Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
31 кастрычніка 2012 г. № Р-777/2012
Аб прававым рэгуляванні адказнасці за невыкананне грашовага абавязацельства

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

у парадку рэалізацыі права на ўнясенне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, у палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапаноў аб неабходнасці ўнясення ў акты заканадаўства змяненняў і (або) дапаўненняў

 

з удзелам прадстаўнікоў:

 

Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь – Дземідовіча У.М., першага намесніка Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забары А.А., намесніка Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стука А.К., намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Мартыненкі Э.А., намесніка начальніка ўпраўлення прававога рэгулявання грамадзянскіх, экалагічных адносін, ліцэнзавання і знешнеэканамічнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы эканомікі і экалогіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь – Яркаўца А.І., начальніка галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь,

 

разгледзеў у судовым пасяджэнні зварот субекта гаспадарання па пытанню адсутнасці аднастайнай практыкі прымянення агульнымі і гаспадарчымі судамі палажэнняў пункта 2 артыкула 366 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы спагнання сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі.

 

Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) і іншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).

 

Згодна з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.

 

У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваны абавязак кожнай дзяржавы, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, а таксама развіваць магчымасці судовай абароны (падпункты «а» і «b» пункта 3 артыкула 2).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што, зыходзячы з указаных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх зяўляецца Рэспубліка Беларусь, дзяржава абавязана ствараць заканадаўчыя механізмы, што забяспечваюць эфектыўную абарону парушаных правоў і свабод.

 

2. На канстытуцыйных нормах аб гарантаванні ўсім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі); аб гарантаванні кожнаму права ўласнасці і садзейнічання яе набыццю; аб праве ўласніка валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як асабіста, так і сумесна з іншымі асобамі; аб абароне ўласнасці, набытай законным спосабам (часткі першая – трэцяя артыкула 44 Канстытуцыі), грунтуецца грамадзянскае заканадаўства, якое рэгулюе  ў тым ліку адносіны ўдзельнікаў грамадзянскага абароту.

 

У развіццё канстытуцыйных норм у ГК у якасці асноўных пачаткаў грамадзянскага заканадаўства вызначаны прынцып свабоды дагавору і прынцып бесперашкоднага ажыццяўлення грамадзянскіх правоў, забеспячэння аднаўлення парушаных правоў, іх судовай абароны (артыкул 2).

 

Пры ўстанаўленні грамадзянска-прававой адказнасці за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў заканадаўца вызначае падставы і ўмовы грамадзянска-прававой адказнасці, у тым ліку за невыкананне грашовага абавязацельства. Так, згодна з пунктам 1 артыкула 366 ГК за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі ў выніку іх неправамернага ўтрымання, ухілення ад іх вяртання, іншага пратэрмінавання ў іх выплаце або беспадстаўнага атрымання або зберажэння за кошт іншай асобы падлягаюць выплаце працэнты на суму гэтых сродкаў. Памер працэнтаў вызначаецца стаўкай рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дзень выканання грашовага абавязацельства або яго адпаведнай часткі, за выключэннем спагнання доўгу ў судовым парадку, калі суд задавальняе патрабаванне крэдытора зыходзячы са стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка на дзень вынясення рашэння. Гэтыя правілы прымяняюцца, калі іншы памер працэнтаў не вызначаны заканадаўствам або дагаворам. У выпадку, калі грашовае абавязацельства ў адпаведнасці з заканадаўствам падлягае аплаце ў беларускіх рублях у памеры, эквівалентным вызначанай суме ў замежнай валюце або ва ўмоўных грашовых адзінках, працэнты налічваюцца на суму, якая падлягае аплаце ў беларускіх рублях, вызначаную па афіцыйнаму курсу адпаведнай валюты або ўмоўных грашовых адзінак на дзень выканання грашовага абавязацельства або яго адпаведнай часткі, а ў выпадку спагнання доўгу ў судовым парадку – на дзень вынясення рашэння судом.

 

У пункце 2 артыкула 366 ГК прадугледжана, што калі страты, прычыненыя крэдытору неправамерным карыстаннем яго грашовымі сродкамі, або сума доўгу, павялічаная з улікам інфляцыі, перавышаюць суму працэнтаў, належных яму на падставе пункта 1 дадзенага артыкула, то ён мае права патрабаваць ад даўжніка пакрыцця страт або доўгу, павялічанага з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае гэту суму.

 

У звароце субекта гаспадарання ўказваецца, што гаспадарчыя суды пры разглядзе канкрэтных спраў грунтуюцца на тым, што ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб індэксацыі даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі» (далей – Закон аб індэксацыі) замацавана магчымасць карэкціроўкі даходаў грамадзян у сувязі з інфляцыяй, якая выклікаецца ростам цэн на спажывецкія тавары і паслугі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, шляхам прымянення індэкса спажывецкіх цэн. Паколькі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлены механізм разліку каэфіцыента інфляцыі ў дачыненні да прадпрымальніцкай дзейнасці субектаў гаспадарання, то гаспадарчыя суды адмаўляюць у задавальненні іскавых патрабаванняў аб спагнанні доўгу, павялічанага з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі.

 

Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь зыходзіць з таго, што прадпрымальніцкая дзейнасць ажыццяўляецца яе ўдзельнікамі на аснове прынцыпу свабоды дагавору, які прадугледжвае ўстанаўленне ў дагаворы субектамі гаспадарання па ўзаемнай згодзе ўмоў, механізма прымянення і разліку індэксацыі сумы доўгу ў выпадку пратэрмінавання яго выплаты.

 

У пастанове Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2012 г. № 6 «О некоторых вопросах рассмотрения дел, возникающих из договоров строительного подряда» растлумачана, што, прымаючы да ўвагі ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці яе ўдзельнікамі на аснове прынцыпу свабоды дагавору (артыкулы 2, 391 ГК), субекты гаспадарання маюць права прымаць меры, накіраваныя на зніжэнне рызык. Да ліку такіх мер адносіцца магчымасць узгаднення пры заключэнні дагавораў, нароўні з іншымі спосабамі абароны, умоў, механізма прымянення і разліку індэксацыі сумы асноўнага доўгу (кошту выкананых і прынятых будаўнічых работ) у выпадку пратэрмінавання яго выплаты, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам (пункт 18). Дадзеная пастанова Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда прынята з улікам пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2011 г. № 875 «О внесении изменений в постановление Совета Министров Республики Беларусь от 15 сентября 1998 г. № 1450», у адпаведнасці з якой Правілы заключэння і выканання дагавораў (кантрактаў) будаўнічага падраду выкладзены ў новай рэдакцыі.

 

Па інфармацыі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, пры  вырашэнні спрэчак аб спагнанні доўгу, павялічанага з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных крэдытору на падставе пункта 1 артыкула 366 ГК, разлік інфляцыйных страт праводзіцца агульнымі судамі на падставе індэкса спажывецкіх цэн. У выпадках, прадугледжаных нарматыўнымі прававымі актамі і (або) дагаворамі, агульнымі судамі прымяняецца індэкс змянення цэн на будаўніча-мантажныя работы, які штомесяц публікуецца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

 

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь лічыць, што на падставе артыкулаў 2 і 391 ГК удзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны свабодныя ва ўстанаўленні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавору і ў вызначэнні любых умоў дагавору, якія не супярэчаць заканадаўству. У сувязі з гэтым механізм прымянення і разлік індэксацыі могуць быць узгоднены грамадзянамі і субектамі гаспадарання пры заключэнні дагавору. У мэтах вызначэння памеру інфляцыі па сэнсу артыкула 366 ГК могуць выкарыстоўвацца індэкс спажывецкіх цэн, індэкс цэн вытворцаў на прамысловую прадукцыю, індэксы змянення цэн на будаўніча-мантажныя работы і інш.

 

Пазіцыя Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь заснавана на тым, што паколькі прадметам Закона аб індэксацыі зяўляецца індэксацыя даходаў фізічных асоб з бюджэтных крыніц – дапамог, стыпендый, заработнай платы па месцы работы, грашовага забеспячэння, то дадзены Закон не накіраваны на рэгуляванне грамадзянска-прававых адносін. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі лічыць, што прымяненне норм Закона аб індэксацыі пры разліку сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, зяўляецца аналогіяй закона і можа ажыццяўляцца толькі ў дачыненні да фізічных асоб.

 

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што ў адпаведнасці з артыкулам 11 Закона аб індэксацыі гэты Камітэт разлічвае і публікуе штомесяц за справаздачны месяц у дачыненні да розных перыядаў індэкс спажывецкіх цэн, які зяўляецца паказчыкам інфляцыі ў спажывецкім сектары Рэспублікі Беларусь. Устанаўленне парадку прымянення індэксаў цэн не для статыстычных мэт у кампетэнцыю Нацыянальнага статыстычнага камітэта не ўваходзіць.

 

3. Агульны парадак індэксацыі даходаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць на тэрыторыі  Рэспублікі Беларусь  даходы ў грашовых адзінках Рэспублікі Беларусь, у сувязі з інфляцыяй, што выклікаецца ростам цэн на спажывецкія тавары і паслугі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам аб індэксацыі. Згодна з артыкулам 1 гэтага Закона страты, выкліканыя інфляцыяй, часткова кампенсуюцца фізічным асобам, якія атрымліваюць грашовыя даходы, што не маюць аднаразовага характару, з бюджэтных крыніц (дапамогі, стыпендыі, заработная плата па месцы работы, грашовае забеспячэнне). Фізічным асобам, якія атрымліваюць грашовыя даходы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з іншых крыніц, пакрыццё страт ад інфляцыі можа ажыццяўляцца за кошт сродкаў арганізацый па падставах, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі (пагадненнямі). Індэксацыя даходаў фізічных асоб, якія атрымліваюць грашовыя даходы з бюджэтных крыніц, праводзіцца на падставе індэкса  спажывецкіх  цэн (артыкулы 1, 2 Закона аб індэксацыі).

 

Індэкс спажывецкіх цэн як паказчык змянення ў часе кошту фіксаванага набору тавараў і паслуг, якія фактычна спажываюцца насельніцтвам, разлічваецца ў адпаведнасці з Методыкай разліку зводнага індэкса спажывецкіх цэн на тавары і платныя паслугі насельніцтву, зацверджанай пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 2008 г. № 412.

 

Індэксы цэн вытворцаў на прамысловую прадукцыю разлічваюцца ў адпаведнасці з Методыкай па разліку зводнага індэкса цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі, зацверджанай пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь  ад 30 лістапада 2010 г. № 247. Згодна з дадзенай Методыкай зводны індэкс цэн вытворцаў вызначаецца па відах эканамічнай дзейнасці, па прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, інвестыцыйных, прамежкавых і спажывецкіх таварах і асобных таварах і таварных групах і адлюстроўвае дынаміку цэн на тавары, адгружаныя на ўнутраны рынак, якія выпускаюць арганізацыі рэспублікі, без уліку падатку на дабаўленую вартасць, акцызаў і іншых падаткаў і выплат з выручкі (пункт 3).

 

На практыцы індэкс цэн вытворцаў на прамысловую прадукцыю выкарыстоўваецца таксама для правядзення пераацэнкі асноўных сродкаў. Так, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2006 г. № 622 «О вопросах переоценки основных средств, не завершенных строительством объектов и неустановленного оборудования» пераацэнка (змяненне кошту) асноўных сродкаў, якія лічацца ў бухгалтарскім уліку ў складзе пазаабаротных актываў, не завершаных будаўніцтвам абектаў і неўстаноўленага абсталявання ажыццяўляецца арганізацыямі пры ўмове дасягнення індэкса цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, які падлічваецца і публікуецца Нацыянальным статыстычным камітэтам за кастрычнік бягучага года да месяца, што папярэднічае даце апошняй пераацэнкі, велічыні 103 працэнтаў і больш (падпункт 1.1.1 пункта 1).

 

Змяненне кошту будаўніча-мантажных работ у сувязі з інфляцыяй вызначаецца на падставе індэксаў змянення кошту будаўніча-мантажных работ, якія распрацоўваюцца і зацвярджаюцца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2006 г. № 1207 «О мерах по реализации Указа Президента Республики Беларусь от 15 июня 2006 г. № 396» зацверджана  Палажэнне аб парадку вяртання дольшчыкам грашовых сродкаў пры спыненні ўдзелу ў долевым будаўніцтве жылых і (або) нежылых памяшканняў у шматкватэрным жылым доме і звязаных з ім абектаў нерухомасці. Пунктам 5 дадзенага Палажэння ўстаноўлена, што ў выпадку добраахвотнага выхаду або выключэння інвестара са складу ўдзельнікаў долевага будаўніцтва (арганізацыі забудоўшчыкаў) упаўнаважаны орган (агульны сход членаў арганізацыі забудоўшчыкаў) прымае рашэнне аб выключэнні яго з гэтага складу і вяртанні ўнесеных грашовых сродкаў па прыналежнасці. Сума вяртаемых грашовых сродкаў падлягае індэксацыі ў парадку, прадугледжаным дадзеным Палажэннем, з улікам адпаведнага індэкса змянення кошту будаўніча-мантажных работ, зацверджанага на дату выплаты.

 

Правіламі заключэння і выканання дагавораў (кантрактаў) будаўнічага падраду, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 1998 г. № 1450, да ўнясення ў іх змяненняў пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2011 г. № 875  было ўстаноўлена, што пры парушэнні заказчыкам тэрмінаў пераліку выплат за выкананыя работы іх аплата праводзіцца з улікам змянення кошту будаўніча-мантажных работ у сувязі з інфляцыяй на момант фактычных разлікаў, калі іншае не прадугледжана дагаворам падраду (пункт 46). У новай рэдакцыі Правілаў заключэння і выканання дагавораў будаўнічага падраду, якая ўступіла ў сілу 21 кастрычніка 2011 г., не прадугледжана змяненне кошту будаўнічых работ у сувязі з інфляцыяй на момант фактычных разлікаў пры парушэнні тэрмінаў іх аплаты.

 

З выкладзенага вынікае, што ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь устаноўлены выпадкі і памеры індэксацыі ў сувязі з інфляцыяй для асобных відаў праваадносін. Таму пры вырашэнні судовых спрэчак неабходна ўлічваць спецыфіку спраў, падведамных гаспадарчым судам, якія звязаны з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці і адрозніваюцца ад спраў, што разглядаюцца агульнымі судамі, як па характару спрэчных адносін, так і па суб’ектнаму складу ўдзельнікаў  судовай спрэчкі. Акрамя таго, зыходзячы з прынцыпу свабоды дагавору, бакі могуць па ўзаемнаму пагадненню прадугледзець у дагаворы магчымасць індэксацыі і механізм яе прымянення, калі заканадаўцам дадзенае пытанне не рэгламентавана.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, аналіз канстытуцыйна-прававога зместу прыведзеных палажэнняў нарматыўных прававых актаў сведчыць аб тым, што індэксацыя ў сувязі з інфляцыяй у Рэспубліцы Беларусь можа праводзіцца ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або дагаворам.

 

4. У грамадзянскім заканадаўстве вызначаюцца прававое палажэнне ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, падставы ўзнікнення і парадак ажыццяўлення права ўласнасці і іншых рэчавых правоў, правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, рэгулююцца адносіны паміж асобамі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, або з іх удзелам, дагаворныя і іншыя абавязацельствы, а таксама іншыя маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны (частка першая пункта 1 артыкула 1 ГК).

 

У пункце 2 артыкула 366 ГК вызначана права крэдытора па грашоваму абавязацельству патрабаваць ад даўжніка пакрыцця сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных яму на падставе пункта 1 гэтага артыкула. Разам з тым рэалізацыя дадзенага права крэдытора не забяспечана замацаваннем у грамадзянскім заканадаўстве норм, што ўстанаўліваюць, у якіх выпадках магчыма індэксацыя сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, для ўсіх грашовых абавязацельных праваадносін. У выніку ўзнікла прававая нявызначанасць для ўдзельнікаў грамадзянскіх праваадносін пры рэалізацыі імі права, прадугледжанага ў пункце 2 артыкула 366 ГК, на пакрыццё сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы вызначэння памеру падлягаючых пакрыццю грашовых сродкаў з улікам інфляцыі.

 

Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што адсутнасць належнага прававога рэгулявання разглядаемых адносін цягне парушэнне маёмасных інтарэсаў крэдытораў у дачыненні да магчымасці атрымання доўгу, павялічанага з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных яму на падставе пункта 1 артыкула 366 ГК; параджае неадназначнае разуменне закона і адпаведна адсутнасць аднастайнасці ў яго прымяненні. Гэта супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права, з якога вынікае прынцып прававой дакладнасці, які мае на ўвазе лагічную ўзгодненасць прававых норм у сістэме дзеючага прававога рэгулявання, дакладнасць, несупярэчлівасць і яснасць іх прымянення.

 

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, устараненне наяўнай прававой недакладнасці магчыма шляхам прамога ўказання ў пункце 2 артыкула 366 ГК на пакрыццё сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных крэдытору на падставе пункта 1 артыкула 366 ГК, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або дагаворам.

 

Устараненне прававой недакладнасці ў прававым рэгуляванні адносін, звязаных з абаронай маёмасных інтарэсаў крэдытора, грашовымі сродкамі якога неправамерна карыстаўся даўжнік, будзе садзейнічаць забеспячэнню рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і роўнасці ўсіх перад законам устараніць у пункце 2 артыкула 366 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прававую недакладнасць, устанавіўшы магчымасць пакрыцця сумы доўгу, павялічанай з улікам інфляцыі, у частцы, якая перавышае суму працэнтаў, належных на падставе пункта 1 гэтага артыкула, з прымяненнем індэксацыі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або дагаворам.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч