Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
16 лютага 2012 г. № Р-681/2012
Аб прававым рэгуляванні вызвалення ад крымінальнага пакарання або замены пакарання больш мяккім па захворванню

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Федарцова А.А., першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Турко У.Л., начальніка ўпраўлення па нагляду за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Працэнкі С.І., часова выконваючага пасаду начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

 

дзяржаўнай установы «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь» – Хоміча У.М., дырэктара дзяржаўнай установы «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь»,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот грамадзяніна Рытвінскага В.А. аб наяўнасці прабелу ў крымінальным заканадаўстве ў частцы рэгулявання вызвалення асобы ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі па захворванню.

 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КВК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а таксама меркаванні зацікаўленых дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

1. У сваім звароце грамадзянін указаў, што ў яго бацькі, асуджанага па прыгавору суда да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, маецца цяжкае захворванне, якое перашкаджае адбыванню пакарання і з’яўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 92 КК падставай для вызвалення ад адбывання пакарання або замены пакарання больш мяккім. Аднак бацька заяўніка захварэў гэтым цяжкім захворваннем яшчэ да вынясення прыгавору, у сувязі з чым яму адмоўлена ў прадстаўленні да вызвалення ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі па захворванню. Судовыя інстанцыі, у сваю чаргу, адмовілі асуджанаму ў прымяненні артыкула 70 КК («Назначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за дадзенае злачынства») і назначэнні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, абгрунтаваўшы гэты тым, што стан яго здароўя быў улічаны пры назначэнні пакарання. Па меркаванню заяўніка, указаныя акалічнасці сведчаць аб прабеле ў заканадаўстве, наяўнасць якога абцяжарвае забеспячэнне рэалізацыі прынцыпаў справядлівасці і роўнасці ўсіх перад законам.

 

З аналізу меркаванняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па пытанню, якое разглядаецца, вынікае вывад аб адсутнасці аднастайнага разумення імі палажэнняў крымінальнага закона, што вызначаюць умовы вызвалення асобы ад пакарання або замены пакарання больш мяккім па захворванню.

 

Так, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь лічыць, што вызваленне ад пакарання або замена пакарання больш мяккім па захворванню з’яўляецца самастойным інстытутам крымінальнага права, які носіць факультатыўны характар і ўяўляе сабой практычнае праяўленне прынцыпаў справядлівасці і гуманізму. Прымяненне судамі дадзенага інстытута заснавана на строгім прытрымліванні закона, таму падстаў для сцвярджэння аб тым, што норма часткі 2 артыкула 92 КК стварае фактычную няроўнасць некаторых асоб перад законам, не бачыцца.

 

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь звяртае ўвагу на тое, што асоба, якая захварэла цяжкім захворваннем да вынясення прыгавору, у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 92 КК пазбаўлена магчымасці быць вызваленай ад адбывання пакарання або замены гэтага пакарання больш мяккім, у сувязі з чым вымушана нярэдка ў выключна цяжкім стане адбываць назначанае судом пакаранне. З гэтай прычыны асобы, якія захварэлі цяжкім захворваннем да вынясення прыгавору, і асобы, якія захварэлі цяжкім захворваннем пасля вынясення прыгавору, ставяцца ў няроўныя ўмовы, чым парушаюцца прынцыпы роўнасці грамадзян перад законам і справядлівасці.

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адзначае, што правы асуджаных, якія захварэлі цяжкім захворваннем да вынясення прыгавору, улічаны заканадаўцам, іх ахова і абарона прадугледжаны шэрагам норм крымінальнага закона, у прыватнасці часткай 1 артыкула 62, артыкуламі 70, 86–89 КК, у сувязі з чым падстаў для пастаноўкі пытання аб канстытуцыйнасці часткі 2 артыкула 92 КК не бачыцца.

 

Па меркаванню Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, нормы КК забяспечваюць рэалізацыю прынцыпу роўнасці перад крымінальным законам усіх суб’ектаў крымінальнай адказнасці і не абмяжоўваюць гарантаваныя Канстытуцыяй правы асобных катэгорый грамадзян. Разам з тым у сітуацыі, якая разглядаецца, маюцца перадумовы для ўдасканальвання заканадаўства ў мэтах адназначнага разумення асобных норм крымінальнага закона, у прыватнасці артыкула 92 КК, пры іх практычным прымяненні.

 

Дзяржаўная ўстанова «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь» мяркуе, што пры вырашэнні судом пытання аб вызваленні ад пакарання неабходна зыходзіць не з часу ўзнікнення захворвання, а з таго, што ў час адбывання пакарання асоба пакутуе адпаведным цяжкім захворваннем, працяканне якога з’яўляецца прагрэсіруючым, у сувязі з чым далейшае адбыванне пакарання несумяшчальна з функцыямі забеспячэння яго здароўя і аблягчэння яго пакут. Медыцынскі крытэрый наяўнасці падстаў для вызвалення ад адбывання пакарання, які змяшчаецца ў частцы 2 артыкула 92 КК, уносіць недакладнасць пры прымяненні дадзенай нормы, паколькі трэба адрозніваць функцыянальнае праяўленне захворвання (яго дыягнаставанне) і час узнікнення гэтага захворвання, у сілу чаго дакладна вызначыць, калі ў асобы ўзнікла захворванне, немагчыма.

 

Пазіцыя кафедры крымінальнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зводзіцца да таго, што КК не абмяжоўвае магчымасць вызвалення асобы ад адбывання пакарання або замены гэтага пакарання больш мяккім у выпадку іншага цяжкага захворвання, якое ўзнікла пасля ўчынення злачынства і ўлічана пры назначэнні пакарання. Далейшае змяненне працякання захворвання ў бок пагаршэння стану здароўя такой асобы пасля вынясення прыгавору не выключае магчымасці прымянення часткі 2 артыкула 92 КК.

 

Установа адукацыі «Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта» лічыць, што вызваленне ад адбывання пакарання або замена гэтага пакарання больш мяккім у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 92 КК з’яўляецца правам суда, які апрача цяжару злачынства ўлічвае асобу асуджанага, характар захворвання і іншыя акалічнасці. Адзін толькі факт узнікнення захворвання да вынясення прыгавору не служыць падставай для адмовы асуджанаму ў праяўленні да яго акта гуманізму, у сувязі з чым няправільнае, заснаванае выключна на літары, але не на сэнсе закона, тлумачэнне часткі 2 артыкула 92 КК стварае фактычную няроўнасць перад законам асоб, якія адбываюць пакаранне пры наяўнасці цяжкага захворвання, якое перашкаджае адбыванню гэтага пакарання, у залежнасці ад таго, калі такое захворванне ўзнікла: да або пасля вынясення прыгавору.

 

2. Ацэньваючы падыходы заканадаўца да рэгулявання вызвалення ад пакарання або замены гэтага пакарання больш мяккім па захворванню, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь – прававая дзяржава, якая забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1); чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21).

 

У Канстытуцыі (частка трэцяя артыкула 25) і ў міжнародна-прававых актах, у прыватнасці ў артыкуле 7 і пункце 1 артыкула 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкуле 3 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, пункце 4 артыкула 5 Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека, устаноўлена, што ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажаючаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню, а ўсе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, уласцівай чалавечай асобе.

 

У адпаведнасці з указанымі нормамі і прынцыпамі Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў крымінальная адказнасць у Рэспубліцы Беларусь грунтуецца ў тым ліку на прынцыпах справядлівасці і гуманізму, замацаваных у КК. Згодна з нормамі артыкула 3 КК пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці павінны быць справядлівымі, гэта значыць устанаўлівацца і назначацца з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі злачынства, акалічнасцей яго ўчынення і асобы вінаватага (частка 6); КК служыць забеспячэнню фізічнай, псіхічнай, матэрыяльнай, экалагічнай і іншай бяспекі чалавека; асобе, якая ўчыніла злачынства, павінны быць назначаны пакаранне або іншая мера крымінальнай адказнасці, неабходныя і дастатковыя для яго выпраўлення; пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці не маюць сваёй мэтай прычыненне фізічных пакут або знявагу чалавечай годнасці (частка 7).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэалізацыя прынцыпаў справядлівасці і гуманізму, якія з’яўляюцца прынцыпамі крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці, адносіцца як да сістэмы відаў пакарання, прадугледжаных КК, так і да парадку іх выканання.

 

У прыватнасці, наяўнасць у асобы цяжкага захворвання (не псіхічнага) не з’яўляецца перашкодай для назначэння пакаранняў, прадугледжаных Агульнай часткай КК. Разам з гэтым фактычная (фізічная) магчымасць асобы адбываць адпаведнае пакаранне, звязаная, як правіла, з непрацаздольнасцю асобы, якая прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, прадугледжана ў КК у якасці акалічнасці, што перашкаджае назначэнню шэрага пакаранняў, у тым ліку грамадскіх, папраўчых работ, абмежавання волі, а ў выпадку ўзнікнення ўказанай акалічнасці ў перыяд адбывання пакарання суд па прадстаўленню органа, на які ўскладзена выкананне прыгавору, вызваляе асобу ад далейшага адбывання пакарання або замяняе неадбытую частку пакарання на больш мяккае пакаранне (часткі 4 і 5 артыкула 49, часткі 3 і 6 артыкула 52, часткі 5 і 7 артыкула 55).

 

3. Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Крымінальны закон (частка 2 артыкула 92 КК) прадугледжвае магчымасць вызвалення судом ад адбывання пакарання або замены гэтага пакарання больш мяккім асобе, якая захварэла пасля вынясення прыгавору іншым цяжкім захворваннем, што перашкаджае адбыванню пакарання, гэта значыць пры наяўнасці ў асуджанага захворвання такой ступені цяжару, калі аблягчэнне фізічных пакут, звязаных з праяўленнем хваробы, немагчыма ў рэжыме адбывання пакарання. Пры гэтым улічваюцца цяжар учыненага злачынства, асоба асуджанага, характар захворвання і іншыя акалічнасці.

 

У адпаведнасці з КВК цяжкае захворванне з’яўляецца адной з падстаў вызвалення асуджанага ад адбывання пакарання (пункт 6 артыкула 186). У частцы 6 артыкула 187 КВК устаноўлена, што прадстаўленне аб вызваленні ад адбывання пакарання з прычыны іншага цяжкага захворвання накіроўваецца ў суд начальнікам органа або ўстановы, якія выконваюць пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці; адначасова з прадстаўленнем у суд накіроўваюцца заключэнне медыцынскай або рэабілітацыйнай экспертнай камісіі і асабістая справа асуджанага; у прадстаўленні павінны змяшчацца даныя, якія характарызуюць паводзіны асуджанага ў час адбывання пакарання.

 

Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16 лютага 2011 г. № 54/15 зацверджана Інструкцыя аб парадку медыцынскага агляду асуджаных і ўстаноўлены пералік захворванняў, якія перашкаджаюць далейшаму адбыванню пакарання.

 

Са звароту заяўніка ў Канстытуцыйны Суд і прадстаўленых матэрыялаў бачыцца, што яго бацьку адмоўлена ў прадстаўленні матэрыялаў у суд для вырашэння пытання аб вызваленні ад адбывання пакарання па захворванню, паколькі спецыяльная ўрачэбная камісія ўстанавіла, што іншае цяжкае захворванне, якое ёсць у асуджанага і перашкаджае адбыванню пакарання, узнікла да вынясення прыгавору.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, з аналізу канстытуцыйна- прававога зместу артыкула 92 КК вынікае, што воля заканадаўца накіравана на праяўленне дзяржавай гуманізму да асобы, якая мае такое цяжкае захворванне, якое перашкаджае далейшаму адбыванню пакарання, і ўстанаўленне з прычыны гэтага магчымасці вызвалення судом асобы ад адбывання пакарання або замены пакарання больш мяккім. Указанне ў дадзеным артыкуле КК на час узнікнення цяжкага захворвання, гэта значыць на медыцынскі крытэрый, у адпаведнасці з якім асоба можа быць вызвалена ад адбывання пакарання або пакаранне можа быць заменена больш мяккім у выпадку, калі яна захварэла пасля вынясення прыгавору, сведчыць аб наяўнасці прававой недакладнасці, якая выражаецца ў немагчымасці ўстанаўлення ў асобных выпадках часу ўзнікнення захворвання.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што недакладнасць зместу прававой нормы выклікае магчымасць неадназначнага разумення і прымянення яе на практыцы, аб чым сведчыць зварот заяўніка ў Канстытуцыйны Суд, што можа прывесці да парушэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам.

 

4. У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе» Канстытуцыйны Суд указаў, што заканадаўца павінен ажыццяўляць такое прававое рэгуляванне адпаведных грамадскіх адносін, пры якім прававыя нормы былі б выкладзены выразна і пэўна, у адпаведнасці з канстытуцыйнымі палажэннямі. Няяснасць і недакладнасць норм некаторых прававых актаў параджаюць неадназначнае разуменне і прымяненне гэтых норм і, значыць, могуць прывесці да парушэнняў правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

 

Пацвярджаючы дадзеную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд адзначае, што прынцып прававой дакладнасці, будучы неад’емным элементам вяршэнства права, як у заканатворчай, так і ў правапрымяняльнай дзейнасці выступае ў якасці неабходнай гарантыі забеспячэння эфектыўнай абароны правоў і свабод грамадзян.

 

Зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам, асобам, якія маюць цяжкае захворванне, што перашкаджае далейшаму адбыванню пакарання, павінен быць гарантаваны разгляд судом пытання аб магчымасці вызвалення іх ад адбывання пакарання або замены пакарання больш мяккім з улікам цяжару учыненага злачынства, асобы асуджанага, характару захворвання і іншых акалічнасцей незалежна ад часу ўзнікнення захворвання: да або пасля вынясення прыгавору.

 

Роўнасць усіх перад законам можа быць забяспечана толькі пры ўмове аднастайнага разумення і прымянення прававой нормы на практыцы. З гэтага вынікае таксама патрабаванне яснасці і пэўнасці заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін у пэўнай сферы.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устараненне прававой недакладнасці ў частцы рэгулявання вызвалення ад крымінальнага пакарання або замены пакарання больш мяккім па захворванню, якое перашкаджае адбыванню пакарання, дазволіць забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам, справядлівасці і гуманізму.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам, справядлівасці і гуманізму, для ўстаранення прававой недакладнасці прызнаць неабходным унясенне ў артыкул 92 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь змяненняў у частцы ўстанаўлення магчымасці вызвалення ад пакарання або замены пакарання больш мяккім асобе, якая мае іншае цяжкае захворванне, што перашкаджае адбыванню пакарання, незалежна ад часу ўзнікнення такога захворвання.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч