Зварот

Савета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі да парламентаў
дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сувязі
з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў

 

9 мая 2010 года спаўняецца 65 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Уклад народаў Беларусі і Расіі ў Вялікую Перамогу неацэнны. Усе мы ў неаплатным даўгу і перад тымі, хто загінуў у вайне, і перад ветэранамі вайны, працаўнікамі тылу, што жывуць сярод нас за іх подзвіг у імя міру на зямлі.

Але сёння чутны галасы тых, хто хоча перагледзець гісторыю і вынікі вайны, паставіць пад сумненне веліч подзвігу нашых народаў. Вядомыя прыклады зносу помнікаў савецкім воінам, усхвалення памагатых нацыстаў, заступніцтва з боку ўладаў так званым ветэранам СС — членам арганізацыі, прызнанай злачыннай Міжнародным ваенным трыбуналам у Нюрнбергу.

Падобныя спробы з'яўляюцца небяспечнай палітычнай тэндэнцыяй і выклікаюць справядлівае абурэнне грамадскасці Беларусі і Расіі, зневажаюць нашу памяць аб Вялікай Перамозе над фашызмам, аб ахвярах нацызму.

Перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны, каб дагадзіць групе палітыкаў, якія імкнуцца зарабіць палітычныя дывідэнды, можа мець самыя негатыўныя наступствы для ўсяго свету. Такія крокі могуць прывесці да рэабілітацыі пачварных злачынстваў нацыстаў, адраджэння ідэалогіі нацызму.

Зыходзячы з абавязковасці няўхільнага захавання рашэнняў Нюрнбергскага трыбунала, Статута ААН, міжнародных дагавораў, накіраваных на асуджэнне і выкараненне нацызму, Савет Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі заяўляе:

нацызм ва ўсіх яго формах і праявах з'яўляецца злачыннай ідэалогіяй, якая замахваецца на жыццё і свабоду, гонар і годнасць асобы, мір і бяспеку чалавецтва.

Савет Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі звяртаецца з заклікам да парламентаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў:

аб'яднаць намаганні дэпутатаў нацыянальных парламентаў, міжпарламенцкіх арганізацый і ўсіх, каму дарагія ідэалы Перамогі, у мэтах недапушчэння скажэння гісторыі, перагляду ацэнак і вынікаў Другой сусветнай вайны;

прыняць рашучыя меры па недапушчэнні праслаўлення нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых;

аб'яднаць намаганні дзяржаўных органаў, навуковай грамадскасці і культурнага супольніцтва, няўрадавых арганізацый для прыняцця неабходных мераў па супрацьдзеянні апаганенню мемарыяльных пахаванняў і помнікаў, захаванні памяці аб ахвярах Другой сусветнай вайны.