Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
23 сакавіка 2010 г. № Р-432/2010
Аб роўных гарантыях рэалізацыі права грамадзян на абарону ад беспрацоўя

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Варановіча Т.В., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь  аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (ці) дапаўненняў

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні пытанне аб прававым рэгуляванні адносін, звязаных з назначэннем і выплатай грамадзянам, накіраваным на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, стыпендый у залежнасці ад падстаў спынення працоўнага дагавора, а таксама з вызначэннем выпадкаў, пры якіх у назначэнні дапамогі па беспрацоўю можа быць адмоўлена.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК), Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон аб занятасці насельніцтва) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з артыкуламі 1 і 2 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь з'яўляецца прававой дзяржавай, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

 

Канстытуцыя, абвяшчаючы мэтай палітыкі Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай дзяржавы яе адказнасць перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы, права кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (частка першая артыкула 1, частка другая артыкула 2, частка другая артыкула 21), гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, а таксама на стварэнне ўмоў для поўнай занятасці насельніцтва (часткі першая і другая артыкула 41).

 

Па сэнсу ўказаных артыкулаў Канстытуцыі ў іх узаемасувязі з артыкулам 59 Канстытуцыі, згодна з якім дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, грамадзянам, якія часова страцілі работу і, такім чынам, гарантаваны заработак па не залежачых ад іх прычынах (у прыватнасці, з прычыны ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэння колькасці ці штата работнікаў, спынення працоўных адносін па некаторых іншых падставах), павінна быць прадастаўлена эфектыўная абарона, накіраваная на падтрыманне мінімальна неабходнага ўзроўню матэрыяльнага дастатку і на садзейнічанне ў працаўладкаванні.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што гарантыі, якія ўстанаўліваюцца заканадаўцам на падставе і ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі палажэннямі аб абароне ад беспрацоўя, уключаючы права на навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на дапамогу па беспрацоўю, павінны быць заснаваны на універсальных прынцыпах справядлівасці і роўнасці.

 

2. Абарона ад беспрацоўя забяспечваецца шляхам стварэння сістэмы мер садзейнічання занятасці і матэрыяльнай падтрымкі грамадзян, якія страцілі работу і прызнаны ва ўстаноўленым парадку беспрацоўнымі. Такая сістэма мер у цяперашні час прадугледжана Законам аб занятасці насельніцтва, які вызначае гарантыі дзяржавы па рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на працу і сацыяльную абарону ад беспрацоўя.

 

Згодна з артыкулам 10 Закона аб занятасці насельніцтва дзяржава ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва гарантуе беспрацоўным грамадзянам бясплатную прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей і ў адпаведнасці з наяўнымі схільнасцямі, здольнасцямі, навыкамі і асаблівасцямі іх псіхафізічнага развіцця, а таксама выплату дапамогі па беспрацоўю, стыпендыі ў перыяд навучання па накіраванню органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (абзацы першы–трэці часткі чацвёртай).

 

У мэтах забеспячэння названых гарантый у якасці агульнага правіла ў артыкуле 23 Закона аб занятасці насельніцтва прадугледжана, што стыпендыі грамадзянам назначаюцца ў памеры 50 працэнтаў, а пры наяўнасці дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў ці дзіцяці-інваліда да 18 гадоў – 75 працэнтаў сярэдняй заработнай платы (дахода)  па апошняму месцу работы, але не менш за паўтары велічыні мінімальнай дапамогі па беспрацоўю для дадзенага беспрацоўнага і не больш за трохразовую базавую велічыню (частка другая).

 

У той жа час у частцы трэцяй дадзенага артыкула ўстаноўлена, што грамадзянам, якія спынілі працоўны дагавор, заключаны на нявызначаны тэрмін, па ўласнаму жаданню, пагадненню бакоў, або працоўны дагавор з якімі спынены па падставах, прадугледжаных пунктамі 4, 5, 7–9 артыкула 42, пунктам 5 артыкула 44 і артыкулам 47 ПК, і якія зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку беспрацоўнымі, стыпендыя назначаецца ў памеры базавай велічыні. Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры фармуляванні прыведзенай нормы заканадавец зыходзіў фактычна з абумоўленасці спынення працоўнага дагавора характарам дзеянняў работніка (уласнае жаданне работніка, пагадненне бакоў або вінаватыя дзеянні работніка, якія з’яўляюцца прычынай звальнення па шэрагу пералічаных пунктаў артыкулаў 42, 44 і 47 ПК).

 

Разам з тым, паводле меркавання Канстытуцыйнага Суда, падыходы заканадаўца да выбару падстаў спынення працоўнага дагавора з работнікам, якія ўплываюць на памер выплаты стыпендый такім асобам, прызнаным ва ўстаноўленым парадку беспрацоўнымі, не з’яўляюцца паслядоўнымі і справядлівымі і ў канчатковым выніку не забяспечваюць гарантаванасць правоў асобных катэгорый грамадзян на сацыяльную абарону ад беспрацоўя, заснаваную на канстытуцыйных нормах і прынцыпах.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што няма дастатковых падстаў адносіць да грамадзян, на якіх распаўсюджваецца  дзеянне часткі  трэцяй артыкула  23 Закона аб занятасці насельніцтва, грамадзян, якія спынілі працоўныя адносіны па ўласнаму жаданню пры наяўнасці  акалічнасцей, што выключаюць або значна абцяжарваюць прадаўжэнне работы (напрыклад, стан здароўя), а таксама ў выпадках парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, пагаднення, працоўнага дагавора (частка чацвёртая артыкула 40 ПК), гэта значыць пры наяўнасці  ўважлівых прычын. Такія прычыны ў выпадках, калі скасоўваецца тэрміновы  працоўны дагавор (артыкул 41 ПК), прыняты заканадаўцам да ўвагі, у сувязі з чым звальненне па ўказанаму артыкулу не ўплывае ў наступным на памер выплаты стыпендыі, паколькі артыкул 41 ПК у пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора, прыведзеным у артыкуле 23 Закона аб занятасці насельніцтва, адсутнічае.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ва ўдакладненні мае патрэбу таксама норма часткі трэцяй артыкула 23 Закона аб занятасці насельніцтва, у якой  змяшчаецца спасылка на артыкул 47 ПК у цэлым, у сілу чаго дзеянне ўказанай нормы распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў, працоўны дагавор з якімі спынены па ўсіх падставах, прадугледжаных дадзеным артыкулам ПК. Між тым у сувязі з дапаўненнем Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь» артыкула 47 ПК пунктам 11 у цяперашні час па гэтаму пункту магчыма звальненне кіраўніка арганізацыі, яго намеснікаў, галоўнага бухгалтара ў сувязі са зменай уласніка маёмасці арганізацыі, гэта значыць фактычна пры адсутнасці віны ўказаных работнікаў.

 

3. Выкладзеная вышэй ацэнка Канстытуцыйным Судом заканадаўчых палажэнняў адносна памеру стыпендый, якія прызначаны і выплачваюцца грамадзянам, накіраваным на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, у залежнасці ад падстаў спынення з імі працоўнага дагавора прымяняльная і да норм, замацаваных у артыкуле 24 Закона аб занятасці насельніцтва. У гэтым артыкуле ўстаноўлена агульнае правіла аб тым, што дапамога па беспрацоўю назначаецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і што дадзеная дапамога выплачваецца грамадзяніну з дня рэгістрацыі ва ўказаных органах у якасці беспрацоўнага, а таксама вызначаюцца асаблівасці выплаты дапамогі асобным катэгорыям  беспрацоўных, парадак і ўмовы выплаты такой дапамогі. У той жа час згодна з абзацам другім часткі другой артыкула 24 у назначэнні дапамогі па беспрацоўю можа быць адмоўлена ў выпадку спынення працоўнага дагавора, заключанага на нявызначаны тэрмін, па ўласнаму жаданню, па пагадненню бакоў або спынення працоўнага дагавора па падставах, прадугледжаных пунктамі 4, 5, 7–9 артыкула 42, пунктам 5 артыкула 44 і артыкулам 47 ПК, а таксама звальнення (адлічэння) за парушэнне воінскай (навучальнай) дысцыпліны, страты (адсутнасці) крыніцы даходу ў выніку незаконных дзеянняў.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што, зыходзячы з сацыяльнага прадвызначэння дапамогі па беспрацоўю і накіраванасці дзяржаўных гарантый на належнае забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на абарону ад беспрацоўя, у назначэнні ўказанай дапамогі не можа быць адмоўлена грамадзянам, якія знаходзіліся ў працоўных адносінах на аснове працоўнага дагавора, заключанага на нявызначаны тэрмін, калі мела месца спыненне такога дагавора па жаданню работніка пры наяўнасці ўважлівых прычын (частка чацвёртая артыкула 40 ПК).

 

Выклікае сумненне абгрунтаванасць заканадаўчага палажэння аб тым, што можа быць адмоўлена ў назначэнні дапамогі па беспрацоўю асобам, на якіх распаўсюджваецца дзеянне пункта 11 артыкула 47 ПК, паколькі звальненне такіх асоб не абумоўлена іх вінаватымі дзеяннямі. Такім чынам, яны не могуць быць аднесены да грамадзян, на якіх распаўсюджваецца дзеянне абзаца другога часткі другой артыкула 24  Закона аб занятасці насельніцтва, працоўны дагавор  з якімі спынены па падставах, што могуць выклікаць адмову ў назначэнні дапамогі па беспрацоўю.

 

4. Канстытуцыйнае палажэнне аб роўнасці ўсіх перад законам  (артыкул 22 Канстытуцыі) з’яўляецца адным з фундаментальных пачаткаў прававой дзяржавы, узаемаадносін дзяржавы з чалавекам і грамадзянінам, асновай характарыстыкі канстытуцыйнага статусу асобы. Указаны прынцып распаўсюджваецца на ўсю сістэму права, што ў сілу асаблівасцей сфер прававога рэгулявання падразумявае не толькі магчымасць, але і неабходнасць замацавання ў асобных галінах заканадаўства спецыяльных механізмаў яго рэалізацыі.

 

Прынцып роўнасці ўсіх перад законам характарызуе прававое становішча грамадзян ва ўсіх галінах жыцця грамадства, уключаючы сацыяльную. У гэтай сферы ў Рэспубліцы Беларусь як сацыяльнай дзяржаве першаступеннае значэнне набывае канстытуцыйнае патрабаванне захавання роўнасці гарантый рэалізацыі сацыяльных правоў, замацаваных у Канстытуцыі і законах. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што з улікам палажэнняў артыкулаў 22 і 23 Канстытуцыі прынцып роўнасці ўсіх перад законам не выключае канстытуцыйна абгрунтаванай дыферэнцыяцыі прававога рэгулявання, якая мае на мэце ўстанавіць прававыя адрозненні, перавагі і прывілеі для асобных катэгорый грамадзян (непаўналетніх, інвалідаў і да т.п.) з улікам неабходнасці захавання балансу канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт, пры ўмове, што выкарыстоўваемыя для дасягнення гэтага прававыя сродкі з’яўляюцца разумнымі і суразмернымі абараняемым каштоўнасцям і мэтам.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўчае рэгуляванне ў частцы вызначэння падстаў спынення працоўнага дагавора, якія ўплываюць на памер стыпендый, а таксама на магчымасць назначэння дапамогі па беспрацоўю, мае патрэбу ва ўдакладненні, паколькі грамадзянам, якія адносяцца да адной і той жа катэгорыі (звольненым з работы па прычынах, не звязаных з учыненнем імі вінаватых дзеянняў, і прызнаным беспрацоўнымі), не забяспечваецца роўная абарона ад беспрацоўя, што не адпавядае  прынцыпам роўнасці і справядлівасці.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах паслядоўнай рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, заканадаўчага замацавання магчымасцей рэалізацыі права кожнага на абарону ад беспрацоўя прызнаць неабходным у адпаведнасці з гэтым рашэннем унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» змяненні і дапаўненні, якія датычацца ўдакладнення:

 

у частцы трэцяй артыкула 23 пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх стыпендыя беспрацоўным назначаецца ў меншым памеры ў параўнанні з агульнапрынятым;

 

у абзацы другім часткі другой артыкула 24 пераліку падстаў спынення працоўнага дагавора, з прычыны якіх беспрацоўным можа быць адмоўлена ў назначэнні дапамогі па беспрацоўю.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект адпаведнага закона і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч