Зварот

Савета кіраўнікоў дзяржаў
Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сувязі
з 25-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС

26 красавіка 2011 года спаўняецца 25 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі — найбуйнейшай тэхнагеннай і сацыяльнай катастрофы ХХ стагоддзя. Гэты дзень у дзяржавах — удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб'яўлены Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф.

Праблемы, звязаныя з наступствамі чарнобыльскай трагедыі, не страцяць актуальнасці і для будучых пакаленняў. Такія катастрофы ператвараюць пацярпелыя тэрыторыі ў зоны крызісу на многія дзесяцігоддзі.

Мы помнім мужнасць і самаадданасць соцень тысяч удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС з усіх рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР. Рызыкуючы жыццём і здароўем, яны выканалі свой абавязак і прадухілілі далейшае распаўсюджванне згубных радыеактыўных выкідаў.

Нягледзячы на прымаемыя меры, наступствы Чарнобыля прадаўжаюць аказваць негатыўны ўплыў на жыццё ў пацярпелых дзяржавах. Пад спецыяльным медыцынскім наглядам павінны знаходзіцца некалькі мільёнаў чалавек. У асобных раёнах па-ранейшаму неабходны буйнамаштабныя ахоўныя мерапрыемствы, без якіх немагчыма забяспечыць умовы бяспечнай жыццядзейнасці людзей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях.

Важнейшай задачай пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з'яўляецца комплексная радыяцыйная і сацыяльна-эканамічная рэабілітацыя забруджаных тэрыторый, развіццё сацыяльнага і эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў. Вырашэнне гэтай задачы патрабуе новых навукова абгрунтаваных падыходаў, значных рэсурсаў і, як вынік, фінансавага, навуковага і тэхнічнага садзейнічання з боку міжнароднай супольнасці.

Пэўныя захады ў гэтым напрамку ўжо зроблены: Генеральная Асамблея ААН абвясціла трэцяе дзесяцігоддзе пасля Чарнобыля, 2006—2016 гады, Дзесяцігоддзем рэабілітацыі і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, ажыццяўленне якога павінна быць накіравана на забеспячэнне вяртання пацярпелага насельніцтва да нармальнага жыцця. Рэалізуецца адпаведны план дзеянняў ААН.

Мы з задавальненнем адзначаем, што Генеральная Асамблея ААН вітала рашэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД аб'явіць 26 красавіка Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф у дзяржавах — удзельніцах Садружнасці, а таксама прапанавала дзяржавам — членам ААН адзначаць гэты Дзень і праводзіць адпаведныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах радыяцыйных аварый і катастроф.

Адзначаючы 26 красавіка як Міжнародны дзень памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф і аддаючы даніну памяці загінулым у выніку чарнобыльскай катастрофы, заяўляем аб рашучасці стварыць неабходныя ўмовы для забеспячэння сацыяльнай абароны ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Лічым, што ўсебаковае супрацоўніцтва і абмен вопытам паміж дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі нашых краін дасць магчымасць сумеснымі намаганнямі пераадолець наступствы гэтай катастрофы.

Заклікаем сусветную супольнасць прадоўжыць супрацоўніцтва ў гэтай сферы, актыўна выкарыстоўваць новыя формы ўзаемадзеяння, што прадугледжваюць пераход да скаардынаванай дзейнасці, якая дапаўняе маштабныя намаганні дзяржаў па адраджэнні пацярпелых рэгіёнаў.