Закон Рэспублікі Беларусь

Аб донарстве крыві і яе кампанентаў

 
 
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 11 лістапада 2010 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 17 лістапада 2010 года

 
 
Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх вызначэнні

Для мэтаў гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх вызначэнні:

аўтадонарства — працэс забору, абследавання і кансервацыі крыві і яе кампанентаў (далей — кроў, яе кампаненты) пацыента ў сувязі з правядзеннем медыцынскага ўмяшання, якое суправаджаецца кровастратай, у мэтах наступнага пералівання крыві, яе кампанентаў гэтаму ж пацыенту;

бяспека крыві, яе кампанентаў — сукупнасць уласцівасцяў і характарыстык, пры якіх кроў, яе кампаненты не ўяўляюць небяспекі для жыцця і здароўя рэцыпіента;

данацыя крыві, яе кампанентаў — працэдура забору крыві, яе кампанентаў;

донар крыві, яе кампанентаў (далей — донар) — асоба, якая добраахвотна здае сваю кроў, яе кампаненты;

донарская функцыя — добраахвотная здача донарам крыві, яе кампанентаў;

донарства крыві, яе кампанентаў (далей — донарства) — сістэма мерапрыемстваў, якая ўключае нарыхтоўку, перапрацоўку, захоўванне, пераліванне, рэалізацыю крыві, яе кампанентаў;

нарыхтоўка крыві, яе кампанентаў — комплекс мерапрыемстваў, які ўключае адбор донараў, забор крыві, яе кампанентаў у донара, іх абследаванне і кансервацыю;

якасць крыві, яе кампанентаў — сукупнасць уласцівасцяў і характарыстык крыві, яе кампанентаў, якія абумоўліваюць здольнасць аднаўляць нармальную жыццядзейнасць арганізма рэцыпіента і кампенсацыю яго функцыянальных магчымасцяў, парушаных у выніку захворвання;

кампаненты крыві — састаўныя элементы крыві (эрытрацыты, лейкацыты, трамбацыты, плазма, крыяпрэцыпітат), прыгатаваныя з крыві рознымі метадамі;

кроў — суцэльная кроў, нарыхтаваная ад донара ў стэрыльны кантэйнер (флакон) з антыкаагулянтам і прызначаная для пералівання, прыгатавання кампанентаў крыві, вытворчасці лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння;

арганізацыя пералівання крыві — дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя, якая ажыццяўляе ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку нарыхтоўку, перапрацоўку, захоўванне і рэалізацыю крыві, яе кампанентаў;

пераліванне крыві, яе кампанентаў — увядзенне крыві, яе кампанентаў у арганізм рэцыпіента ў мэтах аказання яму медыцынскай дапамогі;

рэцыпіент — пацыент, які мае патрэбу ў пераліванні крыві, яе кампанентаў альбо якому пераліваецца кроў, яе кампаненты па медыцынскіх паказаннях;

трансфузіялагічная актыўнасць — суадносіны паміж колькасцю рэцыпіентаў і колькасцю ўсіх пацыентаў, якім была аказана медыцынская дапамога ў стацыянарных умовах, у межах адной арганізацыі аховы здароўя за год.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб донарстве

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб донарстве грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

Гэты Закон рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры нарыхтоўцы, перапрацоўцы, захоўванні, пераліванні, рэалізацыі крыві, яе кампанентаў для аказання медыцынскай дапамогі і іншых мэтаў, вызначаных гэтым Законам.

Артыкул 4. Ліцэнзаванне ў галіне донарства

Ліцэнзаванне ў галіне донарства ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб ліцэнзаванні.

Артыкул 5. Фінансаванне донарства

Фінансаванне донарства ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама за кошт іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 2

Дзяржаўнае рэгуляванне
ў галіне донарства

Артыкул 6. Асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне донарства

Асноўнымі прынцыпамі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне донарства з'яўляюцца:

развіццё і прапаганда донарства;

добраахвотнасць здачы крыві, яе кампанентаў;

забеспячэнне захаванасці здароўя донара пры выкананні ім донарскай функцыі;

правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі і якасці крыві, яе кампанентаў;

падтрымка і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;

адказнасць за нанясенне шкоды жыццю або здароўю донара, рэцыпіента.

Артыкул 7. Дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне донарства

Дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне донарства ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, іншымі дзяржаўнымі органамі, у тым ліку мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, у межах іх паўнамоцтваў.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне донарства

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне донарства ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне донарства

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне донарства:

забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;

забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі Рэспублікі Беларусь і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Паўнамоцтвы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў у галіне донарства

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, адказным за арганізацыю, развіццё і прапаганду донарства, з'яўляецца Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У мэтах забеспячэння арганізацыі, развіцця і прапаганды донарства Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь:

праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне донарства;

вызначае парадак медыцынскага агляду донараў;

вызначае парадак нарыхтоўкі, перапрацоўкі, захоўвання, пералівання крыві, яе кампанентаў;

вызначае парадак рэалізацыі крыві, яе кампанентаў, калі іншае не вызначана гэтым Законам;

арганізуе работу па прыцягненні грамадзян да ажыццяўлення донарскай функцыі;

прымае меры па забеспячэнні бяспекі і якасці крыві, яе кампанентаў;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Іншыя дзяржаўныя органы рэалізуюць дзяржаўную палітыку ў галіне донарства ў межах сваіх паўнамоцтваў.

Артыкул 11. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне донарства

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абласнога і базавага ўзроўняў у галіне донарства:

забяспечваюць арганізацыю донарства на адпаведнай тэрыторыі;

ажыццяўляюць фінансаванне
і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падпарадкаваных ім арганізацый пералівання крыві;

каардынуюць і кантралююць дзейнасць арганізацый пералівання крыві па забеспячэнні крывёю, яе кампанентамі арганізацый аховы здароўя на адпаведнай тэрыторыі;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Дзяржаўны кантроль за якасцю крыві, яе кампанентаў

Кроў, яе кампаненты падлягаюць дзяржаўнаму кантролю за іх якасцю і не могуць выкарыстоўвацца да яго праходжання.

Дзяржаўны кантроль за якасцю крыві, яе кампанентаў уключае мерапрыемствы, накіраваныя на выкананне патрабаванняў актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць забеспячэнне якасці крыві, яе кампанентаў.

Парадак ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю за якасцю крыві, яе кампанентаў вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Кантроль за выкананнем патрабаванняў бяспекі пры пераліванні крыві, яе кампанентаў

Кантроль за выкананнем патрабаванняў бяспекі пры пераліванні крыві, яе кампанентаў у арганізацыях аховы здароўя ажыццяўляюць камісіі па кантролі за пераліваннем крыві, яе кампанентаў.

Парадак стварэння і дзейнасці камісій па кантролі за пераліваннем крыві, яе кампанентаў, а таксама пералік патрабаванняў бяспекі пры пераліванні крыві, яе кампанентаў вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Па рашэнні кіраўніка арганізацыі аховы здароўя з нізкай трансфузіялагічнай актыўнасцю выкананне задач камісіі па кантролі за пераліваннем крыві, яе кампанентаў можа быць ускладзена на адказнага медыцынскага работніка.

Крытэрыі аднясення арганізацый аховы здароўя да арганізацый аховы здароўя з нізкай трансфузіялагічнай актыўнасцю вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Задачы камісіі па кантролі за пераліваннем крыві, яе кампанентаў

Задачамі камісіі па кантролі за пераліваннем крыві, яе кампанентаў з'яўляюцца:

кантроль за выкананнем патрабаванняў бяспекі пры пераліванні крыві, яе кампанентаў і забеспячэннем арганізацыі аховы здароўя крывёю, яе кампанентамі;

кантроль за прымяненнем крыві, яе кампанентаў у арганізацыі аховы здароўя;

улік і аналіз усіх выпадкаў парушэнняў медыцынскімі работнікамі патрабаванняў бяспекі пры пераліванні крыві, яе кампанентаў.

Глава 3

Арганізацыя, развіццё
і прапаганда донарства

Артыкул 15. Дзейнасць дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў па арганізацыі, развіцці і прапагандзе донарства

Дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць арганізацыю донарства, фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падпарадкаваных ім арганізацый пералівання крыві.

Арганізацыі аховы здароўя забяспечваюць правядзенне мерапрыемстваў па арганізацыі, развіцці і прапагандзе донарства.

Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, прафесійныя саюзы і іншыя грамадскія аб'яднанні ў адпаведнасці са сваімі статутамі бяруць удзел сумесна з арганізацыямі аховы здароўя ў арганізацыі, развіцці і прапагандзе донарства.

Артыкул 16. Арганізацыі аховы здароўя, якія ажыццяўляюць донарства

Нарыхтоўку, перапрацоўку, захоўванне, рэалізацыю крыві, яе кампанентаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць арганізацыі пералівання крыві ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Пераліванне крыві, яе кампанентаў ажыццяўляюць арганізацыі аховы здароўя ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 17. Абавязкі наймальніка па садзейнічанні донарству

Наймальнік абавязаны:

аказваць садзейнічанне арганізацыям пералівання крыві ў прыцягненні работнікаў да ажыццяўлення донарскай функцыі;

выдзяляць на бязвыплатнай аснове арганізацыям пералівання крыві неабходныя памяшканні, тэрыторыю для размяшчэння спецыяльнага аўтатранспарту на час забору крыві, яе кампанентаў у работнікаў;

даваць работніку, які з'яўляецца донарам, гарантыі, устаноўленыя гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Глава 4

Умовы і парадак выканання донарскай функцыі

Артыкул 18. Забор крыві, яе кампанентаў

Забор крыві, яе кампанентаў ажыццяўляецца медыцынскімі работнікамі арганізацый пералівання крыві як ва ўмовах самой арганізацыі пералівання крыві, так і ва ўмовах работы выязной брыгады па заборы крыві, яе кампанентаў.

Стандартная доза кровадачы складае 450 мл +/- 50 мл.

У працэсе адной данацыі крыві нарыхтоўваецца аб'ём крыві, які складае адну стандартную дозу кровадачы.

У працэсе адной данацыі кампанентаў крыві нарыхтоўваецца аб'ём крыві, які складае адну або некалькі стандартных доз кровадач.

Артыкул 19. Асобы, якія маюць права на выкананне донарскай функцыі

Да выканання донарскай функцыі дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад васямнаццаці да шасцідзесяці гадоў, якія валодаюць поўнай дзеяздольнасцю, прайшлі медыцынскі агляд, не пакутуюць ад захворванняў і не знаходзяцца ў станах, пры якіх здача крыві, яе кампанентаў супрацьпаказана.

У выключных выпадках, устаноўленых Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, урачэбна-кансультацыйнай камісіяй арганізацыі пералівання крыві можа быць прынятае рашэнне аб допуску да выканання донарскай функцыі асоб ва ўзросце старэй за шэсцьдзясят гадоў.

Пералік захворванняў і станаў, пры якіх здача крыві, яе кампанентаў супрацьпаказана, зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 20. Умовы выканання донарскай функцыі

Выкананне донарскай функцыі дапускаецца пры ўмове, што жыццю або здароўю донара не будзе нанесена шкода.

Абавязковай умовай выканання донарскай функцыі з'яўляецца наяўнасць папярэдняй пісьмовай згоды донара на забор у яго крыві, яе кампанентаў. Прымушэнне асобы да згоды на здачу крыві, яе кампанентаў забараняецца.

Па выбары донара донарская функцыя можа выконвацца як на платнай, так і на бясплатнай аснове.

Памер грашовай кампенсацыі, якая выплачваецца донару за выкананне ім донарскай функцыі, і парадак яе выплаты ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 21. Медыцынскі агляд донараў

Праходжанне медыцынскага агляду донараў перад здачай крыві, яе кампанентаў з'яўляецца абавязковым.

Парадак медыцынскага агляду донараў устанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 22. Улік донараў

У мэтах забеспячэння бяспекі крыві, яе кампанентаў арганізацыі пералівання крыві ажыццяўляюць улік донараў.

Улік донараў ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Глава 5

Умовы пералівання крыві, яе кампанентаў.
Аўтадонарства

Артыкул 23. Умовы пералівання крыві, яе кампанентаў рэцыпіенту

Абавязковай умовай пералівання крыві, яе кампанентаў рэцыпіенту з'яўляецца наяўнасць папярэдняй пісьмовай згоды рэцыпіента на пераліванне крыві, яе кампанентаў. Пры гэтым рэцыпіент павінен быць пісьмова папярэджаны пра магчымае пагаршэнне яго здароўя ў выніку будучага медыцынскага ўмяшання. Калі рэцыпіентам з'яўляецца непаўналетняя асоба, якая не набыла ва ўстаноўленым парадку дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме, то пераліванне крыві, яе кампанентаў ажыццяўляецца з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў), апекуноў, папячыцеляў. Калі рэцыпіентам з'яўляецца асоба, прызнаная ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнай, то пераліванне крыві, яе кампанентаў ажыццяўляецца з пісьмовай згоды яе апекуна.

Пераліванне крыві, яе кампанентаў рэцыпіенту, не здольнаму па стане здароўя да прыняцця свядомага рашэння, ажыццяўляецца з пісьмовай згоды мужа (жонкі), а пры яго (яе) адсутнасці — аднаго з блізкіх сваякоў (бацькоў, усынавіцеляў (удачарыцеляў), паўналетніх дзяцей, у тым ліку ўсыноўленых (удачароных), родных братоў (сясцёр), унукаў, дзеда (бабкі)).

У выпадку, калі пераліванне крыві, яе кампанентаў павінна быць выканана тэрмінова (неадкладна), а асобы, названыя ў частках першай і другой гэтага артыкула, адсутнічаюць або вызначыць іх месцазнаходжанне немагчыма, рашэнне прымаецца ўрачэбным кансіліумам, а пры немагчымасці яго правядзення — лечачым урачом з афармленнем запісу ў медыцынскіх дакументах.

Лечачы ўрач (урачэбны кансіліум), які прыняў рашэнне аб пераліванні крыві, яе кампанентаў, пры першай магчымасці павінен паведаміць пра гэта кіраўніку арганізацыі аховы здароўя, у якой было ажыццёўлена пераліванне крыві, яе кампанентаў, а таксама асобам, названым у частках першай і другой гэтага артыкула.

Згода на пераліванне крыві, яе кампанентаў можа быць адклікана рэцыпіентам або асобамі, названымі ў частках першай і другой гэтага артыкула, за выключэннем выпадкаў, калі медыцынскае ўмяшанне ўжо пачалося і яго спыненне альбо вяртанне да першапачатковага стану рэцыпіента немагчымыя або звязаныя з пагрозай для яго жыцця або здароўя.

Адкліканне згоды на пераліванне крыві, яе кампанентаў і інфармацыя аб немагчымасці задавальнення адклікання з пералічэннем прычын афармляюцца запісам у медыцынскіх дакументах і падпісваюцца рэцыпіентам альбо асобамі, названымі ў частках першай і другой гэтага артыкула, а таксама лечачым урачом.

Артыкул 24. Гарантыі бяспекі жыцця і здароўя рэцыпіента пры пераліванні крыві, яе кампанентаў

Медыцынскія работнікі, якія забяспечваюць пераліванне крыві, яе кампанентаў, абавязаныя выконваць патрабаванні па бяспецы і якасці крыві, яе кампанентаў.

Пералік патрабаванняў па бяспецы і якасці крыві, яе кампанентаў вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У мэтах забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя рэцыпіента перад пераліваннем крыві, яе кампанентаў медыцынскім работнікам павінны быць вызначаны групавая прыналежнасць крыві рэцыпіента, рэзус-прыналежнасць крыві, а таксама праведзены пробы на сумяшчальнасць крыві донара і рэцыпіента.

Забараняецца пераліванне крыві, яе кампанентаў, якія папярэдне не даследаваныя на ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў.

Пералік інфекцыйных захворванняў, на наяўнасць якіх даследуюцца кроў, яе кампаненты, вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Аўтадонарства

У мэтах прадухілення рызыкі перадачы інфекцый, істотнага змяншэння рызыкі ўскладненняў пры правядзенні медыцынскіх умяшанняў, якія суправаджаюцца кровастратай, прымяняецца аўтадонарства.

Аўтадонарства прымяняецца з выкананнем умоў, названых у артыкуле 23 гэтага Закона.

Правы і абавязкі пацыентаў, у дачыненні да якіх прымяняецца аўтадонарства, вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб ахове здароўя.

Глава 6

Рэалізацыя,
увоз на тэрыторыю
Рэспублікі Беларусь,
вываз за межы Рэспублікі
Беларусь крыві,
яе кампанентаў

Артыкул 26. Рэалізацыя крыві, яе кампанентаў

Арганізацыі пералівання крыві могуць рэалізоўваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь кроў, яе кампаненты, нарыхтаваныя звыш нарматываў абавязковага забеспячэння патрэбнасцяў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, арганізацыям розных формаў уласнасці для пералівання крыві, яе кампанентаў, вытворчасці лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, для даследчых і вучэбных мэтаў.

Нарматывы абавязковага забеспячэння патрэбнасцяў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь крывёю, яе кампанентамі, у тым ліку з улікам неабходнасці стварэння рэзерваў на выпадак надзвычайнай сітуацыі, зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Парадак рэалізацыі крыві, яе кампанентаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Парадак рэалізацыі крыві, яе кампанентаў за межы Рэспублікі Беларусь вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Увоз крыві, яе кампанентаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь

Увоз крыві, яе кампанентаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь дапускаецца для вытворчасці лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, ліквідацыі наступстваў эпідэмічных захворванняў, аказання медыцынскай дапамогі абмежаваным кантынгентам пацыентаў з рэдкай паталогіяй, а таксама пацярпелым ад стыхійных бедстваў, катастроф.

Парадак увозу крыві, яе кампанентаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 28. Вываз крыві, яе кампанентаў за межы Рэспублікі Беларусь

Вываз крыві, яе кампанентаў за межы Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца пры ўмове задавальнення ў іх патрэбнасцяў дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з нарматывамі, зацверджанымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Парадак вывазу крыві, яе кампанентаў за межы Рэспублікі Беларусь вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 7

Правы і абавязкі донара.
Гарантыі,
якія даюцца донару

Артыкул 29. Правы донара

Донар мае права на:

вызваленне ад працы (вучобы, выканання абавязкаў ваеннай службы (службы)) у дзень медыцынскага агляду і здачы крыві, яе кампанентаў;

бясплатнае харчаванне ў дзень здачы крыві, яе кампанентаў або яго грашовую кампенсацыю;

атрыманне грашовай кампенсацыі за выкананне донарскай функцыі;

адмову ад атрымання грашовай кампенсацыі за выкананне донарскай функцыі;

пакрыццё шкоды, нанесенай яго жыццю або здароўю ў сувязі з выкананнем ім донарскай функцыі;

адмову ад выканання донарскай функцыі;

рэалізацыю іншых праў у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Інваліднасць донара, якая наступіла ў сувязі з выкананнем ім донарскай функцыі, з'яўляецца інваліднасцю, звязанай з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем, выкананнем абавязкаў ваеннай службы (службы).

Парадак забеспячэння донараў бясплатным харчаваннем, а таксама ўмовы і памер яго грашовай кампенсацыі вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 30. Абавязкі донара

Донар абавязаны:

клапаціцца пра ўласнае здароўе;

прайсці медыцынскі агляд перад кожнай здачай крыві, яе кампанентаў;

паведаміць медыцынскаму работніку арганізацыі пералівання крыві звесткі аб перанесеных альбо наяўных захворваннях, а таксама аб ужыванні алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.

Артыкул 31. Гарантыі, якія даюцца донару

У дзень медыцынскага агляду і здачы крыві, яе кампанентаў работнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вызваляюцца ад працы з захаваннем за імі сярэдняга заробку за гэты дзень.

У дзень медыцынскага агляду і здачы крыві, яе кампанентаў навучэнцы вызваляюцца ад заняткаў, а вайскоўцы, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях (далей — асобы начальніцкага і радавога складу) — ад выканання абавязкаў ваеннай службы (службы) з захаваннем за імі грашовага забеспячэння за гэты дзень.

Пасля кожнага дня здачы крыві, яе кампанентаў донару даецца дадатковы дзень адпачынку (дзень вызвалення ад выканання абавязкаў ваеннай службы (службы)) з захаваннем за ім сярэдняга заробку (грашовага забеспячэння). Названы дзень адпачынку па жаданні донара можа быць далучаны да працоўнага водпуску, водпуску, што даецца вайскоўцам, асобам начальніцкага і радавога складу ў адпаведнасці з парадкам праходжання ваеннай службы (службы) (далей — водпуск), або выкарыстаны ў іншы час.

У выпадку здачы крыві, яе кампанентаў падчас працоўнага водпуску (водпуску), у дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, у выхадныя дні або пасля працоўнага дня работнікам даецца іншы дзень адпачынку, а вайскоўцам, асобам начальніцкага і радавога складу — іншы дзень вызвалення ад выканання абавязкаў ваеннай службы (службы).

Захаванне сярэдняга заробку (грашовага забеспячэння) за вызначаныя ў частках першай — трэцяй гэтага артыкула дні ажыццяўляецца за кошт арганізацыі пералівання крыві ў парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Навучэнцам пасля здачы крыві, яе кампанентаў ажыццяўляюцца грашовыя выплаты. Памер і ўмовы грашовых выплат вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Донарам, якія здалі кроў (мужчыны — не менш за чатыры данацыі, жанчыны — не менш за тры данацыі), яе кампаненты (не менш за 14 данацый) на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічалі дню наступлення часовай непрацаздольнасці (незалежна ад прычыны яе наступлення), дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца з першага дня страты працаздольнасці ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заробку за прапушчаныя рабочыя дні (гадзіны) па графіку працы работніка.

Донарам, якія здалі кроў не менш за 40 данацый, а плазму, лейкацыты, трамбацыты — не менш за 80 данацый, выдаецца знак "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь".

Донарам, якім выдадзены знак "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь", даюцца наступныя гарантыі:

пазачарговае абслугоўванне ў дзяржаўных установах аховы здароўя;

пры выхадзе на пенсію атрыманне медыцынскай дапамогі ў ведамасных арганізацыях аховы здароўя, у якіх яны абслугоўваліся да выхаду на пенсію, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

працоўны водпуск (водпуск) у летні або іншы зручны час;

першачарговае набыццё білетаў на чыгуначны, паветраны, водны, аўтамабільны транспарт;

павышэнне пенсіі па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб пенсійным забеспячэнні.

Донары, узнагароджаныя знакамі "Ганаровы донар СССР" і "Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР", карыстаюцца ўсімі гарантыямі, што даюцца донарам, якія маюць знак "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь".

Глава 8

Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб донарстве

Артыкул 32. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб донарстве

За парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб донарстве вінаватыя асобы нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 33. Пакрыццё шкоды, нанесенай жыццю або здароўю донара пры выкананні ім донарскай функцыі

Шкода, нанесеная жыццю або здароўю донара пры выкананні ім донарскай функцыі, падлягае пакрыццю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 34. Пакрыццё шкоды, нанесенай жыццю або здароўю рэцыпіента пры пераліванні крыві, яе кампанентаў

Шкода, нанесеная жыццю або здароўю рэцыпіента пры пераліванні крыві, яе кампанентаў, падлягае пакрыццю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 9

Заключныя палажэнні

Артыкул 35. Прызнанне страціўшымі сілу некаторых законаў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў

Прызнаць страціўшымі сілу:

Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 1995 года "Аб донарстве крыві і яе кампанентаў" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1995 г., № 14, ст. 134);

артыкул 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях пенсійнага забеспячэння" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 57, 2/66);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 года "Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб донарстве крыві і яе кампанентаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 108, 2/807);

артыкул 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2006 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і прызнанні страціўшымі сілу некаторых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 107, 2/1235);

пункты 13 і 26 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 147, 2/1336).

Артыкул 36. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:

сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенне рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам у шасцімесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтым Законам і прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 37. Уваходжанне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уваходзіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 36, якія ўваходзяць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

30 лістапада 2010 года, г. Мінск.

№ 197-З