Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
11 кастрычніка 2011 г. № Р-628/2011
Аб дзеянні законаў аб амністыі ў часе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў, а таксама права на ўнясенне ў дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі іншых прапаноў, якія вынікаюць з кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда,

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Калінковіча В.Л., намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Гарошкі Ю.І., начальніка аддзела па нагляду за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Барсукова А.П., начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па пытанню дзеяння законаў аб амністыі ў часе.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама меркаванні зацікаўленых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. У звароце Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь указваецца, што па практыцы, якая склалася ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення ў сілу закона аб амністыі і асуджаны судом да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі пасля заканчэння тэрміну выканання дадзенага закона, амністыя не прымяняецца.

 

У сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве афіцыйнага тлумачэння па пытанню дзеяння законаў аб амністыі ў часе і з мэтай выпрацоўкі аднастайнай практыкі прымянення гэтых законаў Генеральная пракуратура просіць выкласці пазіцыю аб тым, ці з’яўляюцца законы аб амністыі бестэрміновымі нарматыўнымі прававымі актамі.

 

Прадстаўленыя Канстытуцыйнаму Суду меркаванні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый сведчаць аб адсутнасці аднастайнага разумення імі прававой рэгламентацыі тэрмінаў дзеяння і тэрмінаў выканання законаў аб амністыі.

 

Так, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь лічаць, што законы аб амністыі дзейнічаюць бестэрмінова і не спыняюць свайго дзеяння пасля заканчэння ўказаных у іх тэрмінаў выканання.

 

Па меркаванню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, амністыя, што не прадугледжвае выканання дадатковых патрабаванняў у перыяд яе выканання, павінна прымяняцца да ўсіх асоб, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення закона аб амністыі ў сілу, на працягу ўсяго часу захавання крымінальна-прававых адносін.

 

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь звяртае ўвагу на тое, што законы аб амністыі, як правіла, змяшчаюць нормы, якія абмяжоўваюць дзеянне асобных палажэнняў гэтых законаў пэўнымі часовымі рамкамі, што не супярэчыць Канстытуцыі і Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь указвае, што законы аб амністыі з’яўляюцца бестэрміновымі нарматыўнымі прававымі актамі толькі ў дачыненні да тых асоб, якія з’яўляліся суб’ектамі амністыі ў перыяд яе выканання, але па аб’ектыўных прычынах яна не была да іх прыменена.

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь лічыць, што законы аб амністыі з’яўляюцца актамі разавага характару, якія разлічаны на прымяненне на працягу пэўнага тэрміну, але дапускаюць пры пэўных умовах іх прымяненне і пасля заканчэння ўказаных у гэтых законах тэрмінаў выканання.

 

2. Ацэньваючы паўнату заканадаўчага рэгулявання дзеяння законаў аб амністыі ў часе, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь – дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай; законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (частка першая артыкула 137).

 

Парламент Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні замацаваных у артыкулах 97 і 98 Канстытуцыі паўнамоцтваў па прыняццю законаў аб амністыі зыходзіць з прыярытэту абароны ў прававой дзяржаве правоў і свабод асобы, канстытуцыйнага абавязку дзяржавы забяспечваць грамадскую бяспеку.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на канстытуцыйна-прававую прыроду амністыі, якая з’яўляецца актам гуманізму дзяржавы, накіраваным на вызваленне пэўных катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы, ад крымінальнай адказнасці і пакарання, змякчэнне або ўстараненне прававых вынікаў назначанага пакарання, заснаваным на прыцыпах справядлівасці, роўнасці правоў грамадзян, суразмернасці і балансу канстытуцыйных каштоўнасцей у галіне процідзеяння правапарушэнням.

 

Законы аб амністыі не ўстараняюць злачыннасць і каральнасць дзеянняў, прадугледжаных КК. Такія законы вызваляюць ад крымінальнай адказнасці і пакарання, змякчаюць або ўстараняюць прававыя вынікі пакарання толькі ў дачыненні да пэўных катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынныя дзеянні да ўступлення іх у сілу. Законы аб амністыі таксама не ставяць пад сумненне законнасць, абгрунтаванасць і справядлівасць прыгавораў.

 

3. Згодна з канстытуцыйным прынцыпам вяршэнства права дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі).

 

Законы аб амністыі, якія прымаюцца Парламентам Рэспублікі Беларусь, маюць асаблівасці, але пры гэтым адпавядаюць усім агульным патрабаванням, што прад’яўляюцца да нарматыўнага прававога акта ў адпаведнасці з Законам «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».

 

Так, згодна з артыкулам 66 вышэйназванага Закона нарматыўны прававы акт дзейнічае бестэрмінова, калі ў яго тэксце не агаворана іншае. Часовы тэрмін дзеяння можа быць устаноўлены для ўсяго нарматыўнага прававога акта або яго частак. У гэтым выпадку ў нарматыўным прававым акце (яго частцы) павінны быць указаны тэрмін дзеяння нарматыўнага прававога акта або падзея, пры наступленні якой нарматыўны прававы акт страчвае сілу. Пасля заканчэння ўказанага тэрміну або пры наступленні указанай у нарматыўным прававым акце падзеі нарматыўны прававы акт (яго частка) аўтаматычна страчвае сілу. Да заканчэння ўстаноўленага тэрміну орган (службовая асоба), які прыняў (выдаў) нарматыўны прававы акт, можа прыняць рашэнне аб прадаўжэнні дзеяння нарматыўнага прававога акта (яго часткі) на новы тэрмін або аб наданні яму бестэрміновага характару.

 

Пасля прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года законы аб амністыі выдаваліся дзесяць разоў: 13 красавіка 1995 г., 5 лістапада 1996 г., 18 студзеня 1999 г., 14 ліпеня 2000 г., 15 ліпеня 2002 г., 8 студзеня 2004 г., 5 мая 2005 г., 22 лістапада 2007 г., 5 мая 2009 г., 1 ліпеня 2010 г. Аналіз гэтых законаў сведчыць аб тым, што ў іх адсутнічаюць палажэнні, якія ўстанаўліваюць тэрмін іх дзеяння.

 

Норма аб тэрміне выканання закона (шэсць месяцаў з дня ўступлення яго ў сілу), якая змяшчаецца ва ўсіх законах аб амністыі, ускладае на ўпаўнаважаныя органы абавязак выканаць у пэўны тэрмін прадпісанні дадзеных законаў у дачыненні да асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці або асуджаных, не ўстанаўліваючы пры гэтым граніц дзеяння амністыі ў часе. Амністыя з’яўляецца бестэрміновым актам, у сферу дзеяння якога трапляюць асобы, якія ўчынілі злачынствы да ўступлення закона аб амністыі ў сілу і на якіх у адпаведнасці з прадугледжанымі кожным канкрэтным законам аб амністыі крытэрыямі распаўсюджваецца дзеянне амністыі.

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» з дастатковай паўнатой і дакладнасцю рэгламентуюць дзеянне нарматыўных прававых актаў, якія ўступілі ў законную сілу ў часу, не прадугледжваючы пры гэтым якіх-небудзь выключэнняў, у тым ліку для законаў аб амністыі.

 

4. Згодна з артыкулам 95 КК амністыя прымяняецца на падставе закона Рэспублікі Беларусь у дачыненні да індывідуальна-неакрэсленага кола асоб (частка 1); на падставе акта амністыі асоба, якая ўчыніла злачынства, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, а асоба, асуджаная за злачынства, можа быць поўнасцю або часткова вызвалена ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, або вызвалена ад пакарання ўмоўна, або такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, або ёй можа быць знята судзімасць (частка 2).

 

Аднак у КК не вызначаны крытэрыі прымянення або непрымянення амністыі ні па катэгорыях злачынстваў, ні па колу асоб. У сувязі з гэтым у кожным канкрэтным законе аб амністыі прадугледжваюцца свае крытэрыі, гэта значыць прыметы, па якіх вызначаюцца катэгорыі вінаватых асоб, на якіх распаўсюджваецца дзеянне амністыі, указваюцца ўмовы яе прымянення, асобы, на якіх амністыя не распаўсюджваецца, і тэрмін яго выканання.

 

У рашэнні ад 17 лістапада 2000 г. «Аб праве на амністыю асуджаных, у дачыненні да якіх прыгаворы не ўступілі ў законную сілу ў сувязі з іх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)» Канстытуцыйны Суд указаў, што пры дапамозе прыняцця законаў аб амністыі дзяржава, праяўляючы гуманныя адносіны да асоб, якія ўчынілі злачынства, выносіць акт даравання пэўных катэгорый асоб. Заканадаўца мае права ўстанавіць кола асоб, на якіх распаўсюджваецца амністыя, вызначыць умовы як вызвалення іх ад крымінальнай адказнасці і пакарання, так і скарачэння тэрмінаў назначанага ім судом пакарання, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў.

 

Пацвярджаючы раней выказаную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўленне ў законах аб амністыі крытэрыяў вызначэння кола асоб, якія падлягаюць амністыі, і ўмоў прымянення амністыі з’яўляецца выражэннем дзяржаўнай волі аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці і пакарання вінаватых асоб, змякчэнні або ўстараненні прававых вынікаў пакарання і адносіцца да выключнай кампетэнцыі заканадаўца. У прыватнасці, у законах аб амністыі заканадаўца ўстанаўлівае тэрмін іх выканання, але пры гэтым рэгламентуе выпадкі, калі прымяненне амністыі дапускаецца і пасля заканчэння такога тэрміну, у тым ліку ў выпадку, калі асоба згодна з законам аб амністыі на момант уступлення яго ў сілу аб’ектыўна набыла права на амністыю.

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб адсутнасці прабелаў у заканадаўчым рэгуляванні ў частцы вызначэння дзеяння законаў аб амністыі ў часе. Пры гэтым трэба ўлічваць, што акты аб амністыі разлічаны на прымяненне ў дачыненні да індывідуальна-неакрэсленага кола асоб. Аднак паколькі пытанне аб прымяненні амністыі вырашаецца адпаведным органам у дачыненні да кожнай асобы індывідуальна, то пры прыняцці такіх рашэнняў правапрымяняльнікі павінны ўлічваць у сукупнасці як выкладзеныя ў законах аб амністыі крытэрыі вызначэння асоб, якія падлягаюць амністыі, так і ўмовы прымянення амністыі, што дазволіць забяспечыць адназначнае разуменне і аднастайнае прымяненне законаў аб амністыі.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай восьмай артыкула 22, часткамі другой і чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Зыходзячы з прынцыпаў вяршэнства права і прававой дакладнасці, палажэнняў артыкула 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прызнаць, што прабелаў у заканадаўчым рэгуляванні ў частцы вызначэння дзеяння законаў аб амністыі ў часе не існуе і на гэтыя законы ў поўнай меры распаўсюджваюцца нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».

 

2. Адзначыць, што, рэалізуючы замацаваныя ў артыкулах 97 і 98 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвы па прыняццю законаў аб амністыі, Парламент Рэспублікі Беларусь мае права ўстанаўліваць у гэтых законах крытэрыі іх прымянення, у тым ліку вызначаць кола асоб, якія падлягаюць амністыі, умовы прымянення амністыі і тэрміны выканання законаў аб амністыі.

 

3. Звярнуць увагу Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і іншых правапрымяняльных органаў на тое, што для правільнага прымянення амністыі да канкрэтных асоб неабходна ўлічваць у сукупнасці ўстаноўленыя заканадаўцам у законах аб амністыі крытэрыі вызначэння асоб, якія падлягаюць амністыі, умовы прымянення амністыі, адрозніваючы пры гэтым тэрміны дзеяння і тэрміны выканання гэтых законаў.

 

4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч