для прадухілення шкоды інтарэсам, якія ахоўваюцца законам.

Асаблівасці статусу ваеннаслужачых, абраных у дзяржаўныя органы, прыкамандзіраваных да дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія праходзяць ваенную службу за межамі Рэспублікі Беларусь, у ваенных судах і ваеннай пракуратуры, у перыяд мабілізацыі, ваеннага становішча і ў ваенны час вызначаюцца заканадаўчымі актамі, у тым ліку міжнароднымі дагаворамі.

Артыкул 2. Грамадзяне, якія маюць статус ваеннаслужачых

Статус ваеннаслужачых маюць:

ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, у тым ліку слухачы і курсанты ваенных навучальных устаноў, іншых устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь і іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (далей — іншыя ўстановы адукацыі);

ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па прызыве;

грамадзяне, якія праходзяць службу ў рэзерве (далей — рэзервісты), — пры знаходжанні на занятках або вучэбных зборах, вызначаных праграмамі падрыхтоўкі рэзервістаў;

ваеннаабавязаныя — пры знаходжанні на ваенных або спецыяльных зборах.

Афіцэры, якія праходзяць ваенную службу па прызыве, па сваім прававым становішчы прыраўноўваюцца да афіцэраў, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.

Артыкул 3. Грамадзяне, на якіх распаўсюджваюцца асобныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі для ваеннаслужачых

Асобныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі для ваеннаслужачых, у парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца заканадаўствам, распаўсюджваюцца на:

грамадзян, звольненых з ваеннай службы;

членаў сем'яў ваеннаслужачых;

членаў сем'яў грамадзян, звольненых з ваеннай службы, у тым ліку пасля смерці гэтых грамадзян;

членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі (памерлі), прапалі без вестак або сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, а таксама членаў сем'яў грамадзян, якія памерлі пасля звальнення з ваеннай службы з-за ранення (кантузіі), траўмы або калецтва, атрыманых пры абароне Рэспублікі Беларусь або пры выкананні іншых абавязкаў ваеннай службы, або захворвання, звязанага са знаходжаннем на ваеннай службе;

інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі замежных дзяржаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

сувораўцаў, выхаванцаў вайсковых часцей.

Да членаў сем'яў ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, на якіх распаўсюджваюцца асобныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі для ваеннаслужачых, калі іншае не ўстаноўлена іншымі заканадаўчымі актамі, адносяцца:

жонка (муж);

няпоўнагадовыя дзеці;

дзеці, старэйшыя за 18 гадоў, якія сталі інвалідамі да дасягнення імі ўзросту 18 гадоў;

дзеці ва ўзросце да 23 гадоў, якія вучацца ва ўстановах адукацыі ў вочнай форме атрымання адукацыі;

іншыя асобы, якія знаходзяцца на ўтрыманні ваеннаслужачых.

Артыкул 4. Прававая і сацыяльная абарона ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў

Ваеннаслужачым устанаўліваецца адзіная сістэма мераў прававой і сацыяльнай абароны, у тым ліку грашовага, матэрыяльнага і іншых відаў забеспячэння, у адпаведнасці з воінскімі пасадамі (далей — пасады), якія яны займаюць, воінскімі званнямі, кваліфікацыяй, працягласцю і ўмовамі ваеннай службы.

Прававая абарона ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў з'яўляецца функцыяй дзяржавы і прадугледжвае замацаванне ў заканадаўчых актах правоў і свабод, абавязкаў і адказнасці, сацыяльных ільгот і гарантый названым асобам, а таксама прававога механізму іх рэалізацыі.

Сацыяльная абарона ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў з'яўляецца функцыяй дзяржавы і ажыццяўляецца праз практычную рэалізацыю замацаваных у заканадаўчых актах іх правоў і свабод, абавязкаў і адказнасці (у тым ліку забеспячэнне іх сацыяльнымі льготамі і гарантыямі органамі ваеннага кіравання і іншымі дзяржаўнымі органамі), а таксама іншых мераў, накіраваных на забеспячэнне спрыяльных умоў іх жыццю і дзейнасці, якія адпавядаюць асабліваму характару ваеннай службы.

Рэалізацыя мераў прававой і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў ускладаецца на рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў межах іх паўнамоцтваў, а таксама з'яўляецца абавязкам камандзіраў (начальнікаў).

Ваеннаслужачыя, грамадзяне, звольненыя з ваеннай службы, і члены іх сем'яў, якія маюць права на сацыяльныя льготы, правы і гарантыі ў адпаведнасці з гэтым Законам, маюць права карыстацца таксама іншымі сацыяльнымі льготамі, правамі і гарантыямі, устаноўленымі для іншых грамадзян, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі. Калі названыя асобы адначасова маюць права на атрыманне адной і той жа сацыяльнай ільготы, права або гарантыі па некалькіх падставах, то ім даецца па іх выбары сацыяльная льгота, права або гарантыя па адной падставе.

Ваеннаслужачым кампенсуецца шкода, нанесеная:

іх жыццю і здароўю пры выкананні абавязкаў ваеннай службы;

незаконнымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) службовых асобаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у тым ліку ў выпадку незаконных прыцягненняў да крымінальнай адказнасці, узяцця пад варту, арышту ў дысцыплінарным парадку, адхілення ад пасады, зніжэння на пасадзе, у воінскім званні, перамяшчэння па ваеннай службе, прыцягнення да матэрыяльнай і іншых відаў адказнасці;

пашкоджаннем, знішчэннем або стратай іх асабістай маёмасці або маёмасці іх членаў сям'і або іншых асобаў, якіх ваеннаслужачы абгрунтавана прызнае сваімі блізкімі (далей, калі не вызначана іншае, — блізкія), у сувязі з выкананнем абавязкаў ваеннай службы.

У выпадках, названых у абзацы трэцім часткі шостай гэтага артыкула, аднаўляюцца службовыя, пенсійныя, жыллёвыя і іншыя асабістыя маёмасныя і немаёмасныя правы ваеннаслужачых.

Ваеннаслужачыя жаночага полу карыстаюцца сацыяльнымі правамі і гарантыямі, звязанымі з аховай мацярынства і дзяцінства, устаноўленымі заканадаўствам.

Сацыяльныя правы і гарантыі, звязаныя з аховай мацярынства і дзяцінства, устаноўленыя для жанчын-маці, распаўсюджваюцца на бацькоў-ваеннаслужачых, якія выхоўваюць дзяцей без маці (у сувязі з яе смерцю, пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, працяглым — больш за месяц, знаходжаннем у арганізацыі аховы здароўя і па іншых прычынах), а таксама ў выпадках, калі маці не можа ажыццяўляць догляд дзіцяці ў сувязі з інваліднасцю I групы або хваробай, якая перашкаджае ажыццяўленню ёю догляду дзіцяці, якая пацвярджаецца медыцынскім заключэннем у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Члены сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, пры роўнай вытворчасці працы і кваліфікацыі карыстаюцца правам пераважнага пакідання на працы пры скарачэнні колькасці або штата работнікаў, а таксама правам на першачарговае накіраванне іх органамі дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.

Жонкам (мужам) ваеннаслужачых выплачваецца выхадная дапамога ў памеры двухмесячнага сярэдняга заробку пры звальненні іх з працы ў сувязі з пераводам мужа (жонкі) на ваенную службу ў іншую мясцовасць.

Працуючым жонкам (мужам) ваеннаслужачых працоўны водпуск па іх жаданні дазваляецца адначасова з водпускам іх мужоў (жонак) і можа дазваляцца кароткатэрміновы водпуск без захавання заработнай платы з улікам працягласці водпуску мужа (жонкі).

На органы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўскладаецца працаўладкаванне не пазней за двухмесячны тэрмін з дня звароту жонак, мужы якіх прызваны на тэрміновую ваенную службу. У выпадку немагчымасці працаўладкавання ім выплачваецца дапамога па беспрацоўі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Дзецям ваеннаслужачых, а таксама дзецям мужа (жонкі) ваеннаслужачых гарантуецца выдзяленне месцаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, на працягу трох месяцаў з дня падачы заявы.

З грамадзянамі, якія праходзілі тэрміновую ваенную службу, звольненымі з ваеннай службы і накіраванымі на працу ў кошт брані для выдзялення першага працоўнага месца, забараняецца неабгрунтаванае адмаўленне ў заключэнні працоўнага дагавора.

Глава 2
Правы і свабоды ваеннаслужачых, грамадзян, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем'яў

Артыкул 5. Абарона свабоды, гонару і годнасці ваеннаслужачых

Ваеннаслужачыя пры выкананні абавязкаў ваеннай службы з'яўляюцца прадстаўнікамі дзяржаўнай улады і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Замахі або пагроза замаху на жыццё, здароўе, гонар, годнасць і маёмасць ваеннаслужачага ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў ваеннай службы або ўчыненне названых дзеянняў у дачыненні да яго блізкіх цягнуць адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі.

Ніхто не мае права ўмешвацца ў службовую дзейнасць ваеннаслужачых, за выключэннем асобаў, упаўнаважаных заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачыя пры выкананні абавязкаў ваеннай службы падпарадкоўваюцца толькі тым асобам, якія ў адпаведнасці з агульнавайсковымі статутамі Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь (далей — статуты Узброеных Сілаў) з'яўляюцца для іх камандзірамі (начальнікамі).

Ваеннаслужачым не могуць аддавацца загады (распараджэнні), якія парушаюць заканадаўства.

Артыкул 6. Права на свабоду перамяшчэння і выбар месца жыхарства, ваеннай службы

Права на свабоду перамяшчэння рэалізоўваецца ваеннаслужачымі з улікам неабходнасці падтрымання імі баявой гатоўнасці ў вайсковай часці і забеспячэння своечасовасці прыбыцця да месца ваеннай службы, калі іншае не ўстаноўлена статутамі Узброеных Сілаў.

Ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, маюць права на змяненне месца жыхарства, ваеннай службы, у тым ліку шляхам прызначэння на пасаду ў іншую вайсковую часць, якая знаходзіцца ў іншай мясцовасці, з улікам стану здароўя гэтых ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў на падставе заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі і па іншых падставах, прадугледжаных Палажэннем аб парадку праходжання ваеннай службы, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (далей — Палажэнне аб парадку праходжання ваеннай службы).

Артыкул 7. Права на свабоду меркаванняў, атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі, удзел у сходах, мітынгах, вулічным шэсці, дэманстрацыях, пікетаванні і іншых масавых мерапрыемствах

Ваеннаслужачыя пры рэалізацыі права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі не маюць права выдаваць дзяржаўную і службовую тайну, абмяркоўваць або крытыкаваць загады камандзіра (начальніка).

Ваеннаслужачыя маюць права ў вольны ад выканання абавязкаў ваеннай службы час удзельнічаць у сходах, мітынгах, вулічным шэсці, дэманстрацыях, пікетаванні і іншых масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам па-за тэрыторыяй вайсковай часці.

Удзел ваеннаслужачых у забастоўках, а таксама іншае невыкананне абавязкаў ваеннай службы ў мэтах урэгулявання пытанняў, звязаных з праходжаннем ваеннай службы, забараняюцца.

Артыкул 8. Права на свабоду аб'яднанняў

Ваеннаслужачыя могуць быць членамі грамадскіх аб'яднанняў, якія не маюць палітычных мэтаў, і ўдзельнічаць у іх дзейнасці ў вольны ад выканання абавязкаў ваеннай службы час.

Грамадзяне, якія паступаюць на ваенную службу па кантракце або прызываюцца на ваенную службу, абавязаны прыпыніць сваё членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб'яднаннях, якія маюць палітычныя мэты.

Артыкул 9. Свабода веравызнання

Ваеннаслужачыя маюць права прызнаваць любую рэлігію або не прызнаваць ніякай.

Ваеннаслужачыя не маюць права адмаўляцца ад выканання абавязкаў ваеннай службы па матывах стаўлення да рэлігіі або выкарыстоўваць свае службовыя паўнамоцтвы для яе прапаганды.

Выкананне рэлігійных абрадаў можа ажыццяўляцца ваеннаслужачымі ў вольны ад выканання абавязкаў ваеннай службы час.

Дзяржава не нясе абавязкаў па задавальненні патрэбаў ваеннаслужачых, якія вынікаюць з іх рэлігійных перакананняў.

Рэлігійная сімволіка, літаратура і прадметы культу выкарыстоўваюцца ваеннаслужачымі самастойна і ў асабістых мэтах.

Стварэнне рэлігійных арганізацый у вайсковых часцях не дапускаецца. Рэлігійныя абрады на тэрыторыі вайсковай часці могуць праводзіцца, як правіла, па просьбе ваеннаслужачых за кошт іх уласных сродкаў з дазволу камандзіра (начальніка) вайсковай часці.

Рэлігійная дзейнасць замежных свяшчэннаслужыцеляў (асобаў, якія маюць духоўны сан), а таксама дзейнасць рэлігійных арганізацый, не зарэгістраваных у вызначаным парадку, у вайсковых часцях не дапускаюцца.

Артыкул 10. Права на працу

Права на працу рэалізоўваецца ваеннаслужачымі шляхам праходжання імі ваеннай службы па кантракце ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Час знаходжання грамадзян на ваеннай службе залічваецца ў стаж працы, стаж працы па спецыяльнасці (у галіне) і стаж дзяржаўнай службы на ўмовах і ў парадку, вызначаных заканадаўствам.

У выпадках, устаноўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, працягласць ваеннай службы вызначаецца ў ільготным вылічэнні.

Прыцягненне ваеннаслужачых у перыяд праходжання ваеннай службы да работ або выканання іншых абавязкаў, не абумоўленых ваеннай службай, дапускаецца ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, маюць права на:

прызначэнне на вышэйшыя пасады ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй, дасягнутымі ў службовай дзейнасці вынікамі і ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі, на конкурснай аснове;

своечасовае прысваенне чарговых воінскіх званняў, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі;

павышэнне кваліфікацыі з улікам інтарэсаў ваеннай службы і іх уласнага выбару;

перавод для далейшага праходжання ваеннай службы з аднаго вайсковага фарміравання ў іншае з захаваннем за імі воінскіх званняў і выслугі гадоў;

перавод для праходжання службы ў ваенізаваныя арганізацыі з прысваеннем ім спецыяльных званняў, якія адпавядаюць іх воінскім званням, і захоўваннем выслугі гадоў.

Ваеннаслужачым забараняецца займацца іншай аплатнай працай (дзейнасцю), акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці, медыцынскай практыкі, якія ажыццяўляюцца па ўзгадненні з камандзірам (начальнікам) вайсковай часці, у якой ваеннаслужачы праходзіць ваенную службу, а ў дачыненні да камандзіра (начальніка) вайсковай часці — па ўзгадненні з яго непасрэдным камандзірам (начальнікам).

Артыкул 11. Грашовае забеспячэнне

Ваеннаслужачыя ў залежнасці ад пасады, якую яны займаюць, воінскага звання, кваліфікацыі, працягласці і ўмоў ваеннай службы, якасці і вынікаў службовай дзейнасці з улікам асаблівасцяў ваеннай службы забяспечваюцца грашовым забеспячэннем за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых складаецца з асноўных і дадатковых відаў. Асноўныя віды грашовага забеспячэння ўключаюць у сябе службовы аклад у адпаведнасці з займаемай пасадай і аклад па воінскім званні ў адпаведнасці з прысвоеным воінскім званнем, якія складаюць аклад грашовага забеспячэння ваеннаслужачых. Дадатковыя віды грашовага забеспячэння складаюцца са штомесячных і аднаразовых (разавых) выплат.

Памеры службовых акладаў, акладаў па воінскіх званнях і дадатковых відах грашовага забеспячэння ваеннаслужачых устанаўліваюцца заканадаўствам.

Парадак забеспячэння ваеннаслужачых грашовым забеспячэннем устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі органамі, у якіх прадугледжана ваенная служба.

Ваеннаслужачым за перыяды часовай непрацаздольнасці, знаходжання на лячэнні, у водпусках, службовых камандзіроўках захоўваецца выплата асноўных і дадатковых відаў грашовага забеспячэння. Кампенсацыя ваеннаслужачым камандзіровачных расходаў ажыццяўляецца ў памерах і парадку, вызначаных заканадаўствам.

Парадак забеспячэння грашовым забеспячэннем і іншымі выплатамі ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу ў дзяржаўных органах, у якіх прадугледжана ваенная служба, непасрэдна падпарадкаваных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, устанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.

Артыкул 12. Харчовае і рэчавае забеспячэнне

Харчовае забеспячэнне ваеннаслужачых ажыццяўляецца па нормах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні дзяржаўнымі оганамі, у якіх прадугледжана ваенная служба, у форме:

выдзялення харчавання;

выдачы харчовага пайка;

выплаты грашовай кампенсацыі ўзамен харчовага пайка (харчавання);

выплаты харчова-дарожных грашовых сродкаў.

Парадак харчовага забеспячэння ваеннаслужачых устанаўліваецца дзяржаўным органам, у якім прадугледжана ваенная служба.

Рэчавае забеспячэнне ваеннаслужачых ажыццяўляецца ў залежнасці ад умоў праходжання ваеннай службы па нормах, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні дзяржаўнымі органамі, у якіх прадугледжана ваенная служба.

Ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, замест належных па нормах забеспячэння прадметаў рэчавай маёмасці маюць права на атрыманне грашовай кампенсацыі ў памеры іх кошту.

Парадак забеспячэння ваеннаслужачых прадметамі рэчавай маёмасці і выплаты ўзамен іх грашовай кампенсацыі ўстанаўліваецца дзяржаўным органам, у якім прадугледжана ваенная служба.

Парадак і нормы харчовага і рэчавага забеспячэння ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу ў дзяржаўных органах, у якіх прадугледжана ваенная служба, непасрэдна падпарадкаваных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, устанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.

Артыкул 13. Службовы час і права на адпачынак

Працягласць і размеркаванне службовага часу для ваеннаслужачых вызначаюцца распарадкам дня вайсковай часці і рэгламентам службовага часу, якія вызначаюцца камандзірам (начальнікам) вайсковай часці ў адпаведнасці з патрабаваннямі статутаў Узброеных Сілаў. Пры гэтым агульная працягласць штотыднёвага службовага часу для ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце і ваенную службу афіцэраў па прызыве, не павінна перавышаць 40 гадзін. Прыцягненне ваеннаслужачых (за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, рэзервістаў пры знаходжанні на занятках або вучэбных зборах і ваеннаабавязаных пры знаходжанні на ваенных або спецыяльных зборах) да выканання абавязкаў ваеннай службы звыш устаноўленай працягласці штотыднёвага службовага часу кампенсуецца адпачынкам адпаведнай працягласці ў іншыя дні тыдня.

Вучэнні, баявая стральба і іншыя мерапрыемствы, пералік якіх вызначаецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім прадугледжана ваенная служба, праводзяцца ў любыя дні тыдня без абмежавання агульнай працягласці штотыднёвага службовага часу.

Для ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, рэзервістаў пры знаходжанні на занятках або вучэбнах зборах, ваеннаабавязаных пры знаходжанні на ваенных або спецыяльных зборах, слухачоў і курсантаў ваенных навучальных устаноў і іншых устаноў адукацыі ўстанаўліваецца шасцідзённы службовы тыдзень з адным выхадным днём.

Для ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце і ваенную службу афіцэраў па прызыве, устанаўліваецца пяцідзённы службовы тыдзень з двума выхаднымі днямі.

Ваеннаслужачым (за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу), рэзервістам пры знаходжанні на занятках або вучэбных зборах віды водпускаў, іх працягласць і парадак дазволу ўстанаўліваюцца заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, за ўвесь перыяд ваеннай службы дазваляецца водпуск:

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 18 месяцаў: салдатам і матросам — 10 сутак, сяржантам і старшынам — 15 сутак;

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 12 месяцаў: салдатам і матросам — 5 сутак, сяржантам і старшынам — 10 сутак.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу і не выкарысталі водпуск за ўвесь перыяд ваеннай службы, пры паступленні на ваенную службу па кантракце дазваляецца водпуск працягласцю, устаноўленай часткай шостай гэтага артыкула.

Працягласць водпуску за ўвесь перыяд ваеннай службы ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, можа быць павялічаная (у выглядзе заахвочвання) на тэрмін да 10 сутак у парадку, вызначаным Дысцыплінарным статутам Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (далей — Дысцыплінарны статут Узброеных Сілаў).

За ўчыненне дысцыплінарных правіннасцяў на ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, у парадку, вызначаным Дысцыплінарным статутам Узброеных Сілаў, можа быць накладзена дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе змяншэння працягласці водпуску за ўвесь перыяд тэрміновай ваеннай службы на тэрмін:

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 18 месяцаў: салдатам і матросам — да 5 сутак, сяржантам і старшынам — да 8 сутак;

якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 12 месяцаў: салдатам і матросам — да 2 сутак, сяржантам і старшынам — да 5 сутак.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу 6 месяцаў, водпуск не дазваляецца.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, даецца водпуск па хваробе і па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару.

Водпуск па хваробе даецца на падставе заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, якія пасля заканчэння стацыянарнага лячэння і правядзення рэабілітацыі яшчэ не могуць па стане здароўя выконваць абавязкі ваеннай службы. Парадак дазволу водпуску па хваробе і яго працягласць устанаўліваюцца заканадаўствам.

Водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару да 10 сутак даецца ваеннаслужачаму, які праходзіць тэрміновую ваенную службу, у выпадку:

уступлення ў шлюб;

цяжкай хваробы або смерці (гібелі) яго бацькі, маці, жонкі, дзяцей, уключаючы ўсыноўленых (удачароных), родных братоў і сясцёр, дзеда, бабкі;

пажару або іншага стыхійнага бедства, якое напаткала гэтага ваеннаслужачага або асобаў, названых у абзацы трэцім гэтай часткі;

калі прысутнасць ваеннаслужачага, які праходзіць тэрміновую ваенную службу, у сям'і неабходная.

Абставіны, у сувязі з якімі ваеннаслужачаму, які праходзіць тэрміновую ваенную службу, даецца водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару, павінны быць, як правіла, дакументальна пацверджаныя.

Артыкул 14. Права на ахову здароўя

Ахова здароўя ваеннаслужачых забяспечваецца стварэннем камандзірамі (начальнікамі) вайсковых часцей ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) спрыяльных умоў ваеннай службы, быту і сістэмы мераў па абмежаванні ўздзеяння шкодных або небяспечных фактараў ваеннай службы.

Ваеннаслужачыя, сувораўцы, выхаванцы вайсковых часцей маюць права на атрыманне медыцынскай дапамогі ў арганізацыях аховы здароўя, падпарадкаваных дзяржаўным органам, у якіх прадугледжана ваенная служба (далей — ваенныя арганізацыі аховы здароўя), у адпаведнасці з заканадаўствам.

Ваеннаслужачым пры адсутнасці па месцы ваеннай службы, месцы іх жыхарства (месцы знаходжання) ваенных арганізацый аховы здароўя, а таксама пры неабходнасці аказання хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогі медыцынская дапамога аказваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам у іншых дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя (далей — цывільныя арганізацыі аховы здароўя).

Члены сем'яў ваеннаслужачых пры немагчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу ў цывільных арганізацыях аховы здароўя забяспечваюцца медыцынскай дапамогай у адпаведных ваенных арганізацыях аховы здароўя нароўні з ваеннаслужачымі.

Грамадзяне, якія звольненыя з вайсковай службы па хваробе (стане здароўя) і маюць выслугу 20 гадоў і больш (у тым ліку ў ільготным вылічэнні), асобы старэйшага і вышэйшага афіцэрскага складу, звольненыя з ваеннай службы па ўзросце, па хваробе (стане здароўя) або арганізацыйна-штатных мерапрыемствах (скарачэнні штатаў), і члены іх сем'яў (акрамя членаў сем'яў, названых у абзацы шостым часткі другой артыкула 3 гэтага Закона) маюць права на бясплатную медыцынскую дапамогу ў ваенных і цывільных арганізацыях аховы здароўя.

Прадугледжанае часткай пятай гэтага артыкула права на медыцынскую дапамогу даецца таксама звольненым з ваеннай службы грамадзянам, якія сталі інвалідамі па прычыне ранення (кантузіі), траўмы або калецтва, атрыманых пры абароне Рэспублікі Беларусь, пры выкананні воінскага абавязку ў дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні, або іншых абавязкаў ваеннай службы, або захворвання, звязанага са знаходжаннем на ваеннай службе, незалежна ад выслугі гадоў.

Забеспячэнне лекавымі сродкамі ваеннаслужачых, якія атрымалі раненне (кантузію), траўму, калецтва або захворванне пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, у перыяд іх амбулаторнага лячэння ў сувязі з гэтымі раненнямі (кантузіяй), траўмай, калецтвам або захворваннем ажыццяўляецца ў межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, які зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, за кошт сродкаў адпаведных дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба.

Ваеннаслужачыя маюць права на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне на ўмовах і ў парадку, вызначаных заканадаўствам.

Артыкул 15. Страхаванне ваеннаслужачых, ваеннаабавязаных на час праходжання ваенных і спецыяльных збораў, рэзервістаў пры знаходжанні на занятках і вучэбных зборах

Жыццё і здароўе ваеннаслужачых, ваеннаабавязаных на час праходжання ваенных або спецыяльных збораў, а таксама рэзервістаў пры знаходжанні на занятках і вучэбных зборах (далей — застрахаваныя асобы) падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У выпадку гібелі (смерці) застрахаванай асобы, якая надышла па прычыне нанясення шкоды яе жыццю або здароўю ў сувязі з выкананнем ёю абавязкаў ваеннай службы, членам сям'і загінулай (памерлай) застрахаванай асобы (яе спадчыннікам) выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры 10-гадовай сумы акладу грашовага забеспячэння і надбаўкі за выслугу гадоў застрахаванай асобы. Гэтая страхавая сума выплачваецца па названых падставах таксама ў выпадку смерці застрахаванай асобы, якая надышла на працягу аднаго года пасля звальнення з ваеннай службы (заканчэння ваенных, спецыяльных, вучэбных збораў або заняткаў).

Пры ўстанаўленні застрахаванай асобе, у тым ліку на працягу аднаго года пасля звальнення з ваеннай службы (заканчэння ваенных, спецыяльных, вучэбных збораў або заняткаў), інваліднасці па прычыне нанясення шкоды яе жыццю або здароўю ў сувязі з выкананнем ёю абавязкаў ваеннай службы, пацверджанай медыцынскім заключэннем, выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры:

5-гадовай сумы акладу грашовага забеспячэння і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду I групы;

4-гадовай сумы акладу грашовага забеспячэння і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду II групы;

3-гадовай сумы акладу грашовага забеспячэння і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду III групы.

Застрахаванай асобе, якая атрымала цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое не выклікала інваліднасці, у сувязі з выкананнем ёю абавязкаў ваеннай службы, пацверджанай медыцынскім заключэннем, выплачваецца аднаразовая страхавая сума адпаведна ў памеры двухгадовай або паўгадавой сумы акладу грашовага забеспячэння і надбаўкі за выслугу гадоў.

У выпадку гібелі (смерці) застрахаванай асобы або ўстанаўлення інваліднасці, якая надышла ў выніку ранення (кантузіі), траўмы, калецтва, захворвання, або атрымання ёю цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання, якое не выклікала інваліднасці, лёгкага цялеснага пашкоджання пры выкананні ёю абавязкаў ваеннай службы, пацверджаных медыцынскім заключэннем, акрамя выпадкаў, прадугледжаных часткамі другой — чацвёртай гэтага артыкула, выплачваецца аднаразовая страхавая сума ў памеры:

250 базавых велічыняў — членам сям'і загінулай (памерлай) застрахаванай асобы (яе спадчыннікам);

100 базавых велічыняў — інваліду I групы;

75 базавых велічыняў — інваліду II групы;

50 базавых велічыняў — інваліду III групы;

10 базавых велічыняў — застрахаванай асобе, якая атрымала цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое не выклікала інваліднасці;

7 базавых велічыняў — застрахаванай асобе, якая атрымала менш цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое не выклікала інваліднасці;

5 базавых велічыняў — застрахаванай асобе, якая атрымала лёгкае цялеснае пашкоджанне.

Ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, курсантам, ваеннаабавязаным на час праходжання ваенных або спецыяльных збораў, рэзервістам пры знаходжанні на занятках і вучэбных зборах пры надыходзе выпадкаў, прадугледжаных часткамі другой — чацвёртай гэтага артыкула, выплачваецца страхавая сума ў памерах, прадугледжаных для ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце на пасадах, якія падлягаюць замяшчэнню салдатамі і сяржантамі.

Выплата страхавой сумы па адным і тым жа страхавым выпадку ажыццяўляецца за вылікам раней атрыманых страхавых сум.

У выпадку знішчэння або пашкоджання маёмасці, якая належыць застрахаванай асобе або яе блізкім, у сувязі з выкананнем ёю абавязкаў ваеннай службы застрахаванай асобе або яе блізкім выплачваецца страхавая кампенсацыя ў памеры нанесенага ўрону, але не вышэй за сапраўдны кошт знішчанай або пашкоджанай маёмасці на дзень прыняцця рашэння аб выплаце.

У выпадку калі жыццё, здароўе і маёмасць застрахаваных асобаў падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму страхаванню таксама ў адпаведнасці з іншымі заканадаўчымі актамі, то застрахаваным асобам, а ў выпадку іх гібелі (смерці) — іх спадчыннікам страхавыя сумы выплачваюцца па іх выбары толькі па адной падставе.

Пры ўстанаўленні асобаў, вінаватых у гібелі (смерці) застрахаванай асобы, нанясенні шкоды яе здароўю, маёмаснага ўрону застрахаванай асобе або яе блізкім, выплачаныя страхавыя сумы падлягаюць спагнанню з вінаватых асобаў.

Парадак і ўмовы выплаты страхавых сум па абавязковым дзяржаўным страхаванні застрахаваным асобам устанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Права на жыллё

Ваеннаслужачыя маюць права на забеспячэнне жылымі памяшканнямі ў парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі.

Артыкул 17. Права на адукацыю

Ваеннаслужачыя, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, могуць навучацца ў грамадзянскіх установах, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, паслявузаўскай адукацыі, толькі ў завочнай форме атрымання адукацыі і з дазволу камандзіра (начальніка) вайсковай часці. У перыяд вучобы за імі, а таксама за афіцэрамі ў перыяд іх навучання ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў, захоўваюцца грашовая плата і іншыя гарантыі, устаноўленыя заканадаўствам.

Ваеннаслужачыя, за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, з дазволу камандзіра (начальніка) вайсковай часці могуць праходзіць падрыхтоўку на падрыхтоўчых курсах, падрыхтоўчых аддзяленнях, факультэтах давузаўскай падрыхтоўкі для паступлення ва ўстановы, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Навучанне ў грамадзянскіх установах, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, забараняецца.

Пры паступленні ва ўстановы адукацыі ваеннаслужачыя, грамадзяне, звольненыя з ваеннай службы, выпускнікі ўстановы адукацыі "Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча" і дзеці ваеннаслужачых маюць права на льготы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 18. Праезд на транспарце. Паштовыя адпраўленні

Сацыяльныя гарантыі ваеннаслужачым, членам іх сем'яў, грамадзянам, звольненым з ваеннай службы, і членам іх сем'яў, сувораўцам і выхаванцам вайсковых часцей па праездзе і перавозцы ўласнай маёмасці транспартам, сацыяльныя гарантыі ваеннаслужачым, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, звязаныя з бясплатнай перасылкай паштовых адпраўленняў, устанаўліваюцца заканадаўчымі актамі.

Артыкул 19. Звальненне ваеннаслужачых з ваеннай службы і права на працаўладкаванне

Ваеннаслужачыя маюць права на звальненне з ваеннай службы па падставах і ў парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачым пры звальненні з ваеннай службы выплачваецца выхадная дапамога ў выпадках і ў памерах, устаноўленых Палажэннем аб парадку праходжання ваеннай службы.

Пры нязгодзе ваеннаслужачых са звальненнем або падставамі іх звальнення з ваеннай службы яны маюць права на абскарджанне вышэйшаму камандаванню і зварот у суд на працягу трох месяцаў з дня, які наступае за днём заканчэння знаходжання на ваеннай службе.

У выпадку незаконнага звальнення ваеннаслужачых з ваеннай службы нанесены ім у сувязі з гэтым урон падлягае кампенсацыі ў поўным аб'ёме з улікам выплачанай выхадной дапамогі. Пры гэтым яны аднаўляюцца на ваеннай службе ў ранейшай або роўнай пасадзе ў той жа вайсковай часці, а пры іх згодзе — у іншай вайсковай часці і забяспечваюцца ўсімі відамі забеспячэння. Ваеннаслужачым, адноўленым на ваеннай службе, час з дня іх звальнення да даты, названай у загадзе аб аднаўленні на ваеннай службе, залічваецца ў выслугу гадоў для прысваення чарговага воінскага звання, налічэння грашовай платы і прызначэння пенсіі.

Аднаўленне ваеннаслужачых на ваеннай службе ажыццяўляецца па рашэнні вышэйшага камандавання або суда ў парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі.

Пакрыццё ваеннаслужачым урону, у тым ліку маральнага, нанесенага незаконным звальненнем з ваеннай службы, ажыццяўляецца па рашэнні суда ў парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі.

Грамадзянам, звольненым з ваеннай службы, устанаўліваюцца наступныя дадатковыя гарантыі:

захаванне на працягу трох месяцаў з дня, які наступае за днём заканчэння знаходжання на ваеннай службе, за грамадзянамі, якія працавалі да прызыву на ваенную службу ў дзяржаўных арганізацыях, права паступлення на працу да таго ж наймальніка на пасаду, раўнацэнную займаемай да прызыву на ваенную службу;

выдзяленне грамадзянам, звольненым пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы і прынятым на ранейшае месца працы, аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў памеры не менш за адну мінімальную заработную плату;

выдзяленне грамадзянам, звольненым пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы, першага працоўнага месца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

Органы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва сумесна з дзяржаўнымі органамі, у якіх прадугледжана ваенная служба, прымаюць меры па працаўладкаванні, прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі грамадзян, звольненых з ваеннай службы, і членаў іх сем'яў.

Артыкул 20. Права на пенсійнае забеспячэнне

Грамадзяне, звольненыя з ваеннай службы, і члены іх сем'яў маюць права на пенсійнае забеспячэнне ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Артыкул 21. Звароты ваеннаслужачых

Ваеннаслужачыя маюць права накіроўваць звароты ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі.

Артыкул 22. Абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асобаў вайсковай часці

Дзеянні (бяздзейнасць) службовых асобаў вайсковай часці могуць быць абскарджаныя ў вышэйшы орган (вышэйшай службовай асобе) і (або) у суд у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Глава 3
Абавязкі і адказнасць ваеннаслужачых

Артыкул 23. Агульныя абавязкі ваеннаслужачых

Ваеннаслужачы абавязаны:

беспярэчна выконваць свой вайсковы абавязак, быць верным Ваеннай прысязе, беззапаветна служыць свайму народу, мужна, умела, не шкадуючы сваіх сілаў і самога жыцця, абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Рэспублікі Беларусь;

выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя заканадаўчыя акты, у тым ліку выконваць патрабаванні статутаў Узброеных Сілаў;

выконваць загады камандзіраў (начальнікаў) беспярэчна, дакладна і ў тэрмін;

стойка пераносіць цяжкасці ваеннай службы;

пастаянна авалодваць ваеннымі прафесійнымі ведамі, удасканальваць сваю вывучку і воінскае майстэрства;

ведаць і трымаць у пастаяннай гатоўнасці да прымянення давераныя яму ўзбраенне і ваенную тэхніку, берагчы ваенную маёмасць;

быць сумленным, дысцыплінаваным, храбрым, пры выкананні воінскага абавязку праяўляць разумную ініцыятыву;

беспярэчна падпарадкоўвацца камандзірам (начальнікам) і абараняць іх у баі, аберагаць Баявы Сцяг вайсковай часці;

даражыць вайсковай таварыскасцю, не шкадуючы свайго жыцця выручаць таварышаў з небяспекі, дапамагаць ім словам і справай, паважаць гонар і годнасць кожнага, не дапускаць у дачыненні да сябе і іншых ваеннаслужачых грубасці і здзекаў, утрымліваць іх ад недастойных учынкаў;

захоўваць правілы вайсковай ветлівасці, паводзінаў і выканання воінскага прывітання, заўсёды быць па форме, чыста і акуратна апранутым;

быць пільным, строга захоўваць дзяржаўную і службовую тайну;

выконваць іншыя абавязкі, устаноўленыя статутамі Узброеных Сілаў і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 24. Службовыя і спецыяльныя абавязкі ваеннаслужачых

Службовыя абавязкі ваеннаслужачых вызначаюцца статутамі Узброеных Сілаў і іншымі заканадаўчымі актамі.

Ваеннаслужачыя пры нясенні службы на баявым дзяжурстве, у сутачным і каравульным нарадах, а таксама пры ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і іншых абставінах выконваюць спецыяльныя абавязкі, устаноўленыя заканадаўчымі актамі, у тым ліку статутамі Узброеных Сілаў. Для выканання спецыяльных абавязкаў ваеннаслужачыя могуць надзяляцца дадатковымі правамі, устаноўленымі іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 25. Адказнасць ваеннаслужачых

Ваеннаслужачыя ў залежнасці ад характару і цяжкасці ўчыненых імі правапарушэнняў прыцягваюцца да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай, матэрыяльнай, грамадзянска-прававой, крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Глава 4
Заключныя палажэнні

Артыкул 26. Прызнанне страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў і іх асобных палажэнняў

Прызнаць страціўшымі сілу:

1. Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 1992 года "Аб статусе ваеннаслужачых" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 28, ст. 497).

2. Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 1993 года "Аб унясенні змянення ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб статусе ваеннаслужачых" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 14, ст. 137).

3. Пункт 2 раздзела I Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1995 года "Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь у сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь "Аб палітычных партыях" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 17, ст. 182).

4. Закон Рэспублікі Беларусь ад 22 сакавіка 1995 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб статусе ваеннаслужачых" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 19, ст. 232).

5. Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 1998 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 2, ст. 12).

6. Артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 1999 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 5, 2/126).

7. Пункт 7 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 94, 2/1222).

8. Пункт 7 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 147, 2/1336).

9. Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2007 года "Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб статусе ваеннаслужачых" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 172, 2/1355).

10. Артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2007 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і асобных палажэнняў законаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях страхавання" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 305, 2/1397).

11. Артыкул 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2008 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшай сілу Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па пытаннях грамадзянскай абароны" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 14, 2/1416).

12. Артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2008 года "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў па пытаннях жыллёвых адносінаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 184, 2/1505).

13. Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 1992 года "Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь "Аб статусе ваеннаслужачых" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 28, ст. 498).

Артыкул 27. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Да прывядзення актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам яны прымяняюцца ў той частцы, у якой не супярэчаць гэтаму Закону, калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 28. Уваходжанне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уваходзіць у сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь  А. Лукашэнка

4 студзеня 2010 года, г. Мінск.

№ 100-З