Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 кастрычніка 2011 г. № Р-629/2011
Аб прававым рэгуляванні працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь – Рабцава В.М., намесніка Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Цяцюхіна А.Л., суддзі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Змачынскай Г.М., начальніка ўпраўлення па нагляду за выкананнем падатковага і мытнага заканадаўства Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Гарулёва С.Я., намесніка начальніка арганізацыйна-кантрольнага ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні пытанне, якое датычыцца прававой рэгламентацыі працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе.

 

У зваротах, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, грамадзяне ўказваюць, што з прычыны адсутнасці ў заканадаўстве норм, якія рэгламентуюць размеркаванне працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе, суды адмаўляюць ім у задавальненні патрабаванняў аб пакрыцці расходаў па дзяржаўнай пошліне і на атрыманне юрыдычнай дапамогі, чым парушаюцца іх канстытуцыйныя правы на судовую абарону, кваліфікаваную юрыдычную дапамогу і спагнанне панесеных расходаў.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – адпаведна ПВКабАП, КПК, ГрПК, ГПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама меркаванні зацікаўленых дзяржаўных органаў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).

 

Згодна з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобай, якая дзейнічала ў афіцыйнай якасці (падпункт «а» пункта 3 артыкула 2), а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункт «b» пункта 3 артыкула 2).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што, зыходзячы з дадзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, дзяржава абавязана ствараць такія заканадаўчыя механізмы, якія забяспечваюць эфектыўную абарону парушаных правоў і свабод.

 

2. У адпаведнасці з прынцыпам роўнасці грамадзян і арганізацый перад законам і судом, замацаваным у артыкуле 8 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, удзельнікі грамадзянскага і гаспадарчага судаводства ў прадугледжаных заканадаўчымі актамі выпадках ажыццяўляюць выплаты, што адносяцца да судовых расходаў, якія складаюцца з дзяржаўнай пошліны і выдаткаў, звязаных з разглядам справы (артыкул 114 ГрПК і артыкул 125 ГПК).

 

Згодна з пунктам 2 артыкула 6 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь зборам (пошлінай) прызнаецца абавязковая выплата ў рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэты, якая спаганяецца з арганізацый і фізічных асоб, як правіла, у выглядзе адной з умоў здзяйснення ў дачыненні да іх дзяржаўнымі органамі, у тым ліку мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі ўпаўнаважанымі органамі і службовымі асобамі, юрыдычна значных дзеянняў.

 

Выдаткі, звязаныя з разглядам справы, уяўляюць выплаты ўдзельнікаў грамадзянскага і гаспадарчага судаводства для пакрыцця выдаткаў або кампенсацыі часу і намаганняў для разгляду канкрэтнай справы, а таксама для забеспячэння прымянення мер працэсуальнай адказнасці. У прыватнасці, да такіх выдаткаў, апрача пералічаных у артыкуле 116 ГрПК, адносяцца і іншыя расходы, звязаныя з разглядам справы і прызнаныя судом неабходнымі (пункт 8 артыкула 116 ГрПК).

 

Аналагічныя нарматыўныя палажэнні змяшчаюцца ў артыкуле 126 ГПК, які вызначае, што да выдаткаў, звязаных з разглядам справы, адносяцца грашовыя сумы, якія падлягаюць выплаце экспертам, спецыялістам, сведкам і перакладчыкам; расходы па правядзенню агляду доказаў у іх месцы знаходжання; іншыя расходы, прызнаныя гаспадарчым судом неабходнымі.

 

У адпаведнасці з нормамі ГрПК і ГПК судовыя расходы ўскладаюцца на ўдзельнікаў грамадзянскага або гаспадарчага судаводства, а ў радзе выпадкаў могуць быць аднесены на рахунак дзяржавы.

 

Працэсуальныя выдаткі па крымінальных справах, якія складаюцца з указаных у артыкуле 162 КПК сум, спаганяюцца з асуджаных, абвінавачваных або падазроных або могуць быць прыняты на рахунак дзяржавы (артыкул 163 КПК).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што вядзенне адміністрацыйнага працэсу таксама звязана з ажыццяўленнем пэўных выплат.

 

Згодна з часткай 2 артыкула 10.25 ПВКабАП сумы, належныя сведкам, экспертам, спецыялістам, перакладчыкам і панятым, выплачваюцца судом, органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, пасля выканання імі сваіх абавязкаў; выплата сум праводзіцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту не пазней пяці сутак з дня прадстаўлення ўказанымі асобамі адпаведных дакументаў.

 

Пры гэтым удзельнікі па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе норм ПВКабАП робяць і іншыя выплаты. У прыватнасці, са скарг, якія падаюцца ў суд на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, спаганяецца дзяржаўная пошліна ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь (частка 3 артыкула 12.2 ПВКабАП).

 

Аднак норма, якая змяшчалася раней у частцы 4 артыкула 12.2 ПВКабАП, аб тым, што размеркаванне судовых расходаў, звязаных з разглядам скарг (пратэстаў), якія падаюцца ў суд на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, праводзіцца ў парадку, устаноўленым ГрПК і ГПК, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 года выключана. Іншых норм, якія забяспечваюць прававое рэгуляванне гэтых адносін, у ПВКабАП не змяшчаецца.

 

3. Гарантыяй рэалізацыі канстытуцыйнага права на эфектыўную абарону з’яўляюцца нормы артыкула 62 Канстытуцыі, згодна з якімі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; у выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў; процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што права на атрыманне кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі з’яўляецца адной з найважнейшых умоў ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе (частка першая артыкула 115 Канстытуцыі).

 

Права фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ажыццяўляць абарону як асабіста, так і з дапамогай абаронцы, замацавана ў артыкуле 2.8 ПВКабАП у якасці аднаго з асноўных прынцыпаў ажыццяўлення правасуддзя шляхам адміністрацыйнага судаводства.

 

У адпаведнасці з артыкулам 4.5 ПВКабАП аказанне юрыдычнай дапамогі, абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа ажыццяўляць абаронца, а аказанне юрыдычнай дапамогі пацярпеламу, а таксама фізічнай асобе – індывідуальнаму прадпрымальніку, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, – прадстаўнік (частка 1); пры гэтым у якасці абаронцы ў адміністрацыйным працэсе могуць удзельнічаць адвакаты, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь; адвакаты, якія з’яўляюцца грамадзянамі іншых дзяржаў, – у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь (частка 2), а ў якасці прадстаўніка пацярпелага, фізічнай асобы – індывідуальнага прадпрымальніка, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у адміністрацыйным працэсе могуць удзельнічаць адвакаты і іншыя асобы, якім яны даверылі прадстаўляць свае інтарэсы (частка 4).

 

У частцы першай артыкула 26 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры» прадугледжана, што праца адвакатаў аплачваецца са сродкаў, якія паступілі ад фізічных і юрыдычных асоб за аказаную ім прававую дапамогу.

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў ПВКабАП у адрозненне ад іншых працэсуальных кодэксаў (ГрПК, ГПК, КПК) адсутнічаюць нормы, якія вызначаюць паняцце працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў, іх склад і парадак спагнання, што сведчыць аб наяўнасці прабелу ў заканадаўстве і невыкананні замацаванага ў артыкуле 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што адсутнасць у заканадаўстве прававых норм, якія забяспечваюць неабходнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з размеркаваннем працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе, робіць уплыў на законнасць і справядлівасць правапрымяняльнай практыкі, выкананне канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам, аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод.

 

З мэтай устаранення прабелу ў заканадаўстве Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб неабходнасці рэгламентацыі ў ПВКабАП паняцця працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе, а таксама іх складу і парадку спагнання.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам і ўстаранення прабелу ў заканадаўстве прызнаць неабходным унясенне ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях змяненняў і дапаўненняў у частцы вызначэння паняцця, складу і парадку спагнання працэсуальных выдаткаў і судовых расходаў у адміністрацыйным працэсе.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч