Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
29 красавіка 2010 г. № Р-445/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Сяргеевай В.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 9 красавіка 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца дапаўненні і змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), накіраваныя на ўдасканальванне палажэнняў дадзенага Кодэкса: удакладняюцца паўнамоцтвы органаў, якія вядуць крымінальны працэс; карэкціруюцца нормы, што рэгулююць арганізацыю папярэдняга расследавання крымінальных спраў і парадак вылічэння тэрмінаў правядзення дазнання і следства, а таксама нормы, якія рэгулююць парадак паскоранага вядзення па крымінальных справах.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з неабходнасці забеспячэння суразмернасці  канстытуцыйна значных каштоўнасцей і пастаўленых мэт, прымаючы да ўвагі палажэнні артыкула 2 Канстытуцыі, згодна з якімі чалавек, яго правы,  свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

 

1. У адпаведнасці са змяненнямі, якія ўносяцца ў КПК, начальнік  органа дазнання мае права зацвярджаць пастанову аб звальненні падазронага з пасады (частка 5 артыкула 38), а пракурор – санкцыяніраваць прымяненне дадзенай крымінальна-працэсуальнай меры (пункт 13 часткі 5 артыкула 34); аналагічныя паўнамоцтвы аб звальненні падазронага з пасады прадастаўлены Міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, намесніку Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – дырэктару Дэпартамента фінансавых расследаванняў або асобам, якія выконваюць іх абавязкі (частка 51 артыкула 38).

 

Звальненне падазронага з пасады выклікае вынікі, якія выходзяць за рамкі крымінальна-працэсуальных адносін, істотна абмяжоўваючы пры гэтым такія канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзяніна, як права на працу, гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю асобы. Адсутнасць у падазронага права на судовае абскарджанне дадзенай крымінальна-працэсуальнай меры абцяжарвае доступ да правасуддзя і ўшчамляе права гэтай асобы на вольны выбар сродку прававой абароны.

 

Згодна з часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

У артыкуле 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года прадугледжана права кожнага чалавека на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам, а ў пункце «а» часткі 3 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года ўстаноўлены абавязак дзяржавы забяспечваць любой асобе, правы і свабоды якога парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобай, якая дзейнічала ў афіцыйнай якасці.

 

Зыходзячы з вышэйвыкладзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых  актаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры рэалізацыі крымінальна-працэсуальнай меры ў выглядзе звальнення падазронага з пасады дадзенай асобе павінна быць забяспечана магчымасць звяртацца ў суд за абаронай сваіх правоў.

 

2. Задачамі крымінальнага працэсу з'яўляюцца абарона асобы, яе правоў і свабод, інтарэсаў грамадства і дзяржавы шляхам хуткага і поўнага расследавання злачынстваў, грамадска небяспечных учынкаў, здзейсненых у стане поўнай адсутнасці памяці, выкрывання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці вінаватых; забеспячэнне правільнага прымянення закона з тым, каб кожны, хто ўчыніў злачынства, быў падвергнуты справядліваму пакаранню і ніводны невінаваты не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і асуджаны (частка 1 артыкула 7 КПК).

 

Для вырашэння ўказаных задач у адпаведнасці з Законам уносіцца шэраг змяненняў у КПК: дапускаецца да ўзбуджэння крымінальнай справы атрымліваць узоры для параўнаўчага даследавання і праводзіць выманне трупа з месца пахавання (эксгумацыю) (частка 2 артыкула 173 КПК); у выпадку знаходжання абвінавачванага ў вышуку орган, які вядзе крымінальны працэс, мае права правесці экспертызу без азнаямлення асобы з адпаведнай пастановай (частка 4 артыкула 227 КПК).

 

Прыведзеныя палажэнні Закона цягнуць за сабой пэўныя  абмежаванні правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу. Разам з тым згодна з  часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Вышэйуказаныя змяненні, якія ўносяцца ў КПК, не супярэчаць Канстытуцыі, паколькі накіраваны на забеспячэнне грамадскага правапарадку. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльніка на неабходнасць пры вырашэнні задач крымінальнага працэсу выконваць нормы Канстытуцыі ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

 

3. Законам уносяцца змяненні ў шэраг артыкулаў главы 47 КПК, што рэгламентуюць парадак паскоранага вядзення па крымінальных справах: пашыраецца пералік злачынстваў, якія не маюць вялікай грамадскай небяспекі, і менш цяжкіх злачынстваў, па якіх ажыццяўляецца іх паскоранае вядзенне; збіранне матэрыялаў, што маюць значэнне для разгляду справы ў судзе, дапускаецца да ўзбуджэння крымінальнай справы; прадугледжваецца магчымасць прадаўжэння паскоранага вядзення спраў  да 15 сутак.

 

З мэтай забеспячэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, палажэннямі Закона канкрэтызуюцца таксама падставы, пры наяўнасці якіх дазнанне і папярэдняе следства па крымінальных справах, узбуджаных у парадку паскоранага вядзення або па якіх пачата паскоранае вядзенне, праводзяцца па агульных правілах, устаноўленых у КПК (артыкулы 456, 457).

 

Пры паскораным вядзенні па крымінальных справах закон дапускае выняткі з агульных правілаў дасудовага вядзення, што прадугледжвае неабходнасць адэкватных гарантый недапушчэння парушэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд адзначае неабходнасць няўхільнага выканання ў праваўжывальнай практыцы нормы часткі другой артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якой дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы, ва ўзаемасувязі яе з палажэннямі часткі 1 артыкула 10 КПК, што ўскладаюць на орган крымінальнага праследавання абавязак забяспечваць абарону правоў і свабод асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, – іншае азначала б парушэнне не толькі працэсуальных правоў удзельнікаў крымінальнага працэсу, але і іх канстытуцыйных правоў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжаныя Законам дапаўненні і змяненні, якія ўносяцца ў КПК, не супярэчаць Канстытуцыі, аднак звяртае ўвагу заканадаўца і правапрымяняльніка на недапушчальнасць у прававой дзяржаве зніжэння ўзроўню крымінальна-працэсуальных гарантый як найважнейшай умовы выканання канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

 

Парадак прыняцця Закона адпавядае нормам Канстытуцыі, згодна з якімі праекты законаў разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў і накіроўваюцца для адабрэння ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу (пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98). Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і  змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч