Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
5 ліпеня 2012 г. № Р-742/2012
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У, Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности», Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), Закона Рэспублікі Беларусь «О нотариате и нотариальной деятельности» (далей – Закон аб натарыяце) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 21 чэрвеня 2012 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 29 чэрвеня 2012 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Палажэнні Закона, якімі ўносяцца дапаўненні і змяненні ў ГПК і Закон аб натарыяце, накіраваны на ўдасканальванне парадку разгляду бясспрэчных патрабаванняў грамадзян і юрыдычных асоб аб спагнанні грашовых сум (запазычанасці), узгадненне норм указаных заканадаўчых актаў з нарматыўнымі прадпісаннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2011 г. № 366 «О некоторых вопросах нотариальной деятельности» і нормамі іншых заканадаўчых актаў.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Пунктам 1 артыкула 1 Закона артыкул 6 ГПК дапаўняецца часткай пятай, якая ўстанаўлівае, што для рэалізацыі права на судовую абарону зацікаўленая асоба абавязана выканаць парадак папярэдняга пазасудовага вырашэння справы, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам для спагнання ў бясспрэчным парадку грашовых сум (запазычанасці) з даўжніка прадугледжана ўчыненне натарыусам выканаўчага надпісу, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

 

Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

Заканадавец правамоцны ўстанаўліваць прававое рэгуляванне грамадскіх адносін у пэўнай сферы, а таксама асаблівасці гэтага рэгулявання, у тым ліку ў залежнасці ад складу суб’ектаў, зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы, грамадзян і арганізацый, аб чым Канстытуцыйны Суд указаў у рашэнні ад 17 кастрычніка 2008 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений в Закон Республики Беларусь «О нотариате и нотариальной деятельности».

 

Пацвярджаючы дадзеную прававую пазіцыю, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўвядзенне ўстанаўліваемай Законам працэдуры разгляду бясспрэчных патрабаванняў крэдытора аб спагнанні з даўжніка грашовых сум (запазычанасці) на падставе выканаўчага надпісу натарыуса накіравана на максімальнае спрашчэнне працэсу разгляду дакументаў, скарачэнне тэрмінаў іх разгляду, а для крэдытораў – тэрмінаў спагнання запазычанасці. Асноўная перавага выканаўчага надпісу як перад загадным, так і іскавым вядзеннем справы ў грамадзянскім судаводстве заключаецца ў больш аператыўным вырашэнні пытання аб задавальненні бясспрэчных патрабаванняў крэдытораў (грамадзян і юрыдычных асоб).

 

Так, будучы распараджэннем натарыуса аб прымусовым спагнанні з даўжніка грашовых сум, выканаўчы надпіс адначасова з’яўляецца і выканаўчым дакументам, які ўступае ў сілу ў дзень яго ўчынення; выканаўчы надпіс учыняецца натарыусам у дзень падачы заявы, пры гэтым не патрабуецца атрыманне пярэчанняў супраць заявы з боку даўжнікоў або іх асабістая прысутнасць; выканаўчы надпіс можа быць учынены любым натарыусам незалежна ад месца жыхарства даўжніка (за выключэннем спагнання з бацькоў сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні); атрымаўшы выканаўчы надпіс, спагнаннік адразу ж можа перадаць яго судоваму выканаўцу для ўзбуджэння выканаўчага вядзення справы.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні Канстытуцыі, зыходзячы з мэт прававой дзяржавы і гарантуючы кожнаму права на судовую абарону, не выключаюць магчымасці прымянення на пэўных умовах пазасудовых форм абароны правоў і свабод чалавека. Пры гэтым патрабаванне Закона аб прытрымліванні папярэдняга пазасудовага парадку вырашэння справы не пазбаўляе зацікаўленую асобу ў выпадку ўзнікнення спрэчкі права на абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў у судовым парадку шляхам прад’яўлення іску.

 

2. Канстытуцыйны прынцып вяршэнства права абумоўлівае змест дзеючай сістэмы актаў заканадаўства, якія выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, павінны быць дакладнымі, лагічнымі і ўзгодненымі, забяспечваць адназначнае разуменне прававых норм і аднастайнае прымяненне іх на практыцы.

 

Выкладанне ў новай рэдакцыі артыкула 394 ГПК, у якім вызначаецца паняцце загаднага вядзення справы, а таксама выпадкі, калі загаднае вядзенне магчыма, мае на мэце ўпарадкаванне заканадаўчага рэгулявання адносін у частцы выключэння шэрагу бясспрэчных патрабаванняў з кампетэнцыі суда і перадачы іх на пазасудовы разгляд натарыусамі.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такое змяненне парадку вырашэння спраў загаднага вядзення не будзе мець негатыўнага ўплыву на якасць разгляду адпаведных заяў, паколькі яны грунтуюцца на бясспрэчнасці патрабаванняў крэдытора. Новае заканадаўчае рэгуляванне накіравана на дасягненне аператыўнасці і своечасовасці вырашэння заяўленых патрабаванняў, а таксама павышэнне эфектыўнасці і эканамічнасці грамадзянскага правасуддзя ў цэлым.

 

3. У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2011 годзе» Канстытуцыйны Суд указаў, што прадугледжаны ў Канстытуцыі прынцып вяршэнства права азначае безумоўны прыярытэт права ў дачыненні да дзяржавы, яго органаў і службовых асоб, абавязаных дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Прававая дзяржава не можа адбыцца без вяршэнства права ў палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці.

 

Згодна з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, якая ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было ўчынена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці, а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункты «а» і «b» пункта 3 артыкула 2).

 

Пры ацэнцы дапаўненняў і змяненняў, якія ўносяцца Законам у артыкулы 6 і 394 ГПК, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з узаемазвязаных палажэнняў указаных міжнародных прававых актаў і артыкула 60 Канстытуцыі. Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры ўстанаўленні заканадаўцам абавязку прытрымлівання ў прадугледжаных заканадаўчымі актамі выпадках папярэдняга пазасудовага парадку вырашэння справы як абавязковай умовы рэалізацыі права на зварот за судовай абаронай, які матывуецца неабходнасцю зніжэння нагрузкі на суды па разгляду грамадзянскіх спраў, у першую чаргу павінен улічвацца абавязак дзяржавы забяспечваць даступнасць правасуддзя і гарантаваць кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

 

У сувязі з указаным Канстытуцыйны Суд адзначае, што развіццё рыначных адносін патрабуе ўстанаўлення больш дзейснага механізма абароны права ўласнасці, недатыкальнасць якой ахоўваецца законам, і ўдасканальванне заканадаўства, што рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы натарыяльнай дзейнасці, павінна ажыццяўляцца не шляхам выключэння шэрагу грамадзянскіх спраў з кампетэнцыі судоў, а зыходзячы з функцыянальнага прызначэння органаў натарыяту, асноўная задача якіх – забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам ажыццяўлення натарыяльных дзеянняў.

 

4. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка першая артыкула 21, частка другая артыкула 59 Канстытуцыі).

 

На рэалізацыю ўказаных палажэнняў Канстытуцыі накіраваны шэраг палажэнняў Закона.

 

Так, у адпаведнасці з пунктам 13 артыкула 2 Закона ў артыкул 38 Закона аб натарыяце ўносіцца дапаўненне, што прадугледжвае права натарыуса пры прадстаўленні інтарэсаў асоб (асобы), якія звярнуліся за ажыццяўленнем натарыяльнага дзеяння, падпісаць заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі, падаць гэту заяву і іншыя дакументы, неабходныя для ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў, у арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, атрымліваць пасведчанні (пасведчанне) аб дзяржаўнай рэгістрацыі і (або) іншыя дакументы, а таксама абскардзіць дзеянні (бяздзейнасць) рэгістратара.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы Закона, якія прадугледжваюць пашырэнне сферы паслуг, што аказваюцца натарыусамі, і якія забяспечваюць своечасовасць ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, маюць сваёй мэтай гарантаванне належнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

 

5. Забеспячэнне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі) і вынікаючага з яго прынцыпу прававой пэўнасці азначае, што заканадаўчае рэгуляванне павінна быць ясным і недвухсэнсоўным, якое выключае дубліраванне норм і іх множнасць па адным і тым жа пытанні, а нарматыўныя прававыя акты павінны быць узгоднены паміж сабой.

 

Законам уносіцца шэраг дапаўненняў і змяненняў у Закон аб натарыяце з мэтай узгаднення яго норм з нормамі іншых заканадаўчых актаў, у тым ліку законаў Рэспублікі Беларусь «Об основах административных процедур», «О государственной регистрации недвижимого имущества, прав на него и сделок с ним» і «Об ипотеке», а таксама ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «О совершенствовании контрольной (надзорной) деятельности в Республике Беларусь», ад 1 верасня 2010 г. № 450 «О лицензировании отдельных видов деятельности» і ад 25 лютага 2011 г. № 72 «О некоторых вопросах регулирования цен (тарифов) в Республике Беларусь».

 

У прыватнасці, у адпаведнасці з пунктам 25 артыкула 2 Закона выкладаецца ў новай рэдакцыі пункт 2 артыкула 67 Закона аб натарыяце, згодна з якім тэрытарыяльны прынцып засведчання дагавораў залогу ўстанаўліваецца толькі для засведчання дагавораў іпатэкі зямельнага ўчастка, а іменна па месцы знаходжання зямельнага ўчастка.

 

Выключэнне тэрытарыяльнага прынцыпу засведчання дагавораў залогу іншай маёмасці абумоўлена тым, што большасць дагавораў аб іпатэцы, якія сведчацца натарыусамі, забяспечваюць крэдытныя абавязацельствы. У цяперашні час у сувязі з прымяненнем тэрытарыяльнага прынцыпу залогадавальніку і залогатрымальніку даводзіцца звяртацца да натарыуса для заключэння дагавораў аб іпатэцы не па месцы ўзнікнення абавязацельстваў (пражывання крэдытаатрымальнікаў, знаходжання банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый), а па месцы знаходжання нерухомай маёмасці, што выклікае дадатковыя фінансавыя (камандзіровачныя расходы) і часовыя расходы.

 

Для стварэння максімальна спрыяльных умоў пры заключэнні і натарыяльным засведчанні дагавораў аб іпатэцы для зацікаўленых асоб у Законе замацоўваецца магчымасць звяртацца да любога натарыуса, незалежна ад знаходжання аб’екта нерухомай маёмасці (за выключэннем зямельных участкаў), які перадаецца ў іпатэку, што адпавядае пункту 1 артыкула 11 Закона «Об ипотеке».

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры дапамозе натарыяльнай дзейнасці забяспечваецца рэалізацыя адпаведных канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. З улікам таго, што выкананне натарыяльных функцый ажыццяўляецца ад імя дзяржавы, палажэнні Закона накіраваны на ўстанаўленне прававых механізмаў аховы і абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна ва ўказанай сферы грамадскіх адносін.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах кампетэнцыі ў адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па зместу норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам нотариальной деятельности» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч