Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
16 красавіка 2014 г. № Р-917/2014
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам минимальной заработной платы»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам минимальной заработной платы».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам минимальной заработной платы» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам минимальной заработной платы» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2014 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 красавіка 2014 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам выкладаюцца ў новай рэдакцыі артыкул 59 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які вызначае мінімальную заработную плату, парадак яе ўстанаўлення і павышэння, і Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2002 года «Об установлении и порядке повышения минимальной заработной платы».

 

1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1); чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, якая адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (часткі першая і другая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (часткі першая і другая артыкула 21).

 

У пункце 1 артыкула 25 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжана, што кожны чалавек мае права на такі жыццёвы ўзровень, уключаючы харчаванне, адзенне, жыллё, медыцынскі догляд і неабходнае сацыяльнае абслугоўванне, які неабходны для падтрымання здароўя і дабрабыту яго самаго і яго сям’і, і права на забеспячэнне на выпадак беспрацоўя, хваробы, інваліднасці, удаўства, наступлення старасці або іншага выпадку страты сродкаў да існавання па абставінах, якія не залежаць ад яго.

 

У пункце «а» артыкула 7 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах прызнаецца права кожнага на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, уключаючы, у прыватнасці, узнагароджанне, якое забяспечвае як мінімум усім працуючым справядлівую зарплату і роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай каштоўнасці без якога б тое ні было адрознення, з роўнай платай за роўную працу; здавальняючае існаванне для іх саміх і іх сямей у адпаведнасці з пастановамі дадзенага Пакта.

 

Артыкулам 1 Канвенцыі аб стварэнні працэдуры ўстанаўлення мінімальнай заработнай платы (ратыфікавана пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 1993 года) прадугледжана, што кожны Член Міжнароднай Арганізацыі Працы, які ратыфікуе дадзеную Канвенцыю, абавязваецца ўвесці або захаваць працэдуру, з дапамогай якой могуць устанаўлівацца мінімальныя стаўкі заработнай платы працуючых, занятых у пэўных галінах або сектарах прамысловасці (і, у прыватнасці, у хатняй вытворчасці), у якіх не існуе ўстаноўленай працэдуры эфектыўнага рэгулявання заработнай платы праз калектыўны дагавор або іншым шляхам і дзе заработная плата выключна нізкая.

 

Такім чынам, з прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вынікае, што дзяржава абавязана клапаціцца аб дабрабыце сваіх грамадзян, іх сацыяльнай абароненасці, у тым ліку шляхам устанаўлення мінімуму грашовых сродкаў, які павінен быць гарантаваны работніку ў якасці ўзнагароджання за выкананне працоўных абавязкаў.

 

1.1. Артыкулам 1 Закона артыкул 59 Працоўнага кодэкса выкладаецца ў новай рэдакцыі, згодна з якой мінімальная заработная плата (месячная і пагадзінная) – дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, які наймальнік абавязаны прымяняць у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за працу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні абавязкаў работніка, што вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора; парадак устанаўлення і павышэння мінімальнай заработнай платы вызначаецца заканадаўствам.

 

Аналагічнае вызначэнне мінімальнай заработнай платы змяшчаецца ў абзацы другім артыкула 1 выкладаемага ў новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Об установлении и порядке повышения минимальной заработной платы» (далей – Закон аб мінімальнай заработнай плаце) (артыкул 2 Закона).

 

Такое прававое рэгуляванне засноўваецца на прынцыпе вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі) і вынікаючым з яго прынцыпе прававой дакладнасці, адным з элементаў якога з’яўляецца адпаведнасць нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць падобныя прававыя адносіны.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае заканадаўцам азначэнне мінімальнай заработнай платы адпавядае яе разуменню як дзяржаўнага мінімальнага сацыяльнага стандарту, гэта значыць мінімальнага ўзроўню дзяржаўных гарантый сацыяльнай абароны, які мае мэтай задавальненне асноўных патрэбнасцей чалавека, а таксама рэалізацыю замацаваных Канстытуцыяй сацыяльных правоў грамадзян.

 

Акрамя таго, на выкананне прынцыпу прававой дакладнасці, які прадугледжвае, што закон павінен быць дакладным, зразумелым і недвухсэнсоўным, накіравана норма часткі першай артыкула 6 Закона аб мінімальнай заработнай плаце, згодна з якой мінімальная заработная плата (месячная і пагадзінная) прымяняецца выключна ў сферы працоўных адносін і забяспечвае сацыяльную абарону работнікаў.

 

1.2. У адпаведнасці з часткай пятай артыкула 13 Канстытуцыі дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.

 

З улікам дадзеных канстытуцыйных палажэнняў Канстытуцыйны Суд ацэньвае норму Закона аб мінімальнай заработнай плаце, згодна з якой памер месячнай мінімальнай заработнай платы вызначаецца з улікам эканамічных магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама наймальнікаў, патрэбнасцей работнікаў у матэрыяльных дабротах і паслугах, узроўню занятасці і прадукцыйнасці працы, прагнознага значэння росту спажывецкіх цэн, узроўню намінальнай налічанай сярэднемесячнай заработнай платы па рэспубліцы ў цэлым (частка другая артыкула 4). Пры гэтым у частцы трэцяй артыкула 6 Закона аб мінімальнай заработнай плаце прадугледжваецца, што работніку, у якога памер налічанай заработнай платы аказаўся ніжэй за памер мінімальнай заработнай платы (месячнай і пагадзіннай), які ўстаноўлены і прымяняецца ў адпаведнасці з дадзеным Законам, наймальнік абавязаны зрабіць даплату да памеру мінімальнай заработнай платы (месячнай і пагадзіннай). Пры вызначэнні даплаты да памеру мінімальнай заработнай платы (месячнай і пагадзіннай) у памеры налічанай заработнай платы работніка не ўлічваюцца выплаты кампенсуючага характару і выплаты, не звязаныя з выкананнем работнікам абавязкаў, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, дадзенае заканадаўчае рэгуляванне адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню, якое вызначае Рэспубліку Беларусь як сацыяльную дзяржаву, адказвае ўсебаковай абгрунтаванасці ўстанаўлення і прымянення дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы, а таксама накіравана на абарону сацыяльных правоў і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна, прадугледжаных у Канстытуцыі і міжнародна-прававых актах, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.

 

1.3. У адпаведнасці з артыкулам 107 Канстытуцыі Урад Рэспублікі Беларусь распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян.

 

Зыходзячы з дадзеных канстытуцыйных палажэнняў, Канстытуцыйны Суд ацэньвае нормы артыкула 4 Закона аб мінімальнай заработнай плаце, згодна з якімі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з удзелам рэспубліканскіх аб’яднанняў наймальнікаў і прафесійных саюзаў пры распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначае суадносіны памераў месячнай мінімальнай заработнай платы і мінімальнага спажывецкага бюджэту, забяспечваючы штогадовае збліжэнне іх памераў (частка трэцяя); памер месячнай мінімальнай заработнай платы ўстанаўліваецца Саветам Міністраў штогод з 1 студзеня з улікам часткі другой дадзенага артыкула і суадносін памераў месячнай мінімальнай заработнай платы і мінімальнага спажывецкага бюджэту, вызначанага ў адпаведнасці з часткай трэцяй дадзенага артыкула (частка чацвёртая).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжваемы заканадаўчы падыход, накіраваны на ўзмацненне дзяржаўных гарантый у галіне аплаты працы з улікам мінімальнага спажывецкага бюджэту і заснаваны на канстытуцыйных паўнамоцтвах Урада.

 

1.4. У сілу часткі трэцяй артыкула 41 Канстытуцыі грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадавец, зыходзячы з дадзенага канстытуцыйнага палажэння, у частцы шостай артыкула 4 Закона аб мінімальнай заработнай плаце прадугледжвае, што калектыўным дагаворам (пагадненнем) можа быць вызначаны іншы памер месячнай мінімальнай заработнай платы, але не ніжэй за памер месячнай мінімальнай заработнай платы, устаноўлены ў адпаведнасці з дадзеным Законам.

 

Замацаванне ўказанай нормы сведчыць аб устанаўленні на ўзроўні закона дадатковых сацыяльных гарантый працуючым грамадзянам з улікам эканамічных і фінансавых магчымасцей наймальніка і адпавядае канстытуцыйнай норме, якая вызначае, што асобам, якія працуюць па найме, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне (частка першая артыкула 42 Канстытуцыі).

 

2. У Законе аб мінімальнай заработнай плаце прадугледжваецца прыярытэт міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у рэгулюемай ім сферы. Так, дзеянне названага Закона распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў і наймальнікаў, якія заключылі працоўны дагавор на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі або міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь (артыкул 2); калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правіла, чым тыя, што змяшчаюцца ў дадзеным Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора (частка другая артыкула 3).

 

Такі падыход заканадаўца адпавядае палажэнням артыкула 8 Канстытуцыі, у сілу якіх Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая); не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі (частка трэцяя).

 

3. Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што ў дзяржаве, якая засноўваецца на вяршэнстве права, важнае значэнне мае выкананне канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону. З аналізу зместу Закона аб мінімальнай заработнай плаце вынікае, што на рэалізацыю ўказанага права накіраваны палажэнні дадзенага Закона, згодна з якімі парушэнне заканадаўства аб устанаўленні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі (артыкул 8); спрэчкі па пытаннях прымянення заканадаўства аб устанаўленні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы разглядаюцца камісіяй па працоўных спрэчках і (або) судом (артыкул 9).

 

Прадугледжваемае прававое рэгуляванне грунтуецца на канстытуцыйных прынцыпах і нормах і адпавядае частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі, якая замацоўвае, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

З выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў Закона вынікае, што ён вызначае прававую аснову ўстанаўлення і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы і накіраваны на рэалізацыю прынцыпаў і норм Канстытуцыі, а таксама норм міжнародна-прававых актаў па пытаннях мінімальнай заработнай платы.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі з улікам кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам минимальной заработной платы» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч