Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
27 верасня 2011 г. № Р-626/2011
Аб заканадаўчым вызначэнні тэрміна «працаздольная асоба» для мэт прымянення пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – Каралёвай В.В., намесніка Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Яшковай Л.М., намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Козыравай А.І., намесніка начальніка ўпраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь,

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот Міністэрства юстыцыі па пытанню аб магчымасці заліку ў стаж працы перыяду догляду інваліда I групы, састарэлага, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, што ажыццяўляецца асобай, абмежаванай у працаздольнасці.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» (далей – Закон аб пенсійным забеспячэнні) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама выкладзеных пісьмова меркаванняў зацікаўленых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. У дзяржаўныя органы звяртаюцца грамадзяне па пытанню заліку ў стаж працы перыяду догляду інвалідаў I групы, састарэлых. Так, са звароту грамадзянкі Лявыкінай Л.I. у Міністэрства юстыцыі відаць, што яна працяглы час (з 22 верасня 1999 г. па 8 лістапада 2010 г.) ажыццяўляла догляд сваіх састарэлых бацькоў, інвалідаў I групы. Рашэннем камісіі па прызначэнню пенсій адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска ёй адмоўлена ў заліку перыяду такога догляду ў працоўны стаж, паколькі ў адпаведнасці з пунктам «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні ў стаж працы залічваецца перыяд догляду, які ажыццяўляецца працаздольнай асобай, а грамадзянка Лявыкіна Л.I. сама з’яўляецца інвалідам II групы, абмежаваным у працаздольнасці.

 

Дапушчальнасць заліку перыяду догляду ў стаж работы толькі ў адносінах да працаздольных асоб была ўстаноўлена Законам Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2006 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам пенсионного обеспечения», які ўступіў у сілу з 1 жніўня 2006 г.

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь лічыць, што паколькі ў Законе аб пенсійным забеспячэнні тэрмін «працаздольная асоба» не раскрываецца, то пры вызначэнні ўказанага тэрміна для прымянення пункта «д» часткі другой артыкула 51 гэтага Закона могуць быць выкарыстаны іншыя нормы дадзенага Закона. Гэта, у прыватнасці, нормы, што змяшчаюцца ў частцы трэцяй артыкула 35 таго ж Закона, згодна з якімі непрацаздольнымі членамі сям’і, якія маюць права на пенсію з выпадку страты карміцеля, лічацца бацька, маці (усынавіцелі), муж і жонка, калі яны дасягнулі пенсійнага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў) або з’яўляюцца інвалідамі.

 

На гэтай падставе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны лічыць, што пры прымяненні пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні да працаздольных асоб неабходна адносіць асоб працаздольнага ўзросту (мужчын – ад 16 да 60 гадоў, жанчын – ад 16 да 55 гадоў), якія не з’яўляюцца інвалідамі.

 

Меркаванні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый сведчаць аб адсутнасці аднастайнага разумення імі заканадаўчых палажэнняў, што абумоўлівае і адсутнасць аднастайных падыходаў да іх прымянення. Так, калі Міністэрства юстыцыі, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь мяркуюць, што абмежавана працаздольныя асобы замест ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў адпаведнасці з заключэннем аб умовах і характары працы могуць выконваць функцыі па догляду інвалідаў, састарэлых і на падставе пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні ім можа быць праведзены пераразлік працоўнага стажу, то Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не знаходзіць падстаў для заліку такога перыяду ў стаж працы, у прыватнасці грамадзянкі Лявыкінай Л.I., прызнаючы яе непрацаздольнай з прычыны інваліднасці.

 

2. Ацэньваючы дастатковасць і паўнату заканадаўчага механізма рэалізацыі пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь зыходзіць з наступнага.

 

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі), адна з мэт якой – дасягненне сацыяльнай стабільнасці праз ажыццяўленне правоў і свабод кожнага чалавека і гарантаванасці іх забеспячэння.

 

Згодна з часткамі першай і другой артыкула 21 Канстытуцыі забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

 

Асноўным Законам дзяржавы гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека; дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва; асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне (часткі першая і другая артыкула 41, частка першая артыкула 42).

 

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца таксама права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў (артыкул 47 Канстытуцыі).

 

Рэалізацыя прыведзеных канстытуцыйных норм забяспечвае збалансаваны падыход дзяржавы да вырашэння пытання аб забеспячэнні годнага ўзроўню жыцця: дзяржава адказна перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы, пры тым што першаснымі з’яўляюцца актыўнасць самога грамадзяніна, яго гатоўнасць і здольнасць да самавыяўлення і самасцвярджэння, у тым ліку шляхам рэалізацыі права на працу ва ўсіх магчымых формах і праяўленнях. Задача дзяржавы ў дадзеным выпадку – забяспечыць такія эканамічныя, арганізацыйныя, прававыя ўмовы, якія дапамагалі б рэалізацыі гарантаваных Канстытуцыяй правоў, усямернаму развіццю асобы, яе патэнцыялу. У той жа час асобным катэгорыям грамадзян сацыяльная дзяржава абавязана аказваць дапамогу і падтрымку зыходзячы са сваіх фінансава-эканамічных і матэрыяльных магчымасцей.

 

Указанае дасягаецца не толькі шляхам стварэння сістэмы сацыяльнага забеспячэння, выкарыстання разнастайных сацыяльных рэгулятараў, уключаючы сістэму занятасці і працаўладкавання насельніцтва, правядзенне рэабілітацыйных мерапрыемстваў для інвалідаў у мэтах максімальна магчымага ўцягнення іх у працоўную дзейнасць і інш., але і шляхам забеспячэння належнага прававога рэгулявання адносін, якія дазваляюць грамадзяніну ў поўным аб’ёме рэалізаваць свае правы, прадугледжаныя Канстытуцыяй.

 

3. Згодна з пунктам «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні ў стаж працы, апрача іншых указаных у Законе перыядаў, залічваецца перыяд догляду інваліда I групы або дзіцяці – інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама састарэлага, які дасягнуў
80-гадовага ўзросту і мае патрэбу па заключэнню рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) або дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя ў пастаянным доглядзе, што ажыццяўляецца працаздольнай асобай.

 

У адпаведнасці з пенсійным заканадаўствам права на атрыманне пенсіі па ўзросту рэалізуецца пасля дасягнення мужчынамі 60 гадоў і жанчынамі – 55 гадоў. У дадзеным выпадку заканадаўца абумоўлівае наяўнасць права на пенсійнае забеспячэнне ўзроставым крытэрыем.

 

Разам з тым заканадаўца не звязвае магчымасць атрымання грамадзянамі пенсіі па ўзросту пасля дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту з наяўнасцю або адсутнасцю ў іх працаздольнасці. У артыкуле 26 Закона аб пенсійным забеспячэнні прадугледжана, што пенсія па ўзросту прызначаецца пажыццёва незалежна ад стану працаздольнасці. Гэта пацвярджаецца таксама іншымі актамі заканадаўства, што дапускаюць магчымасць ажыццяўлення працоўнай функцыі работнікамі, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, без абмежавання яго якім-небудзь гранічным узростам.

 

Рэалізацыя фізічнай асобай сваёй здольнасці да працы залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ўзроставых, фізічных і іншых. Адным з такіх фактараў, якія ўплываюць на магчымасць рэалізацыі фізічнай асобай сваёй здольнасці да працы, з’яўляецца стан здароўя ва ўсіх яго праяўленнях. Парушэнне стану здароўя можа абмежаваць магчымасці асобы ў ажыццяўленні ёю працоўнай функцыі. У прыватнасці, згодна з часткай трэцяй артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь «О предупреждении инвалидности и реабилитации инвалидов» асобе, прызнанай інвалідам, у залежнасці ад ступені выражанасці расстройства функцый арганізма і абмежаванняў жыццядзейнасці ўстанаўліваюцца група і прычына інваліднасці.

 

Аднак устанаўленне інваліднасці не заўсёды азначае, што асоба страчвае здольнасць да працы, становіцца прафесійна непрыгоднай.

 

У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона «О предупреждении инвалидности и реабилитации инвалидов» дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне папярэджання інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў выражаецца ў стварэнні прававых, эканамічных і сацыяльных умоў для аховы здароўя грамадзян, задавальнення патрэбнасцей інвалідаў у сродках рэабілітацыі і рэабілітацыйных мерапрыемствах і накіравана ў тым ліку на забеспячэнне гарантый правоў інвалідаў на медыцынскую, прафесійную, працоўную і сацыяльную рэабілітацыю.

 

Згодна з артыкулам 27 указанага Закона прафесійная рэабілітацыя інвалідаў накіравана на забеспячэнне канкурэнтаздольнасці інвалідаў на рынку працы і ўяўляе поўнае або частковае аднаўленне зніжанай або страчанай прафесійнай працаздольнасці пры дапамозе прафесійнай арыентацыі, а таксама прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі інвалідаў.

 

Працоўная рэабілітацыя інвалідаў у сілу палажэнняў артыкула 31 названага Закона мае на мэце стварэнне ўмоў для працы інвалідаў і ажыццяўляецца ў наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, а таксама на спецыялізаваных рабочых месцах, у спецыяльных арганізацыях, цэхах і на ўчастках.

 

Аналагічныя прыведзеным заканадаўчыя падыходы прадугледжаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «О социальной защите инвалидов в Республике Беларусь», што замацоўвае гарантыі правоў інвалідаў у сферы працоўных адносін, а таксама Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, у якім вызначаюцца асаблівасці рэгулявання працы інвалідаў (глава 21).

 

У артыкуле 11 Закона Рэспублікі Беларусь «О занятости населения Республики Беларусь» прадугледжаны дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва асобным катэгорыям грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, у ліку якіх указаны інваліды.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што дасягненне асобай агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або наяўнасць інваліднасці не можа з’яўляцца адназначным крытэрыем аднясення грамадзян да непрацаздольных асоб. Дадзены вывад пацвярджаецца таксама нормай, якая змяшчаецца ў частцы чацвёртай артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні, згодна з якой перыяды, указаныя ў дадзеным артыкуле, што мелі месца пасля дасягнення пенсіянерам узросту, устаноўленага артыкулам 11 гэтага Закона, а таксама пасля прызначэння пенсіі па ўзросту або пенсіі за выслугу гадоў, залічваюцца ў стаж працы, калі пенсіянер не атрымліваў пенсію за такія перыяды.

 

Выбіральны падыход пры вырашэнні пытання аб заліку перыяду догляду ў стаж працы ў залежнасці ад працаздольнасці (калі асоба працаздольная, то перыяд догляду ў стаж яе працы залічваецца, а калі яна дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або з’яўляецца інвалідам, абмежаваным у працаздольнасці, – не залічваецца) супярэчыць фундаментальнаму прынцыпу прававой дзяржавы – прынцыпу юрыдычнай роўнасці, замацаванаму ў артыкуле 22 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім усё роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, а таксама прынцыпу справядлівасці.

 

Акрамя таго, вызначаючы парадак і ўмовы рэалізацыі гарантаванага Канстытуцыяй права грамадзян Рэспублікі Беларусь на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, заканадаўца ў радзе выпадкаў не звязвае неабходнасць аказання сацыяльнай падтрымкі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, з наяўнасцю ў іх членаў сям’і, абавязаных аказваць такую дапамогу. Канстытуцыйны Суд лічыць, у прыватнасці, што догляд інвалідаў I групы, састарэлых з’яўляецца найважнейшай сацыяльнай функцыяй, якая выконваецца ў большасці выпадкаў членамі сям’і асобы, якая мае такую патрэбу, іншымі сваякамі, але ў ажыццяўленні якой і дзяржава прымае на сябе пэўны абавязак зыходзячы з гуманнай мэты павышэння якасці жыцця кожнага свайго грамадзяніна.

 

4. Робячы вывад аб тым, што пры прымяненні пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні да працаздольных асоб неабходна адносіць асоб працаздольнага ўзросту (мужчын – ад 16 да 60 гадоў, жанчын – ад 16 да 55 гадоў), якія не з’яўляюцца інвалідамі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выкарыстоўвае норму часткі трэцяй артыкула 35 указанага Закона, што рэгламентуе пытанні пенсійнага забеспячэння ў сувязі са стратай карміцеля.

 

Тым самым, па меркаванню Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, забяспечваецца аднастайны падыход да вырашэння пытанняў пенсійнага забеспячэння, які ў адносінах да інвалідаў апраўданы немагчымасцю дакладнага вызначэння крытэрыяў ацэнкі стану іх працаздольнасці для мэт ажыццяўлення належнага догляду (размежаванне асоб, здольных ажыццяўляць догляд, і асоб, якія маюць патрэбу ў доглядзе).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прымяненне часткі трэцяй артыкула 35 Закона аб пенсійным забеспячэнні да адносін, на якія распаўсюджваецца дзеянне пункта «д» часткі другой артыкула 51 дадзенага Закона, толькі на той падставе, што гэтыя адносіны рэгулююцца адным законам і што ў тым і ў другім выпадку выкарыстоўваецца крытэрый працаздольнасці пры вызначэнні правамоцнай асобы, з’яўляецца неабгрунтаваным. У першым выпадку пад дзеянне часткі трэцяй артыкула 35 падпадаюць адносіны, звязаныя з вызначэннем непрацаздольных членаў сям’і, якія маюць права на пенсію з выпадку страты карміцеля і якія знаходзіліся на яго ўтрыманні, тады як у частцы другой артыкула 51 размова ідзе аб перыядах дзейнасці, якія залічваюцца ў стаж працы працаздольнай асобы, што дазваляе зрабіць вывад аб адсутнасці сходнасці адносін.

 

Прымяненне на практыцы да вызначэння тэрміна «працаздольная асоба» ў норме пункта «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні падыходаў, выкарыстаных у частцы трэцяй артыкула 35 дадзенага Закона, можа прыводзіць да фактычнага парушэння правоў асоб, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама інвалідаў, што ажыццяўляюць догляд асоб, якія маюць патрэбу ў гэтым, на той падставе, што яны не з’яўляюцца працаздольнымі. Гэта сведчыць аб парушэнні канстытуцыйных прынцыпаў юрыдычнай роўнасці, забароны дыскрымінацыі па прымеце ўзросту або інваліднасці, якія ляжаць у аснове дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устараненне заканадаўчага прабелу ў частцы вызначэння тэрміна «працаздольная асоба» магчыма шляхам вызначэння ўказанага тэрміна непасрэдна ў пункце «д» часткі другой артыкула 51 Закона аб пенсійным забеспячэнні, што адпавядае прынцыпу прававой дакладнасці.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах стварэння належнага прававога механізма для рэалізацыі канстытуцыйных норм і прынцыпаў юрыдычнай роўнасці і недапушчэння дыскрымінацыі, сацыяльнай справядлівасці, гарантаванасці канстытуцыйных правоў грамадзян на працу і сацыяльнае забеспячэнне, дасягнення прававой дакладнасці прызнаць неабходным устараніць прабел у пункце «д» часткі другой артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» шляхам вызначэння тэрміна «працаздольная асоба» для вырашэння пытання аб заліку перыяду догляду інвалідаў I групы і іншых указаных у дадзеным пункце асоб у стаж працы.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч