Закон Рэспублікі Беларусь

Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 19 снежня 2011 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 20 снежня 2011 года

 

Артыкул 1. Зацвердзіць рэспубліканскі бюджэт на 2012 год па расходах у суме 92 771 972 225 тыс. рублёў зыходзячы з аб'ёму даходаў у суме 92 771 972 225 тыс. рублёў, які прагназуецца.

Устанавіць гранічны памер дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту на 2012 год у суме 0 (нуль) рублёў.

Ажыццявіць фінансаванне дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту ў 2012 годзе згодна з дадаткам 1.

Артыкул 2. Уключыць у 2012 годзе ў рэспубліканскі бюджэт сродкі дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў: фонду нацыянальнага развіцця і інавацыйных фондаў, якія ўтвараюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў.

Артыкул 3. У 2012 годзе:

1. Зацвердзіць нарматывы адлічэнняў ад:

1.1. падатку на прыбытак, які аплачваецца арганізацыямі, маёмасць якіх на 1 верасня 2011 года знаходзілася ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і арганізацыямі, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) на 1 верасня 2011 года належала Рэспубліцы Беларусь:

які атрымліваецца на тэрыторыі адпаведнай вобласці, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 50 працэнтаў, у даход кансалідаванага бюджэту вобласці — у памеры 50 працэнтаў;

які атрымліваецца на тэрыторыі г. Мінска, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 85 працэнтаў, у даход бюджэту г. Мінска — у памеры 15 працэнтаў.

Нарматыў адлічэнняў ад падатку на прыбытак у даход бюджэту г. Мінска прадугледжвае перадачу сродкаў на будаўніцтва аб'ектаў Мінскага метрапалітэна ў суме 260 000 000 тыс. рублёў;

1.2. падатку на дабаўленую вартасць, які атрымліваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 70 працэнтаў, у даходы кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска — 30 працэнтаў, у тым ліку ў кансалідаваны бюджэт Брэсцкай вобласці — 4,41 працэнта, Віцебскай — 3,87 працэнта, Гомельскай — 4,53 працэнта, Гродзенскай — 3,36 працэнта, Мінскай — 4,47 працэнта, Магілёўскай вобласці — 3,45 працэнта, бюджэт г. Мінска — 5,91 працэнта;

1.3. экалагічнага падатку ў частцы плацяжоў за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, скідванне сцёкавых водаў, захоўванне, захаванне адходаў вытворчасці, які атрымліваецца на тэрыторыі адпаведнай вобласці і г. Мінска, у даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 40 працэнтаў, у даходы абласных бюджэтаў і бюджэту г. Мінска — у памеры 60 працэнтаў;

1.4. падатку за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да нафты ў даход рэспубліканскага бюджэту — у памеры 85 працэнтаў, у даход адпаведнага абласнога бюджэту па месцы ажыццяўлення здабычы (вымання) нафты — у памеры 15 працэнтаў.

2. Пры размеркаванні даходаў, названых у падпунктах 1.1 і 1.2 пункта 1 гэтага артыкула, не ўлічваюцца падатак на прыбытак і падатак на дабаўленую вартасць, залічэнне якіх у рэспубліканскі бюджэт вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

3. Даходы, названыя ў падпунктах 1.1—1.3 пункта 1 гэтага артыкула, размяркоўваюцца Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь з улікам палажэнняў пункта 2 гэтага артыкула паміж бюджэтамі розных узроўняў па нарматывах адлічэнняў, вызначаных гэтым Законам і рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў пры зацвярджэнні адпаведных мясцовых бюджэтаў.

4. У абласныя бюджэты залічваецца падатак на прыбытак, які атрымліваецца на тэрыторыі адпаведнай вобласці:

які аплачваецца арганізацыямі, маёмасць якіх на 1 верасня 2011 года знаходзілася ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і арганізацыямі, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) на 1 верасня 2011 года належала Рэспубліцы Беларусь, за выключэннем таго, які залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт і бюджэты базавага ўзроўню ў адпаведнасці з абзацам другім часткі першай падпункта 1.1 пункта 1 і абзацам другім пункта 5 гэтага артыкула;

які аплачваецца арганізацыямі, не названымі ў абзацы другім гэтага пункта, за выключэннем таго, які залічваецца ў бюджэты базавага ўзроўню ў адпаведнасці з абзацам трэцім пункта 5 гэтага артыкула.

5. У бюджэты базавага ўзроўню залічваецца падатак на прыбытак, які атрымліваецца адпаведна на тэрыторыі раёна, горада раённага падпарадкавання, які з'яўляецца цэнтрам адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і не мае бюджэту, або горада абласнога падпарадкавання:

які аплачваецца арганізацыямі, маёмасць якіх на 1 верасня 2011 года знаходзілася ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і арганізацыямі, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) на 1 верасня 2011 года належала Рэспубліцы Беларусь, паводле нарматыву, які вызначаецца рашэннем адпаведнага абласнога Савета дэпутатаў аб бюджэце на 2012 год, ад паступленняў на адпаведнай тэрыторыі ў межах нарматыву адлічэнняў у кансалідаваны бюджэт вобласці, вызначанага абзацам другім часткі першай падпункта 1.1 пункта 1 гэтага артыкула;

які аплачваецца арганізацыямі, не названымі ў абзацы другім гэтага пункта, паводле нарматыву, які вызначаецца рашэннем адпаведнага абласнога Савета дэпутатаў аб бюджэце на 2012 год.

6. У бюджэт г. Мінска залічваецца падатак на прыбытак, які атрымліваецца на тэрыторыі г. Мінска:

які аплачваецца арганізацыямі, маёмасць якіх на 1 верасня 2011 года знаходзілася ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і арганізацыямі, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) на 1 верасня 2011 года належала Рэспубліцы Беларусь, паводле нарматыву, які вызначаецца абзацам трэцім часткі першай падпункта 1.1 пункта 1 гэтага артыкула;

які аплачваецца арганізацыямі, не названымі ў абзацы другім гэтага падпункта.

7. Падатак на здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да солі калійнай у частцы, якая вылічана па адвалорнай стаўцы, залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт, у частцы, якая вылічана па спецыфічнай стаўцы, — у адпаведны абласны бюджэт па месцы ажыццяўлення здабычы (выемкі) солі калійнай.

Артыкул 4. Зацвердзіць на 2012 год:

даходы рэспубліканскага бюджэту ў суме 92 771 972 225 тыс. рублёў згодна з дадаткам 2;

расходы рэспубліканскага бюджэту ў суме 92 771 972 225 тыс. рублёў па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту па раздзелах, падраздзелах і відах расходаў згодна з дадаткам 3;

размеркаванне бюджэтных прызначэнняў па распарадчыках бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з ведамаснай класіфікацыяй расходаў рэспубліканскага бюджэту і функцыянальнай класіфікацыяй расходаў бюджэту згодна з дадаткам 4;

пералік бюджэтных праграм, фінансаванне якіх прадугледжваецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (без уліку сродкаў на фінансаванне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы), згодна з дадаткам 5;

расходы рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы (без уліку рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сродкаў, прадугледжаных на фінансаванне аховы навакольнага асяроддзя і дарожнай гаспадаркі) у суме 3 170 918 638 тыс. рублёў, у тым ліку сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця ў суме 705 994 000 тыс. рублёў;

расходы рэспубліканскага бюджэту на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту па раздзелах, падраздзелах, відах расходаў, кірунках выкарыстання і распарадчыках сродкаў у памеры 1 389 500 000 тыс. рублёў згодна з дадаткам 6.

Артыкул 5. Зацвердзіць памер абаротнай касавай наяўнасці па рэспубліканскім бюджэце на 1 студзеня 2013 года ў суме 300 000 000 тыс. рублёў.

Артыкул 6. У 2012 годзе перадаць з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваныя бюджэты абласцей і бюджэт г. Мінска:

1. Датацыі ў суме 23 904 931 894,5 тыс. рублёў, у тым ліку Брэсцкай вобласці — 4 438 481 659,2 тыс. рублёў, Віцебскай — 4 125 461 647,8 тыс. рублёў, Гомельскай — 4 081 511 390,7 тыс. рублёў, Гродзенскай — 4 025 997 631,9 тыс. рублёў, Мінскай — 3 149 665 167,2 тыс. рублёў і Магілёўскай вобласці — 4 083 814 397,7 тыс. рублёў.

2. Субвенцыі на фінансаванне расходаў па:

2.1. пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у суме 1 834 045 230 тыс. рублёў, у тым ліку Брэсцкай вобласці — 154 671 390 тыс. рублёў, Віцебскай — 16 443 150 тыс. рублёў, Гомельскай — 1 226 149 480 тыс. рублёў, Гродзенскай — 31 367 390 тыс. рублёў, Мінскай — 69 205 260 тыс. рублёў, Магілёўскай вобласці — 251 367 912 тыс. рублёў і г. Мінску — 84 840 648 тыс. рублёў.

Названыя ў частцы першай гэтага падпункта субвенцыі накіроўваюцца на рэалізацыю мерапрыемстваў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2009 г., № 17, 2/1561), а таксама на мэтавыя мерапрыемствы па аднаўленні і развіцці рэгіёнаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і рэалізацыю ахоўных мер у аграпрамысловым комплексе;

2.2. індэксаваных жыллёвых квотах (імянным прыватызацыйным чэкам "Жыллё" ў суме 247 800 000 тыс. рублёў, у тым ліку Брэсцкай вобласці — 70 000 000 тыс. рублёў, Віцебскай — 25 100 000 тыс. рублёў, Гомельскай — 23 500 000 тыс. рублёў, Гродзенскай — 56 400 000 тыс. рублёў, Мінскай — 60 000 000 тыс. рублёў і Магілёўскай вобласці — 12 800 000 тыс. рублёў;

2.3. развіцці сельскай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці ў суме 1 022 765 200 тыс. рублёў згодна з дадаткам 7.

Субвенцыі, пазначаныя ў частцы першай гэтага падпункта, накіроўваюцца на развіццё сельскай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, у тым ліку на зніжэнне цэн на сельскагаспадарчую тэхніку, якая пастаўляецца на ўмовах доўгатэрміновай арэнды (лізінгу), і пагашэнне запазычанасці па лізінгавых плацяжах перад рэспубліканскім аб'яднаннем "Белаграсэрвіс", аплату комплексу работ па вапнаванні кіслых глеб, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы і рамонтна-эксплуатацыйныя работы ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай захавання і выкарыстання меліярацыйных земляў на 2011—2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2010 г. № 1262 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2010 г., № 214, 5/32430), а таксама на кампенсацыю часткі працэнтаў па крэдытах, выдадзеных банкамі па рашэннях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

2.4. падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла "Дажынкі-2012" — Магілёўскай вобласці ў суме 81 200 000 тыс. рублёў;

2.5. зносе ваенных гарадкоў — Гомельскай вобласці ў суме 7 010 000 тыс. рублёў;

2.6. будаўніцтве новых вулічных размеркавальных газаправодаў ад месца далучэння да дзейнага вулічнага размеркавальнага газаправода да адключальнага ўстройства на ўводзе ў жылы дом для газіфікацыі эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян, выплаце працэнтаў за карыстанне крэдытамі, выдадзенымі ў 2011 годзе на гэтыя мэты, а таксама крэдытамі, выдадзенымі ў 2011—2012 гадах на праектаванне, будаўніцтва (рэканструкцыю) аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы, у суме 408 183 500 тыс. рублёў, у тым ліку Брэсцкай вобласці — 52 100 000 тыс. рублёў, Віцебскай — 40 810 000 тыс. рублёў, Гомельскай — 69 119 500 тыс. рублёў, Гродзенскай — 33 215 000 тыс. рублёў, Мінскай — 70 520 000 тыс. рублёў, Магілёўскай вобласці — 38 879 000 тыс. рублёў і г. Мінску — 103 540 000 тыс. рублёў.

Артыкул 7. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

сродкі рэспубліканскага бюджэту ў суме 1 400 880 766 тыс. рублёў, прадугледжаныя на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбаводства і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, выкарыстоўваюцца па напрамках згодна з дадаткам 8;

нарматыўныя прававыя акты, якія прыняты (выдадзены) да 2012 года і ўстанаўліваюць фінансаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання і аграрнай навукі, забяспечваюцца фінансаваннем у межах сродкаў, якія прадугледжваюцца ў рэспубліканскім бюджэце на сельскую гаспадарку, рыбагаспадарчую дзейнасць, а таксама ў адпаведнасці з падпунктам 2.3 пункта 2 артыкула 6 і пунктам 5 артыкула 25 гэтага Закона.

Артыкул 8. Устанавіць, што ў 2012 годзе расходы рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне аховы навакольнага асяроддзя ў суме 531 631 801,5 тыс. рублёў выкарыстоўваюцца згодна з дадаткам 9. Размеркаванне названых сродкаў паміж атрымальнікамі ажыццяўляецца адпаведнымі распарадчыкамі бюджэтных сродкаў.

Нарматыўныя прававыя акты, якія прыняты (выдадзены) да 2012 года і ўстанаўліваюць фінансаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду аховы прыроды, забяспечваюцца фінансаваннем у межах сродкаў, якія прадугледжваюцца ў рэспубліканскім бюджэце на фінансаванне аховы навакольнага асяроддзя.

Пералік мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя, якія фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Зацвердзіць у 2012 годзе даходы дзяржаўных мэтавых бюджэтных інавацыйных фондаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, што ўключаюцца ў рэспубліканскі бюджэт, у суме 3 854 251 108 тыс. рублёў і расходы гэтых інавацыйных фондаў у суме 4 534 144 170 тыс. рублёў згодна з дадаткам 10.

Артыкул 10. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця фарміруецца і выкарыстоўваецца ў суме 1 024 313 000 тыс. рублёў.

2. Крыніцамі фарміравання дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця з'яўляюцца частка прыбытку (даходу) асобных высокарэнтабельных унітарных прадпрыемстваў, дзяржаўных аб'яднанняў, якія з'яўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі, і гаспадарчых таварыстваў звыш часткі прыбытку, якая пералічваецца ў бюджэт у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, іншыя крыніцы па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўствам.

3. Расходы дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця ажыццяўляюцца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

4. Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь на падставе рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якімі фарміруюцца крыніцы дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця і вызначаюцца напрамкі выкарыстання сродкаў гэтага фонду, адлюстроўваюцца змяненні паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту па даходах (частка першая артыкула 1, абзац другі артыкула 4 і дадатак 2 да гэтага Закона), расходах (частка першая артыкула 1, абзац трэці артыкула 4 і дадатак 3 да гэтага Закона) і крыніцах фінансавання дэфіцыту (часткі другая і трэцяя артыкула 1 і дадатак 1 да гэтага Закона).

Артыкул 11. Устанавіць, што ў 2012 годзе расходы рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне дарожнай гаспадаркі (без уліку сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця) у суме 2 083 526 826 тыс. рублёў выкарыстоўваюцца згодна з дадаткам 11. Размеркаванне названых сродкаў паміж атрымальнікамі ажыццяўляецца Міністэрствам транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 12. Устанавіць, што ў 2012 годзе запазычанасць па крэдытах, выдадзеных Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь на фінансаванне дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту і аднесеных на ўнутраны дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь у 1991—2003 гадах, рэструктурызуецца пры дапамозе эмісіі дзяржаўных каштоўных папер у парадку і памерах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Зацвердзіць на 2012 год:

ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь у памеры 34 трлн рублёў;

ліміт унутранага доўгу, гарантаванага Рэспублікай Беларусь, у памеры 20 трлн рублёў;

ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь у памеры 14,3 млрд долараў ЗША;

ліміт знешняга доўгу, гарантаванага Рэспублікай Беларусь, у памеры 5 млрд долараў ЗША;

пералік знешніх дзяржаўных пазык, абслугоўванне і пагашэнне якіх ажыццяўляюцца з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту, згодна з дадаткам 12.

Артыкул 14. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Плацяжы ў замежнай валюце, ажыццёўленыя з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у адпаведнасці з прадастаўленымі гарантыямі ўрада Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па крэдытах у замежнай валюце, выдадзеных банкамі Рэспублікі Беларусь, спаганяюцца з крэдытаатрымальнікаў у вызначаным парадку са спагнаннем працэнтаў па стаўцы не менш як 8 працэнтаў гадавых ад сумы плацяжу.

2. Пры невыкананні пазычальнікам, карыстальнікам знешняй пазыкі, органам-паручыцелем (пры яго наяўнасці) у вызначаныя тэрміны абавязацельстваў па знешніх дзяржаўных пазыках і знешніх пазыках, прыцягнутых пад гарантыі ўрада Рэспублікі Беларусь, гэтыя абавязацельствы выконваюцца Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь з далейшым пакрыццём пазычальнікам, карыстальнікам знешняй пазыкі ажыццёўленых гэтым міністэрствам плацяжоў з выплатай працэнтаў па стаўцы 8 працэнтаў гадавых ад сумы запазычанасці.

У выпадку невяртання пазычальнікам, карыстальнікам знешняй пазыкі ў вызначаныя тэрміны ў рэспубліканскі бюджэт ажыццёўленых Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь плацяжоў па выкананні абавязацельстваў па знешніх дзяржаўных пазыках і знешніх пазыках, прыцягнутых пад гарантыі ўрада Рэспублікі Беларусь, гэтым міністэрствам у бясспрэчным парадку спаганяецца з рахункаў пазычальніка, карыстальніка знешняй пазыкі сума запазычанасці па названых плацяжах са спагнаннем працэнтаў па стаўцы 12 працэнтаў гадавых ад сумы запазычанасці.

3. За прадастаўленне гарантыі ўрада Рэспублікі Беларусь па крэдытах, што выдаюцца банкамі Рэспублікі Беларусь, і па знешніх пазыках спаганяецца плата ў памеры, вызначаным урадам Рэспублікі Беларусь, але не больш як 1,5 працэнта ад сумы крэдыту (пазыкі), калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі.

Артыкул 15. Устанавіць, што ў 2012 годзе абслугоўванне знешніх дзяржаўных пазык, што пагашаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, ажыццяўляецца банкамі, упаўнаважанымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь абслугоўваць знешнія дзяржаўныя пазыкі, з выплатай узнагароджання ў памеры 0,02 працэнта ад сумы кожнага плацяжу за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Устанавіць, што ў 2012 годзе бюджэтныя крэдыты выдзяляюцца абласным бюджэтам і бюджэту г. Мінска па рашэнні:

Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў і праграм з устанаўленнем працэнтнай стаўкі за карыстанне крэдытам у памеры 50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, устаноўленай на дзень налічэння працэнтаў за карыстанне крэдытам;

Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь — на пакрыццё часовых касавых разрываў, што ўзнікаюць пры выкананні абласных бюджэтаў і бюджэту г. Мінска, без спагнання працэнтаў за карыстанне крэдытам.

Артыкул 17. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Сродкі, якія атрымліваюцца:

бюджэтнымі арганізацыямі ў выглядзе міжнароднай тэхнічнай і іншаземнай бязвыплатнай дапамогі;

агульнымі і гаспадарчымі судамі пры прымусовым выкананні па маёмасных спагнаннях;

Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь ад заявачных узносаў замежных удзельнікаў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў;

Дэпартаментам па матэрыяльных рэзервах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад выпуску і запазычання матэрыяльных каштоўнасцяў мабілізацыйнага матэрыяльнага рэзерву, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама ад штрафаў і пені за парушэнне патрабаванняў заканадаўства па аперацыях з гэтымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі;

Нацыянальным агенцтвам па кантролі і інспекцыях — дэпартаментам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад ажыццяўлення замежнай інспекцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у рамках міжнародных дагавораў у галіне кантролю над узбраеннямі;

Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (гаспадарча-адміністрацыйным аб'яднаннем) ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даходы, —

застаюцца ў іх распараджэнні, не абкладаюцца падаткамі, зборамі (пошлінамі) і выкарыстоўваюцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (або) законамі.

Сродкі, якія атрымліваюцца:

Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным памежным камітэтам Рэспублікі Беларусь ад здачы другасных рэсурсаў і каштоўных металаў;

Дэпартаментам па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь (уключаючы плату, што спаганяецца пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур);

дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі ад аказання дадатковых платных паслуг прававога і тэхнічнага характару, звязаных з ажыццяўленнем натарыяльных дзеянняў, —

застаюцца ў іх распараджэнні і пасля падаткаабкладання выкарыстоўваюцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (або) законамі.

2. У лік кампенсацыі расходаў рэспубліканскага бюджэту ў даходы рэспубліканскага бюджэту залічваюцца сродкі, у тым ліку ў замежнай валюце, згодна з дадаткам 13.

Сума пені выплачваецца дадаткова да належнай да выплаты ў рэспубліканскі бюджэт сумы сродкаў у адпаведнасці з часткай першай гэтага пункта.

Кантроль за своечасовым і поўным пералічэннем у рэспубліканскі бюджэт сродкаў у адпаведнасці з часткамі першай і другой гэтага пункта ажыццяўляецца атрымальнікамі гэтых сродкаў.

Артыкул 18. Устанавіць, што ў 2012 годзе ваеннаслужачым (за выключэннем ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы), асобам начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь грашовая кампенсацыя ўзамен харчовага пайка ажыццяўляецца ў памеры 58 500 рублёў у месяц.

Артыкул 19. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Нарматыўныя прававыя акты, прынятыя (выдадзеныя) да 2012 года, аб выдзяленні сродкаў або аб устанаўленні парадку фінансавання ў 2012 годзе забяспечваюцца фінансаваннем з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах сродкаў, прадугледжаных у расходах адпаведных бюджэтаў.

2. Урад Рэспублікі Беларусь пры неабходнасці ў вызначаным парадку мае права ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапановы аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2012 год не больш як адзін раз у квартал, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі.

3. Пералік будоўляў і аб'ектаў, якія фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку за кошт дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця, рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сродкаў, прадугледжаных на фінансаванне аховы навакольнага асяроддзя і дарожнай гаспадаркі, вызначаюцца ў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на 2012 год, якая зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

У пералікі будоўляў і аб'ектаў, названыя ў частцы першай гэтага пункта, не ўключаюцца аб'екты будаўніцтва (рэканструкцыі), прадугледжаныя ў Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2011 г. № 342 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2011 г., № 88, 1/12739).

Артыкул 20. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць прымацца рашэнні:

1.1. у парадку, вызначаным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, аб пакрыцці юрыдычным асобам (пазычальнікам) часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі ў межах расходаў на названыя мэты, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні, іншыя пытанні ў галіне сельскай гаспадаркі, паліва і энергетыку, іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры, іншыя галіны нацыянальнай эканомікі, а таксама за кошт сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, што ўтвараюцца ў складзе рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з заканадаўствам;

1.2. аб выдзяленні з рэспубліканскага бюджэту сродкаў, прадугледжаных на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі;

1.3. аб выплаце ў вызначаным заканадаўствам парадку расходаў на камандзіроўкі за межы Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні ў суме 1 400 000 тыс. рублёў звыш сродкаў, запланаваных на гэтыя мэты распарадчыкам сродкаў па ведамаснай класіфікацыі расходаў бюджэту.

2. Фінансаванне расходаў па ацэнцы кошту маёмасці ажыццяўляецца за кошт сродкаў:

рэспубліканскага бюджэту ў парадку, што вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, — якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці;

адпаведных мясцовых бюджэтаў у парадку, што вызначаецца абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, — якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці.

3. Грамадскім аб'яднанням могуць выдзяляцца сродкі рэспубліканскага бюджэту па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

4. Гранічны памер абавязацельстваў па дагаворах страхавання экспартных рызык з падтрымкай дзяржавы складае ў эквіваленце 460 млн долараў ЗША.

Артыкул 21. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Урад Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у працэсе выканання рэспубліканскага бюджэту маюць права ўносіць змяненні:

у даходы і расходы рэспубліканскага бюджэту ў частцы аперацый па бязвыплатнай перадачы на падставе рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь канфіскаванай і іншым спосабам накіраванай у даход дзяржавы маёмасці ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2006 г. № 559 "Аб рабоце з маёмасцю, канфіскаванай, арыштаванай або накіраванай у даход дзяржавы";

у расходы рэспубліканскага бюджэту па праграмнай класіфікацыі расходаў бюджэту ў межах зацверджаных гадавых прызначэнняў па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту;

у расходы рэспубліканскага бюджэту па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту ў частцы асігнаванняў на фінансаванне дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і рэзервовых фондаў;

у расходы рэспубліканскага бюджэту на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць па напрамках выкарыстання і распарадчыках бюджэтных сродкаў у межах зацверджаных гадавых прызначэнняў па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту;

у памеры крыніц фінансавання дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту.

2. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у працэсе выканання рэспубліканскага бюджэту мае права:

2.1. у выпадку незаконнага атрымання або выкарыстання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі не па мэтавым прызначэнні альбо з парушэннем бюджэтнага заканадаўства сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту, альбо існуючай запазычанасці па плацяжах у гэты бюджэт, уключаючы запазычанасць па бюджэтных пазыках, бюджэтных крэдытах, невыканання рашэнняў урада Рэспублікі Беларусь, прынятых у межах яго кампетэнцыі, ажыццяўляць пагашэнне (пакрыццё) такой запазычанасці, а таксама налічаных пені і працэнтаў за кошт сродкаў, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў адпаведныя мясцовыя бюджэты;

2.2. ажыццяўляць залік падлеглых выплаце ў рэспубліканскі бюджэт юрыдычнымі асобамі падаткаў, збораў (пошлін) і іншых абавязковых плацяжоў, запазычанасці па бюджэтных пазыках, нявыкананых абавязацельствах па пазыках, выдадзеных з фонду падтрымкі экспарту, выкананых гарантыях урада Рэспублікі Беларусь па знешніх пазыках і крэдытах, выдадзеных банкамі Рэспублікі Беларусь рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама налічаных пені, працэнтаў і штрафаў — у межах сродкаў, якія належаць названым юрыдычным асобам з рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў.

Артыкул 22. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Плата за лясныя карыстанні, вылічаная па тэрмінам выплаты ў 2012 годзе, паступленні ад продажу драўніны, нарыхтаванай пры правядзенні высечак прамежкавага карыстання і іншых высечак, ад пабочнага лесакарыстання і вядзення паляўнічай гаспадаркі, а таксама сумы пені, што выплачваюцца лесакарыстальнікамі за прадастаўленне юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку, або тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адтэрміноўкі на нарыхтоўку і вывазку драўніны, не высечанай і не вывезенай у вызначаны тэрмін, застаюцца ў распараджэнні арганізацый лясной гаспадаркі, не абкладаюцца падаткамі, зборамі (пошлінамі) і накіроўваюцца на фінансаванне мерапрыемстваў па вядзенні лясной і паляўнічай гаспадаркі.

2. На юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прымяняюць тыпавы план рахункаў бухгалтарскага ўліку для арганізацый, што ажыццяўляюць камерцыйную дзейнасць, на дзейнасць, якая ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і за кошт сродкаў, названых у пункце 1 гэтага артыкула, распаўсюджваюцца нормы, вызначаныя заканадаўствам для бюджэтных арганізацый.

3. Арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, частку сродкаў, атрыманых у 2012 годзе ад рэалізацыі драўніны*, залічваюць на асобны рахунак, адкрыты Міністэрству лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, з накіраваннем іх на будаўніцтва лесагаспадарчых дарог.

Атрымальнікі сродкаў, названых у частцы першай гэтага пункта, вызначаюцца Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 23. Устанавіць, што ў 2012 годзе плацельшчыкі адлічэнняў у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця, а таксама рэспубліканскія і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, дзяржаўныя аб'яднанні, гаспадарчыя таварыствы, абавязаныя пералічыць у бюджэт частку прыбытку (даходу), у выпадку нявыплаты, няпоўнай выплаты названых адлічэнняў і плацяжоў выплачваюць пені, што налічваюцца ў парадку, вызначаным Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, нясуць адказнасць за нявыплату, няпоўную выплату названых адлічэнняў і плацяжоў, вызначаную заканадаўствам для плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін).

Падатковыя органы пры правядзенні праверак ажыццяўляюць кантроль за выплатай адлічэнняў і плацяжоў, названых у частцы першай гэтага артыкула, спаганяюць іх у бясспрэчным парадку ў выпадку іх нявыплаты, няпоўнай выплаты, карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі, вызначаныя для ажыццяўлення падатковага кантролю, прымянення спосабаў забеспячэння выканання падатковых абавязацельстваў, спагнання падаткаў, збораў (пошлін) і пені.

Артыкул 24. Уключыць у 2012 годзе ў мясцовыя бюджэты сродкі дзяржаўных мэтавых бюджэтных інавацыйных фондаў, што ўтвараюцца абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі.

Артыкул 25. Устанавіць, што ў 2012 годзе:

1. Гранічныя ўзроўні дэфіцыту кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска складаюць 0 (нуль) працэнтаў ад даходаў адпаведных кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска.

2. Абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў забяспечваюць накіраванне сродкаў з адпаведных мясцовых бюджэтаў на:

выдзяленне грамадзянам Рэспублікі Беларусь (далей — грамадзяне) аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў і пагашэнне запазычанасці па льготных крэдытах, атрыманых на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў;

аказанне фінансавай падтрымкі дзяржавы маладым і шматдзетным сем'ям у пагашэнні запазычанасці па крэдытах, выдадзеных банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, у тым ліку набыццё не завершаных будаўніцтвам капітальных збудаванняў, што падлягаюць рэканструкцыі і пераабсталяванню пад жылыя памяшканні, за выключэннем ільготных крэдытаў, выдзеленых грамадзянам у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі;

будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў для перасялення грамадзян з жылых памяшканняў, якія зносяцца і пераабсталёўваюцца для выкарыстання ў іншых мэтах і прызнаных у вызначаным парадку непрыдатнымі для пражывання;

дзяржаўную падтрымку юрыдычных асоб, якія аказваюць дапамогу грамадзянам, што ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі;

фінансаванне часткі расходаў іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, пры рэалізацыі імі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю — у межах нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на аднаго выхаванца ва ўстановах дашкольнай адукацыі, спецыяльных яслях-садках, спецыяльных дзіцячых садках, вызначанага дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі па абслугоўванні насельніцтва;

аплату працы адваката ў выпадках, калі адвакат удзельнічаў у дазнанні, папярэднім следстве і судовым разборы па прызначэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам;

рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2011 г. № 669 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2011 г., № 64, 5/33864).

3. Абласныя Саветы дэпутатаў накіроўваюць з адпаведных мясцовых бюджэтаў сродкі арганізацыям, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вытворчасці прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі, рыбаводства і пчалярства, на фінансаванне будаўніцтва (рэканструкцыі) і (або) набыцця жылых памяшканняў для грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці.

4. Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў накіроўвае з бюджэту г. Мінска сродкі на:

расходы па індэксаваных жыллёвых квотах (імянных прыватызацыйных чэках ("Жыллё");

будаўніцтва аб'ектаў Мінскага метрапалітэна.

5. Абласныя, раённыя і гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветы дэпутатаў прадугледжваюць накіраванне сродкаў мясцовых бюджэтаў у 2012 годзе на рэалізацыю мерапрыемстваў па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці згодна з дадаткам 14 .

6. Абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя і гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветы дэпутатаў вызначаюць напрамкі выкарыстання і памеры сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў на фінансаванне аховы навакольнага асяроддзя на падставе пераліку мерапрыемстваў, вызначанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 8 гэтага Закона.

7. У лік кампенсацыі расходаў мясцовых бюджэтаў у даходы адпаведных мясцовых бюджэтаў залічваюцца сродкі згодна з дадаткам 15.

Сума пені выплачваецца дадаткова да належнай да выплаты ў мясцовыя бюджэты сумы сродкаў у адпаведнасці з часткай першай гэтага пункта.

Кантроль за своечасовым і поўным пералічэннем у мясцовыя бюджэты сродкаў у адпаведнасці з часткамі першай і другой гэтага пункта ажыццяўляецца атрымальнікамі гэтых сродкаў.

Артыкул 26. Устанавіць на 2012 год мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя на аднаго жыхара па Рэспубліцы Беларусь у суме 1 902 218 рублёў і па мясцовых бюджэтах — у суме 1 343 614 рублёў.

Артыкул 27. Сродкі, якія атрымліваюцца арганізацыямі, органамі і падраздзяленнямі, у тым ліку воінскімі часцямі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні або ўваходзяць у склад (сістэму) дзяржаўных органаў, а таксама арганізацыямі, якія знаходзяцца ў распараджэнні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што фінансуюцца з бюджэту, ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даходы (у тым ліку сродкі, якія атрымліваюцца ад здачы другасных рэсурсаў і каштоўных металаў), за выключэннем сродкаў, якія атрымліваюцца ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 17 і пунктам 7 артыкула 25 гэтага Закона, пасля падаткаабкладання застаюцца ў іх распараджэнні і выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 28. У 2012 годзе:

1. Сфарміраваць у рэспубліканскім бюджэце рэзервовы фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у суме 2 165 189 045 тыс. рублёў.

2. Сфарміраваць у кансалідаваных бюджэтах абласцей і бюджэце г. Мінска рэзервовыя фонды звыш памеру, які вызначаны мясцовымі Саветамі дэпутатаў у адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 42 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Брэсцкай вобласці — 135 309 147 тыс. рублёў, Віцебскай — 122 146 951 тыс. рублёў, Гомельскай — 104 769 693 тыс. рублёў, Гродзенскай — 119 675 594 тыс. рублёў, Мінскай — 175 928 904 тыс. рублёў, Магілёўскай вобласці — 119 292 788 тыс. рублёў, г. Мінска — 500 987 045 тыс. рублёў.

3. Устанавіць, што сродкі рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і сродкі рэзервовых фондаў кансалідаваных бюджэтаў абласцей і бюджэту г. Мінска, названыя ў пункце 2 гэтага артыкула, выкарыстоўваюцца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 29. У 2012 годзе прыпыніць дзеянне:

абзаца дванаццатага артыкула 9, абзаца дванаццатага часткі другой і абзаца восьмага часткі трэцяй артыкула 10, абзаца чацвёртага артыкула 79, абзаца другога артыкула 81 (у частцы фінансавання праграм і мерапрыемстваў па рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя за кошт сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў аховы прыроды) і частак першай—трэцяй артыкула 84 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 года "Аб ахове навакольнага асяроддзя" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., № 1, ст. 1; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 85, 2/875; 2006 г., № 6, 2/1177; 2007 г., № 147, 2/1335; 2008 г., № 1, 2/1395; 2010 г., № 15, 2/1666; № 120, 2/1679);

абзаца другога артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 1994 года "Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях" (у частцы фінансавання функцыянавання і аховы прыродных тэрыторый, якія асабліва ахоўваюцца, а таксама мерапрыемстваў, звязаных з іх аб'яўленнем, пераўтварэннем і спыненнем функцыянавання, і дзяржаўных прыродаахоўных устаноў, якія ажыццяўляюць кіраванне асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі, за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду аховы прыроды) (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1994 г., № 35, ст. 570; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 52, 2/171; 2008 г., № 172, 2/1472);

абзаца трэцяга артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 1999 года "Аб пітным водазабеспячэнні" (у частцы фінансавання пітнога водазабеспячэння за кошт сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў аховы прыроды) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 50, 2/46; 2010 г., № 15, 2/1666);

абзаца трэцяга артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 года "Аб ахове азонавага слоя" (у частцы фінансавання дзяржаўных мэтавых праграм і (або) мерапрыемстваў па ахове азонавага слоя за кошт сродкаў фондаў аховы прыроды ) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2001 г., № 107, 2/805; 2010 г., № 15, 2/1666);

артыкула 27 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2005 года "Аб электрасувязі" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., № 122, 2/1142);

частцы чацвёртай артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" (у частцы фінансавання мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва за кошт сродкаў дзяржаўнага фонду садзейнічання занятасці насельніцтва) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 94, 2/1222);

пункта 7 артыкула 53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах ад 14 ліпеня 2008 года (у частцы фінансавання выплаты дзяржаўнай грашовай узнагароды першаадкрывальнікам радовішча са сродкаў рэспубліканскага фонду аховы прыроды) (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 184, 2/1503);

падпункта 1.1 і абзацаў другога—чацвёртага падпункта 1.11 пункта 1 артыкула 30, падпунктаў 1.2, 1.7, 1.7 1 (у частцы здабычы (выемкі) нафты і солі калійнай) пункта 1 артыкула 32, падпунктаў 1.3 і 1.17 пункта 1 артыкула 34, падпунктаў 1.2 і 1.13 пункта 1 артыкула 36, пункта 3, а таксама пунктаў 5 і 6 (у частцы расходавання сродкаў рэзервовых фондаў, названых у пункце 2 артыкула 28 гэтага Закона) артыкула 42 і пункта 4 артыкула 105 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., № 183, 2/1509; 2010 г., № 252, 2/1727).

Артыкул 30. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона прыняць захады, неабходныя для яго выканання.

Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў забяспечыць своечасовае зацвярджэнне адпаведных мясцовых бюджэтаў і ў трохмесячны тэрмін з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона прыняць іншыя захады, неабходныя для яго выканання.

Артыкул 31. Гэты Закон уваходзіць у сілу з 1 студзеня 2012 года, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 30, якія ўваходзяць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

30 снежня 2011 года, г. Мінск.

№ 331-З

* Пад часткай сродкаў, атрыманых у 2012 годзе ад рэалізацыі драўніны, разумеецца розніца паміж сумай сродкаў, атрыманых ад рэалізацыі драўніны па таксах на 2012 год, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, і сумай сродкаў, разлічаных шляхам змяншэння такіх таксаў на каэфіцыент, вызначаны Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з улікам неабходных у 2012 годзе аб'ёмаў фінансавання будаўніцтва лесагаспадарчых дарог.