Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
4 кастрычніка 2011 г. № Р-627/2011
Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – Каралёвай В.В., намесніка Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Шпак Г.С., начальніка галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні пастаўленае ў звароце грамадзянкі Крашчук С.В. пытанне аб правамернасці непрадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў бацьку, іншым сваякам дзіцяці ў выпадку ажыццяўлення маці дзіцяці прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

 

Са звароту заяўніцы відаць, што адмова ў прадастаўленні ўказанага водпуску бацьку дзіцяці грунтуецца на растлумачэнні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, з якога вынікае, што паколькі заяўніца – маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і ў сілу працоўнага заканадаўства не мае права на прадастаўленне ёй водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, то такі водпуск не можа быць прадастаўлены бацьку дзіцяці.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы выкладзеныя ў пісьмовай форме меркаванні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў наступнае.

 

1. Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь абвешчана сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1), у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; устаноўлена адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (артыкул 2). Характару сацыяльнай дзяржавы адпавядае прадугледжанае ў частцы другой артыкула 21 Канстытуцыі палажэнне аб праве кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў. На дасягненне ўказанага ўзроўню накіраваны таксама палажэнні артыкула 47 Канстытуцыі, які гарантуе права грамадзян Рэспублікі Беларусь на сацыяльнае забеспячэнне ў выпадках, прадугледжаных законам.

 

Прынцып юрыдычнай роўнасці ўсіх перад законам, замацаваны ў артыкуле 22 Канстытуцыі, а таксама прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод асобы, што вынікае з палажэнняў часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, адпавядаюць патрабаванням прававой дзяржавы.

 

Канстытуцыя прадугледжвае абарону дзяржавай інстытутаў сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства; бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні (часткі першая і трэцяя артыкула 32).

 

У артыкуле 59 Канстытуцыі ўстаноўлены таксама абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

Нормы, аналагічныя прыведзеным канстытуцыйным палажэнням, змяшчаюцца і ў міжнародна-прававых актах аб правах чалавека, уключаючы Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека (артыкулы 2, 7, 22, 25, 29), Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкулы 23, 24, 26), Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (артыкулы 4, 9, 10), Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, у прэамбуле ўказанай Канвенцыі прызнаецца, што сям’і як асноўнай ячэйцы грамадства і натуральнаму асяроддзю для росту і дабрабыту ўсіх яе членаў і асабліва дзяцей павінны быць прадастаўлены неабходныя абарона і садзейнічанне, з тым каб яна магла поўнасцю ўскласці на сябе абавязкі ў рамках грамадства.

 

2. Рэалізацыя палажэнняў аб дзяржаўнай падтрымцы і абароне сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, гарантаванасці правоў грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, прадугледжвае прыняцце комплексу мер, якія забяспечваюць для асобных катэгорый грамадзян умовы і механізмы ажыццяўлення прыналежных ім правоў, уключаючы належнае прававое рэгуляванне адпаведных адносін.

 

Так, згодна з часткай першай артыкула 185 ПК працуючым жанчынам незалежна ад працоўнага стажу, па іх жаданню, наймальнік абавязаны прадаставіць пасля перапынку ў працы, выкліканага родамі, водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзяржаўнай дапамогі, памеры і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам.

 

Водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў адносіцца да катэгорыі сацыяльных водпускаў (пункт 2 часткі другой артыкула 150 ПК) і, як вынікае з прыведзенай нормы часткі першай артыкула 185 ПК, прадастаўляецца наймальнікам працуючай жанчыне па яе жаданню.

 

Указанне ў частцы першай артыкула 185 ПК на наймальніка дазваляе зрабіць вывад аб тым, што сацыяльны водпуск прадастаўляецца асобе, якая знаходзіцца з наймальнікам у працоўных адносінах на падставе заключанага працоўнага дагавора, што прама вынікае з вызначэнняў адпаведных тэрмінаў, прыведзеных у артыкуле 1 ПК.

 

У сілу часткі трэцяй артыкула 185 ПК водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў замест маці дзіцяці прадастаўляецца працуючым бацьку або іншым сваякам дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці, а пры прызначэнні апекі – апекуну дзіцяці. Пры гэтым за імі захоўваецца права на атрыманне штомесячнай дзяржаўнай дапамогі. Аналагічнае нарматыўнае палажэнне змяшчаецца і ў артыкуле 271 ПК, што ўстанаўлівае гарантыі бацькам, іншым сваякам дзіцяці, апекунам (папячыцелям).

 

У той жа час, у адрозненне ад нормы артыкула 185 ПК, што прадугледжвае прадастаўленне водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў маці дзіцяці па яе жаданню, у адпаведнасці з артыкулам 271 ПК прадастаўленне такога водпуску бацьку дзіцяці або іншым сваякам дзіцяці ажыццяўляецца па меркаванню сям’і. Згодна з указаным артыкулам прадастаўленне сацыяльнага водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў асобе, якая ажыццяўляе фактычны догляд дзіцяці, не залежыць ад стажу яе працы або працягласці працы ў дадзенага наймальніка. Тым больш, прадастаўленне сацыяльнага водпуску правамоцнай асобе пры наяўнасці адпаведнай заявы з’яўляецца не правам (як гэта было да 26 студзеня 2008 г.), а абавязкам наймальніка.

 

Як і ў выпадку прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў маці дзіцяці, рэалізацыя бацькам або іншым сваяком дзіцяці права на атрыманне ўказанага водпуску ставіцца заканадаўцам у залежнасць ад знаходжання ў працоўных адносінах, паколькі нароўні з выкарыстаннем тэрміна «працуючы» ў частцы першай артыкула 271 ПК зроблена адсылка да парадку і ўмоў прадастаўлення такога водпуску, прадугледжаных артыкулам 185 ПК для працуючых жанчын-маці.

 

3. Працуючым жанчынам, якім прадастаўлены сацыяльны водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, а таксама працуючым бацьку, іншым сваякам дзіцяці або апекуну, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці і знаходзяцца ва ўказаным водпуску, выплачваецца дзяржаўная дапамога, памеры і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (далей – Закон аб дзяржаўных дапамогах). Парадак прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, вызначаецца Палажэннем аб парадку прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2008 г. № 490 (далей – Палажэнне).

 

Згодна з часткай першай пункта 27 Палажэння дапамога па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў прызначаецца працуючым членам сям’і або іншым працуючым сваякам дзіцяці ў выпадках выхаду маці на работу (службу), вучобу (пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў дзённай форме атрымання адукацыі) і спынення выплаты ёй дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, а таксама афармлення ўказанымі асобамі водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў.

 

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што выбар канкрэтнай асобы, якая будзе фактычна ажыццяўляць догляд дзіцяці і рэалізоўваць у такім выпадку сваё права на сацыяльны водпуск і атрыманне дзяржаўнай дапамогі, вызначаецца ў адпаведнасці з артыкулам 271 ПК па меркаванню сям’і, зыходзячы з інтарэсаў сям’і ў мэтах забеспячэння клопату аб дзецях, стварэння належных умоў для іх развіцця і выхавання і выканання тым самым ускладзеных на сям’ю канстытуцыйных абавязкаў.

 

4. Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (частка першая артыкула 41).

 

Канстытуцыйнае права на працу грамадзянін можа рэалізаваць як шляхам свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для займання прадпрымальніцкай дзейнасцю (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі), так і, напрыклад, у парадку найму (частка першая артыкула 42 Канстытуцыі).

 

Згодна з часткай другой пункта 1 артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадпрымальніцкая дзейнасць – гэта самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якая ажыццяўляецца імі ў грамадзянскім абароце ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць і накіравана на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, вырабленых, перапрацаваных або набытых указанымі асобамі для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калі гэтыя работы або паслугі прызначаюцца для рэалізацыі іншым асобам і не выкарыстоўваюцца для ўласнага карыстання.

 

У сілу палажэнняў пункта 1 артыкула 22 указанага Кодэкса грамадзянін мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

 

Ажыццяўленне індывідуальным прадпрымальнікам прадпрымальніцкай дзейнасці на свае страх, рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць выключае магчымасць (і неабходнасць) заключэння дагавора на яе ажыццяўленне (патрабуецца толькі дзяржаўная рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, а для займання пэўнымі відамі дзейнасці – наяўнасць таксама спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).

 

У той жа час, калі права на працу рэалізуецца пры дапамозе найму, умовы яго ажыццяўлення ўстанаўліваюцца працоўным дагаворам як пагадненнем паміж работнікам і наймальнікам (наймальнікамі), у адпаведнасці з якім работнік абавязваецца выконваць работу па вызначанай адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі згодна са штатным раскладам і выконваць унутраны працоўны распарадак, а наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую працоўным дагаворам работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі і пагадненнем бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату (абзац чацвёрты часткі першай артыкула 1 ПК).

 

З аналізу палажэнняў артыкулаў 3 і 4 ПК, што вызначаюць сферу дзеяння ПК і кола адносін, якія рэгулююцца ПК, вынікае вывад аб нераспаўсюджванні дзеяння норм ПК на адносіны па ажыццяўленню працоўных функцый індывідуальнымі прадпрымальнікамі (пад дзеянне норм ПК падпадаюць толькі адносіны, якія складваюцца паміж індывідуальным прадпрымальнікам як наймальнікам і наёмнымі работнікамі, што апасродкуюцца працоўным дагаворам).

 

Паколькі займанне прадпрымальніцкай дзейнасцю ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка з’яўляецца рэалізацыяй грамадзянінам свайго канстытуцыйнага права, гарантаванага дзяржавай, яно не павінна выклікаць якіх-небудзь негатыўных вынікаў для сям’і індывідуальнага прадпрымальніка, што вызначае па свайму меркаванню асобу з ліку членаў сям’і або іншых сваякоў дзіцяці, якая будзе фактычна ажыццяўляць догляд дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў і тым самым набываць права на сацыяльны водпуск па догляду такога дзіцяці і права на атрыманне дзяржаўнай дапамогі.

 

5. Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Указаны прынцып юрыдычнай роўнасці з’яўляецца адным з найважнейшых прынцыпаў прававой дзяржавы, якога Рэспубліка Беларусь як прававая дзяржава абавязана прытрымлівацца пры ажыццяўленні дзяржаўных функцый, уключаючы нарматворчую і правапрымяняльную дзейнасць.

 

Артыкулам 23 Канстытуцыі дапускаецца абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Рэалізацыя прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў абумоўлівае неабходнасць прытрымлівання прынцыпу прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод для таго, каб абмежаванне права па свайму аб’ёму не скажала саму сутнасць права, якое абмяжоўваецца, і адпавядала каштоўнасцям і мэтам, што абараняюцца Канстытуцыяй.

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зыходзячы з таго, што жанчыны – індывідуальныя прадпрымальнікі не адносяцца да катэгорыі працуючых жанчын, на якіх распаўсюджваецца дзеянне артыкула 185 ПК, а значыць, не маюць права на сацыяльны водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, робіць вывад аб тым, што такія маці не могуць перадаць дадзенае права працуючаму бацьку, іншаму сваяку дзіцяці або апекуну, які фактычна ажыццяўляе яго догляд. Па меркаванню ўказанага Міністэрства, бацька, іншы сваяк або апякун, які фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, права на водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў не маюць, дапамога па догляду дзіцяці ім не прызначаецца. Такое разуменне і прымяненне норм артыкулаў 185 і 271 ПК грунтуецца ў тым ліку на нормах Закона аб дзяржаўных дапамогах і Палажэння, што прадугледжваюць магчымасць прызначэння дзяржаўнай дапамогі бацьку або іншаму сваяку дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, пры ўмове прадастаўлення маці дзіцяці даведкі аб датэрміновым (да заканчэння водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў) выхадзе на працу (службу), вучобу і спыненні выплаты ёй указанай дапамогі, а таксама афармлення дадзенымі асобамі водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што выкарыстоўваемы ў правапрымяняльнай практыцы падыход да разумення сутнасці права бацькі, іншага сваяка дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, на прадастаўленне ім сацыяльнага водпуску па догляду такога дзіцяці як вытворнага ад права маці дзіцяці на гэты сацыяльны водпуск з’яўляецца неправамерным. Пэўная спалучанасць указаных водпускаў (у прыватнасці, недапушчальнасць адначасовага знаходжання ў сацыяльным водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў маці і бацькі дзіцяці) не залежыць ад таго, што права бацькі на ўказаны водпуск можа быць рэалізавана ў выпадку, калі такое права мае маці дзіцяці і яна адмовілася ад рэалізацыі гэтага права. Права працуючага бацькі, іншага сваяка дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, на такі сацыяльны водпуск з’яўляецца самастойным правам, гарантаванасць рэалізацыі якога грунтуецца на палажэннях Канстытуцыі і Працоўнага кодэкса.

 

Магчымасць вырашэння пытання аб прадастаўленні ўказанага водпуску бацьку, іншаму сваяку дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, у залежнасці ад статусу маці дзіцяці (калі маці дзіцяці працуе па працоўнаму дагавору, то водпуск бацьку, іншаму сваяку дзіцяці прадастаўляецца, а калі яна з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам – не прадастаўляецца) сведчыць аб пэўнай дыскрымінацыі ў адносінах да працуючага бацькі, іншага сваяка дзіцяці, што забараняецца як артыкулам 22 Канстытуцыі, артыкулам 14 ПК, так і абавязковымі для Рэспублікі Беларусь міжнародна-прававымі актамі.

 

Да таго ж неабходна мець на ўвазе, што ў выпадку прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў працуючаму бацьку, іншаму сваяку дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, за імі захоўваецца месца працы (пасада), такі водпуск уключаецца ў агульны стаж, а таксама ў стаж працы па спецыяльнасці, прафесіі, пасады ў адпаведнасці з заканадаўствам; ім прадастаўляецца магчымасць працаваць у перыяд знаходжання ў такім водпуску на ўмовах няпоўнага працоўнага часу з захаваннем права на атрыманне дзяржаўнай дапамогі. Адмова ў прадастаўленні ўказанага водпуску бацьку, іншаму сваяку дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе яго догляд, на той падставе, што маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, ставіць указаных асоб у заведама няроўнае палажэнне ў параўнанні з іншымі працуючымі, якія рэалізуюць сваё права на дадзены водпуск на падставе артыкула 271 ПК.

 

У мэтах забеспячэння рэальных механізмаў дзяржаўнай абароны і падтрымкі сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства Канстытуцыя і заснаваныя на ёй акты заканадаўства фарміруюць аснову для стварэння адпаведным катэгорыям грамадзян умоў, якія забяспечваюць ім годнае жыццё і выкананне імі сацыяльных функцый, звязаных, у прыватнасці, з мацярынствам і бацькоўствам. Дзяржава, выконваючы ўскладзены на яе канстытуцыйны абавязак па абароне ўказаных інстытутаў, гарантуе прадастаўленне такога сацыяльнага водпуску, як водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, а таксама выплату дзяржаўных дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей.

 

У сваю чаргу заканадавец абавязаны забяспечваць такое прававое рэгуляванне, якое ўлічвала б задачы сацыяльнай, у тым ліку дэмаграфічнай, палітыкі на канкрэтна-гістарычным этапе развіцця дзяржавы, і ствараць перш за ўсё для сям’і, маці і бацькоў, якія ажыццяўляюць догляд дзяцей, спрыяльныя сацыяльныя ўмовы для рэалізацыі публічна значнай функцыі выхавання малалетніх дзяцей з максімальна магчымым улікам інтарэсаў сям’і.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што непрадастаўленне водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў працуючым бацьку, іншым сваякам дзіцяці ў выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, не заснавана на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, што характарызуюць Рэспубліку Беларусь як сацыяльную прававую дзяржаву, абумоўлена наяўнасцю прабелу ў рэгуляванні адносін, якія складваюцца ў гэтай сферы, прыводзіць на практыцы да парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

 

Зыходзячы з палажэнняў артыкулаў 1, 2, 13, 21–23, 32 Канстытуцыі, указаны прабел павінен быць устаранёны шляхам удакладнення заканадаўчых палажэнняў, у адпаведнасці з якім адназначна вынікала б, што працуючаму бацьку, іншаму сваяку дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, прадастаўляецца сацыяльны водпуск па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў з выплатай дзяржаўнай дапамогі ў выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў юрыдычнай роўнасці, прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод грамадзян, норм, якія гарантуюць права на працу і сацыяльнае забеспячэнне, недапушчэнне дыскрымінацыі ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін, а таксама для забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, дзейсных механізмаў абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства прызнаць неабходным устараніць прабел у прававым рэгуляванні адносін, што датычацца прадастаўлення водпуску па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, заканадаўча замацаваўшы права працуючага бацькі, іншых сваякоў дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці, на прадастаўленне ім указанага водпуску і ў выпадку, калі маці дзіцяці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона, што прадугледжвае ўнясенне адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч