Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
22 чэрвеня 2010 г. № Р-462/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Козыраву Л.Р., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 26 мая 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 15 чэрвеня 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання прававых і арганізацыйных асноў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для развіцця ў Рэспубліцы Беларусь малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь як сацыяльнай прававой дзяржаве гарантуецца прадастаўленне ўсім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам (частка першая артыкула 1, частка другая артыкула 13). У адпаведнасці з часткамі чацвёртай, пятай артыкула 13 Канстытуцыі ўсім гарантуюцца роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, забяспечвае напрамак і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.

 

Па сэнсу прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў у Рэспубліцы Беларусь павінны стварацца максімальна спрыяльныя ўмовы для функцыянавання эканамічнай сістэмы ў цэлым, што прадугледжвае неабходнасць стымулявання прадпрымальніцкай дзейнасці як асновы эканомікі. На ўказаныя мэты і накіраваны Закон, які рэгулюе адносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, вызначае суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (далей – суб’екты інфраструктуры).

 

Палажэннямі Закона прадугледжваецца, што да суб’ектаў малога прадпрымальніцтва адносяцца індывідуальныя прадпрымальнікі, мікраарганізацыі, малыя арганізацыі, да суб’ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва – камерцыйныя арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год, што складае ад 101 да 250 людзей, якія адпавядаюць патрабаванням, устаноўленым артыкулам 3 Закона.

 

Да суб’ектаў інфраструктуры згодна з артыкулам 4 Закона адносяцца цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтвы, інкубатары малога прадпрымальніцтва. Мэта іх стварэння – аказанне суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва садзейнічання ў арганізацыі і ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці. Да іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць падтрымку суб’ектаў малога і (або) сярэдняга прадпрымальніцтва, адносіцца Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, таварыства ўзаемнага крэдытавання суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

 

2. Канстытуцыйныя прынцыпы прадастаўлення дзяржавай усім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантавання роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама права кожнага мець маёмасць ва ўласнасці, валодаць, карыстацца і распараджацца ёй як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі (артыкулы 13, 44) знайшлі развіццё ў Законе, які правяраецца. Згодна з артыкулам 5 Закона дзяржава гарантуе суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’ектам інфраструктуры роўныя правы для ажыццяўлення дзейнасці, абарону іх правоў і законных інтарэсаў, а таксама стварэнне спрыяльных умоў для развіцця канкурэнцыі. Дадзеныя правы могуць быць абмежаваны, аднак магчымасць абмежаванняў і іх характар павінны вызначацца на падставе Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае, што правы і свабоды асобы могуць быць абмежаваны законам толькі ў той меры, у якой гэта неабходна ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23 Канстытуцыі).

 

Разам з тым часткай другой артыкула 5 Закона ўстанаўліваецца, што ўмяшанне дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый у дзейнасць суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’ектаў інфраструктуры не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі такое ўмяшанне ажыццяўляецца на падставе прававых норм у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што згодна з часткай першай артыкула 23 ва ўзаемасувязі з артыкуламі 13 і 44 Канстытуцыі прававое рэгуляванне магчымых абмежаванняў свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама правоў валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю павінна змяшчацца ў заканадаўчых актах, адпавядаць патрабаванням справядлівасці, быць суразмерным канстытуцыйна значным мэтам і не ствараць перашкод эканамічнай самастойнасці і ініцыятывы суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

 

Такі падыход да ўсведамлення сэнсу палажэнняў Закона будзе садзейнічаць адназначнаму разуменню і прымяненню прыведзенай нормы на практыцы і забеспячэнню рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй правоў суб’ектаў прадпрымальніцтва. Нормы аб правах і абавязках грамадзян і юрыдычных асоб павінны быць яснымі, дакладнымі і ўзгодненымі паміж сабой у розных нарматыўных прававых актах. Як указаў Канстытуцыйны Суд у Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе», захаванне прынцыпу прававой пэўнасці ў заканатворчай дзейнасці папярэджвае неадназначнае разуменне і, такім чынам, неправамернае прымяненне юрыдычных норм, якія цягнуць за сабой парушэнне правоў і законных інтарэсаў.

 

3. Згодна з Канстытуцыяй дзяржава гарантуе роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13), а ўласнік мае права мець маёмасць ва ўласнасці, валодаць, карыстацца і распараджацца ёй як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі (частка другая артыкула 44). З аналізу артыкула 22 Канстытуцыі вынікае, што гэтыя правы гарантуюцца і рэалізуюцца на падставе прынцыпаў роўнасці, недатыкальнасці ўласнасці і свабоды дагавору, якія прадугледжваюць роўнасць, аўтаномію волі і маёмасную самастойнасць удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін, недапушчальнасць адвольнага ўмяшання каго-небудзь у прыватныя справы.

 

Права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, а таксама свабода прадпрымальніцкай дзейнасці і свабода дагавораў удзельнікаў грамадзянскага абароту рэгулююцца законам (пункт 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі).

 

Палажэннямі артыкула 7 Закона ўстанаўліваюцца асаблівасці прававога рэгулявання падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку асобы рэжым падаткаабкладання, скарочаны склад бухгалтарскай справаздачнасці, спрошчаны парадак перадачы невыкарыстоўваемых або неэфектыўна выкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. У артыкуле 12 Закона прадугледжваецца, што заканадаўствам могуць быць устаноўлены меры маёмаснай падтрымкі ў выглядзе перадачы ў бязвыплатнае карыстанне капітальных збудаванняў (будынкаў, збудаванняў і да т.п.), якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку з правам набыцця іх ва ўласнасць, у выглядзе прымянення паніжаючых каэфіцыентаў да базавых ставак арэнднай платы пры арэндзе капітальных збудаванняў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, і інш. Прыведзеныя асаблівасці прававога рэгулявання ставяць суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ільготнае палажэнне ў адносінах да іншых удзельнікаў грамадзянскага абароту, якія жадаюць набыць ва ўласнасць або арэнду такую маёмасць.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне асобага прававога рэжыму для вызначанага Законам кола суб’ектаў не можа разглядацца як парушэнне канстытуцыйных правоў іншых суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці. З улікам палажэнняў артыкулаў 22 і 23 Канстытуцыі прынцып роўнасці ўсіх перад законам не выключае абгрунтаванай дыферэнцыяцыі прававога рэгулявання, якая мае на мэце ўстанавіць прававыя адрозненні ў правах удзельнікаў грамадзянскага абароту, пры ўмове, што прававыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для дасягнення гэтага, з’яўляюцца разумнымі і суразмернымі абараняемым каштоўнасцям і мэтам.

 

4. Згодна з артыкулам 34 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

 

На рэалізацыю канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці накіраваны артыкул 13 Закона, згодна з якім прадугледжваецца забеспячэнне суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва неабходнымі інфармацыйнымі рэсурсамі ў мэтах атрымання эканамічнай, прававой, вытворча-тэхналагічнай і іншай інфармацыі, неабходнай для іх эфектыўнага развіцця і ўзаемнага абмену.

 

Прадастаўленне інфармацыі суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з’яўляецца адным з напрамкаў дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

 

5. Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13 Канстытуцыі). На развіццё дадзенага канстытуцыйнага прынцыпу накіраваны нормы главы 2 Закона, у якіх вызначаюцца прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; віды і ўмовы аказання дзяржаўнай падтрымкі, у тым ліку фінансавай, маёмаснай, інфармацыйнай, а таксама падтрымкі знешнеэканамічнай дзейнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў; кампетэнцыя рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, саветаў па развіццю прадпрымальніцтва.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраванае на стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь спрыяльных умоў для гаспадарчай дзейнасці прадпрымальнікаў і забеспячэння аптымізацыі ўмяшання дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных адносін, грунтуецца на канстытуцыйных нормах і прынцыпах прадастаўлення ўсім роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, гарантый роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; магчымасці абмежавання правоў і свабод толькі законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя, правоў і свабод іншых асоб.

 

Рэалізацыя ў Законе норм і прынцыпаў Канстытуцыі аб роўнасці форм уласнасці; роўных правах для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам; гарантыях роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці, а таксама рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства накіраваны на стварэнне ўмоў і механізмаў фарміравання ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнай эканомікі.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон, які правяраецца па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                    П.П.Міклашэвіч