Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
30 снежня 2013 г. № Р-913/2013
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Трудовой кодекс Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі В.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Трудовой кодекс Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Трудовой кодекс Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Трудовой кодекс Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 16 снежня 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) працоўных і звязаных з імі адносін з улікам палажэнняў шэрагу заканадаўчых актаў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда па асобных пытаннях заканадаўства аб працы, неабходнасці рэгулявання працоўных адносін у прафесійным спорце.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (частка першая артыкула 41 Канстытуцыі).

 

Рэгламентаванне Законам асобных адносін, звязаных з заключэннем і спыненнем працоўнага дагавора, гарантыямі і кампенсацыямі, якія прадастаўляюцца работнікам, водпускамі і заработнай платай, вырашэннем працоўных калектыўных спрэчак, працоўнай дзейнасцю прафесійных спартсменаў і трэнераў стварае дадатковыя прававыя магчымасці рэалізацыі канстытуцыйнага права на працу.

 

2. Часткай другой артыкула 17 ПК прадугледжваецца, што тэрміновы працоўны дагавор заключаецца ў выпадках, калі працоўныя адносіны не могуць быць устаноўлены на нявызначаны тэрмін з улікам характару будучай работы або ўмоў яе выканання. Разам з тым у пункце 7 артыкула 1 Закона замацоўваецца палажэнне, у сілу якога з асобамі, якія прымаюцца на работу да індывідуальнага прадпрымальніка або ў мікраарганізацыю, можа заключацца тэрміновы працоўны дагавор без уліку характару будучай работы або ўмоў яе выканання. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, гэта норма пашырае магчымасці індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый пры прыёме работнікаў на работу, паколькі ўказаныя суб’екты гаспадарання не будуць звязаны патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да заключэння тэрміновых працоўных дагавораў. Заключэнне тэрміновых працоўных дагавораў у дадзеным выпадку будзе садейнічаць выканананню працоўных, сацыяльных, у тым ліку пенсіённых, правоў і законных інтарэсаў як работнікаў, з якімі раней не былі аформлены працоўныя адносіны, так і асоб, якія зноў прымаюцца на работу.

 

3. Законам (пункт 138 артыкула 1) устанаўліваюцца дадатковыя падставы спынення працоўнага дагавора са спартсменам і трэнерам (часткі першая і трэцяя артыкула 31411 ПК). Так, падставамі для скасавання працоўнага дагавора са спартсменам з’яўляюцца спартыўная дыскваліфікацыя спартсмена на тэрмін шэсць і больш месяцаў; выкарыстанне ім допінгу ў спорце; недасягненне пэўных спартыўных вынікаў пры ўмовах, што дасягненне гэтых вынікаў было прадугледжана працоўным дагаворам і спартсмену былі створаны наймальнікам неабходныя ўмовы для іх дасягнення. Дадатковай падставай для скасавання працоўнага дагавора з трэнерам з’яўляецца яго спартыўная дыскваліфікацыя на тэрмін шэсць і больш месяцаў, а таксама недасягненне спартсменам (камандай спартсменаў) пэўных спартыўных вынікаў пры ўмовах, што працоўным дагаворам на трэнера ўскладзены абавязак забяспечыць дасягненне спартсменам (камандай спартсменаў) гэтых вынікаў і спартсмену (камандзе спартсменаў) былі створаны наймальнікам неабходныя ўмовы для іх дасягнення.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць дапушчальным замацаванне ўказаных падстаў спынення працоўнага дагавора, паколькі сфера прафесійнага спорту адрозніваецца ад іншых галін прымянення працы: спартыўныя дасягненні прадстаўляюць сабой вынік не толькі ўменняў і навыкаў спартсмена, але і працы іншых людзей, якія ўкладваюць свае ўменні і навыкі дзеля дасягнення спартсменам высокіх вынікаў, у тым ліку на міжнародных спартыўных спаборніцтвах.

 

Пунктам 9 артыкула 1 Закона частка другая артыкула 21 ПК выкладаецца ў новай рэдакцыі, якая замацоўвае магчымасць заключэння працоўнага дагавора з асобай, якая дасягнула 14 гадоў, для занятку прафесійным спортам пры ўмовах, што такая праца не прынясе шкоды здароўю і не будзе перашкаджаць навучанню. Дадзеная норма дазваляе рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на працу спартсменам, якія дасягаюць прафесійнага майстэрства ў непаўналетнім узросце (мастацкая гімнастыка, спартыўныя танцы і да т.п.).

 

Ацэньваючы прыведзеныя палажэнні Закона, Канстытуцыйны Суд пацвярджае прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні ад 23 снежня 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О государственной службе в Республике Беларусь». Сутнасць дадзенай пазіцыі заключаецца ў тым, што канстытуцыйны прынцып роўнасці ўсіх перад законам, які гарантуе абарону ад усіх форм дыскрымінацыі, не перашкаджае заканадаўцу пры ажыццяўленні спецыяльнага прававога рэгулявання працы ўстанаўліваць адрозненні, выключэнні, перавагі ў прававым статусе асоб, якія належаць да розных па ўмовах і родзе дзейнасці катэгорый, калі яны аб’ектыўна апраўданы, абгрунтаваны і адпавядаюць канстытуцыйна значным мэтам. Такія адрозненні, выключэнні або перавагі, звязаныя з пэўнай работай, у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 1 Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 111 (1958 года) адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў не лічацца дыскрымінацыяй.

 

4. Артыкулам 1 Закона прадугледжваецца дапаўненне падстаў скасавання працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка выпадкамі спынення дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва або іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у іншай мясцовасці (пункт 19), з замацаваннем выканання прытрымлівання ў гэтых выпадках правіл скасавання працоўнага дагавора (пункт 20), выплаты выхадной дапамогі, іншых гарантыйных і кампенсацыйных выплат (абзац чацвёрты пункта 23, пункт 36), якія прымяняюцца пры ліквідацыі арганізацыі. Акрамя таго, спыненне дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва або іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у другой мясцовасці, артыкулам 1 Закона аднесена да выпадкаў, пры якіх не захоўваюцца гарантыі, якія прадастаўляюцца работнікам, выбраным на выбарныя пасады ў дзяржаўныя органы (пункт 52); членам камісіі па працоўных спрэчках (пункт 111); цяжарным жанчынам і жанчынам, якія маюць дзяцей (пункт 117); работнікам, прызваным на ваенныя і спецыяльныя зборы (абзац пяты пункта 145).

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, указаны падыход заканадаўца дазваляе ўрэгуляваць пытанні спынення працоўных адносін, у тым ліку рэалізацыі права на атрыманне выхадной дапамогі, іншых гарантыйных і кампенсацыйных выплат, з улікам спецыфікі дзейнасці адасобленых падраздзяленняў арганізацыі (у дадзеным выпадку – размяшчэння ў іншай мясцовасці, адрознай ад месца знаходжання галаўной арганізацыі). Дадзеная спецыфіка абумоўлівае неабходнасць прававога рэгулявання гэтых пытанняў такім жа чынам, як і пры ліквідацыі арганізацыі, паколькі наймальнік рэальна пазбаўлены магчымасці прапанаваць работнікам, якія падлягаюць звальненню, іншае месца работы ў дадзенай мясцовасці.

 

5. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва  (частка другая артыкула 41).

 

На пашырэнне гнуткіх форм занятасці накіравана ўдакладненне пунктам 133 артыкула 1 Закона вызначэння работнікаў-надомнікаў. Так, згодна з выкладаемым у новай рэдакцыі артыкулам 304 ПК да іх адносяцца не толькі асобы, якія заключылі працоўны дагавор з наймальнікам аб выкананні работы на даму асабістай працай з выкарыстаннем матэрыялаў, абсталявання, інструментаў, механізмаў і прыстасаванняў, якія выдзяляюцца наймальнікам або набываюцца за кошт сродкаў наймальніка, але і асобы, якія выконваюць такую работу з выкарыстаннем уласных матэрыялаў, абсталявання, інструментаў, механізмаў і прыстасаванняў. Адначасова заканадаўцам прадугледжваецца магчымасць ажыццяўлення такой працы як па месцы жыхарства работніка, так і па яго выбары ў іншых памяшканнях, размешчаных па-за памяшканнямі наймальніка.

 

Прыведзеныя нормы Закона пашыраюць магчымасці па належнай арганізацыі наймальнікамі надомнай працы, што забяспечвае бяспечныя ўмовы для выканання работ (аказання паслуг) па працоўным дагаворы, а таксама магчымасці працаўладкавання асоб, якія не могуць у звычайных умовах (па месцу знаходжання наймальніка) рэалізаваць гарантаванае ім Канстытуцыяй права на працу. Гэта адпавядае таксама характарыстыцы Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай дзяржавы, што падтрымлівае грамадзян, якія ў сілу аб’ектыўных прычын (хвароба, інваліднасць і да т.п.) не могуць выконваць работы (аказваць паслугі) па месцы знаходжання наймальніка.

 

6. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй часткі першай артыкула 255 ПК забарона на выкананне работы, якая аплачваецца на ўмовах сумяшчальніцтва, захоўваецца толькі ў адносінах да кіраўнікоў  дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутным фондзе якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў) знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы (пункт 114 артыкула 1 Закона). Такім чынам, кіраўнікам арганізацый прыватнай формы ўласнасці, за выключэннем недзяржаўных арганізацый, у статутным фондзе якіх доля дзяржаўнай уласнасці складае не менш 50   працэнтаў, дазваляецца работа па сумяшчальніцтве, што дасць магчымасць такім кіраўнікам найбольш поўна рэалізаваць дадзенае ім Канстытуцыяй права на працу пры дапамозе выкарыстання сваіх здольнасцей, ведаў, вопыту і навыкаў на іншых пасадах адначасова з выкананнем функцый па асноўным месцы работы.

 

Законам (пункт 148 артыкула 1) у артыкуле 343 ПК, які выкладаецца  ў новай рэдакцыі, замацоўваецца права работніка на заключэнне працоўных дагавораў на работу па сумяшчальніцтве з некалькімі наймальнікамі (калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі). Акрамя таго, з артыкула 345 ПК, выкладаемага пунктам 150 артыкула 1 Закона ў новай рэдакцыі, выключаецца абмежаванне па працягласці рабочага часу пры рабоце па сумяшчальніцтве, устаноўленае для работнікаў, якія знаходзяцца ў водпусках без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, прадастаўляемых па ініцыятыве наймальніка ў выпадках неабходнасці часовага прыпынення работ або змяншэння іх аб’ёму: указаныя работнікі могуць працаваць па сумяшчальніцтве поўны рабочы дзень (змену).

 

Такі падыход да рэгулявання сумяшчальніцтва пашырае магчымасці дадатковай занятасці насельніцтва і тым самым дапамагае больш поўнай іх занятасці, пры дапамозе якой забяспечваецца ў тым ліку канстытуцыйна гарантаванае права на працу.

 

7. Згодна з Канстытуцыяй працоўныя маюць права на адпачынак; для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае  40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку (артыкул 43).

 

У Канстытуцыі замацаваны палажэнні аб тым, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай (частка першая артыкула 1); шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 32); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22).

 

Артыкул 43 Канстытуцыі ў сістэмнай узаемасувязі з часткай першай артыкула 1 і часткай першай артыкула 32 Канстытуцыі рэалізуецца ў ПК пры дапамозе ўстанаўлення ў тым ліку права работнікаў на сацыяльныя водпускі.

 

Законам у мэтах узмацнення сацыяльнай абароны работнікаў, якія маюць права на сацыяльныя водпускі, карэкціруюцца адпаведныя нормы ПК. У прыватнасці, пунктам 116 артыкула 1 Закона артыкул 266 ПК, які рэгламентуе пытанні прадастаўлення сацыяльных водпускаў па цяжарнасці і родах, а таксама па доглядзе за дзіцём да дасягнення ім трохгадовага ўзросту жанчынам, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця, выкладаецца ў новай рэдакцыі. Пры гэтым дзеянне дадзенага артыкула распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей, назначаны іх апекунамі, – як жанчын, так і мужчын. Тым самым рэалізуецца патрабаванне артыкула 22 Канстытуцыі аб роўнасці ўсіх перад законам у дачыненні да прадастаўлення ўказаных сацыяльных водпускаў, забяспечваючы прымяненне аднолькавых падыходаў да ўсіх грамадзян, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей, назначаны іх апекунамі і ажыццяўляюць адпаведны догляд за гэтымі дзецьмі.

 

Выкладаемым у новай рэдакцыі артыкулам 185 ПК (пункт 82 артыкула 1 Закона) замацоўваецца права на водпуск па доглядзе за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў не толькі працуючых маці, але і працуючых бацькоў, іншых сваякоў, членаў сям’і. Заканадаўцам улічана пазіцыя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выкладзеная ў рашэнні ад 4 кастрычніка 2011 г. «О некоторых вопросах правового регулирования предоставления отпуска по уходу за ребенком», аб неабходнасці выканання канстытуцыйных прынцыпаў юрыдычнай роўнасці, прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод грамадзян, норм, якія гарантуюць права на працу і сацыяльнае забеспячэнне, недапушчэнні дыскрымінацыі ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін, а таксама забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, дзейсных механізмаў абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. Так, ва ўказаным артыкуле ПК прадугледжваецца, што водпуск па доглядзе за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў прадастаўляецца сваяку, члену сям’і дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе за ім догляд, у выпадку занятасці маці дзіцяці (работа, служба, навучанне) або ажыццяўлення ёю самастойных відаў дзейнасці, прадугледжаных заканадаўствам (гэта значыць у выпадках, калі маці з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам, творчым работнікам, асобай, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць, дзейнасць у сферы аграэкатурызму).

 

8.  Пунктамі 159–162 артыкула 1 Закона  ПК ўстанаўліваецца парадак вырашэння калектыўных працоўных спрэчак, які выключае стадыю вырашэння калектыўнай працоўнай спрэчкі ў Рэспубліканскім працоўным арбітражы і яго функцыі па назначэнні нейтральнага члена пагадняльнай камісіі, рэгістрацыю калектыўных працоўных спрэчак і разам з гэтым вызначае парадак і ўмовы дзейнасці працоўных арбітражаў, статус працоўных арбітраў, а таксама кваліфікацыйныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да іх.

 

Законам (пункт 159 артыкула 1) у частках чацвёртай і пятай артыкула 379 ПК замацоўваюцца палажэнні, згодна з якімі калектыўныя працоўныя спрэчкі разглядаюцца пагадняльнай камісіяй з удзелам пасрэдніка, а таксама ў часова дзеючым органе – працоўным арбітражы, які раней не меў заканадаўча вызначаных часовых абмежаванняў; стадыя разгляду спрэчак пагадняльнай камісіяй з’яўляецца абавязковай, а тэрмін для звароту ў працоўны арбітраж пры недасягненні згоды ў пагадняльнай камісіі (з удзелам пасрэдніка) не ўстанаўліваецца (згодна з дзеючай рэдакцыяй артыкула 383 ПК ён складае пяць дзён). Пунктам 161 артыкула 1 Закона ўстанаўліваецца, што працоўны арбітраж ствараецца з ліку працоўных арбітраў па пагадненні паміж наймальнікам (аб’яднаннем наймальнікаў) і работнікамі ў асобе іх прадстаўнічых органаў (часткі першая, пятая артыкула 383 ПК). Пунктам 161 артыкула 1 Закона вызначаюцца правы і абавязкі працоўных арбітраў пры разглядзе імі калектыўных працоўных спрэчак, у прыватнасці, быць аб’ектыўнымі, захоўваць канфідэнцыяльнасць (частка пятая артыкула 384 ПК).

 

Удасканальванне працэсу вырашэння калектыўных працоўных спрэчак шляхам пашырэння магчымасцей работнікаў і наймальнікаў у выбары сродкаў урэгулявання канфліктаў з мэтай забеспячэння сваіх правоў і законных інтарэсаў накіравана на спрашчэнне парадку вырашэння спрэчкі (без рэгістрацыі калектыўнай працоўнай спрэчкі ў Рэспубліканскім працоўным арбітражы).

 

Пры гэтым рэалізуецца канстытуцыйнае права грамадзян на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) (частка трэцяя артыкула 41 Канстытуцыі).

 

9. Законам (пункт 161 артыкула 1) у частцы другой артыкула 384 ПК вызначаюцца патрабаванні, якія прад’яўляюцца да працоўнага арбітра: працоўным арбітрам можа быць асоба, якая мае, як правіла, вышэйшую юрыдычную або эканамічную адукацыю і вопыт работы па спецыяльнасці не менш за пяць гадоў. Канстытуцыйны Суд лічыць, што захаванне заканадаўцам патрабаванняў па кваліфікацыі працоўных арбітраў, а таксама ўзмацненне іх у частцы павелічэння неабходнага для ажыццяўлення функцый працоўнага арбітра вопыту работы па спецыяльнасці з трох да пяці гадоў адпавядае мэтам іх устанаўлення, паколькі працоўнымі арбітрамі павінны быць грамадзяне, якія маюць спецыяльную кваліфікацыю, вопыт, якія ў сукупнасці дазволяць ім кваліфікавана весці перагаворы з удзельнікамі спрэчкі і будуць садзейнічаць вынясенню імі ўзаемапрымальнага рашэння.

 

Разам з тым Законам замацоўваецца пералік абставін, пры наяўнасці якіх фізічныя асобы не могуць быць працоўнымі арбітрамі. У прыватнасці, працоўным арбітрам не можа быць асоба, паўнамоцтвы якой у якасці суддзі суда, пракурорскага работніка, супрацоўніка Следчага камітэта, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, пагранічнай службы, работніка органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, падатковых, мытных органаў, іншага дзяржаўнага служачага, натарыуса, адваката, медыятара былі спынены ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі, па падставах, звязаных са здзяйсненнем праступкаў, несумяшчальных з яго прафесійнай дзейнасцю, – на працягу трох гадоў з дня прыняцця адпаведнага рашэння, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі (частка чацвёртая артыкула 384 ПК).

 

Дадзеныя абмежаванні адпавядаюць канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці, які з’яўляецца адным з элементаў прынцыпу вяршэнства права. Канстытуцыйны Суд у вышэйназваным рашэнні ад 23 снежня 2011 г. адзначыў, што канстытуцыйны прынцып роўнасці, які гарантуе абарону ад усіх форм дыскрымінацыі, не перашкаджае пры ажыццяўленні спецыяльнага прававога рэгулявання працоўных адносін устнаўліваць у законе адрозненні, выключэнні, перавагі ў прававым статусе асоб, якія належаць да розных па ўмовах і родзе дзейнасці катэгорый, калі яны аб’ектыўна апраўданы, абгрунтаваны і адпавядаюць канстытуцыйна значным мэтам.

 

10. Пунктам 77 артыкула 1 Закона з артыкула 168 ПК выключаецца палажэнне аб абавязковасці ўзгаднення наймальнікам графіка водпускаў з прафсаюзам або работнікам (у выпадку адсутнасці прафсаюза). У адпаведнасці з уносімым змяненнем наймальнік абавязаны ўзгадняць графік водпускаў з прафсаюзам толькі ў выпадках, прадугледжаных калектыўным дагаворам. Такі падыход не абмяжоўвае гарантаванага артыкулам 43 Канстытуцыі права работніка на адпачынак, якое забяспечваецца ў тым ліку прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, паколькі не пазбаўляе яго права на водпуск. Разам з тым пры складанні графіка водпускаў наймальнік улічвае меркаванне работніка аб часе яго адыходу ў водпуск, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі, а таксама рэалізацыі права на водпуск іншых работнікаў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў дадзеным выпадку захаваны разумны баланс інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў, паколькі работнікі прымаюцца на работу з мэтай забяспечыць функцыянаванне арганізацыі, і адначасова правам на адпачынак надзелены кожны работнік, таму наймальнік абавязаны выконваць гарантыі, устаноўленыя ПК, у тым ліку для асобных катэгорый работнікаў, па прадастаўленні водпуску ў летні або ў іншы зручны час.

 

11. Адным з элементаў канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) з’яўляецца прававая дакладнасць. Як адзначалася ў шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, прававая пэўнасць прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць норм законаў, магчымасць іх аднастайнага прымянення на практыцы. У Законе Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» устаноўлена абавязковасць прывядзення нарматыўных прававых актаў у адзіную сістэму, якая характарызуецца ўнутранай узгодненасцю.

 

Практычная рэалізацыя ўказаных патрабаванняў азначае ў тым ліку неабходнасць своечасовага ўзгаднення актаў заканадаўства з актамі, прынятымі пазней, а таксама ўдакладнення зместу прававой нормы з улікам прававых пазіцый, якія змяшчаюцца ў іншых рашэннях Канстытуцыйнага Суда.

 

Нормы ПК узгадняюцца Законам з асобнымі нормамі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Закона «О профессиональных союзах», указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «О совершенствовании контрольной (надзорной) деятельности в Республике Беларусь», ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Об административных процедурах, осуществляемых государственными органами и иными организациями по заявлениям граждан», ад 6 мая 2010 г. № 240 «Об осуществлении общественного контроля профессиональными союзами», ад 5 красавіка 2012 г. № 156 «О некоторых вопросах регулирования трудовых отношений» і ад 23 ліпеня 2013 г. № 320 «О некоторых вопросах урегулирования коллективных трудовых споров».

 

На ліквідацыю калізіі, выяўленай Канстытуцыйным Судом (рашэнне ад 16 снежня 2009 г. «О неободимости разрешения коллизии между нормами законодательных актов, предусматривающих дополнительное основание прекращения трудового договора по пункту 5 статьи 47 Трудового кодекса Республики Беларусь») паміж нормамі ПК і Закона Рэспублікі Беларусь «О борьбе с коррупцией» у частцы ўстанаўлення дадатковай падставы спынення працоўнага дагавора з дзяржаўнымі службовымі асобамі ў выпадках непадпісання або парушэння імі пісьмовага абавязацельства па выкананні прадугледжаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй абмежаванняў, накіравана палажэнне абзаца трэцяга пункта 22 артыкула 1 Закона, згодна з якім пункт 5 артыкула 47 ПК выкладаецца ў новай рэдакцыі. Тым самым рэалізуецца прынцып прававой дакладнасці, забяспечваецца аднастайнае разуменне і прымяненне норм заканадаўчых актаў.

 

На дасягненне дакладнасці і яснасці прававога рэгулявання, забеспячэнне аднастайнасці правапрымяняльнай практыкі накіраваны таксама нормы пунктаў 18 і 23 артыкула 1 Закона, якія падлягаюць прымяненню пры вызначэнні памеру выхадной дапамогі работнікам, якім актамі заканадаўства вызначана выплата мінімальнай кампенсацыі за скасаванне тэрміновага працоўнага дагавора, што адпавядае прапановам Канстытуцыйнага Суда, выкладзеным у рашэнні ад 5 сакавіка 2009 г. «О правовом регулировании выплаты выходного пособия».

 

Прававой дакладнасці садзейнічае і ўзгодненасць палажэнняў Закона з нормамі міжнародна-прававых актаў, у прыватнасці такіх актаў Міжнароднай арганізацыі працы, як Рэкамендацыя № 92 «О добровольном примирении и арбитраже», Канвенцыя № 156 «О равном обращении и равных возможностях для трудящихся мужчин и женщин: трудящиеся с семейными обязанностями», Канвенцыя № 177 «О надомном труде».

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Трудовой кодекс Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч