Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 чэрвеня 2010 г. № Р-451/2010
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынных шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынных шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь 6 мая 2010 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь 28 мая 2010 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў законы Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці» (далей – Закон аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў) (артыкул 1), «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (артыкул 3), «Аб барацьбе з карупцыяй» (артыкул 4), «Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасцю» (артыкул 5), а таксама Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь (артыкул 2).

 

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўзгаднення вышэйуказаных заканадаўчых актаў з нормамі міжнароднага права, а таксама палажэнняў Закона аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў з нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2008 г. № 601 «Аб асобных пытаннях ажыццяўлення банкамі фінансавых аперацый».

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Меры па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых злачыннай шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, якія прадугледжваюцца Законам, з’яўляюцца адным са спосабаў выканання Рэспублікай Беларусь як суверэннай прававой дзяржавай замацаваных у частцы трэцяй артыкула 1 Канстытуцыі задач па забеспячэнню законнасці і правапарадку. У Канстытуцыі устаноўлена, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ей меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

 

Унясенне змяненняў і дапаўненняў у Закон аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў у першую чаргу накіравана на канкрэтызацыю сферы прымянення дадзенага Закона, якая абмяжоўваецца процідзеяннем легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. Таму ў назве і адпаведных нормах Закона аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў паняцце «даходы, атрыманыя незаконным шляхам» заменена паняццем «даходы, атрыманыя злачынным шляхам». Пры гэтым да даходаў, атрыманых злачынным шляхам, адносяцца сродкі, атрыманыя ў выніку ўчынення злачынства, а таксама даход, атрыманы ад выкарыстання ўказаных сродкаў (абзац шосты пункта 2 артыкула 1 Закона).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўносімыя ў Закон аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў змяненні і дапаўненні па свайму зместу адпавядаюць палажэнням міжнародных канвенцый – Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму ад 9 снежня 1999 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 6 кастрычніка 2004 г.); Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму ад 13 красавіка 2005 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 7 ліпеня 2007 г.); Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці ад 15 лістапада 2000 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 29 верасня 2003 г.); Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць карупцыі ад 31 кастрычніка 2003 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2005 г.); Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ад 27 студзеня 1999 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка 2008 г.), а таксама Дагавора дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб процідзеянні легалізацыі (адмыванню) злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму ад 5 кастрычніка 2007 года (уступіў у сілу для Рэспублікі Беларусь 23 верасня 2008 г.).

 

У адпаведнасці з Законам (абзац другі пункта 2 артыкула 1) у Закон аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў уводзіцца тэрмін «бенефіцыярны ўладальнік», што адпавядае палажэнням Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць карупцыі (артыкул 52).

 

2. Рад змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў Закон аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, накіраваны на канкрэтызацыю правоў і абавязкаў асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, устанаўленне адзіных патрабаванняў па правядзенню ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтых аперацый, зніжэнне сумы парога фінансавых аперацый, што патрабуюць ідэнтыфікацыі кліентаў, а таксама на ўдакладненне кампетэнцыі органа фінансавага маніторынгу па прыпыненню фінансавых аперацый.

 

Згодна з артыкулам 28 Канстытуцыі кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць.

 

Пры праверцы норм Закона (пункты 5, 7 артыкула 1), якія прадугледжваюць правядзенне ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавай аперацыі, якая заключаецца, у прыватнасці, ва ўстанаўленні і фіксаванні ў дачыненні да фізічнай асобы прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (пры наяўнасці), грамадзянства, даты і месца нараджэння, месца жыхарства (знаходжання), рэквізітаў дакумента, які сведчыць асобу, уліковага нумара плацельшчыка падаткаў (пры наяўнасці), Канстытуцыйны Суд разглядае гэтыя палажэнні як пэўнае абмежаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, замацаваных у Канстытуцыі. Пры гэтым зыходзячы з палажэнняў артыкула 23 Канстытуцыі, згодна з якімі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, Канстытуцыйны Суд лічыць, што паколькі мэтай Закона аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў з’яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, грамадства і дзяржавы шляхам стварэння прававых і арганізацыйных мер па прадухіленню легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, то заканадавец пры ўстанаўленні прававога механізма процідзеяння легалізацыі атрыманых злачынным шляхам даходаў і перашкоды фінансаванню тэрарызму мае права прадугледжваць меры, накіраваныя на папярэджанне такіх дзеянняў і выяўленне фізічных і юрыдычных асоб, якія іх учыняюць, а таксама абавязваць асоб, што ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, праводзіць ідэнтыфікацыю ўдзельнікаў фінансавай аперацыі.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу таксама на палажэнні новай рэдакцыі артыкула 5 Закона аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў, што прадугледжваецца пунктам 5 артыкула 1 Закона, у частцы замацавання за асобамі, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, абавязкаў па прыпыненню фінансавых аперацый; устанаўленню бенефіцыярных уладальнікаў удзельнікаў фінансавай аперацыі – арганізацыі пры заключэнні з імі дагавораў на ажыццяўленне фінансавых аперацый у пісьмовай форме; выяўленню з ліку ўдзельнікаў фінансавых аперацый палітычна значных асоб замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый (вышэйшыя дзяржаўныя службовыя асобы замежных дзяржаў, кіраўнікі міжнародных арганізацый і іх пастаянных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь), а таксама арганізацый, бенефіцыярнымі уладальнікамі якіх яны з’яўляюцца. Акрамя таго, удзельнікам фінансавай аперацыі могуць адмовіць у яе ажыццяўленні (за выключэннем залічэння на рахунак атрымальніка грашовых сродкаў, якія паступілі) у выпадку непрадстаўлення дакументаў (звестак), неабходных для ідэнтыфікацыі дадзеных асоб і (або) рэгістрацыі фінансавай аперацыі, якая падлягае асобаму кантролю. Пры гэтым прыпыненне фінансавай аперацыі, а таксама адмова ў яе ажыццяўленні не з’яўляюцца падставамі для ўзнікнення адказнасці асобы, якая ажыццяўляе фінансавыя аперацыі, за страты і маральную шкоду, прычыненыя ў выніку такога дзеяння.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя законапалажэнні абмяжоўваюць канстытуцыйныя правы, у прыватнасці права ўласнасці (артыкулы 13, 44 Канстытуцыі), правы грамадзяніна на спагнанне ў судовым парадку як маёмаснай шкоды, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды (артыкул 60 Канстытуцыі), а таксама закранаюць сістэму прынцыпаў, якія вызначаюць і рэгламентуюць грамадзянскія адносіны, перш за ўсё прынцып свабоды дагавору і прынцып недапушчальнасці адвольнага ўмяшання ў прыватныя справы.

 

У артыкуле 13 Канстытуцыі прадугледжана, што дзяржава прадастаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам (частка другая), а таксама гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая). Згодна з артыкулам 44 Канстытуцыі дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю (частка першая); уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі, а недатыкальнасць уласнасці, права атрымання яе ў спадчыну ахоўваюцца законам (частка другая). У адпаведнасці з часткай другой артыкула 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзяне і юрыдычныя асобы з’яўляюцца свабоднымі ў заключэнні дагавора (абзац сёмы), а ўмяшанне ў прыватныя справы не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі такое ўмяшанне ажыццяўляецца на падставе прававых норм у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (абзац дзевяты).

 

У той ж час, грунтуючыся на частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод законам, ва ўзаемасувязі з часткай шостага артыкула 44 Канстытуцыі, якая замацоўвае, што ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гістарычна-культурным каштоўнасцям, ушчамляць правы і інтарэсы іншых асоб, якія абараняюцца законам, Канстытуцыйны Суд лічыць, што права ўласнасці можа быць абмежавана заканадаўцам у той меры, у якой гэта адпавядае прынцыпу прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод. Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваная ім у Пасланні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2009 годзе», заключаецца ў тым, што абмежаванні канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адпавядаць патрабаванням справядлівасці і з’яўляцца адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны канстытуцыйна значных каштоўнасцей. У тых выпадках, калі канстытуцыйныя нормы дазваляюць заканадаўча ўстанавіць абмежаванні правоў і свабод, гэтыя абмежаванні не павінны скажаць рэальную сутнасць канстытуцыйных правоў і свабод.

 

Такім чынам, нягледзячы на тое, што прыпыненне фінансавай аперацыі, адмова ў яе ажыццяўленні і іншыя абмежаванні, прадугледжаныя Законам, закранаюць канстытуцыйнае права ўласнасці ўдзельнікаў фінансавай аперацыі, яны з’яўляюцца правамернымі і дапушчальнымі, паколькі ўстаноўлены на ўзроўні закона і адпавядаюць патрабаванням суразмернасці. Пры дапамозе замацавання магчымасці такіх абмежаванняў заканадавец стварае адну з перадумоў для прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, абараняючы тым самым нацыянальную бяспеку, грамадскі парадак, маральнасць, здароўе насельніцтва, правы і свабоды іншых асоб. Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што гэтыя абмежаванні адпавядаюць прадугледжанаму артыкулам 44 Канстытуцыі абавязку дзяржавы прымаць меры па абароне ўласнасці грамадзян, набытай законным шляхам.

 

3. У мэтах рэалізацыі прынцыпу прававой пэўнасці, які прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную адпаведнасць прававым нормам, а таксама ў сувязі са звужэннем сферы дзеяння Закона аб мерах па прадухіленню легалізацыі даходаў рамкамі процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых толькі злачынным шляхам, артыкуламі 2–5 Закона адпаведныя змяненні ўносяцца ў рад заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Такі падыход заканадаўца адпавядае нормам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», якімі прадугледжана абавязковасць прывядзення нарматыўных прававых актаў у адзіную сістэму, якая характарызуецца ўнутранай адпаведнасцю (артыкулы 5, 9, 10), а таксама палажэнням Канстытуцыі аб прававой дзяржаве і вяршэнстве права (артыкулы 1, 7).

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                    П.П.Міклашэвіч