Закон Рэспублікі Беларусь

 

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 12 снежня 2012 года

Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2012 года

Глава 1

Агульныя палажэнні

Артыкул 1. Права на дзяржаўныя дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей

Права на дзяржаўныя дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей (далей — дзяржаўныя дапамогі), у адпаведнасці з гэтым Законам маюць:

грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім прадастаўлены статус бежанца ў Рэспубліцы Беларусь;

грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Дзяржаўныя дапамогі, прадугледжаныя гэтым Законам, не прызначаюцца на дзяцей, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь (за выключэннем дзяцей, бацькі якіх працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь), а таксама на дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнацкіх установах, дзіцячых дамах сямейнага тыпу і прыёмных сем'ях.

На дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў апякунскіх сем'ях, прызначаюцца дзяржаўныя дапамогі, прадугледжаныя гэтым Законам, за выключэннем дзяржаўных дапамог, прадугледжаных артыкуламі 10 і 14 гэтага Закона.

Артыкул 2. Заканадаўства аб дзяржаўных дапамогах

Заканадаўства аб дзяржаўных дапамогах грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Віды дзяржаўных дапамог

У адпаведнасці з гэтым Законам прызначаюцца дзяржаўныя дапамогі: дапамогі па мацярынстве, сямейныя дапамогі, дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці.

Да дапамог па мацярынстве адносяцца:

дапамога па цяжарнасці і родах;

дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці.

Да сямейных дапамог адносяцца:

дапамога у сувязі з нараджэннем дзіцяці;

дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў;

дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, вызначаных гэтым Законам (далей — дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў);

дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека;

дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

Да дапамог па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці адносяцца:

дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў);

дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці альбо іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляла догляд дзіцяці;

дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі.

Артыкул 4. Сродкі на выплату дзяржаўных дапамог, кантроль за іх мэтавым выкарыстаннем

Выплата дапамог па мацярынстве, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці асобам, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Выплата дапамог па мацярынстве, у сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў асобам, на якіх не распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, а таксама дапамог на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на выплату дзяржаўных дапамог ажыццяўляецца Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва), сродкаў рэспубліканскага бюджэту — Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Правы і абавязкі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, якія прызначаюць і выплачваюць дзяржаўныя дапамогі

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, якія прызначаюць і выплачваюць дзяржаўныя дапамогі, маюць права:

ажыццяўляць кантроль за дакладнасцю прадстаўленых грамадзянамі дакументаў і (або) звестак, неабходных для прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог;

запытваць і бязвыплатна атрымліваць у дзяржаўных органаў, іншых арганізацый незалежна ад іх арганізацыйна-прававых формаў інфармацыю, неабходную для прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог, а таксама для праверкі прадстаўленых грамадзянамі дакументаў і (або) звестак.

Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, якія прызначаюць і выплачваюць дзяржаўныя дапамогі, абавязаны:

забяспечваць комплексны падыход у прымяненні заканадаўства пры прызначэнні дзяржаўных дапамог, своечасовую выплату дзяржаўных дапамог;

захоўваць канфідэнцыйнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў прадстаўленых грамадзянамі дакументах і (або) звестках;

растлумачваць грамадзянам іх правы і абавязкі па пытаннях прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Артыкул 6. Правы і абавязкі грамадзян, якія атрымліваюць дзяржаўныя дапамогі

Грамадзяне, якія атрымліваюць дзяржаўныя дапамогі (далей — атрымальнікі дзяржаўных дапамог), маюць права на:

канфідэнцыйнасць інфармацыі, якая змяшчаецца ў прадстаўленых імі дакументах і (або) звестках дзяржаўным органам, іншым арганізацыям, якія прызначаюць і выплачваюць дзяржаўныя дапамогі;

атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі аб дзяржаўных дапамогах, парадку іх прызначэння і выплаты;

абскарджанне рашэнняў, прынятых па пытаннях прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог.

Атрымальнікі дзяржаўных дапамог абавязаны паведамляць аб наступленні абставін, якія цягнуць змену памеру дзяржаўнай дапамогі або спыненне яе выплаты, у пяцідзённы тэрмін з дня іх наступлення.

Глава 2

Дапамогі па мацярынстве

Артыкул 7. Дапамога па цяжарнасці і родах

Дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца ў сувязі з цяжарнасцю і родамі, а таксама ўсынаўленнем (удачарэннем), устанаўленнем апекі над дзіцем ва ўзросце да 3 месяцаў.

Права на дапамогу па цяжарнасці і родах маюць жанчыны:

занятыя дзейнасцю, у перыяд ажыццяўлення якой на іх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне;

з ліку ваенных, асоб радавога і кіруючага саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях;

якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі, а таксама якія атрымалі такую адукацыю, — на працягу 2 месяцаў пасля яе атрымання;

якія праходзяць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;

якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (далей — органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне) у якасці беспрацоўных альбо якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;

якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Пры сурагатным мацярынстве дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца сурагатнай маці. Жанчыне, якая заключыла з сурагатнай маці дагавор сурагатнага мацярынства, дапамога па цяжарнасці і родах не прызначаецца.

Артыкул 8. Перыяд, на які прызначаецца дапамога па цяжарнасці і родах

Дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца з 30 тыдняў цяжарнасці на 126 каляндарных дзён, у выпадку ўскладненых родаў, у тым ліку нараджэння дваіх і больш дзяцей, — на 140 каляндарных дзён.

Жанчынам, якія пастаянна (пераважна) пражываюць і (або) працуюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца з 27 тыдняў цяжарнасці на 146 каляндарных дзён, у выпадку ўскладненых родаў, у тым ліку нараджэння дваіх і больш дзяцей, — на 160 каляндарных дзён.

У выпадку родаў, наступіўшых да 30 тыдняў цяжарнасці (да 27 тыдняў цяжарнасці ў жанчын, якія пастаянна (пераважна) пражываюць і (або) працуюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання), дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца на 140 каляндарных дзён (жанчынам, якія пастаянна (пераважна) пражываюць і (або) працуюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, — на 160 каляндарных дзён), а ў выпадку нараджэння мёртвага дзіцяці — на 70 каляндарных дзён.

Асобе, якая ўсынавіла (удачарыла) дзіця альбо прызначана апекуном дзіцяці ва ўзросце да 3 месяцаў, дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца на 70 каляндарных дзён з дня ўсынаўлення (удачарэння) або ўстанаўлення апекі.

Артыкул 9. Памеры і ўмовы выплаты дапамогі па цяжарнасці і родах

Дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца за кожны каляндарны дзень перыяду, вызначанага артыкулам 8 гэтага Закона, у наступных памерах:

жанчынам, якія працуюць на аснове працоўных дагавораў (кантрактаў), членства (удзелу) у юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў, — 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку, вызначанага ва ўстаноўленым парадку за 6 каляндарных месяцаў, якія папярэднічалі месяцу, у якім узнікла права на дапамогу па цяжарнасці і родах, але за кожны каляндарны месяц не больш за трохкратную велічыню сярэдняй заработнай платы працаўнікоў у рэспубліцы ў месяцы, які папярэднічаў месяцу наступлення водпуску па цяжарнасці і родах, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам — індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, адвакатам, творчым работнікам, жанчынам, якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, жанчынам, якія працуюць у прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь, дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах замежных дзяржаў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, —100 працэнтаў сярэднядзённага даходу, вызначанага ва ўстаноўленым парадку за каляндарны год, які папярэднічаў году, у якім узнікла права на дапамогу па цяжарнасці і родах, але не больш за суму абавязковых страхавых узносаў, выплачаных за перыяд, за які вылічаецца даход, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, — 100 працэнтаў сярэднядзённай узнагароды, вызначанай ва ўстаноўленым парадку, але не больш за суму абавязковых страхавых узносаў, выплачаных з узнагароды, з якой вылічаецца дапамога, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах;

жанчынам з ліку ваенных, асоб радавога і кіруючага саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях — 100 працэнтаў грашовага забеспячэння, якое захоўваецца ў вызначаным парадку за каляндарныя дні знаходжання іх у водпуску па цяжарнасці і родах, але за кожны каляндарны месяц не больш за трохкратную велічыню сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў месяцы, які папярэднічаў месяцу наступлення сацыяльнага водпуску па цяжарнасці і родах, і не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах.

Жанчынам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі, а таксама якія праходзяць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме, дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца ў памеры 100 працэнтаў стыпендыі за кожны каляндарны месяц перыяду, устаноўленага артыкулам 8 гэтага Закона, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах, а жанчынам, якія не атрымліваюць стыпендыі, і жанчынам, у якіх права на дапамогу па цяжарнасці і родах узнікла на працягу 2 месяцаў пасля атрымання адукацыі, — у мінімальным памеры дапамогі па цяжарнасці і родах.

Жанчынам, зарэгістраваным у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца ў памеры 100 працэнтаў дапамогі па беспрацоўі за кожны каляндарны месяц перыяду, устаноўленага артыкулам 8 гэтага Закона, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах.

Жанчынам, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца ў памеры 100 працэнтаў стыпендыі за кожны каляндарны месяц перыяду, устаноўленага артыкулам 8 гэтага Закона, але не менш за мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах.

Мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах у месяц устанаўліваецца ў памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, за два апошнія кварталы (далей — найбольшая велічыня бюджэту пражытковага мінімуму) адносна кожнага месяца водпуску па цяжарнасці і родах.

Дапамога па цяжарнасці і родах жанчынам, пералічаным у абзацах другім — чацвёртым часткі першай гэтага артыкула, за якіх, а таксама якімі ў выпадках, вызначаных заканадаўствам, абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне выплачваліся менш чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу па цяжарнасці і родах, устанаўліваецца ў мінімальным памеры.

Дапамога па цяжарнасці і родах выплачваецца аднаразова.

Парадак прызначэння і выплаты дапамогі па цяжарнасці і родах вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 10. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да
12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці

Права на дапамогу маюць жанчыны, у тым ліку сурагатныя маці, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя Рэспублікі Беларусь да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, рэгулярна наведвалі такія арганізацыі аховы здароўя і выконвалі загады ўрачоў-спецыялістаў на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці. Жанчыне, якая заключыла з сурагатнай маці дагавор сурагатнага мацярынства, такая дзяржаўная дапамога не прызначаецца.

Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, прызначаецца і выплачваецца аднаразова ў памеры 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму, дзейнага на дату нараджэння дзіцяці.

Глава 3

Сямейныя дапамогі

Артыкул 11. Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці

Права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці маюць маці або бацька дзіцяці, асоба, якая ўсынавіла (удачарыла), прызначана апекуном дзіцяці ва ўзросце да 6 месяцаў.

Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці прызначаецца і выплачваецца на кожнае дзіця аднаразова пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) у наступных памерах:

на першае дзіця — у памеры дзесяцікратнай найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму, дзейнага на дату нараджэння дзіцяці;

на другое і наступных дзяцей — у памеры чатырнаццацікратнай найбольшай велічыні бюджэту пражыт-
ковага мінімуму, дзейнага на дату нараджэння дзіцяці.

Пры вызначэнні памеру дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці ўлічваюцца дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), а таксама пасынкі і падчарыцы ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і, і не ўлічваюцца дзеці:

у дачыненні да якіх бацькі (адзіны з бацькоў) пазбаўлены бацькоўскіх правоў;

адабраныя з сям'і;

народжаныя мёртвымі;

якія выхоўваюцца ў прыёмных сем'ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу.

Пры прызначэнні дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці апекуну на падапечнае дзіця яе памер вызначаецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей, над якімі ўстаноўлена апека (папячыцельства).

Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці не прызначаецца ў выпадках пакідання дзіцяці ў арганізацыі аховы здароўя, адмовы ад дзіцяці, адабрання дзіцяці, нараджэння мёртвага дзіцяці.

Сурагатным маці дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці не прызначаецца.

Артыкул 12. Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун дзіцяці. Іншыя члены сям'і або родныя дзіцяці маюць права на такую дапамогу ў выпадку знаходжання іх у водпуску па доглядзе гэтага дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Артыкул 13. Памеры і ўмовы выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў

Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў вызначаецца, зыходзячы з сярэднямесячнай заработнай платы працаўнікоў у рэспубліцы, якая прымяняецца для вылічэння дапамогі ў адпаведнасці з часткай чацвёртай гэтага артыкула (далей — сярэднямесячная заработная плата).

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца на кожнае дзіця ў наступных памерах:

на першае дзіця — 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы;

на другое і наступных дзяцей — 40 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы.

На дзіця-інваліда ва ўзросце да 3 гадоў дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы.

Для вылічэння дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў за перыяд з 1 лютага па 30 красавіка гэтага года прымяняецца сярэднямесячная заработная плата за ІV квартал папярэдняга года, за перыяд з 1 мая па 31 ліпеня — за І квартал гэтага года, за перыяд з 1 жніўня па 31 кастрычніка — за ІІ квартал гэтага года, за перыяд з 1 лістапада гэтага года па 31 студзеня наступнага года — за ІІІ квартал гэтага (папярэдняга) года.

У выпадку памяншэння сярэднямесячнай заработнай платы, якая прымяняецца для вылічэння дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, гэтая дапамога прызначаецца і выплачваецца ў памеры, вылічаным да яе памяншэння.

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры 50 працэнтаў ад памеру, устаноўленага часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула, калі асоба, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў:

працуе на ўмовах поўнага працоўнага часу, няпоўнага працоўнага часу (больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) у аднаго або некалькіх наймальнікаў;

працуе на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) і адначасова выконвае надомную працу ў аднаго або некалькіх наймальнікаў;

выконвае надомную працу больш як у аднаго наймальніка;

выконвае працу па грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, прыватным натарыусам, адвакатам;

ажыццяўляе прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка;

атрымлівае паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі і атрымлівае стыпендыю;

праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме.

Асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і адначасова атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры, вызначаным часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула, незалежна ад атрымання стыпендыі.

Асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і адначасова атрымліваюць паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі і не атрымліваюць стыпендыю, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры, вызначаным часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула.

Пры вызначэнні памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў улічваюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія выхоўваюцца ў сям'і, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), пасынкі і падчарыцы, і не ўлічваюцца дзеці:

у дачыненні да якіх бацькі (адзіны з бацькоў) пазбаўлены бацькоўскіх правоў;

адабраныя з сям'і;

памерлыя;

якія выхоўваюцца ў прыёмных сем'ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу.

Пры прызначэнні дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў апекуну на падапечнае дзіця яе памер вызначаецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей, над якімі ўстаноўлена апека (папячыцельства).

Калі ў перыяд атрымання дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў узнікае права на дапамогу па цяжарнасці і родах, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у перыяд атрымання дапамогі па цяжарнасці і родах выплачваецца ў памеры, вызначаным часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула.

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў выплачваецца штомесяц з дня ўзнікнення права на яе па дзень дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў уключна.

Артыкул 14. Дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў

Права на дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) пры выхаванні імі дзіцяці, якое не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, калі ў сям'і:

выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў;

выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека;

бацька (айчым) або ўсынавіцель (удачарыцель) з'яўляюцца ваеннымі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу;

абое бацькоў (маці (мачаха), бацька (айчым)) у поўнай сям'і альбо адзіны з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель) з'яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы, а таксама калі адзін з бацькоў у поўнай сям'і з'яўляецца інвалідам І групы, а другі ажыццяўляе догляд яго і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам.

Дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца на кожнае дзіця ў памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму, а на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў — у памеры 70 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Артыкул 15. Перыяд і ўмовы прызначэння дапамогі на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў

Дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца штогод з дня ўзнікнення права на яе пры захаванні ўмоў, прадугледжаных часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула, і выплачваецца штомесяц:

на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў — па дзень заканчэння тэрміну прызнання дзіцяці інвалідам, устаноўленага медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, уключна;

на дзіця, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, — па дзень спаўнення дзіцяці 18 гадоў уключна;

на іншых дзяцей, якія выхоўваюцца у сем'ях, названых у абзацах другім — пятым часткі першай артыкула 14 гэтага Закона, якія:

не навучаюцца ва ўстановах адукацыі і не працуюць, — па дзень страты падставы, якая дае права на дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, уключна, але не пазней чым за дзень дасягнення імі ўзросту 16 гадоў;

з'яўляюцца навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — па дзень страты падставы, якая дае права на дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, але не пазней чым заканчэнне навучання (па чэрвень уключна);

атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт уласных сродкаў, — па дзень страты падставы, якая дае права на дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, але не пазней чым за дзень дасягнення імі ўзросту 18 гадоў.

Дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца, калі на дату звароту па яе, а таксама не менш як 6 месяцаў у годзе, які папярэднічаў году звароту па такую дапамогу, працаздольны бацька (айчым) у поўнай сям'і альбо працаздольны бацька (маці) у няпоўнай сям'і з названых у абзацах другім — чацвёртым часткі першай артыкула 14 гэтага Закона:

працуе або ажыццяўляе іншы від дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, які прыносіць заробак (даход), альбо працуе ў дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь;

з'яўляецца ваенным, асобай радавога і кіруючага саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях;

атрымлівае прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі;

праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;

зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўнага з выплатай дапамогі па беспрацоўі альбо праходзіць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі або навучальныя курсы па накіраванні гэтых органаў;

ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, з'яўляецца атрымальнікам пенсіі або штомесячнай страхавой выплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, штомесячнага грашовага забеспячэння ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе, дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, інваліда І групы, асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, дапамогі на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Маці (мачасе) у поўнай сям'і, у якой бацька (айчым) з'яўляецца ваеннаслужачым, праходзіць тэрміновую ваенную службу, дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца, калі на дату звароту па такую дапамогу яна адносіцца да катэгорыі асоб, названых у абзацах другім — сёмым часткі другой гэтага артыкула.

Умовы прызначэння дапамогі на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, прадугледжаныя часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула, распаўсюджваюцца таксама на ўсынавіцеляў (удачарыцеляў), апекуноў (папячыцеляў).

Умова занятасці не менш як 6 месяцаў у годзе, які папярэднічаў году звароту па дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, не распаўсюджваецца на бацьку (айчыма), усынавіцеля (удачарыцеля) з сям'і, названай у абзацы чацвёртым часткі першай артыкула 14 гэтага Закона, а таксама працаздольнага бацькі (айчыма) у поўнай сям'і альбо працаздольнага бацькі (маці) у няпоўнай сям'і, усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля), якія ў годзе звароту па дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў адносяцца да катэгорыі асоб, названых у абзацы сёмым часткі другой гэтага артыкула.

Артыкул 16. Дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека

Права на дапамогу на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель).

Дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, прызначаецца і выплачваецца штомесяц у памеры 70 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, прызначаецца незалежна ад атрымання іншых відаў дзяржаўных дапамог.

Артыкул 17. Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў

Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці-інваліда альбо іншая асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд яго.

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў не прызначаецца і не выплачваецца асобам:

якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах);

з ліку ваеннаслужачых, асоб радавога і кіруючага саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях;

якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

якія з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прыватнымі натарыусамі, адвакатамі;

якія ажыццяўляюць прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў;

якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або паслядыпломную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі;

якія праходзяць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;

якія зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;

якія атрымліваюць пенсію або штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў (за выключэннем непрацуючых маці (мачахі) або бацькі (айчыма), усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля) дзіцяці-інваліда, якія з'яўляюцца інвалідамі і атрымліваюць пенсію або штомесячную страхавую выплату), штомесячнае грашовае ўтрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе.

Маці (мачасе) або бацьку (айчыму), усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю), якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў або акадэмічным водпуску, дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца на перыяд указаных водпускаў.

Дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца на кожнае дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і выплачваецца штомесяц у памеры 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Глава 4

Дапамогі па часовай
непрацаздольнасці
па доглядзе дзіцяці

Артыкул 18. Дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці

Права на дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці маюць асобы, якія фактычна ажыццяўляюць догляд хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці і атрымлівае дзяржаўную дапамогу, прадугледжаную артыкулам 12 або артыкулам 17 гэтага Закона, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках плацяцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў) прызначаецца:

пры аказанні дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах — на перыяд, на працягу якога дзіця па заключэнні ўрача мае патрэбу ў доглядзе, але не больш чым на 14 каляндарных дзён па адным выпадку захворвання (траўмы);

пры аказанні медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах;

дзіцяці ва ўзросце да 5 гадоў — на ўвесь перыяд знаходжання з дзіцем у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя;

дзіцяці ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў, дзіцяці-інваліду ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць патрэбу па заключэнні ўрача ў дадатковых доглядзе, — на ўвесь перыяд знаходжання з дзіцем у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, на працягу якога яно мае патрэбу ў доглядзе.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, прызначаецца на ўвесь перыяд, на працягу якога ўказаныя асобы па заключэнні ўрача не могуць ажыццяўляць догляд дзіцяці.

Парадак прызначэння і выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку хваробы маці або іншай асобы, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 19. Дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі

Права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці-інваліда, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках плацяцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне, калі догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў не ажыццяўляецца іншай асобай з выплатай дзяржаўнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 17 гэтага Закона.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі прызначаецца на ўвесь перыяд (з улікам часу на праезд туды і назад) догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у санаторна-курортных арганізацыях Рэспублікі Беларусь па пераліку, зацверджаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, або медыцынскай рэабілітацыі ў цэнтрах медыцынскай або медыка-сацыяльнай рэабілітацыі, але не больш чым на адзін тэрмін санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі ў каляндарным годзе.

Неабходнасць догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у арганізацыях, указаных у частцы другой гэтага артыкула, вызначаецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання) дзіцяці.

Парадак прызначэння і выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Глава 5

Прызначэнне і выплата
дзяржаўных дапамог

Артыкул 20. Парадак прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог

Дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца камісіямі па прызначэнні дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамог па часовай непрацаздольнасці (далей — камісія па прызначэнні дапамог), якія ствараюцца ў дзяржаўных органах, арганізацыях любых арганізацыйна-прававых формаў, у парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прызначэнне дзяржаўнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 7 гэтага Закона, ажыццяўляецца:

па месцы працы (службы), вучобы ў дзённай форме атрымання адукацыі або праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме жанчыны або ўсынавіцеля (удачарыцеля), апекуна дзіцяці. Асобам, якія сумяшчаюць вучобу ў дзённай форме атрымання адукацыі з працай, дзяржаўная дапамога прызначаецца па месцы вучобы і па месцы працы;

асобам, якія плацяць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва самастойна ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, — у тэрытарыяльных органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы пастаноўкі іх на ўлік у якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў;

асобам, зарэгістраваным у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні гэтых органаў, — у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

Прызначэнне дзяржаўных дапамог, прадугледжаных артыкуламі 10—12 і 14 гэтага Закона, калі іншае не прадугледжана часткай чацвёртай гэтага артыкула, ажыццяўляецца:

па месцы працы (службы), вучобы ў дзённай форме атрымання адукацыі або праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме асобы, якая мае права на дзяржаўную дапамогу. Пры гэтым у поўнай сям'і дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца па месцы працы (службы), вучобы, праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры маці (мачахі) дзіцяці. У выпадку, калі маці (мачаха) у поўнай сям'і не працуе (не служыць), не вучыцца, не праходзіць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры, дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца па месцы працы (службы), вучобы, праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры бацькі (айчыма) дзіцяці. Асобам, якія працуюць па сумяшчальніцтве, названыя дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца па асноўным месцы працы;

у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) — асобам, якія плацяць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва самастойна ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з'яўляюцца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, свяшчэннаслужыцелям і асобам, якія працуюць у рэлігійных арганізацыях, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па накіраванні гэтых органаў, асобам, якія працуюць у камерцыйных арганізацыях з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год да 15 чалавек уключна, у індывідуальных прадпрымальнікаў, прыватных натарыусаў, адвакатаў, непрацуючым асобам. Пры гэтым, калі ў поўных сем'ях бацькі дзіцяці адносяцца да катэгорыі ўказаных асоб, дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца маці (мачасе) у адпаведнасці з рэгістрацыяй па яе месцы жыхарства (месцы знаходжання).

Прызначэнне дзяржаўных дапамог, прадугледжаных артыкуламі 14 і 16 гэтага Закона, сем'ям, у якіх выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прызначэнне дзяржаўнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 17 гэтага Закона, ажыццяўляецца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы, якая мае права на дзяржаўную дапамогу.

Прызначэнне дзяржаўных дапамог, прадугледжаных артыкуламі 18 і 19 гэтага Закона, ажыццяўляецца па месцы працы асобы, якая мае права на дзяржаўную дапамогу. Асобам, якія плацяць абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва самастойна ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, названыя дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца тэрытарыяльнымі органамі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў.

Дзяржаўныя дапамогі, прадугледжаныя артыкуламі 12 і 14 гэтага Закона, прызначаныя па месцы працы (службы), вучобы, праходжання падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры, выплачваюцца за бягучы месяц.

Дзяржаўныя дапамогі, прызначаныя тэрытарыяльнымі органамі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, выплачваюцца ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўныя дапамогі, прызначаныя ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, выплачваюцца за бягучы месяц па выбары атрымальніка праз банкі і (або) аб'екты паштовай сувязі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсій і дапамог, у адпаведнасці з графікамі выплаты.

Дзяржаўныя дапамогі на дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнацкіх установах, установах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, не прызначаюцца і не выплачваюцца. У выпадку выбыцця дзяцей з названых устаноў у сям'ю на тэрмін звыш 1 месяца дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца і выплачваюцца на агульных падставах.

За перыяды лячэння дзяцей у стацыянарных умовах у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, а таксама санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі дзяржаўныя дапамогі выплачваюцца ў поўным памеры.

У выпадку змянення месца выплаты дзяржаўнай дапамогі (паступлення на працу (службу), вучобу, змянення месца працы (службы), вучобы, звальнення, заканчэння вучобы, змянення месца жыхарства і ў іншых выпадках) яе выплата па былым месцы атрымання спыняецца, і дзяржаўная дапамога прызначаецца па новым месцы з дня, які надыходзіць за днём спынення яе выплаты, пры ўмове, што сям'я мела права на дзяржаўную дапамогу за перыяд, на працягу якога яна не выплачвалася, але не больш чым за 6 месяцаў. Калі перапынак у выплаце дзяржаўнай дапамогі складае больш за 6 месяцаў, такая дзяржаўная дапамога прызначаецца з дня звароту.

Пры надыходзе абставін, названых у абзацах восьмым і дзявятым артыкула 23 гэтага Закона, выплата дзяржаўнай дапамогі спыняецца з першага чысла месяца, які надыходзіць за месяцам выезду.

Артыкул 21. Тэрмін звароту на прызначэнне дзяржаўных дапамог

Дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца з дня ўзнікнення права на іх, калі зварот на прызначэнне дзяржаўнай дапамогі адбыўся не пазней за 6 месяцаў з дня ўзнікнення такога права.

Днём узнікнення права на дзяржаўную дапамогу з'яўляецца:

на дапамогу па цяжарнасці і родах — дзень, з якога жанчына ў адпаведнасці з заканадаўствам вызваляецца ад працы (службы), вучобы ў сувязі з цяжарнасцю і родамі, а таксама ўсынаўленнем (удачарэннем), устанаўленнем апекі над дзіцем ва ўзросце да 3 месяцаў;

на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці — дзень нараджэння дзіцяці;

на дапамогу жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, — дзень нараджэння дзіцяці;

на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — дзень прадастаўлення водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў або дзень, які надыходзіць за днём заканчэння перыяду вызвалення ад працы (службы), вучобы, вызначанага лістком непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах; для асоб, якія не маюць права на дапамогу па цяжарнасці і родах або не скарысталіся гэтым правам, — дзень нараджэння дзіцяці. Пры гэтым права на дзяржаўную дапамогу ўзнікае: для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, у выпадку нараджэння дзіцяці за мяжой — не раней за дзень рэгістрацыі дзіцяці па месцы жыхарства аднаго з бацькоў (адзінага з бацькоў) у Рэспубліцы Беларусь; для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, — не раней за дзень унясення адзнакі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ў пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь; для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якім нададзены статус бежанца ў Рэспубліцы Беларусь, — не раней за дзень атрымання статусу бежанца ў Рэспубліцы Беларусь; для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, — не раней за дзень падачы заявы аб жаданні ўдзельнічаць у праваадносінах па дзяржаўным сацыяльным страхаванні;

на дапамогу на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў — дзень, які надыходзіць за днём, калі дзіцяці споўнілася 3 гады; 1 студзеня года звароту па дзяржаўную дапамогу; дзень устанаўлення асобам, названым у абзацы пятым часткі першай артыкула 14 гэтага Закона, інваліднасці або прызнання дзіцяці інвалідам; дзень устанаўлення дыягназу дзіцяці, інфіцыраванаму вірусам імунадэфіцыту чалавека; дзень прызыву бацькі (айчыма), усынавіцеля (удачарыцеля) на тэрміновую ваенную службу; дзень скасавання шлюбу; дзень працаўладкавання або займання іншым відам дзейнасці, названых у абзацах другім—сёмым часткі другой артыкула 15 гэтага Закона; дзень выбыцця дзяцей з устаноў, названых у частцы дзясятай артыкула 20 гэтага Закона. Пры гэтым для сем'яў, у якіх бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель) з'яўляецца ваеннаслужачым, які праходзіць тэрміновую ваенную службу, права на дзяржаўную дапамогу ўзнікае не раней за дзень устанаўлення бацькоўства, заключэння шлюбу;

на дапамогу на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека, — дзень устанаўлення дыягназу;

на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў — дзень прызнання дзіцяці інвалідам; дзень, які надыходзіць за днём звальнення або спынення іншага віду дзейнасці, названага ў абзацах другім—сёмым часткі другой артыкула 15 гэтага Закона, асобы, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці-інваліда. Пры гэтым для асоб, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, акадэмічным водпуску, права на дзяржаўную дапамогу ўзнікае не раней за дзень прадастаўлення такога водпуску.

Пры звароце па дзяржаўныя дапамогі пасля заканчэння 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на іх дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца з дня звароту.

Пры звароце па дапамогі па цяжарнасці і родах, у сувязі з нараджэннем дзіцяці і жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, пасля заканчэння 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на іх гэтыя дапамогі не прызначаюцца.

Артыкул 22. Абскарджанне рашэнняў па прызначэнні дзяржаўных дапамог

Рашэнні па прызначэнні дзяржаўных дапамог, прынятыя камісіямі па прызначэнні дапамог па месцы працы (службы), вучобы, могуць быць абскарджаны ў тэрытарыяльныя органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы пастаноўкі арганізацыі на ўлік у якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў.

Рашэнні па прызначэнні дзяржаўных дапамог, прынятыя тэрытарыяльнымі органамі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы орган Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Рашэнні па прызначэнні дзяржаўных дапамог, прынятыя органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы орган па працы. занятасці і сацыяльнай абароне.

У выпадку нязгоды з рашэннямі, прынятымі органамі, названымі ў частках першай—трэцяй гэтага артыкула, спрэчка вырашаецца ў судовым парадку.

Артыкул 23. Абставіны, якія цягнуць спыненне выплаты дзяржаўных дапамог

Выплата дзяржаўных дапамог спыняецца ў выпадку:

адмаўлення ад дзіцяці;

адмены ўсынаўлення (удачарэння), апекі (папячыцельства);

адабрання дзіцяці з сям'і;

змяшчэння дзіцяці ў дзіцячую інтэрнацкую ўстанову, установу адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання;

пазбаўлення бацькоўскіх правоў атрымальніка дзяржаўнай дапамогі;

змянення месца выплаты дзяржаўнай дапамогі;

выезду дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь на тэрмін больш за 2 месяцы (за выключэннем дзяцей, бацькі якіх працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Рэспублікі Беларусь);

выезду атрымальніка дзяржаўнай дапамогі на пастаяннае месца жыхарства за межы Рэспублікі Беларусь;

смерці дзіцяці;

смерці атрымальніка дзяржаўнай дапамогі;

уступлення непаўналетняй асобы ў шлюб або нараджэння непаўналетняй маці дзіцяці;

у іншых выпадках, прадугледжаных гэтым Законам.

Артыкул 24. Парадак вяртання атрымальнікам дзяржаўнай дапамогі залішне выплачаных сум дзяржаўных дапамог

Залішне выплачаныя сумы дзяржаўных дапамог (з прычыны прадстаўлення дакументаў з загадзя недакладнымі звесткамі, непрадстаўлення або нясвоечасовага прадстаўлення звестак аб надыходзе абставін, якія цягнуць спыненне выплаты дзяржаўнай дапамогі, іншых змяненняў, якія ўплываюць на права атрымання дзяржаўнай дапамогі або на яе памер, а таксама з прычыны іншых пераплат) падлягаюць вяртанню атрымальнікам дзяржаўнай дапамогі.

У выпадку адмаўлення атрымальніка дзяржаўнай дапамогі ад вяртання залішне выплачаных сум дзяржаўных дапамог у добраахвотным парадку іх утрыманне робіцца з сум дзяржаўных дапамог, заработнай платы, грашовага забеспячэння, стыпендыі або іншага даходу на падставе рашэння камісіі па прызначэнні дапамог у памеры не больш за 20 працэнтаў ад дзейнага памеру дзяржаўнай дапамогі штомесячна да поўнага пагашэння запазычанасці. Пры спыненні выплаты дзяржаўнай дапамогі, заработнай платы, грашовага забеспячэння, стыпендыі або іншага даходу запазычанасць, якая засталася, спаганяецца з атрымальніка дзяржаўнай дапамогі ў судовым парадку.

Сумы дзяржаўных дапамог, прызначаныя органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і пералічаныя ў банкі пасля надыходу абставін, названых у артыкуле 23 гэтага Закона, падлягаюць вяртанню органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на падставе іх распараджэнняў. Калі на момант паступлення ў банк распараджэння сумы дзяржаўных дапамог выдадзены, іх спагнанне ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным часткай другой гэтага артыкула.

Артыкул 25. Выплата дзяржаўных дапамог за мінулы час

Прызначаныя сумы дзяржаўных дапамог, не запатрабаваныя своечасова, выплачваюцца аднаразова за мінулы час, але не больш чым за 3 гады да звароту па атрыманне дзяржаўнай дапамогі.

Сумы дзяржаўных дапамог, не прызначаныя і (або) не атрыманыя своечасова па віне органа, які прызначае або выплачвае дзяржаўныя дапамогі, выплачваюцца аднаразова за мінулы час без абмежавання якім-небудзь тэрмінам і падлягаюць індэксацыі за гэты тэрмін у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Сумы дзяржаўных дапамог, якія належаць атрымальніку дзяржаўнай дапамогі і не атрыманыя ў сувязі з яго смерцю, выплачваюцца асобе, якая мае ў адпаведнасці з гэтым Законам права на дзяржаўныя дапамогі. Патрабаванні аб выплаце названых сум дзяржаўных дапамог могуць быць прад'яўлены не пазней за 6 месяцаў з дня смерці атрымальніка дзяржаўнай дапамогі.

У выпадку неатрымання на працягу 6 месяцаў запар прызначаных органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дзяржаўных дапамог, якія выплачваюцца праз аб'екты паштовай сувязі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсій і дапамог, іх выплата прыпыняецца з першага чысла месяца, які надыходзіць за месяцам, у які скончыўся шасцімесячны тэрмін. Аднаўленне выплаты дзяржаўнай дапамогі ажыццяўляецца з дня, які надыходзіць за днём прыпыне