Зварот Грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз журналістаў"

Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека пані Наванетхем Пілэй,

Прадстаўніку АБСЕ па свабодзе СМІ пані Дуні Міятавіч,

Спецыяльнаму дакладчыку Савета ААН па правах чалавека

 

Сітуацыя, з якой сутыкнуліся беларускія журналісты, беспрэцэдэнтная для сучаснага свету. 31 студзеня 2011 г. 12 прадстаўнікоў СМІ былі ўключаны Саветам Еўрапейскага саюза ў спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц ЕС.

Гэтыя дзеянні супярэчаць "Еўрапейскай хартыі свабоды прэсы", прынятай у Гамбургу 25 мая 2009 г. Пункт 3 Хартыі гаворыць: "Права журналістаў на збор і распаўсюджванне інфармацыі і меркаванняў не павінна ставіцца пад пагрозу, абмяжоўвацца або з'яўляцца прычынай для санкцый". Гэта значыць, прынятае кіраўніцтвам ЕС рашэнне супярэчыць дакументам, якія ў свой час былі ім жа адобраны.

Можна з упэўненасцю заявіць, што беларускія журналісты падвергнуліся санкцыям з боку ЕС выключна з прычыны таго, што адстойвалі свой пункт гледжання напярэдадні, у час і пасля завяршэння кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І гэты пункт гледжання прыйшоўся не даспадобы палітычнаму кіраўніцтву краін ЕС. Такім чынам, санкцыі Савета ЕС уяўляюць сабой пакаранне беларускіх журналістаў за свабоднае выказванне імі свайго меркавання. А гэта прамое парушэнне артыкула 10 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод ад 4 лістапада 1950 г. (з дадатковымі пратаколамі), артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 г., а таксама артыкула 11 Хартыі фундаментальных правоў Еўрапейскага саюза.

Рашэнне Савета ЕС было прынята да апублікавання справаздачы АБСЕ аб выбарах у Рэспубліцы Беларусь, што таксама ставіць пад сур'ёзныя сумненні яго абгрунтаванасць. Тым больш, што беларускія журналісты не прымалі ўдзелу ў арганізацыі выбараў, гэтак жа як і ў падзеях, што мелі месца пасля выбараў, абазначаных Саветам ЕС у якасці падставы для ўвядзення санкцый. Відавочна, што ў гэтым выпадку ў наяўнасці праследаванне ў пазасудовым парадку за дзеянні, якіх журналісты не ўчынялі і не маглі ўчыніць.

Акрамя таго, парушана права беларускіх журналістаў на свабоду перамяшчэння, якое замацавана ў артыкуле 2 згаданай Канвенцыі. Такім чынам, у разглядаемай сітуацыі мае месца факт дыскрымінацыі беларускіх журналістаў па прымеце палітычных або іншых перакананняў.

На наш погляд, размова ідзе аб непрыкрытым націску на беларускія мас-медыя з мэтай прымусіць іх да змянення рэдакцыйнай палітыкі і поглядаў асобных журналістаў. Санкцыі ЕС не толькі накіраваны супраць тых супрацоўнікаў СМІ, якія ўключаны ў "чорны спіс", але і даюць выразны і недвухсэнсоўны сігнал іншым журналістам аб тым, якая жорсткая рэакцыя можа быць у выпадку, калі інфармацыя і меркаванні, што яны распаўсюджваюць, будуць супярэчыць пазіцыі кіраўніцтва Еўрасаюза.

Лічым, што ўвядзенне такіх санкцый уяўляе сабой небяспечны прэцэдэнт для ўсёй журналісцкай супольнасці.

Просім аказаць садзейнічанне ў аднаўленні правоў беларускіх журналістаў.

Прынята на Сакратарыяце ГА "Беларускі саюз журналістаў"

г. Мінск                                                                       19 сакавіка 2011 г.