Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 красавіка 2011 г. № Р-566/2011
Аб заканадаўчых актах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па пытаннях аднясення пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь да заканадаўчых актаў і вызначэння іх юрыдычнай сілы.

 

У звароце Вышэйшага Гаспадарчага Суда ўказваецца, што, нягледзячы на наяўнасць дзеючых пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, аналіз заканадаўства не дазваляе дакладна вызначыць, ці адносяцца дадзеныя пастановы да заканадаўчых актаў. Разам з тым на практыцы ўзнікае пытанне аб магчымасці прымянення пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, у якіх змяшчаюцца прававыя нормы. Так, у адпаведнасці з артыкуламі 197 і 198 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь агульны тэрмін іскавай даўнасці ўстанаўліваецца ў тры гады; для асобных відаў патрабаванняў заканадаўчымі актамі могуць устанаўлівацца спецыяльныя тэрміны іскавай даўнасці, скарочаныя або больш працяглыя ў параўнанні з агульным тэрмінам. Палажэннем аб парадку пакрыцця страт, нанесеных суб’ектам гаспадарчай дзейнасці незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб, зацверджаным Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1993 года, для абароны права суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці на пакрыццё страт, нанесеных ім незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб, устаноўлены адзін год з моманту ўзнікнення права на іск.

 

У звароце адзначаецца, што ў цяперашні час змяненні ў дзеючыя пастановы Вярхоўнага Савета ўносяцца шляхам прыняцця законаў. Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, гэта можа сведчыць аб тым, што юрыдычная сіла пастаноў Вярхоўнага Савета і законаў прызнаецца аднолькавай. Пры гэтым згодна з Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 15 снежня 1995 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 2 Закона «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі» артыкул 2 раней дзеючага Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 1995 года «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі» ў частцы надання пастановам Вярхоўнага Савета аднолькавай з законамі юрыдычнай сілы прызнаны не адпаведным Канстытуцыі і лічыцца ў гэтай частцы страціўшым сілу з дня прыняцця дадзенага Заключэння.

 

Вышэйшы Гаспадарчы Суд мяркуе, што пытанне юрыдычнай сілы пастаноў Вярхоўнага Савета з’яўляецца важным для выпрацоўкі адзіных падыходаў у практыцы прымянення іскавай даўнасці.

 

Пры падрыхтоўцы справы да разгляду была даследавана таксама пазіцыя раду дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый (Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь) па пытаннях магчымасці аднясення пастаноў Вярхоўнага Савета да заканадаўчых актаў, іх юрыдычнай сілы, выкладзеная ў адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года да ўнясення ў яе змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года (далей – Канстытуцыя 1994 года), Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года (далей – Канстытуцыя 1978 года), Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1994 года «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1993 года «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку пакрыцця страт, нанесеных суб’ектам гаспадарчай дзейнасці незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб» (далей – Пастанова Вярхоўнага Савета) і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. Згодна з Канстытуцыяй ў Рэспубліцы Беларусь як прававой дзяржаве (частка першая артыкула 1) устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7). Прынцыпы законнасці і прававой дакладнасці, заснаваныя на прынцыпе вяршэнства права, прадугледжваюць строгае кіраванне ў нарматворчасці і правапрымяненні Канстытуцыяй і прынятымі ў адпаведнасці з ёй іншымі актамі заканадаўства, лагічную ўзгодненасць прававых норм і прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адзіную сістэму, у тым ліку шляхам вызначэння іерархіі нарматыўных прававых актаў, што дазваляе забяспечваць канстытуцыйнасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

 

Адным са спосабаў забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца магчымасць іх абароны кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (частка першая артыкула 60 Канстытуцыі). Гарантуючы судовую абарону, Канстытуцыя замацоўвае гарантыі роўнай абароны, без усялякай дыскрымінацыі, правоў і законных інтарэсаў у сілу роўнасці ўсіх перад законам (артыкул 22). Указаныя канстытуцыйныя гарантыі дзейнічаюць таксама ў адносінах да грамадзян, якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і арганізацый.

 

Згодна з часткай першай артыкула 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных актаў. Суды, абавязаныя пры выкананні правасуддзя кіравацца Канстытуцыяй, павінны забяспечваць прытрымліванне прынцыпаў законнасці, прававой пэўнасці, роўнай абароны правоў, свабод грамадзян і правоў, законных інтарэсаў арганізацый.

 

Такім чынам, прытрымліванне прынцыпаў законнасці і прававой пэўнасці садзейнічае адназначнаму разуменню прававых норм, іх правамернаму прымяненню і, як вынік, забеспячэнню належнай рэалізацыі і абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

 

2. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 97 Канстытуцыі 1978 года Вярхоўны Савет з’яўляўся вышэйшым пастаянна дзеючым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.

 

Вярхоўны Савет быў правамоцны прыняць да свайго разгляду і вырашыць любое пытанне, якое знаходзіцца ў веданні Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 97 Канстытуцыі 1978 года).

 

Да выключнага ведання Вярхоўнага Савета згодна з пунктам 14 часткі трэцяй указанага артыкула Канстытуцыі 1978 года адносілася ажыццяўленне ў межах кампетэнцыі Рэспублікі Беларусь заканадаўчага рэгулявання, у тым ліку парадку рэалізацыі канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, адносін уласнасці, іншых адносін, рэгуляванне якіх знаходзілася ў веданні Рэспублікі Беларусь.

 

У артыкуле 97 Канстытуцыі 1978 года прадугледжвалася таксама, што Вярхоўны Савет прымае законы Рэспублікі Беларусь і пастановы. Працэдура прыняцця гэтых актаў Вярхоўным Саветам была па сутнасці ідэнтычнай. Як законы, так і пастановы Вярхоўнага Савета прымаліся большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў. Згодна з артыкулам 108 Канстытуцыі 1978 года законы і іншыя акты, прынятыя Вярхоўным Саветам, падпісваліся Старшынёй Вярхоўнага Савета.

 

Магчымасць прыняцця Вярхоўным Саветам нараўне з законамі Рэспублікі Беларусь іншых актаў нарматыўнага характару прадугледжвалася таксама Законам Рэспублікі Беларусь ад 3 ліпеня 1990 года «Аб парадку апублікавання і ўступлення ў сілу законаў Рэспублікі Беларусь і іншых актаў, прынятых Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь і яго органамі». Згодна з часткай першай артыкула 3 гэтага Закона не толькі законы Рэспублікі Беларусь, але і іншыя акты Вярхоўнага Савета нарматыўнага характару павінны былі ўступаць у сілу па заканчэнню дзесяці дзён пасля іх афіцыйнага апублікавання.

 

Акрамя таго, артыкулам 119 Часовага рэгламенту Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 1990 года, прадугледжвалася, што праекты найбольш важных пастаноў Вярхоўнага Савета па пытаннях дзяржаўнага, гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва могуць разглядацца ў двух чытаннях у адпаведнасці з правіламі, устаноўленымі гэтым Рэгламентам  адносна разгляду праектаў законаў.

Усе законы і іншыя акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь павінны былі выдавацца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 171 Канстытуцыі 1978 года).

Палажэнне аб парадку пакрыцця страт, нанесеных суб’ектам гаспадарчай дзейнасці незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб, зацверджанае Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1993 года (далей – Палажэнне аб парадку пакрыцця страт), вызначае парадак і ўмовы рэалізацыі суб’ектамі гаспадарчай дзейнасці права на пакрыццё страт, нанесеных ім незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб.

 

У Палажэнні аб парадку пакрыцця страт устанаўліваюцца выпадкі пакрыцця нанесеных суб’ектам гаспадарчай дзейнасці страт, парадак звароту суб’екта гаспадарчай дзейнасці з патрабаваннем аб адмене акта (указання службовай асобы), а ў выпадках, калі нанесены страты, – і аб пакрыцці страт, у тым ліку з іскам у гаспадарчы суд, тэрмін іскавай даўнасці для абароны права суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці на пакрыццё страт, а таксама рэгламентуюцца іншыя пытанні, якія датычацца пакрыцця нанесеных суб’екту гаспадарчай дзейнасці страт.

 

Пунктам 3 Пастановы Вярхоўнага Савета, якой зацверджана Палажэнне аб парадку пакрыцця страт, прадугледжваецца, што да прывядзення заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з дадзеным Палажэннем дзеючыя акты заканадаўства прымяняюцца пастолькі, паколькі яны не супярэчаць гэтаму Палажэнню.

 

Аналіз прадпісанняў Палажэння аб парадку пакрыцця страт паказвае, што яны носяць нарматыўны характар, таму што змяшчаюць агульнаабавязковыя правілы паводзін, разлічаны на нявызначанае кола асоб і неаднаразовае прымяненне, а сама ўказаная Пастанова прынята ў межах кампетэнцыі Вярхоўнага Савета ў частцы заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, устаноўленых Канстытуцыяй 1978 года.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, паколькі ў Канстытуцыі 1978 года прадугледжвалася магчымасць прыняцця Вярхоўным Саветам законаў Рэспублікі Беларусь і пастаноў без вызначэння іх асобых прадметаў рэгулявання, то заканадаўчае рэгуляванне грамадскіх адносін, якое адносіцца да выключнага ведання Вярхоўнага Савета, магло ажыццяўляцца шляхам прыняцця як законаў Рэспублікі Беларусь, так і пастаноў Вярхоўнага Савета. Такім чынам, пастановы, прынятыя Вярхоўным Саветам у рамках ажыццяўлення заканадаўчага рэгулявання, адносіліся да заканадаўчых актаў.

 

Юрыдычная сіла пастаноў Вярхоўнага Савета была вышэйшая за юрыдычную сілу пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, які ў адпаведнасці з артыкулам 115 Канстытуцыі 1978 года з’яўляўся вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь і згодна з артыкулам 120 гэтай Канстытуцыі выдаваў свае акты на падставе і з мэтай выканання ў тым ліку законаў Рэспублікі Беларусь, іншых рашэнняў Вярхоўнага Савета.

 

3. У Канстытуцыі 1994 года Вярхоўны Савет быў вызначаны як вышэйшы прадстаўнічы пастаянна дзеючы і адзіны заканадаўчы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь (артыкул 79).

 

У адпаведнасці з пунктам 3 часткі першай артыкула 83 дадзенай Канстытуцыі Вярхоўны Савет нараўне з іншымі паўнамоцтвамі быў надзелены паўнамоцтвам прымаць законы і пастановы, ажыццяўляць кантроль за іх выкананнем. Законы і пастановы прымаліся Вярхоўным Саветам у аднолькавым парадку – яны лічыліся прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць выбраных дэпутатаў, калі іншае не прадугледжвалася Канстытуцыяй (частка другая артыкула 84).

 

У Канстытуцыі 1994 года, як і ў Канстытуцыі 1978 года, замацоўвалася права Вярхоўнага Савета на прыняцце законаў і пастаноў, але не было вызначана кола пытанняў, па якіх прымаўся кожны з названых відаў актаў.

 

У развіццё прыведзеных вышэй канстытуцыйных норм у артыкуле 49 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1994 года «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» устанаўлівалася, што Вярхоўны Савет, ажыццяўляючы заканадаўчую ўладу, прымае законы і пастановы, а ў частцы першай артыкула 54 указанага Закона – што законы і пастановы, прынятыя Вярхоўным Саветам, маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта сведчыць аб праве Вярхоўнага Савета прымаць пастановы па розных пытаннях яго кампетэнцыі, якія рэгулююць найбольш важныя грамадскія адносіны і з прычыны гэтага з’яўляюцца заканадаўчымі актамі. Так, Вярхоўным Саветам 18 кастрычніка 1994 г. была прынята Пастанова «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 2080-х гадах», а 6 верасня 1995 г. – Пастанова «Аб Канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне аховы навакольнага асяроддзя».

 

У артыкуле 146 Канстытуцыі 1994 года было замацавана, што Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай; законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь; у выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя, а ў выпадку разыходжання іншага нарматыўнага акта з законам дзейнічае закон. Улічваючы дадзенае патрабаванне Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд у Заключэнні ад 15 снежня 1995 г. прызнаў не адпаведным Канстытуцыі артыкул 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі» ў частцы надання пастановам Вярхоўнага Савета аднолькавай з законамі Рэспублікі Беларусь юрыдычнай сілы. Падставай для такога рашэння паслужыў вывад Канстытуцыйнага Суда аб тым, што Канстытуцыя, вызначыўшы месца законаў і іншых нарматыўных актаў у сістэме прававых актаў, тым самым устанавіла іх юрыдычную сілу: закон валодае больш высокай юрыдычнай сілай адносна іншых актаў, у тым ліку адносна пастаноў Вярхоўнага Савета.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што палажэнне пастаноў Вярхоўнага Савета ў агульнай сістэме права было захавана. Згодна з Законам «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі» яны з’яўляліся актамі, прымяненне якіх цягне юрыдычныя вынікі, былі абавязковымі для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, палітычнымі партыямі і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

З улікам прававога статусу, канстытуцыйных паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета ў тэорыі і практыцы заканатворчасці ў разглядаемы перыяд часу замацавалася ўстойлівае паняцце «заканадаўчыя акты», пры адсутнасці гэтага паняцця ў Канстытуцыі 1978 года і Канстытуцыі 1994 года. Яно ўключала законы Рэспублікі Беларусь і пастановы нарматыўнага характару, якія прымаліся Вярхоўным Саветам. Дадзеныя акты дакладна адрозніваліся ад іншых актаў Вярхоўнага Савета, нарматыўных актаў Урада, міністэрстваў і іншых дзяржаўных органаў. У цэлым да ўсіх названых актаў прымяняліся паняцці «заканадаўства», «акты заканадаўства».

 

Прымаючы да ўвагі выкладзенае, Канстытуцыйны Суд лічыць, што, зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі 1978 года, Канстытуцыі 1994 года, а таксама з улікам Заключэння Канстытуцыйнага Суда ад 15 снежня 1995 г. пастановы Вярхоўнага Савета, прынятыя ў рамках ажыццяўлення Вярхоўным Саветам заканадаўчай дзейнасці, з’яўляюцца заканадаўчымі актамі.

 

4. У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» змяненне статусу дзяржаўнага органа (службовай асобы), які прымае (выдае) адпаведныя нарматыўныя прававыя акты, не цягне спынення дзеяння раней прынятых (выдадзеных) нарматыўных прававых актаў. З улікам дадзенай нормы і нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, а не Вярхоўны Савет і пастановы палат Парламента – Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі згодна з артыкулам 1 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» не аднесены да заканадаўчых актаў, пастановы Вярхоўнага Савета ў сістэме нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь захоўваюць сваё дзеянне.

 

Пастановы Вярхоўнага Савета фактычна прызнаны заканадаўчымі актамі, паколькі законамі ў іх уносяцца змяненні і дапаўненні або яны прызнаюцца страціўшымі сілу (напрыклад, Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2010 года прызнаны страціўшымі сілу пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1993 года «Аб прадпрыемствах (аб’яднаннях), арганізацыях і відах маёмасці, якія не падлягаюць раздзяржаўленню і прыватызацыі» і «Аб Дзяржаўнай праграме прыватызацыі», а Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 года ўнесены змяненні ў Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20–80-х гадах, зацверджанае Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 1990 года).

 

Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1999 г. № 34 «Аб фарміраванні і выданні Звода законаў Рэспублікі Беларусь» у Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 1999 г. фарміруецца Звод законаў Рэспублікі Беларусь. Выданне названага Зводу законаў з 1 студзеня 2008 г. ажыццяўляецца ў электроннай форме як поўны сістэматызаваны збор заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Нараўне з законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Звод законаў уключаны пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь нарматыўнага характару, у тым ліку Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 1993 года «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку пакрыцця страт, нанесеных суб’ектам гаспадарчай дзейнасці незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў і іх службовых асоб».

 

На падставе Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае сістэму органаў дзяржаўнай улады, у Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» вызначаны віды нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і прадугледжана, што заканадаўчымі актамі з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкулы 1 і 2). Пастановы Вярхоўнага Савета – як органа дзяржаўнай улады, які адсутнічае ў цяперашні час у сістэме дзяржаўных органаў, не ўключаны ў пералік нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і не аднесены да заканадаўчых актаў. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «О Национальном собрании Республики Беларусь» з 23 ліпеня 2008 г. прызнаны страціўшымі сілу законы Рэспублікі Беларусь «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі» і «Аб парадку апублікавання і ўступлення ў сілу законаў Рэспублікі Беларусь і іншых актаў, прынятых Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь і яго органамі», якія рэгламентавалі пытанні, што датычацца пастаноў Вярхоўнага Савета. Разам з тым у цяперашні час дзейнічае рад пастаноў Вярхоўнага Савета нарматыўнага характару і на практыцы абгрунтавана ўзнікаюць пытанні правамернасці іх прымянення, у тым ліку як заканадаўчых актаў.

 

Прымаючы да ўвагі, што ў Законе «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» прававое рэгуляванне адносін, звязаных з вызначэннем месца пастаноў Вярхоўнага Савета ў сістэме нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і іх юрыдычнай сілы, не прадугледжана, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб наяўнасці прабелу ў заканадаўстве. Гэта стварае перадумовы для парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый; параджае магчымасць неадназначнага тлумачэння і прымянення пастаноў Вярхоўнага Савета, што не адпавядае устаноўленым у Канстытуцыі прынцыпам роўнасці ўсіх перад законам і вяршэнства права і патрабаванням, якія вынікаюць з прынцыпу вяршэнства права, аб узгодненасці прававых норм, іх дакладнасці і яснасці, прывядзенні нарматыўных прававых актаў у адзіную сістэму.

 

Зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года да ўнясення ў яе змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, а таксама Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 1995 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 2 Закона «Аб суадносінах актаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць юрыдычныя вынікі», Канстытуцыйны Суд лічыць, што пастановы Вярхоўнага Савета нарматыўнага характару, прынятыя да 27 лістапада 1996 года – даты ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, з’яўляюцца заканадаўчымі актамі. З улікам палажэнняў часткі трэцяй артыкула 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, частак першай, трэцяй і чацвёртай артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» такія пастановы Вярхоўнага Савета маюць у цяперашні час юрыдычную сілу, меншую адносна законаў Рэспублікі Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але большую – адносна іншых нарматыўных прававых актаў.

 

Згодна з артыкулам 72 Закона «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» пры выяўленні прабелаў у нарматыўных прававых актах нарматворчыя органы (службовыя асобы), якія прынялі (выдалі) нарматыўныя прававыя акты, абавязаны ўнесці ў іх адпаведныя дапаўненні або змяненні, што ўстараняюць прабелы.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устараненне прабелу ў заканадаўстве ў частцы вызначэння месца і юрыдычнай сілы пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і вяршэнства права.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай восьмай артыкула 22, часткамі другой і чатырнаццатай артыкула 24, артыкуламі 69 і 74 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння належнай абароны правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў арганізацый, а таксама прытрымлівання прынцыпу прававой дакладнасці ўстараніць прабел у прававым рэгуляванні адносін, звязаных з вызначэннем статусу пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, якія маюць нарматыўны характар, і іх юрыдычнай сілы.

 

2. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь забяспечыць заканадаўчае рэгуляванне адносін, якое вынікае з гэтага рашэння, шляхам унясення ў Закон Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» адпаведных змяненняў і дапаўненняў.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      П.П.Міклашэвіч