Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
15 снежня 2010 г. № Р-524/2010
Аб дзеянні нарматыўнага прававога акта ў часе пры спыненні дэлегаваных паўнамоцтваў на яго прыняцце (выданне)

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – Герасімава В.М., начальніка галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь – Марозавай І.Ч., начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь – Хлабардова У.А., начальніка юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Білейчыка А.У., першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь,

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні пытанне аб дзеянні нарматыўнага прававога акта ў часе пры спыненні дэлегаваных паўнамоцтваў на яго прыняцце (выданне).

 

Прычынай для разгляду пытання з’явіўся зварот Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. У звароце ўказана, што ў ходзе правядзення работнікамі дадзенага Камітэта праверачных мерапрыемстваў устаноўлены факты парушэння патрабаванняў Асноўных палажэнняў па складу затрат, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг), зацверджаных пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2008 г. № 210/161/151. Паўнамоцтвы на прыняцце гэтай пастановы былі дэлегаваны ўказаным органам пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2001 г. № 1081 «О составе затрат, включаемых в себестоимость продукции (работ, услуг)» (далей – пастанова № 1081), а Савету Міністраў, у сваю чаргу, аналагічныя паўнамоцтвы дэлегаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1997 г. № 132 «О расширении полномочий Совета Министров Республики Беларусь» (далей – Указ № 132).

 

У звароце таксама адзначана, што Указ № 132 прызнаны страціўшым сілу Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 2010 г. № 484 «О признании утратившим силу Указа Президента Республики Беларусь от 5 февраля 1997 г. № 132». У сувязі з тым, што ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы страцілі права на прыняцце вышэйназваных Асноўных палажэнняў, пры ўстанаўленні факта парушэння фарміравання цаны з парушэннем патрабаванняў аб фарміраванні сабекошту, прадугледжаных у Асноўных палажэннях па складу затрат, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг), узнікае пытанне аб правамернасці стаўлення ўказанага парушэння ў віну адпаведным службовым асобам. Па меркаванню Камітэта дзяржаўнага кантролю, прымяненне мер адміністрацыйнай адказнасці ў дадзенай сітуацыі абгрунтавана, паколькі Законам Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» не прадугледжваецца адначасовая адмена або прызнанне страціўшым сілу нарматыўнага прававога акта, выдадзенага на падставе дэлегаваных паўнамоцтваў, у выпадку прызнання страціўшым сілу акта, якім вышэйуказаныя паўнамоцтвы былі прадастаўлены.

 

Такім чынам, у працэсе правапрымянення выяўляецца нявызначанасць у пытанні аб тым, ці дзейнічае нарматыўны прававы акт, выдадзены дзяржаўным органам на падставе дэлегаваных яму на прыняцце (выданне) такога акта паўнамоцтваў, пры спыненні гэтых паўнамоцтваў.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь», прызнаных страціўшымі сілу Указа № 132 і пастановы № 1081, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. З канстытуцыйна-прававога сэнсу дадзенай нормы вынікае, што ў нарматворчай дзейнасці павінен выконвацца прынцып прававой дакладнасці, які прадугледжвае яснасць, пэўнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць прававых норм.

 

У сілу артыкула 5 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» нарматыўныя прававыя акты прыводзяцца ў адзіную сістэму шляхам іх узаемнага ўзгаднення, а ў адпаведнасці з артыкулам 7 гэтага ж Закона нарматворчая дзейнасць ажыццяўляецца ў тым ліку на прынцыпах канстытуцыйнасці, адпаведнасці актаў ніжэйстаячых дзяржаўных органаў (службовых асоб) актам Кіраўніка дзяржавы і вышэйстаячых дзяржаўных органаў, сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 55 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» нарматворчы орган (службовая асоба) мае права дэлегаваць частку сваіх нарматворчых паўнамоцтваў іншым нарматворчым органам (службовым асобам), калі гэта не супярэчыць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь. У нарматыўным прававым акце аб дэлегаванні паўнамоцтваў указваецца, якому дзяржаўнаму органу (службовай асобе) і на які тэрмін дэлегуецца паўнамоцтва, а таксама вызначаюцца іншыя ўмовы, у тым ліку ўмовы, што ўстанаўліваюць граніцы рэалізацыі дэлегаванага паўнамоцтва. Дзяржаўны орган (службовая асоба), прымаючы (выдаючы) нарматыўны прававы акт у парадку рэалізацыі дэлегаваных паўнамоцтваў, абавязаны спасылацца на нарматыўны прававы акт, якім яму дэлегаваны адпаведныя паўнамоцтвы.

 

Згодна з пунктам 5 Правілаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 «О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности», не дапускаецца прыняцце (выданне) актаў дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) і службовымі асобамі, якія не маюць паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) актаў у адпаведнасці з Законам «О нормативных правовых актах Республики Беларусь», калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

 

У пункце 35 указаных Правілаў замацоўваецца, што нарматворчы орган (службовая асоба) дэлегуе частку сваіх нарматворчых паўнамоцтваў іншым нарматворчым органам (службовым асобам), калі гэта не супярэчыць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам. Пры гэтым не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) актаў нарматворчым органам (службовай асобай) іншаму нарматворчаму органу (службовай асобе) аднаго ўзроўню.

 

Такім чынам, заканадаўчымі актамі ўрэгуляваны адносіны, якія датычацца магчымасці дэлегавання нарматворчым органам часткі сваіх паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта іншым нарматворчым органам (службовым асобам).

 

3. Дзеянне нарматыўнага прававога акта ў часе характарызуецца ў тым ліку спыненнем яго дзеяння.

 

Прававыя падыходы да вырашэння пытанняў, звязаных са спыненнем дзеяння нарматыўнага прававога акта, замацаваны ў Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь». У адпаведнасці з артыкулам 69 гэтага Закона нарматыўны прававы акт (яго частка) спыняе сваё дзеянне ў наступных выпадках: сканчэнне тэрміну, на які быў разлічаны часовы акт (яго частка); прызнанне нарматыўнага прававога акта (яго часткі) неканстытуцыйным ва ўстаноўленым законам парадку; прызнанне нарматыўнага прававога акта (яго часткі) страціўшым сілу; адмена нарматыўнага прававога акта ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 

У артыкуле 58 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» вызначаны парадак прызнання нарматыўнага прававога акта страціўшым сілу. Так, у сувязі з прыняццем (выданнем) нарматыўнага прававога акта падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу ўсе акты той жа або меншай юрыдычнай сілы або іх часткі, калі яны супярэчаць уключаным у новы акт нарматыўным прававым прадпісанням, або ўвабраны ім, або фактычна страцілі сваё значэнне.

 

Пры гэтым згодна з артыкулам 59 указанага Закона пералік нарматыўных прававых актаў (іх структурных элементаў), якія падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу ў сувязі з прыняццем (выданнем) нарматыўнага прававога акта, павінен змяшчацца ў заключных палажэннях гэтага нарматыўнага прававога акта або ў дадатку да яго. Пералікі нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу, могуць афармляцца ў выглядзе самастойнага праекта і прадстаўляцца адначасова з праектам асноўнага акта ў выпадку, калі маецца значная колькасць такіх нарматыўных прававых актаў. Падрыхтоўка праектаў пералікаў нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу, пасля прыняцця (выдання) нарматыўнага прававога акта дапускаецца як выключэнне, калі іх падрыхтоўка патрабуе працяглага часу. У такім выпадку ў даручэнні аб распрацоўцы праектаў адпаведных пералікаў указваецца, на якія дзяржаўныя органы (арганізацыі) ускладаецца іх распрацоўка, і вызначаецца тэрмін прадстаўлення гэтых праектаў у нарматворчы орган (службовай асобе).

 

Прыведзеныя нарматыўныя палажэнні артыкула 59 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь», зыходзячы з іх прававога сэнсу, вызначаюць механізм прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) тым жа дзяржаўным органам, які раней прыняў (выдаў) нарматыўны прававы акт. Механізм жа спынення дзеяння актаў шляхам прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) у парадку дэлегавання паўнамоцтваў на іх прыняцце (выданне), у Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» не прадугледжаны, у той час як права і парадак дэлегавання такіх паўнамоцтваў рэгламентаваны. У дадзеным Законе не вызначаны таксама патрабаванні да ўстанаўлення часу (моманту) прызнання нарматыўнага прававога акта страціўшым сілу. Указаныя прабелы, якія маюць месца ў Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь», на думку Канстытуцыйнага Суда, параджаюць нявызначанасць у прававым рэгуляванні і правапрымяненні.

 

4. Практыка нарматворчай дзейнасці сведчыць аб тым, што пры прызнанні страціўшым сілу акта аб дэлегаванні паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта нарматворчы орган дае даручэнне адпаведным дзяржаўным органам прывесці іх нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з прынятым (выдадзеным) актам аб адмене дэлегаваных паўнамоцтваў. Пры гэтым нарматворчы орган кіруецца патрабаваннямі артыкула 58 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» аб неабходнасці (у сувязі з прыняццем (выданнем) нарматыўнага прававога акта) прызнання страціўшымі сілу актаў той жа або меншай юрыдычнай сілы, калі яны супярэчаць уключаным у новы акт нарматыўным прававым прадпісанням, або ўвабраны ім, або фактычна страцілі сваё значэнне.

 

Прымаючы да ўвагі выкладзенае, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры спыненні дэлегаваных паўнамоцтваў на прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта, зыходзячы са зместу норм артыкула 10 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» аб юрыдычнай сіле нарматыўных прававых актаў, момант (час) прызнання страціўшым сілу нарматыўнага прававога акта, прынятага на падставе дэлегавання паўнамоцтваў, павінен, як правіла, супадаць з момантам (часам) спынення дэлегаваных паўнамоцтваў. Такі парадак дазволіць выключыць няяснасці і спрэчкі, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтым і датычацца прымянення нарматыўных прававых актаў.

 

Адначасова з адзначаным пры наяўнасці пэўных абектыўных акалічнасцей неабходна ў самім акце, што спыняе дэлегаванне паўнамоцтваў, прадугледжваць тэрмін, пасля сканчэння якога дадзены акт уступае ў сілу, і даручэнні дзяржаўным органам ва ўстаноўлены тэрмін забяспечыць прывядзенне сваіх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з прынятым актам. У гэтым выпадку праекты нарматыўных прававых актаў аб прызнанні актаў страціўшымі сілу, аб унясенні ў акты змяненняў і (або) дапаўненняў або праекты новых нарматыўных прававых актаў распрацоўваюцца і прымаюцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі з такім разлікам, каб яны ўступілі ў сілу з даты ўступлення ў сілу новага нарматыўнага прававога акта.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у сувязі з прыняццем (выданнем) нарматыўнага прававога акта, які адмяняе паўнамоцтва нарматворчага органа на прыняцце (выданне) нарматыўных прававых актаў у парадку дэлегавання, таксама магчыма дзеянне акта, які павінен быць прызнаны страціўшым сілу, да прыняцця замест яго іншага нарматыўнага прававога акта іншым дзяржаўным органам (службовай асобай) або дзеянне яго на працягу пэўнага часу, калі ў гэтым прынятым (выдадзеным) акце прадугледжаны парадак спынення дзеяння акта, які падлягае прызнанню страціўшым сілу. Такі падыход з прававога пункту гледжання апраўданы і абгрунтаваны, паколькі дазволіць забяспечыць бясспрэчнасць, яснасць, недвухсэнсавасць прававых норм, іх узгодненасць у сістэме прававога рэгулявання. Важным зяўляецца ўстанаўленне разумнага па працягласці тэрміну дзеяння такога акта з улікам таго, што прававое рэгуляванне грамадскіх адносін з адменай дэлегавання зменена.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што дакладнае ўстанаўленне часавых граніц дзеяння нарматыўных прававых актаў з'яўляецца неабходным патрабаваннем прававога рэгулявання. Гэта абумоўлена тым, што такім чынам выяўляецца нарматыўны прававы акт, які на дадзены момант рэгулюе канкрэтныя грамадскія адносіны, а таксама забяспечваюцца эфектыўнасць прававых норм і дасягненне мэт прававога рэгулявання. З граніцамі дзеяння нарматыўнага прававога акта ў часе звязана ажыццяўленне патрабаванняў прававой дакладнасці. Рэгламентацыя такіх граніц у новым нарматыўным прававым акце павінна забяспечваць своечасовую адмену іншых нарматыўных прававых актаў у мэтах выключэння выпадкаў неабгрунтаванага, адвольнага прымянення акта да адносін, на якія ўжо не распаўсюджваецца яго дзеянне.

 

У Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» заканадаўчым акце, які ўстанаўлівае агульны парадак падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), у тым ліку пры дэлегаванні паўнамоцтваў на прыняцце (выданне), і дзеяння нарматыўных прававых актаў, адсутнічаюць палажэнні, якія рэгламентуюць у прымяненні да выпадку адмены дэлегавання нарматворчых паўнамоцтваў парадак і тэрміны прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) на падставе дэлегаваных паўнамоцтваў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванне ў нарматыўных прававых актах палажэнняў аб парадку і тэрмінах прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў у сувязі са спыненнем паўнамоцтваў дзяржаўнага органа на прыняцце (выданне) нарматыўных прававых актаў у парадку дэлегавання будзе садзейнічаць забеспячэнню рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і вынікаючага з яго прынцыпу прававой дакладнасці.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, вынікаючага з яго прынцыпу прававой дакладнасці і ўстаранення прабелу ў заканадаўстве ў частцы дзеяння норм права ў часе рэгламентаваць на заканадаўчым узроўні пытанні, звязаныя з устанаўленнем парадку і тэрмінаў прызнання страціўшымі сілу нарматыўных прававых актаў, прынятых (выдадзеных) у парадку дэлегавання паўнамоцтваў на іх прыняцце (выданне), у сувязі са спыненнем дэлегаваных паўнамоцтваў дзяржаўнага органа на прыняцце (выданне) акта.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь распрацаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праект закона аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч