Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 сакавіка 2010 г. № Р-431/2010
Аб рашэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2009 г. «Аб судовым абскарджанні рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства)»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні матэрыялы, звязаныя з рашэннем Канстытуцыйнага Суда ад 10 снежня 2009 г. «Аб судовым абскарджанні рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства)».

 

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 10 снежня 2009 г. «Аб судовым абскарджанні рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства)» (далей – рашэнне ад 10 снежня 2009 г.) у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага, у тым ліку падаткаплацельшчыкаў, на судовую абарону прызнана неабходным забяспечыць магчымасць абскарджання ў суд рашэнняў вышэйстаячых падатковых органаў, прынятых па зваротах, звязаных з пытаннямі падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства), і прапанавана Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду Рэспублікі Беларусь прыняць адпаведную пастанову Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па ўказанаму пытанню.

 

Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь прапанаваў Канстытуцыйнаму Суду перагледзець рэзалюцыйную частку рашэння ад 10 снежня 2009 г. у сувязі з яго зваротам у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб удакладненні норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», якія рэгулююць парадак абскарджання рашэнняў вышэйстаячых дзяржаўных органаў па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.

 

Пры прыняцці рашэння ад 10 снежня 2009 г. Канстытуцыйны Суд засноўваўся на аналізе норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Агульнай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года «Аб зваротах грамадзян» у рэдакцыі Закона ад 1 лістапада 2004 года, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з сістэмнага аналізу адпаведных палажэнняў указаных актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што згодна з нормамі названага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 рашэнне вышэйстаячага падатковага органа, прынятае па звароту, звязанаму з растлумачэннем падатковага заканадаўства, як прававы акт ненарматыўнага характару можа быць абскарджана ў гаспадарчы суд.

 

Дадзеная пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, якая засноўваецца на дзеючых заканадаўчых падыходах, не выключае права заканадаўца ўдакладніць механізм рэалізацыі права падаткаплацельшчыкаў на абскарджанне рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства), у тым ліку з улікам меркавання Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкулам 42 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», артыкулам 76 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Пункт 2 рэзалюцыйнай часткі рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2009 г. «Аб судовым абскарджанні рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства)» выкласці ў наступнай рэдакцыі:

 

«2. Прапанаваць Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку звярнуцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанню ўдакладнення палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб» у частцы абскарджання рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях падаткаабкладання (растлумачэнняў падатковага заканадаўства).».

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў часопісе «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь».

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч