Закон Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2011 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 30 чэрвеня 2011 года

 

Раздзел 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

Для мэт гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

зварот — індывідуальныя або калектыўныя заява, прапанова, скарга, выкладзеныя ў пісьмовай, электроннай або вуснай форме;

заява — хадайніцтва аб садзейнічанні ў рэалізацыі правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка, не звязанае з іх парушэннем, а таксама паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у працы дзяржаўных органаў, іншых арганізацый (службовых асоб) (далей, калі не вызначана іншае, — арганізацыя), індывідуальных прадпрымальнікаў;

прапанова — рэкамендацыя па паляпшэнні дзейнасці арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, удасканаленні прававога рэгулявання адносін у дзяржаўным і грамадскім жыцці, рашэнні пытанняў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і іншых сфер дзейнасці дзяржавы і грамадства;

скарга — патрабаванне аднавіць правы, свабоды і (або) законныя інтарэсы заяўніка, парушаных дзеяннямі (бяздзейнасцю) арганізацый, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў (далей, калі не вызначана іншае, — грамадзянін);

заяўнік — грамадзянін або юрыдычная асоба, якія падалі (падаюць) зварот;

пісьмовы зварот — зварот заяўніка, выкладзены ў пісьмовай форме, у тым ліку заўвагі і (або) прапановы, унесеныя ў кнігу заўваг і прапаноў;

электронны зварот — зварот заяўніка, які паступіў на адрас электроннай пошты арганізацыі альбо размешчаны на афіцыйным сайце арганізацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт;

вусны зварот — зварот заяўніка, выкладзены ў ходзе асабістага прыёму;

індывідуальны зварот — зварот аднаго заяўніка;

калектыўны зварот — зварот двух і больш заяўнікаў па адным і тым жа пытанні (некалькіх пытаннях);

паўторны зварот — зварот, які паступіў у адну і тую ж арганізацыю, да аднаго і таго ж індывідуальнага прадпрымальніка ад аднаго і таго ж заяўніка па адным і тым жа пытанні два і больш разоў;

кніга заўваг і прапаноў — дакумент адзінага ўзору, прызначаны для ўнясення заўваг (заяў і скаргаў) (далей, калі не вызначана іншае, — заўвагі) і (або) прапаноў аб дзейнасці арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка, якасці тавараў, якія вырабляюцца (рэалізуюцца) імі, работ, якія выконваюцца, паслуг, якія аказваюцца.

Артыкул 2. Сфера дзейнасці гэтага Закона

1. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на звароты грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку на тыя, што паступілі ад юрыдычных асоб, на якіх ускладзены функцыі рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, за выключэннем зваротаў, якія падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, грамадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, а таксама іншых зваротаў, у дачыненні якіх заканадаўчымі актамі вызначаны іншы парадак іх падачы і разгляду.

2. Дзеянне гэтага Закона не распаўсюджваецца на перапіску дзяржаўных органаў пры выкананні імі функцый, ускладзеных на іх нарматыўнымі прававымі актамі.

Артыкул 3. Права заяўнікаў на зварот

1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на зварот у арганізацыі шляхам падачы пісьмовых, электронных або вусных зваротаў, а таксама да індывідуальных прадпрымальнікаў шляхам унясення заўваг і (або) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў.

Юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права на зварот у арганізацыі шляхам падачы пісьмовых (за выключэннем заўваг і (або) прапаноў, якія ўносяцца ў кнігу заўваг і прапаноў), электронных або вусных зваротаў.

2. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, прадстаўніцтвы замежных арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, карыстаюцца правам на зварот нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

3. Права на зварот рэалізуецца заяўнікамі добраахвотна. Ажыццяўленне заяўнікамі іх права на зварот не павінна парушаць правы, свабоды і (або) законныя інтарэсы іншых асоб.

Артыкул 4. Прадстаўніцтва заяўнікаў пры рэалізацыі права на зварот

1. Грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста альбо праз сваіх прадстаўнікоў. Асабісты ўдзел грамадзян пры падачы і разглядзе зваротаў не пазбаўляе іх права мець прадстаўнікоў, роўна як і ўдзел прадстаўнікоў не пазбаўляе грамадзян права на асабісты ўдзел пры падачы і разглядзе зваротаў.

Пісьмовыя і электронныя звароты ад імя недзеяздольных грамадзян падаюцца іх законнымі прадстаўнікамі. Вусныя звароты недзеяздольных грамадзян выкладаюцца на асабістым прыёме іх законнымі прадстаўнікамі.

Юрыдычныя асобы рэалізуюць права на зварот праз свае органы або сваіх прадстаўнікоў (далей, калі не вызначана іншае, — прадстаўнік юрыдычнай асобы).

2. Прадстаўнікі заяўнікаў пры падачы і разглядзе зваротаў могуць ажыццяўляць дзеянні, права на ажыццяўленне якіх маюць заяўнікі, у межах дадзеных ім паўнамоцтваў.

3. Прадстаўнікі заяўнікаў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на падставе актаў заканадаўства альбо актаў упаўнаважаных на тое дзяржаўных органаў, альбо даверанасці, аформленай у парадку, які вызначаны грамадзянскім заканадаўствам.

Артыкул 5. Гарантыі правоў заяўнікаў

1. Службовыя асобы і іншыя работнікі арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі і іх работнікі не маюць права выдаваць звесткі аб асабістым жыцці грамадзян без іх згоды, а таксама звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную і (або) іншую ахоўную законам тайну, якія сталі ім вядомымі ў сувязі з разглядам зваротаў.

Не з'яўляюцца выдаваннем звестак, названых у частцы першай гэтага пункта, накіраванне зваротаў у арганізацыі ў парадку, вызначаным часткай першай пункта 3 артыкула 10 гэтага Закона, а таксама запыт і падача дакументаў і (або) звестак, якія неабходны для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах, або падаюцца па патрабаваннях органаў дазнання, папярэдняга следства, судоў і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

2. Не дапускаецца ўшчамленне правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў, іх прадстаўнікоў, членаў сем'яў заяўнікаў-грамадзян у сувязі з іх зваротам у арганізацыі, да індывідуальных прадпрымальнікаў.

3. Кіраўнікі арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі нясуць персанальную адказнасць за неналежную работу са зваротамі.

Артыкул 6. Асабісты прыём

1. У арганізацыях праводзіцца асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб (далей — асабісты прыём). Пры вусным звароце названыя асобы павінны прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу. Прадстаўнікі заяўнікаў павінны прад'явіць таксама дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.

2. Службовыя асобы арганізацый, якія праводзяць асабісты прыём, не маюць права адмовіць у асабістым прыёме пры звароце па пытаннях, што адносяцца да кампетэнцыі гэтых арганізацый, у парадку, вызначаным гэтым Законам, за выключэннем выпадкаў, калі заяўніку ў ходзе асабістага прыёму ўжо быў дадзены вычарпальны адказ на пытанні, якія яго цікавяць, альбо калі перапіска з гэтым заяўнікам па такіх пытаннях была спынена.

3. Кіраўнікі арганізацый і ўпаўнаважаныя імі службовыя асобы абавязаны праводзіць асабісты прыём не радзей за адзін раз у месяц у вызначаныя дні і гадзіны. Інфармацыя аб часе і месцы правядзення асабістага прыёму, а пры наяўнасці папярэдняга запісу на асабісты прыём — аб парадку яго ажыццяўлення размяшчаецца ў арганізацыях у агульнадаступных месцах (на інфармацыйных стэндах, табло і (або) іншым спосабам).

Графік асабістага прыёму і парадак папярэдняга запісу на асабісты прыём вызначаюцца кіраўніком арганізацыі.

4. Пры часовай адсутнасці ў дзень асабістага прыёму кіраўніка арганізацыі асабісты прыём праводзіць асоба, якая выконвае яго абавязкі. Пры часовай адсутнасці ў дзень асабістага прыёму іншай службовай асобы, якая праводзіць асабісты прыём, кіраўнік арганізацыі абавязаны забяспечыць своечасовае і належнае выкананне функцый часова адсутнай службовай асобы іншай службовай асобай арганізацыі.

5. Калі на дзень асабістага прыёму прыпадае дзяржаўнае свята або святочны дзень, аб'яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўным, дзень асабістага прыёму пераносіцца на працоўны дзень, які надыходзіць за ім.

6. Пры правядзенні асабістага прыёму па рашэнні кіраўніка арганізацыі могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі (аўдыя- і відэазапіс, кіна- і фотаздымкі), аб чым заяўніку павінна быць паведамлена да пачатку асабістага прыёму.

7. Па рашэнні кіраўніка арганізацыі могуць быць арганізаваны выязны асабісты прыём, а таксама папярэдні запіс на такі прыём.

Артыкул 7. Правы заяўнікаў

Заяўнікі маюць права:

падаваць звароты, выкладаць доказы службовай асобе, якая праводзіць асабісты прыём;

знаёміцца з матэрыяламі, якія непасрэдна датычацца разгляду зваротаў, калі гэта не закранае правы, свабоды і (або) законныя інтарэсы іншых асоб і ў матэрыялах не змяшчаюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную і (або) іншую тайну, што ахоўваецца законам;

падаваць дадатковыя дакументы і (або) звесткі альбо звяртацца з просьбай аб іх запатрабаванні ў выпадку, калі запатрабаванне такіх дакументаў і (або) звестак не закранае правы, свабоды і (або) законныя інтарэсы іншых асоб і ў іх не змяшчаюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную і (або) іншую тайну, што ахоўваецца законам;

адклікаць свой зварот да разгляду яго па сутнасці;

атрымліваць адказы на звароты;

абскардзіць у вызначаным парадку адказы на звароты і рашэнні аб пакіданні зваротаў без разгляду па сутнасці;

ажыццяўляць іншыя правы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 8. Абавязкі заяўнікаў

Заяўнікі абавязаны:

выконваць патрабаванні гэтага Закона;

ветліва ставіцца да работнікаў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і іх работнікаў, не дапускаць ужывання нецэнзурных альбо зневажальных слоў або выразаў;

своечасова інфармаваць арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў аб змене свайго месца жыхарства (месца знаходжання) або месца знаходжання ў перыяд разгляду звароту;

выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 9. Абавязкі арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў

Арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны:

забяспечваць уважлівыя, адказныя, добразычлівыя адносіны да заяўнікаў;

не дапускаць фармалізму, бюракратызму, валакіты, прадузятых, нетактоўных паводзін, грубасці і непавагі да заяўнікаў;

прымаць меры для поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў;

прымаць законныя і абгрунтаваныя рашэнні;

інфармаваць заяўнікаў аб рашэннях, прынятых па выніках разгляду зваротаў;

прымаць у межах сваёй кампетэнцыі меры па аднаўленні парушаных правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў;

забяспечваць кантроль за выкананнем рашэнняў, прынятых па зваротах;

вырашаць у вызначаным парадку пытанні аб прыцягненні да адказнасці асоб, па віне якіх дапушчана парушэнне правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў;

растлумачваць заяўнікам парадак абскарджання адказаў на звароты і рашэнняў аб пакіданні зваротаў без разгляду па сутнасці ў выпадках, прадугледжаных гэтым Законам;

выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Раздзел 2

Парадак падачы
і разгляду зваротаў

Артыкул 10. Парадак падачы зваротаў і накіравання іх для разгляду ў адпаведнасці з кампетэнцыяй

1. Звароты падаюцца заяўнікамі ў пісьмовай або электроннай форме, а таксама выкладаюцца ў вуснай форме.

Пісьмовыя звароты падаюцца нарачным (кур'ерам), па пошце, у ходзе асабістага прыёму, шляхам унясення заўваг і (або) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў.

Вусныя звароты выкладаюцца ў ходзе асабістага прыёму.

2. Звароты падаюцца ў арганізацыі, індывідуальным прадпрымальнікам, да кампетэнцыі якіх адносіцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах.

3. Арганізацыі пры паступленні да іх пісьмовых зваротаў, што змяшчаюць пытанні, рашэнне якіх не адносіцца да іх кампетэнцыі, на працягу пяці дзён накіроўваюць звароты для разгляду арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй і паведамляюць заяўнікам у той жа тэрмін альбо ў той жа тэрмін у парадку, вызначаным гэтым Законам, пакідаюць звароты без разгляду па сутнасці і паведамляюць пра гэта заяўнікам з тлумачэннем, у якую арганізацыю і ў якім парадку варта звярнуцца для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах.

Пісьмовыя звароты, у якіх абскарджваюцца судовыя пастановы, не пазней пяці дзён вяртаюцца заяўнікам з растлумачэннем ім парадку абскарджання судовых пастаноў.

4. Калі вырашэнне пытанняў, выкладзеных у ходзе асабістага прыёму, не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, у якой праводзіцца асабісты прыём, адпаведныя службовыя асобы не разглядаюць зварот па сутнасці, а тлумачаць, у якую арганізацыю варта звярнуцца для вырашэння пытанняў, выкладзеных у звароце.

Калі для вырашэння пытання, якое выкладзена ў вусным звароце і адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, у якой праводзіцца асабісты прыём, патрабуюцца дадатковае вывучэнне і праверка, зварот выкладаецца заяўнікам у пісьмовай форме і падлягае разгляду ў парадку, вызначаным гэтым Законам для пісьмовых зваротаў.

5. Звароты, якія змяшчаюць інфармацыю пра злачынства, якое рыхтуецца, учыняецца або ўчынена, альбо іншае правапарушэнне, не пазней за пяць дзён накіроўваюцца арганізацыямі, у якія яны паступілі, у адпаведныя праваахоўныя або іншыя дзяржаўныя органы.

6. Забараняецца накіроўваць скаргі ў арганізацыі, дзеянні (бяздзейнасць) якіх абскарджваюцца, за выключэннем выпадкаў, калі разгляд такой катэгорыі зваротаў адносіцца да выключнай кампетэнцыі гэтых арганізацый.

Артыкул 11. Тэрміны падачы зваротаў

1. Падача заяўнікамі заяў і прапаноў тэрмінам не абмяжоўваецца.

2. Скаргі могуць быць пададзены заяўнікамі на працягу трох гадоў з дня, калі яны даведаліся або павінны былі даведацца пра парушэнне іх правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў.

У выпадку, калі тэрмін, названы ў частцы першай гэтага пункта, прапушчаны па ўважлівай прычыне (цяжкае захворванне, інваліднасць, працяглая камандзіроўка і інш.), наяўнасць якой пацверджана адпаведнымі дакументамі, прад'яўленымі заяўнікам, гэты тэрмін павінен быць адноўлены па рашэнні кіраўніка арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка, і скарга разглядаецца ў парадку, вызначаным гэтым Законам.

Артыкул 12. Патрабаванні, што прад'яўляюцца да зваротаў

1. Звароты выкладаюцца на беларускай або рускай мове.

2. Пісьмовыя звароты грамадзян, за выключэннем названых у пункце 4 гэтага артыкула, павінны змяшчаць:

назву і (або) адрас арганізацыі або пасаду асобы, якім накіроўваецца зварот;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) альбо ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы);

выкладанне сутнасці звароту;

асабісты подпіс грамадзяніна (грамадзян).

3. Пісьмовыя звароты юрыдычных асоб павінны змяшчаць:

назву і (або) адрас арганізацыі альбо пасаду асобы, якім накіроўваецца зварот;

поўную назву юрыдычнай асобы і яе месца знаходжанне;

выкладанне сутнасці звароту;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) кіраўніка або асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць звароты;

асабісты подпіс кіраўніка або асобы, упаўнаважанай у вызначаным парадку падпісваць звароты, завераную пячаткай юрыдычнай асобы.

4. Заўвагі і (або) прапановы ўносяцца ў кнігу заўваг і прапаноў у адпаведнасці з формай кнігі заўваг і прапаноў, вызначанай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

5. Тэкст звароту павінен паддавацца прачытанню. Рукапісныя звароты павінны быць напісаны выразным, разборлівым почыркам. Не дапускаецца ўжыванне ў зваротах нецэнзурных альбо зневажальных слоў або выразаў.

6. Да пісьмовых зваротаў, якія падаюцца прадстаўнікамі заяўнікаў, дадаюцца дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы.

7. У зваротах павінна змяшчацца інфармацыя аб выніках іх папярэдняга разгляду з прыкладаннем (пры наяўнасці) дакументаў, што пацвярджаюць гэтую інфармацыю.

Артыкул 13. Прыём і рэгістрацыя зваротаў

1. Звароты, пададзеныя ў парадку, вызначаным гэтым Законам, падглядаюць абавязковаму прыёму і рэгістрацыі. Адмова ў прыёме зваротаў не дапускаецца.

2. Парадак вядзення справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 14. Разгляд зваротаў па сутнасці

1. Пісьмовыя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі вырашаны ўсе выкладзеныя ў іх пытанні, прыняты належныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў і ім накіраваны пісьмовыя адказы.

Пісьмовыя адказы могуць не накіроўвацца заяўнікам, калі для вырашэння выкладзеных у зваротах пытанняў ажыццёўлены пэўныя дзеянні (выкананы работы, аказаны паслугі) у прысутнасці заяўнікаў. Вынікі разгляду названых зваротаў па сутнасці афармляюцца праз ажыццяўленне заяўнікамі адпаведных запісаў на зваротах альбо ў кнізе заўваг і прапаноў, што сведчацца подпісамі заяўнікаў, або складання асобнага дакумента, які пацвярджае ажыццяўленне гэтых дзеянняў (выкананне работ, аказанне паслуг).

2. Вусныя звароты лічацца разгледжанымі па сутнасці, калі вырашаны ўсе выкладзеныя ў іх пытанні, прыняты належныя меры па абароне, забеспячэнні рэалізацыі, аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў і адказы аб'яўлены заяўнікам у ходзе асабістага прыёму, на якім выкладзены вусныя звароты.

3. Пры адсутнасці ў зваротах якіх-небудзь рэкамендацый, патрабаванняў, хадайніцтваў, паведамленняў пра парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у рабоце арганізацый альбо пры наяўнасці ў іх толькі падзякі такія звароты прымаюцца да ведама і адказы на іх не накіроўваюцца.

Артыкул 15. Пакіданне зваротаў без разгляду па сутнасці

1. Пісьмовыя звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці, калі:

звароты не адпавядаюць патрабаванням, вызначаным пунктамі 1—6 артыкула 12 гэтага Закона;

звароты падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, грамадзянскім, грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах альбо ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі вызначаны іншы парадак падачы і разгляду такіх зваротаў;

звароты змяшчаюць пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, у якую яны паступілі, у тым ліку калі заўвагі і (або) прапановы, унесеныя ў кнігу заўваг і прапаноў, не адносяцца да дзейнасці гэтай арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка, не датычацца якасці тавараў, якія вырабляюцца (рэалізуюцца) імі, работ, якія выконваюцца, паслуг, якія аказваюцца;

прапушчаны без уважлівай прычыны тэрмін падачы скаргі;

заяўнікам пададзены паўторны зварот, у тым ліку ўнесены ў кнігу заўваг і прапаноў, калі ён ужо быў разгледжаны па сутнасці і ў ім няма новых акалічнасцяў, якія маюць значэнне для разгляду звароту па сутнасці;

з заяўнікам спынена перапіска па выкладзеных у звароце пытаннях.

2. Вусныя звароты могуць быць пакінутыя без разгляду па сутнасці, калі:

не прад'яўлены дакументы, якія сведчаць асобу заяўнікаў, іх прадстаўнікоў, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўнікоў заяўнікаў;

звароты змяшчаюць пытанні, вырашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, у якой праводзіцца асабісты прыём;

заяўніку ў ходзе асабістага прыёму ўжо быў дадзены вычарпальны адказ на пытанні, што яго цікавяць, або перапіска з гэтым заяўнікам па такіх пытаннях была спынена;

заяўнік у ходзе асабістага прыёму дапускае ўжыванне нецэнзурных або абразлівых слоў ці выразаў.

3. Рашэнне аб пакіданні пісьмовага звароту без разгляду па сутнасці прымаюць кіраўнік арганізацыі, індывідуальны прадпрымальнік, да якіх паступіў зварот, або ўпаўнаважаная імі службовая асоба.

Пры пакіданні пісьмовага звароту без разгляду па сутнасці, за выключэннем выпадку, прадугледжанага абзацам сёмым пункта 1 гэтага артыкула, і наяўнасці звестак пра месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы) або месца знаходжання заяўніка на працягу пяці дзён заяўніку пісьмова паведамляецца аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці з указаннем прычын прыняцця такога рашэння і яму вяртаюцца арыгіналы дакументаў, прыкладзеных да звароту. У выпадках, прадугледжаных абзацамі трэцім і чацвёртым пункта 1 гэтага артыкула, заяўнікам таксама тлумачыцца, у якую арганізацыю і ў якім парадку трэба звярнуцца для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах.

4. Рашэнне аб пакіданні вуснага звароту, выкладзенага ў ходзе асабістага прыёму, без разгляду па сутнасці аб'яўляецца заяўніку ў ходзе гэтага прыёму службовай асобай, якая праводзіць асабісты прыём, з указаннем прычын прыняцця такога рашэння.

Артыкул 16. Адкліканне звароту

1. Заяўнік мае права адклікаць свой зварот да разгляду яго па сутнасці шляхам падачы адпаведнай пісьмовай заявы.

2. У выпадку адклікання заяўнікам свайго звароту арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік спыняюць разгляд гэтага звароту па сутнасці і вяртаюць заяўніку арыгіналы дакументаў, прыкладзеных да звароту.

Артыкул 17. Тэрміны пры разглядзе зваротаў

1. Адлік тэрмінаў, якія вызначаюцца месяцамі або днямі, пачынаецца з дня рэгістрацыі звароту ў арганізацыі, унясення заўваг і (або) прапаноў у кнігу заўваг і прапаноў і вылічваецца ў месяцах або каляндарных днях.

Тэрмін разгляду зваротаў, накіраваных у арганізацыі для разгляду ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, вылічваецца з дня рэгістрацыі зваротаў у гэтых арганізацыях.

2. Тэрмін разгляду зваротаў, які вылічваецца месяцамі, сканчаецца ў адпаведнае чысло апошняга месяца гэтага тэрміну. Калі заканчэнне тэрміну, які вылічваецца месяцамі, прыпадае на месяц, у якім няма адпаведнага чысла, то тэрмін разгляду зваротаў сканчаецца ў апошні дзень гэтага месяца.

Калі апошні дзень тэрміну разгляду зваротаў прыпадае на непрацоўны дзень, то днём заканчэння тэрміну лічыцца першы наступны за ім працоўны дзень.

3. Пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней чым пятнаццаць дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за адзін месяц, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі.

У выпадку, калі для вырашэння выкладзеных у зваротах пытанняў неабходныя пэўныя дзеянні (выкананне работ, аказанне паслуг), атрыманне інфармацыі з замежнай дзяржавы ў тэрміны, што перавышаюць месячны тэрмін, заяўнікам у пяцідзённы тэрмін з дня прадаўжэння тэрміну разгляду зваротаў паведамляецца аб прычынах перавышэння месячнага тэрміну і тэрмінах ажыццяўлення такіх дзеянняў (выкананне работ, аказання паслуг) або тэрміны разгляду зваротаў па сутнасці.

Артыкул 18. Патрабаванні да пісьмовых адказаў на пісьмовыя звароты

1. Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту, павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці — са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі, якія абвяргаюць або пацвярджаюць довады заяўнікаў.

У пісьмовых адказах на скаргі ў дачыненні да дзеянняў (бяздзеяння) арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і іх работнікаў павінны змяшчацца аналіз і ацэнка названых дзеянняў (бяздзеяння), інфармацыя аб прынятых мерах у выпадку прызнання скаргаў абгрунтаванымі.

У выпадку, калі ў пісьмовых адказах на пісьмовыя звароты змяшчаюцца рашэнні аб поўнай або частковай адмове ў задавальненні зваротаў або аб пакіданні зваротаў без разгляду па сутнасці, у такіх адказах указваецца парадак іх абскарджання.

2. Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты падпісваюцца кіраўніком арганізацыі, індывідуальным прадпрымальнікам або ўпаўнаважанымі імі службовымі асобамі.

Артыкул 19. Расходы, звязаныя з разглядам зваротаў

1. Звароты разглядаюцца без спагнання платы.

2. Расходы, якія панеслі арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі ў сувязі з разглядам неабгрунтаваных зваротаў, якія сістэматычна накіроўваюцца ў адну і тую ж арганізацыю, да аднаго і таго ж індывідуальнага прадпрымальніка ад аднаго і таго ж заяўніка, а таксама зваротаў, якія змяшчаюць заведама непраўдзівыя звесткі, могуць быць спагнаныя з заяўнікаў у судовым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 20. Абскарджанне адказаў на звароты

1. Адказ арганізацыі на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячую арганізацыю.

Інфармацыя аб найменні, месцы знаходжання і рэжыме працы вышэйстаячай арганізацыі размяшчаецца ў арганізацыях у агульнадаступных месцах (на інфармацыйных стэндах, табло і (або) іншым спосабам).

2. Вышэйстаячая арганізацыя пры паступленні такой скаргі правярае звесткі, якія ў ёй змяшчаюцца, і пры наяўнасці падстаў для станоўчага вырашэння выкладзеных у звароце пытанняў разглядае зварот па сутнасці або выдае адпаведным арганізацыям, якія разглядаюць зварот па сутнасці, абавязковае для выканання прадпісанне аб належным вырашэнні гэтых пытанняў, пра што паведамляе заяўніку. Арганізацыя, якая атрымала такое прадпісанне, павінна выканаць яго ў названы ў прадпісанні тэрмін, але не пазней за адзін месяц і на працягу трох дзён паведаміць пра гэта ў вышэйстаячую арганізацыю, а таксама паведаміць заяўніку.

3. Адказ арганізацыі на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці пасля абскарджання ў вышэйстаячую арганізацыю могуць быць абскарджаны ў суд у парадку, вызначаным заканадаўствам.

4. Адказ на скаргу ў вышэйстаячую арганізацыю можа быць абскарджаны ў суд, калі пры разглядзе гэтай скаргі прынятае новае рашэнне, якое адносіцца да кампетэнцыі адпаведнай вышэйстаячай арганізацыі.

5. Разгляд вышэйстаячай арганізацыяй скаргі па сутнасці ажыццяўляецца ў парадку і тэрміны, вызначаныя гэтым Законам для разгляду зваротаў.

6. Адказ на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці арганізацыі, якая не мае вышэйстаячай арганізацыі, а таксама індывідуальнага прадпрымальніка могуць быць абскарджаны ў суд у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Раздзел 3

Асаблівасці разгляду
асобных відаў зваротаў

Артыкул 21. Разгляд паўторных зваротаў

1. Пры пакіданні ў адпаведнасці з абзацам шостым пункта 1 артыкула 15 гэтага Закона паўторнага звароту без разгляду па сутнасці заяўніку пісьмова паведамляецца, што паўторны зварот неабгрунтаваны і перапіска з ім па гэтым пытанні спыняецца.

2. Пры паступленні паўторнага звароту ад заяўніка, перапіска з якім спынена, такі зварот пакідаецца без разгляду па сутнасці без паведамлення аб гэтым заяўніку.

Артыкул 22. Разгляд калектыўных зваротаў

1. Калектыўныя звароты разглядаюцца ў парадку, вызначаным гэтым Законам.

2. Калектыўныя звароты трыццаці і больш заяўнікаў у арганізацыі па пытаннях, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю, падлягаюць разгляду з выездам на месца, калі іншае не вынікае з гэтых зваротаў.

Артыкул 23. Разгляд ананімных зваротаў

Ананімныя звароты, гэта значыць звароты заяўнікаў, у якіх не названыя прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы грамадзяніна ці адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы) або назва юрыдычнай асобы (поўная ці скарочаная) або яго месца знаходжання, не падлягаюць разгляду, калі яны не змяшчаюць звестак пра злачынства, якое рыхтуецца, учыняецца або ўчынена.

Артыкул 24. Разгляд заўваг і (або) прапаноў, унесеных у кнігу заўваг і прапаноў

1. У кнігу заўваг і прапаноў уносяцца заўвагі і (або) прапановы пра дзейнасць арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка, якасці тавараў, якія вырабляюцца (рэалізуюцца) імі, работ, што выконваюцца, паслуг, якія аказваюцца.

Кніга заўваг і прапаноў вядзецца ў арганізацыі, яе адасобленых падраздзяленнях, размешчаных па-за месцам знаходжання арганізацыі, у індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама ў месцах рэалізацыі імі тавараў, выканання работ, аказання паслуг.

2. Арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік абавязаны прад'яўляць кнігу заўваг і прапаноў па першым патрабаванні заяўніка.

3. Адмова арганізацыі ў выдачы кнігі заўваг і прапаноў можа быць абскарджана ў вышэйстаячую арганізацыю.

Адмова ў выдачы кнігі заўваг і прапаноў пасля абскарджання ў вышэйстаячую арганізацыю можа быць абскарджана ў судзе ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Адмова арганізацыі, якая не мае вышэйстаячай арганізацыі, або індывідуальнага прадпрымальніка ў выдачы кнігі заўваг і прапаноў можа быць абскарджана ў судзе ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

4. Звесткі аб выніках разгляду заўваг і (або) прапаноў, а таксама адзнака аб накіраваным заяўніку адказе ўносяцца арганізацыяй, індывідуальным прадпрымальнікам у кнігу заўваг і прапаноў.

Копія адказу заяўніку захоўваецца разам з кнігай заўваг і прапаноў.

5. Кніга заўваг і прапаноў выдаецца, рэгіструецца ў падатковым органе па месцы пастаноўкі арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка на ўлік, вядзецца і захоўваецца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 25. Разгляд электронных зваротаў

1. Электронныя звароты, якія паступілі ў дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падлягаюць разгляду ў парадку, вызначаным для разгляду пісьмовых зваротаў, з улікам асаблівасцяў, прадугледжаных гэтым артыкулам.

Электронныя звароты, якія паступілі ў іншыя арганізацыі, за выключэннем названых у частцы першай гэтага пункта, разглядаюцца па рашэнні кіраўніка арганізацыі ў парадку, які ён вызначае.

2. Электронныя звароты накіроўваюцца ў дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі праз глабальную камп'ютарную сетку інтэрнэт на адрас іх электроннай пошты або размяшчаюцца ў спецыяльнай рубрыцы на іх афіцыйных сайтах у глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт у адпаведнасці з вызначанымі заканадаўствам патрабаваннямі да зместу адпаведных сайтаў.

3. Электронныя звароты павінны адпавядаць патрабаванням, вызначаным пунктам 1, абзацамі другім—чацвёртым пункта 2 або абзацамі другім—пятым пункта 3 артыкула 12 гэтага Закона, а таксама змяшчаць адрас электроннай пошты заяўніка.

4. Адкліканне электроннага звароту ажыццяўляецца шляхам падачы пісьмовай заявы або накіравання заявы ў электроннай форме.

5. Адказы на электронныя звароты, а таксама паведамленні заяўнікаў аб пакіданні іх электронных зваротаў без разгляду па сутнасці, аб накіраванні электронных зваротаў для разгляду арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй, спыненні перапіскі, падаўжэнні тэрміну разгляду зваротаў накіроўваюцца на адрас электроннай пошты заяўнікаў, названых у электронных зваротах, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай другой гэтага пункта.

На электронныя звароты даюцца пісьмовыя адказы (пісьмовыя паведамленні) у выпадках, калі заяўнік у сваім электронным звароце просіць накіраваць пісьмовы адказ (пісьмовае паведамленне) або ў электронным звароце адсутнічае адрас электроннай пошты, а таксама ў выпадку, калі рашэнне аб накіраванні пісьмовага адказу (пісьмовага паведамлення) прынятае кіраўніком дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі, якія разглядаюць электронныя звароты, або ўпаўнаважанай ім асобай.

6. Адказы на электронныя звароты, якія накіроўваюцца на адрас электроннай пошты заяўніка, павінны адпавядаць патрабаванням, вызначаным пунктам 1 артыкула 18 гэтага Закона, а таксама змяшчаць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) або ініцыялы кіраўніка дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі ці асобы, упаўнаважанай ім падпісваць у вызначаным парадку адказы на звароты.

Раздзел 4

Адказнасць за парушэнне заканадаўства
пры падачы і разглядзе зваротаў. Кантроль і нагляд за выкананнем парадку разгляду зваротаў

Артыкул 26. Адказнасць за парушэнне парадку разгляду зваротаў

За парушэнне парадку разгляду зваротаў арганізацыі, іх службовыя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і іх работнікі нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 27. Адказнасць заяўнікаў за парушэнне заканадаўства пры падачы і разглядзе зваротаў

Падача заяўнікам зваротаў, якія змяшчаюць паклёп або абразы, або ўчыненне імі пры падачы і разглядзе зваротаў іншых супрацьпраўных дзеянняў цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 28. Кантроль і нагляд за выкананнем парадку разгляду зваротаў

1. Кантроль і нагляд за выкананнем парадку разгляду зваротаў ажыццяўляюцца арганізацыямі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

2. Арганізацыі ў мэтах пастаяннага ўдасканальвання працы са зваротамі абавязаны вывучаць, аналізаваць і сістэматызаваць пытанні, якія ў іх змяшчаюцца, звесткі аб колькасці і характары зваротаў і прынятых па іх рашэнняў, размяшчаць на сваіх афіцыйных сайтах у глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт адказы на пытанні, якія найбольш часта ўздымаюцца ў зваротах, праводзіць праверкі выканання парадку разгляду зваротаў у гэтых арганізацыях і прымаць меры па ўстараненні названых у зваротах і выяўленых парушэнняў.

Органы, якія ажыццяўляюць ведамасны кантроль, абавязаныя кантраляваць выкананне патрабаванняў гэтага Закона арганізацыямі, якія ім падпарадкаваны або ўваходзяць у іх склад (сістэму), і прымаць у вызначаным парадку меры па ўстараненні выяўленых парушэнняў.

3. Кантралюючыя (наглядныя) органы пры правядзенні праверак дзейнасці арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў у парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі, правяраюць выкананне імі парадку вядзення і захоўвання кнігі заўваг і прапаноў.

Раздзел 5

Заключныя палажэнні

Артыкул 29. Прызнанне некаторых законаў і асобных палажэнняў законаў тымі, што страцілі сілу

Прызнаць тымі, што страцілі сілу:

Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года "Аб зваротах грамадзян" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 376);

Закон Рэспублікі Беларусь ад 1 лістапада 2004 года "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях разгляду зваротаў грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004  г., №  189, 2/1089);

пункт 20 артыкула 65 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2010 г.,
№ 17, 2/1660);

абзац трэці артыкула 30 Закона Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2010 года "Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2010 г., № 162, 2/1697).

Артыкул 30. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:

сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць і ўнесці ў вызначаным парадку прапановы па прывядзенні заканадаўчых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць прывядзенні рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 31. Уваходжанне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уваходзіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 30, які ўваходзіць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А. Лукашэнка

18 ліпеня 2011 года, г. Мінск

№ 300-З

 

Тэкст з'яўляецца неафіцыйным перакладам Закона.

Афіцыйнае апублікаванне ажыццяўляецца ў афіцыйным перыядычным выданні "Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь".