Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 красавіка 2010 г. № Р-433/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у  Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Марыскіна А.У., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання і захавання прыродных рэсурсаў і прыняты ў мэтах рэалізацыі міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь,  уключаючы Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці, Канвенцыю аб захаванні відаў дзікіх жывёл, якія мігрыруюць, і іншыя, а таксама ў сувязі з неабходнасцю ўзгаднення норм Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя» з нормамі законаў Рэспублікі Беларусь «Аб ахове атмасфернага паветра», «Аб жывёльным свеце», «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год», «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», якія ўстанаўліваюць паняцці «біясферны рэзерват», «структура біясфернага рэзервата», «нацыянальная экалагічная сетка», «элементы нацыянальнай экалагічнай сеткі», «найлепшыя даступныя тэхнічныя метады», «рацыянальнае (устойлівае) выкарыстанне рэсурсаў» і вызначаюць іх змест; канкрэтызуюцца патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, ў тым ліку і пры размяшчэнні, праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі, уводзе ў эксплуатацыю і ліквідацыі аб'ектаў здабычы, перапрацоўкі, транспарціроўкі, захоўвання і рэалізацыі нафты, газу і прадуктаў іх перапрацоўкі; пашыраюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласных выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, уключаючы паўнамоцтвы па стварэнню і функцыяніраванню нацыянальнай экалагічнай сеткі, прыняццю рашэнняў аб аб'яўленні і спыненні функцыяніравання біясферных рэзерватаў.  

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд  зыходзіць з наступнага.

 

1. Згодна з артыкулам 46 Канстытуцыі кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права. Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

 

Шэраг палажэнняў Закона, якія прадугледжваюць узмацненне жорсткасці і пашырэнне (у адносінах да біясферных рэзерватаў) патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, у тым ліку пры размяшчэнні, праектаванні, будаўніцтве, эксплуатацыі, кансервацыі і ліквідацыі ваенных і абаронных аб'ектаў, узбраення і ваеннай тэхнікі, пры эксплуатацыі аб'ектаў сельскагаспадарчага прызначэння, пры меліярацыі зямель і эксплуатацыі меліярацыйных сістэм, размяшчэнні, будаўніцтве і рэканструкцыі населеных пунктаў, захаванні крыніц іанізіруючага выпраменьвання і інш. (пункты 15, 2632 і іншыя пункты артыкула 1), накіраваны на далейшае развіццё канстытуцыйнага права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, стварэнне неабходных механізмаў рэалізацыі часткі першай артыкула 46 Канстытуцыі.

 

Нормы Закона (пункты 811 і іншыя пункты артыкула 1), якія прадастаўляюць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласным выканаўчым і распарадчым органам дадатковыя паўнамоцтвы, звязаныя з устанаўленнем дзяржаўнага кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў пры стварэнні нацыянальнай экалагічнай сеткі, аб'яўленні і спыненні функцыяніравання біясферных рэзерватаў, адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі аб кантролі дзяржавы за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў (частка другая артыкула 46), а таксама выступаюць рэальнай гарантыяй рэалізацыі канстытуцыйнага права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

 

2. Згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Артыкулам 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў прадугледжана, што кожны дзеючы дагавор з’яўляецца абавязковым для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца. Частка першая артыкула 33 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што міжнародныя дагаворы падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.

 

Шэраг палажэнняў Закона змяшчае прававыя прадпісанні аб фарміраванні і функцыяніраванні нацыянальнай экалагічнай сеткі і яе элементах, аб біясферных рэзерватах  і іх структуры, якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці, Канвенцыі аб захаванні відаў дзікіх жывёл, якія мігрыруюць, а таксама Агульнаеўрапейскай стратэгіі па захаванню біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.  У прыватнасці, у мэтах захавання натуральных экалагічных сістэм, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці заканадавец канкрэтызуе абавязкі і абмежаванні для яго карыстальнікаў па выкананню рэжыму аховы і выкарыстання  асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове, і біясферных рэзерватаў.

 

3. Аналіз зместу артыкулаў Закона, якія прадугледжваюць рэдакцыйныя змяненні і ўдакладненні, паказвае, што яны забяспечваюць выразнасць, недвухсэнсавасць, несупярэчлівасць, дакладнасць прымяняльных норм права і асобных тэрмінаў, а таксама накіраваны на далейшае ўдасканальванне прававога рэгулявання грамадскіх адносін у галіне аховы навакольнага асяроддзя, што адпавядае прынцыпам вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі) і вынікаючым з яго прынцыпам прававой пэўнасці.

 

Правяраемы Закон прыняты ў рамках паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Так, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае праекты законаў аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў (пункт 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі), а Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў (пункт 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі).

 

Такім чынам, аналіз палажэнняў артыкулаў Закона, формы акта і парадку яго прыняцця дазваляе зрабіць вывад аб адпаведнасці іх Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч