Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
7 ліпеня 2011 г. № Р-619/2011
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб трацейскіх судах”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшыні – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Е., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб трацейскіх судах”.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Козыраву Л.Р., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб трацейскіх судах” і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб трацейскіх судах” (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2011 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2011 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам вызначаюцца парадак утварэння і дзейнасці трацейскіх судоў, за выключэннем міжнародных арбітражных (трацейскіх) судоў (далей – трацейскі суд), патрабаванні, якія прад’яўляюцца да трацейскага пагаднення, парадак трацейскага разбору і выканання рашэнняў трацейскіх судоў, а таксама рэгулююцца іншыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю гэтых судоў.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

Згодна з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь зяўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22). У адпаведнасці з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

Адным са спосабаў рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага абараняць свае правы і свабоды ад парушэнняў і супрацьпраўных замахаў у сферы грамадзянска-прававых адносін з'яўляецца зварот у трацейскі суд.

 

Магчымасць перадачы дзяржавай на разбор трацейскаму суду спрэчак прызнана міжнародна-прававымі актамі. Агульныя прынцыпы разгляду гэтых спрэчак вызначаны Еўрапейскай канвенцыяй аб знешненагандлёвым арбітражы ад 21 красавіка 1961 года, удзельніцай якой зяўляецца Рэспубліка Беларусь, і рэкамендаваны Арбітражным рэгламентам Камісіі ААН па праву міжнароднага гандлю (ЮНСІТРАЛ) ад 15 снежня 1976 года.

 

1. Згодна з артыкулам 1 Закона трацейскім судом зяўляецца арганізацыя, якая не ўваходзіць ў судовую сістэму Рэспублікі Беларусь, утвараецца для вырашэння спрэчак у выглядзе пастаянна дзеючага трацейскага суда або трацейскага суда, які ўтвараецца па пагадненню бакоў для вырашэння канкрэтнай спрэчкі.

 

Трацейскія суды не аднесены да судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Яны зяўляюцца недзяржаўнымі незалежнымі органамі абароны маёмасных і немаёмасных правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў фізічных і (або) юрыдычных асоб у сферы грамадзянска-прававых адносін.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, трацейскі разгляд спрэчак бакоў уяўляе сабой недзяржаўную юрысдыкцыйную дзейнасць, якая ажыццяўляецца трацейскімі судамі на падставе Канстытуцыі, законаў і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, заснавана на адпаведным грамадзянска-прававым дагаворы і мае ў адносінах да дзейнасці судовай улады па ажыццяўленню правасуддзя альтэрнатыўны характар.

 

2. У артыкуле 5 Закона ўстанаўліваецца, што дзейнасць трацейскіх судоў засноўваецца на прынцыпах законнасці, незалежнасці, спаборнасці і роўнасці бакоў, аўтаноміі волі бакоў, канфедэцыяльнасці, абавязковасці і канчатковасці прынятых трацейскім судом рашэнняў і інш. У Законе прадугледжваюцца нормы аб магчымасці адводу і самаадводу трацейскага суддзі і прыняцці забяспечвальных мер, своечасовым апавяшчэнні бакоў аб часе і месцы трацейскага разбору, а таксама аб тым, што рашэнні трацейскага суда выконваюцца добраахвотна, яны могуць быць аспрэчаны шляхам падачы заявы аб адмене рашэння ў кампетэнтны суд (артыкулы 15, 30, 32, 46 і 49).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзеныя нормы, гарантуючы ўдзельнікам трацейскага разбору неабходныя працэсуальныя правы, накіраваны на забеспячэнне прынцыпу справядлівага судовага разбору, які па сэнсу артыкула 60 Канстытуцыі распаўсюджваецца як на разбор у дзяржаўным судзе, так і на трацейскі разбор. Такі падыход адпавядае палажэнням міжнародна-прававых актаў і практыцы іх прымянення. Згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (пункт 1 артыкула 14) і Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (пункт 1 артыкула 6) кожны ў выпадку спрэчкі аб яго грамадзянскіх правах і абавязках мае права на справядлівы і публічны разбор справы ў разумны тэрмін незалежным, непрадузятым і кампетэнтным судом, утвораным на падставе закона, пры выкананні прынцыпу роўнасці ўсіх перад судом.

 

3. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 3 Закона пастаянна дзеючы трацейскі суд зяўляецца некамерцыйнай арганізацыяй або адасобленым падраздзяленнем (падраздзяленнем) юрыдычнай асобы.

 

Разам з тым прадугледжваецца, што дзяржаўныя органы, у тым ліку органы мясцовага самакіравання, не могуць утвараць трацейскія суды (частка другая артыкула 3 Закона).

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устаноўленае заканадаўцам абмежаванне ў частцы ўтварэння пастаянна дзеючых трацейскіх судоў дзяржаўнымі органамі і органамі мясцовага самакіравання накіравана на пазбяганне прамога або ўскоснага выкарыстання наяўных у дадзеных органаў уладных (публічна-прававых) паўнамоцтваў, адлюстроўвае прыватнаправавы характар трацейскага разбору і гарантуе выкананне прынцыпу незалежнасці трацейскіх суддзяў пры вырашэнні спрэчак.

 

4. Згодна з Канстытуцыяй дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13); уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі (частка другая артыкула 44).

 

Маёмасныя адносіны ў рамках указаных канстытуцыйных норм засноўваюцца на такіх прынцыпах, як роўнасць удзельнікаў грамадзянскіх адносін, свабода іх волевыяўлення, свабода дагавора. З прынцыпу свабоды дагавора, замацаванага ў артыкуле 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, вынікае, што ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін могуць вызначаць любыя не супярэчныя заканадаўству ўмовы дагавора. Гэты прынцып прадугледжвае магчымасць уключаць у змест дагавора ўмову аб разглядзе спрэчкі ў трацейскім судзе.

 

У артыкуле 9 Закона вызначаецца, што трацейскім пагадненнем зяўляецца пагадненне бакоў аб перадачы спрэчкі на вырашэнне трацейскага суда, указанага ў пагадненні бакоў. Трацейскае пагадненне заключаецца ў пісьмовай форме ў выглядзе самастойнага пагаднення бакоў аб перадачы ўсіх або асобных спрэчак, якія ўзніклі або могуць узнікнуць з праваадносін, якія звязваюць бакі, або ў выглядзе трацейскай агаворкі асобнага палажэння, што змяшчаецца ў дагаворы.

 

Замацаванне ў артыкуле 9 Закона паняцця трацейскага пагаднення і яго формы адпавядае прынцыпу дыспазітыўнасці і азначае, што трацейскі разбор засноўваецца на пагадненні ўдзельнікаў спрэчкі і іх свабодзе рэгуляваць узаемныя адносіны па свайму меркаванню.

 

У той жа час Канстытуцыйны Суд адзначае, што заключэнне трацейскага пагаднення паміж бакамі не служыць акалічнасцю, якая выключае магчымасць рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону ў агульным або гаспадарчым судзе ў парадку, устаноўленым дзеючым заканадаўствам, у прыватнасці ў выпадках спынення дзеяння трацейскага запісу па пагадненню бакоў або па рашэнню суда.

 

5. У артыкуле 19 Закона ўстанаўліваецца палажэнне аб тым, што трацейскі суд вырашае любыя спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж бакамі, што заключылі трацейскае пагадненне, за выключэннем спрэчак, бокам якіх зяўляецца заснавальнік пастаянна дзеючага трацейскага суда, створанага ў якасці некамерцыйнай арганізацыі, ці юрыдычная асоба, адасобленым падраздзяленнем (падраздзяленнем) якой зяўляецца трацейскі суд, а таксама спрэчак, што непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы трэціх асоб, якія не зяўляюцца бакамі трацейскага пагаднення, і спрэчак, што не могуць быць прадметам трацейскага разбору ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь або заканадаўствам замежнай дзяржавы, калі прымяненне заканадаўства замежнай дзяржавы прадугледжана трацейскім пагадненнем або іншым дагаворам паміж бакамі.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што пры вызначэнні кампетэнцыі трацейскіх судоў неабходна зыходзіць з дагаворнай прыроды трацейскага суда, што дапушчальна толькі ў грамадзянска-прававых адносінах. Такія адносіны ў сілу іх асобай юрыдычнай прыроды характарызуюцца як адносіны юрыдычна раўнапраўных уласнікаў маёмасці, заснаваныя на пачатках ініцыятывы і дыспазітыўнасці ў распараджэнні прыналежнымі ім правамі.

 

Магчымасць вырашэння грамадзянска-прававых спрэчак з дапамогай трацейскага разбору заснавана на палажэннях артыкулаў 13, 22, 44 Канстытуцыі і замацавана ў грамадзянскім заканадаўстве. Згодна з пунктам 1 артыкула 10 Грамадзянскага кодэкса абарону парушаных або аспрэчаных грамадзянскіх правоў ажыццяўляе суд, гаспадарчы суд, трацейскі суд у адпаведнасці з падведамнасцю, устаноўленай працэсуальным заканадаўствам, а ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках у адпаведнасці з дагаворам. Указанне на грамадзянска-прававы характар спрэчкі як крытэрый яе магчымага вырашэння шляхам трацейскага разбору азначае, што ў сістэме дзеючага прававога рэгулявання не дапускаецца перадача на разгляд трацейскага суда спрэчак, якія ўзнікаюць з адміністрацыйных і іншых публічных праваадносін, а таксама спраў, якія разглядаюцца ў парадку асобага вядзення справы.

 

6. Замацаванае ў артыкуле 60 Канстытуцыі права на судовую абарону прадугледжвае канкрэтныя гарантыі эфектыўнага аднаўлення ў правах з дапамогай ажыццяўлення правасуддзя, якое адпавядае патрабаванням справядлівасці.

 

У артыкуле 46 Закона ўстанаўліваецца, што рашэнне трацейскага суда можа быць абскарджана бокам, які ўдзельнічае ў справе, у парадку, прадугледжаным адпаведна грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, шляхам падачы ў суд заявы аб адмене рашэння трацейскага суда на працягу трох месяцаў з дня яго атрымання бокам, які падае заяву. Законам прадугледжваюцца падставы для абскарджання і адмены рашэння трацейскага суда, а таксама наступствы адмены рашэння трацейскага суда (артыкулы 47 і 48).

 

Прыведзеныя нормы Закона накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага права на судовую абарону, якое прадугледжвае не толькі права на зварот у суд, але і магчымасць атрымання рэальнай судовай абароны ў форме аднаўлення парушаных правоў і свабод у адпаведнасці з заканадаўча замацаванымі нормамі аб тым, у якім судзе і па якой працэдуры падлягае абскарджанню пэўнае рашэнне.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што права на трацейскі разбор грамадзянска-прававой спрэчкі не азначае, што субекты трацейскага пагаднення маюць права па свайму меркаванню выбіраць правілы адпаведнага вядзення спраў і парадак выканання рашэння трацейскага суда яны вызначаюцца Законам (артыкул 18). Пры гэтым магчымасць адмены дзяржаўным судом рашэння трацейскага суда па падставах, прадугледжаных у артыкуле 47 Закона, таксама не можа разглядацца як магчымасць, якая парушае канстытуцыйнае права бакоў трацейскага пагаднення на судовую абарону. Адмена рашэння трацейскага суда не перашкаджае яго ўдзельнікам у далейшым зноў звярнуцца за абаронай парушаных правоў або законных інтарэсаў у трацейскі суд або па падведамнасці ў агульны або гаспадарчы суд.

 

7. У Законе ўстанаўліваецца, што бакі, якія заключылі трацейскае пагадненне, прымаюць на сябе абавязак добраахвотна выконваць рашэнні трацейскага суда (артыкул 5); рашэнне трацейскага суда падлягае абавязковаму выкананню ў парадку і тэрмін, устаноўленыя гэтым рашэннем (артыкул 49).

 

Калі рашэнне трацейскага суда не выканана добраахвотна ва ўстаноўлены тэрмін, яно падлягае прымусоваму выкананню. Прымусовае выкананне рашэння трацейскага суда ажыццяўляецца агульным або гаспадарчым судом па правілах выканаўчага вядзення справы, якія дзейнічаюць на момант выканання рашэння трацейскага суда, на аснове выдадзенага судом выканаўчага дакумента. Пры разглядзе заявы аб выдачы выканаўчага дакумента суд не мае права пераглядаць рашэнне трацейскага суда (артыкул 50 Закона).

 

Такім чынам, кантроль з боку дзяржавы (судовы кантроль) за трацейскімі судамі ажыццяўляецца на стадыі абскарджання рашэнняў трацейскага суда. Зварот з заявай аб выдачы выканаўчага дакумента ў суд зяўляецца гарантыяй рэалізацыі бакамі права на свабоду дагавора і ажыццяўлення імі канстытуцыйнага права на судовую абарону.

 

8. Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дадзены канстытуцыйны прынцып прадугледжвае забеспячэнне прававой дакладнасці пры рэгуляванні грамадскіх адносін.

 

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь нарматыўныя прававыя акты прыводзяцца ў адзіную сістэму шляхам іх узаемнага ўзгаднення з выкананнем прынцыпаў сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін (артыкул 7). Зыходзячы з гэтага прадпісання, у сувязі з прыняццем Закона змяненню падлягаюць таксама нормы Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць пытанні арганізацыі і дзейнасці трацейскага суда, але ўнясенне ў яго неабходных змяненняў і дапаўненняў Законам не прадугледжана, што можа прывесці да недакладнасці ў практыцы яго прымянення, у прыватнасці па пытаннях аднясення да кампетэнцыі трацейскіх судоў іншых спрэчак, у тым ліку спрэчак, якія вынікаюць з працоўных і сямейных адносін.

 

Закон мае на мэце далейшае развіццё і павышэнне эфектыўнасці прымянення ў Рэспубліцы Беларусь інстытута трацейскага разбору, скарачэнне колькасці зваротаў у суды, якія ўваходзяць у судовую сістэму Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне шырэйшага выкарыстання альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак паміж субектамі права, вызначэнне прававых і арганізацыйных асноў дзейнасці трацейскіх судоў, за выключэннем міжнародных арбітражных (трацейскіх) судоў. Палажэнні Закона адпавядаюць Канстытуцыі і накіраваны на далейшае развіццё яе норм і прынцыпаў.

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97100 Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь Аб трацейскіх судах” адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч