Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
25 красавіка 2012 г. № Р-683/2012
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 красавіка 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненне ў некаторыя артыкулы Закона Рэспублікі Беларусь «О защите прав потребителей», накіраваныя на ўдакладненне рэдакцыі асобных норм, у тым ліку ў мэтах іх узгаднення з нормамі заканадаўчых актаў, прынятых пазней, а таксама на ўдасканальванне прававога рэгулявання дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў спажыўцоў па абароне правоў спажыўцоў.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Згодна з артыкуламі 1 і 7 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь абвешчана прававой дзяржавай, у якой устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.

 

Указаны прынцып з’яўляецца асноватворным канстытуцыйна-прававым пачаткам, у адпаведнасці з якім у дзяржаве і грамадстве рэалізуюцца прынцыпы роўнасці і справядлівасці, забяспечваюцца і дасягаюцца канстытуцыйныя каштоўнасці і мэты.

 

У сілу патрабаванняў артыкула 59 Канстытуцыі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

Адной з мер, якія забяспечваюць поўную рэалізацыю грамадзянамі сваіх правоў і законных інтарэсаў, выступае прадугледжанае Канстытуцыяй гарантаванне кожнаму абароны яго правоў кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60 Канстытуцыі).

 

У артыкуле 62 Канстытуцыі замацавана права кожнага грамадзяніна на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе.

 

Важнае значэнне для належнага функцыяніравання нацыянальных механізмаў абароны правоў спажыўцоў мае забеспячэнне ўзгодненасці заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін з палажэннямі міжнародна-прававых актаў.

 

Так, Кіруючыя прынцыпы для абароны інтарэсаў спажыўцоў, прынятыя рэзалюцыяй 39/248 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 красавіка 1985 года, устанаўліваюць абавязак урадаў распрацоўваць або падтрымліваць прыняцце прававых і/або адміністрацыйных мер, якія дазваляюць спажыўцам або, у выпадку неабходнасці, адпаведным арганізацыям атрымаць кампенсацыю шляхам прымянення афіцыйных або неафіцыйных працэдур, якія павінны быць аператыўнымі, справядлівымі, недарагімі і даступнымі; падобныя працэдуры павінны асабліва ўлічваць інтарэсы спажыўцоў з нізкім узроўнем даходу (пункт 28).

 

У адпаведнасці з Пагадненнем аб асноўных напрамках супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у галіне абароны правоў спажыўцоў ад 25 студзеня 2000 года ўрады дзяржаў – удзельніц Пагаднення садзейнічаюць стварэнню ўмоў, у тым ліку прававых, для дзейнасці незалежных грамадскіх аб’яднанняў спажыўцоў, распрацоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць законныя правы і інтарэсы спажыўцоў, і працэдур разгляду скаргаў спажыўцоў, а таксама стварэнню сістэм абмену спажывецкай інфармацыяй паміж бакамі (артыкул 5).

 

Аналіз норм Закона, якімі ўносяцца змяненні і дапаўненне ў Закон «О защите прав потребителей», сведчыць аб тым, што прадпісанні, якія змяшчаюцца ў іх, у цэлым накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў і норм, маючы на мэце забяспечыць пры дапамозе ўдакладнення асобных заканадаўчых палажэнняў поўнае, яснае і адназначнае іх разуменне і аднастайнае прымяненне на практыцы і тым самым належным чынам абараніць правы грамадзян – спажыўцоў тавараў, работ, паслуг.

 

2. На ўпарадкаванне заканадаўчага рэгулявання асобных адносін, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні грамадскімі аб’яднаннямі спажыўцоў дзейнасці па абароне правоў спажыўцоў, накіраваны пункт 9 артыкула 1 Закона, у адпаведнасці з якім Закон «О защите прав потребителей» дапаўняецца артыкулам 48. У дадзеным артыкуле вызначаецца, у прыватнасці, механізм абароны правоў спажыўцоў, якая ажыццяўляецца грамадскімі аб’яднаннямі спажыўцоў па даручэнню спажыўца на бязвыплатнай аснове, а таксама ўмовы пакрыцця расходаў, панесеных грамадскімі аб’яднаннямі спажыўцоў пры ажыццяўленні дадзенай дзейнасці.

 

2.1. Так, у частцы першай пункта 2 артыкула 48 прадугледжваецца, што расходы грамадскага аб’яднання спажыўцоў, звязаныя са зваротам па даручэнню спажыўца з прэтэнзіяй да вытворца (прадаўца, пастаўшчыка, прадстаўніка, выканаўца, рамонтнай арганізацыі) аб устараненні парушэнняў і аб пакрыцці спажыўцу прычыненых гэтымі парушэннямі страт, зваротам у суд з іскам аб абароне правоў спажыўца, прадстаўленнем і абаронай у судзе правоў і законных інтарэсаў спажыўца, падлягаюць пакрыццю вытворцам (прадаўцом, пастаўшчыком, прадстаўніком, выканаўцам, рамонтнай арганізацыяй). Пры гэтым устанаўліваецца, што пакрыццё ўказаных расходаў магчыма па пісьмоваму патрабаванню грамадскага аб’яднання спажыўцоў пасля задавальнення вытворцам (прадаўцом, пастаўшчыком, прадстаўніком, выканаўцам, рамонтнай арганізацыяй) прэтэнзіі, з якой грамадскае аб’яднанне спажыўцоў звярталася па даручэнню спажыўца або пасля прыняцця судом рашэння на карысць спажыўца, калі грамадскае аб’яднанне спажыўцоў не заявіла такое патрабаванне пры звароце ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўца; па рашэнню суда, вынесенаму па іску аб абароне правоў спажыўца, з якім звярталася грамадскае аб’яднанне спажыўцоў.

 

Адзначаючы ўстаноўлены механізм спагнання расходаў, панесеных грамадскім аб’яднаннем спажыўцоў, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на пэўны недагляд у частцы рэгламентацыі аб’ёму расходаў спажыўцоў, звязаных з абаронай правоў спажыўца, якія спаганяюцца грамадскім аб’яднаннем.

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў Закона, што грунтуецца на бязвыплатным характары паслуг, якія аказваюцца спажыўцу грамадскім аб’яднаннем спажыўцоў, і неабходнасці пакрыцця расходаў, панесеных указаным аб’яднаннем, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ў мэтах выключэння неадназначных падыходаў да вызначэння аб’ёму расходаў, якія падлягаюць пакрыццю ў выпадку задавальнення патрабаванняў спажыўца, павінны пакрывацца ўсе панесеныя па справе расходы, уключаючы судовыя выдаткі, а таксама іншыя неабходныя расходы, якія ўзніклі да звароту ў суд і звязаны з разглядам справы, у тым ліку расходы на правядзенне экспертызы.

 

2.2. Пунктам 3 артыкула 48 прадугледжваецца, што рэалізацыя грамадскім аб’яднаннем спажыўцоў сваіх правоў па дачы кансультацыі спажыўцу па пытаннях абароны яго правоў, звароту па даручэнню спажыўца з прэтэнзіяй да вытворца (прадаўца, пастаўшчыка, прадстаўніка, выканаўца, рамонтнай арганізацыі) аб устараненні парушэнняў і аб пакрыцці спажыўцу прычыненых гэтымі парушэннямі страт, звароту ў суд з іскам аб абароне правоў спажыўца, прадстаўленню і абароне ў судзе правоў і законных інтарэсаў спажыўца (неакрэсленага кола спажыўцоў) магчыма пры ўмове наяўнасці ў работніка грамадскага аб’яднання спажыўцоў, які рэалізуе ўказаныя правы гэтага грамадскага аб’яднання, пасведчання аб атэстацыі.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванне на заканадаўчым узроўні дадзенага патрабавання да работнікаў грамадскага аб’яднання спажыўцоў нельга разглядаць у якасці законапалажэння, якое абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы грамадскага аб’яднання спажыўцоў і яго работнікаў, у прыватнасці канстытуцыйнага права на працу як права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей (частка першая артыкула 41 Канстытуцыі). Устанаўленне патрабавання аб атэстацыі ўказаных работнікаў, якая праводзіцца з мэтай праверкі ведаў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, накіравана як на абарону правоў і законных інтарэсаў спажыўца з прычыны павышэння якасці кансультацый для спажыўцоў, атрымання імі якасных паслуг па дагавору бязвыплатнага аказання паслуг, так і на абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскага аб’яднання спажыўцоў. Высокая кваліфікацыя работнікаў грамадскага аб’яднання спажыўцоў будзе спрыяць больш якаснай ацэнцы ўсіх акалічнасцей і перспектывы абароны правоў спажыўца ў мэтах атрымання максімальна магчымага пакрыцця панесеных расходаў, выключэнню злоўжывання спажыўцом сваім правам.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнения в Закон Республики Беларусь «О защите прав потребителей» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Звярнуць увагу нарматворчых органаў на неабходнасць канкрэтызацыі механізма абароны правоў спажыўцоў з удзелам грамадскага аб’яднання спажыўцоў з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм артыкула 48 Закона Рэспублікі Беларусь «О защите прав потребителей» (пункт 9 артыкула 1 праверанага Закона), зыходзячы з абгрунтаванасці пакрыцця грамадскаму аб’яднанню спажыўцоў усіх панесеных па справе расходаў, уключаючы судовыя выдаткі, а таксама іншых неабходных расходаў, якія ўзніклі да звароту ў суд і звязаны з разглядам справы, у тым ліку на правядзенне экспертызы.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –

намеснік Старшыні

Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      В.Г.Сяргеева