Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 красавіка 2014 г. № № Р-920/2014
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Цікавенку А.Г., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – Кодэкс) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2014 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 11 красавіка 2014 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Кодэкс рэгулюе адносіны, якія ўзнікаюць пры валоданні, карыстанні і распараджэнні водамі і воднымі аб’ектамі, і накіраваны на ахову і рацыянальнае (сталае) выкарыстанне водных рэсурсаў, а таксама на абарону правоў і законных інтарэсаў водакарыстальнікаў.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Кодэкса Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы (частка шостая артыкула 13).

 

Згодна з артыкулам 46 Канстытуцыі кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

 

Вышэйпрыведзеныя канстытуцыйныя палажэнні атрымліваюць развіццё ў нормах Кодэкса, у якіх устанаўліваюцца асноўныя прынцыпы, аб’екты і суб’екты адносін у галіне аховы і выкарыстання вод, розныя нарматывы аховы і выкарыстання вод (артыкулы 3, 4, 7, 20–24); канкрэтызуюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у галіне аховы і выкарыстання вод (артыкулы 10–13); уводзяцца планы кіравання рачнымі басейнамі (артыкул 15);  вызначаюцца   віды   і   тэрміны   водакарыстання (артыкулы 28–33); замацоўваюцца правы і абавязкі водакарыстальнікаў (артыкулы 36, 37); устанаўліваюцца мэты і парадак карыстання воднымі аб’ектамі (артыкулы 38–45), агульныя патрабаванні па ахове вод (артыкулы 50, 51), адказнасць за самавольнае водакарыстанне і за парушэнне заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод (артыкулы 60, 61). 

 

Канстытуцыйныя патрабаванні аб ажыццяўленні дзяржавай кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя атрымліваюць развіццё ў шэрагу артыкулаў Кодэкса, якія маюць на мэце далейшае ўзмацненне гарантый канстытуцыйнага права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, стварэнне неабходных механізмаў рэалізацыі артыкула 46 Канстытуцыі, накіраванага на забеспячэнне экалагічнай бяспекі, здароўя насельніцтва, выкананне патрабаванняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод (артыкулы 4, 6, 14, 17, 37). У прыватнасці, у артыкуле 14 Кодэкса замацоўваюцца палажэнні аб распрацоўцы дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных праграм, рэгіянальных мерапрыемстваў у галіне аховы і выкарыстання вод у мэтах рацыянальнага (сталага) выкарыстання водных рэсурсаў, захавання і аднаўлення водных аб’ектаў. На водакарыстальнікаў ускладаюцца абавязкі рацыянальна выкарыстоўваць ваду, прымаць меры па зніжэнні страт вады; выконваць патрабаванні па ахове і рацыянальным (сталым) выкарыстанні водных рэсурсаў, прадугледжаныя актамі заканадаўства, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, і інш. (артыкул 37 Кодэкса).

 

У артыкуле 3 Кодэкса ў якасці аднаго з асноўных прынцыпаў аховы і выкарыстання вод устанаўліваецца прынцып басейнавага кіравання воднымі рэсурсамі рэк. Згодна з артыкулам 15 Кодэкса ён выражаецца ў зацвярджэнні   планаў   кіравання   рачнымі  басейнамі  на  перыяд  ад  5 да 10 гадоў, якія распрацоўваюцца з улікам даных дзяржаўнага воднага кадастру, дзяржаўнага кадастру нетраў, маніторынгу паверхневых вод і маніторынгу падземных вод, а таксама рэкамендацый басейнавых саветаў.

 

Да такіх прынцыпаў адносіцца таксама замацоўваемы артыкулам 3 Кодэкса прыярытэт выкарыстання падземных вод для пітных патрэб перад іншым іх выкарыстаннем. Згодна з часткай першай пункта 2 артыкула 39 Кодэкса выкарыстанне падземных вод дапускаецца для задавальнення пітных патрэб, вытворчасці прадуктаў харчавання, лекавых і ветэрынарных сродкаў, кармлення, паення жывёл.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, дадзеныя нормы Кодэкса накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйнага патрабавання рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

 

Устанаўленне артыкуламі 52–54 Кодэкса мінімальнай шырыні водаахоўных зон і прыбярэжных палос для некаторых паверхневых водных аб’ектаў, а таксама рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці на гэтых тэрыторыях мае на мэце захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай бяспекі. Палажэннямі артыкула 6 Кодэкса вызначаюцца класы экалагічнага стану (статусу) паверхневых водных аб’ектаў (іх частак), якія падлягаюць адлюстраванню ў дзяржаўным водным кадастры і размяшчэнню на афіцыйным сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Экалагічны стан (статус) паверхневых водных аб’ектаў (іх частак) класіфікуецца як выдатны, добры, здавальняючы, дрэнны і вельмі дрэнны. Карыстанне грамадзянамі і грамадскімі аб’яднаннямі афіцыйным сайтам указанага Міністэрства, якое дае ім магчымасць ажыццяўляць права на атрыманне экалагічнай інфармацыі ў галіне аховы і выкарыстання вод, прадугледжанае артыкулам 17 Кодэкса, выступае ў якасці гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя (частка першая артыкула 34 Канстытуцыі).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што па сваім змесце ўказаныя нормы Кодэкса маюць на мэце далейшае ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з валоданнем, карыстаннем і распараджэннем водамі і воднымі аб’ектамі, што сведчыць аб накіраванасці прававой палітыкі дзяржавы як выключнага ўласніка водных рэсурсаў на найбольш поўнае і эфектыўнае выкананне ім канстытуцыйнага абавязку па ажыццяўленні кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 13 Канстытуцыі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці (частка другая); гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая); ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах (частка пятая). 

 

Указаныя канстытуцыйныя палажэнні атрымліваюць развіццё ў шэрагу артыкулаў Кодэкса, якія вызначаюць парадак водакарыстання. Так, прадугледжваюцца тэрміны спецыяльнага водакарыстання, парадак выдачы дазволу на спецыяльнае водакарыстанне, прадастаўлення права на адасобленае водакарыстанне паверхневымі воднымі аб’ектамі (іх часткамі), заключэння дагавора арэнды паверхневага воднага аб’екта для рыбаводства (артыкула 30–33). У прыватнасці, водныя аб’екты могуць прадастаўляцца ў карыстанне на тэрмін ад 1 года да 25 гадоў, у залежнасці ад віду водакарыстання.

 

Разам з тым у мэтах грамадскай карысці і бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя і гістарычна-культурных каштоўнасцей, абароны правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, права водакарыстання можа быць абмежавана або спынена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя або яго тэрытарыяльнымі органамі, іншымі дзяржаўнымі органамі ў выпадках і парадку, вызначаных заканадаўчымі актамі (пункт 1 артыкула 34 Кодэкса).

 

У прыватнасці, у пункце 2 артыкула 34 Кодэкса ўстанаўліваецца, што права адасобленага водакарыстання паверхневымі воднымі аб’ектамі (іх часткамі) для гаспадарча-пітных, гідраэнергетычных патрэб і патрэб забеспячэння абароны, права спецыяльнага водакарыстання, а таксама права арэнды паверхневых водных аб’ектаў для рыбаводства абмяжоўваюцца ў выпадку: парушэння ўмоў водакарыстання; невыканання ўмоў, устаноўленых дазволам на спецыяльнае водакарыстанне або комплексным прыродаахоўным дазволам, дзяржаўным актам на права адасобленага водакарыстання; невыканання патрабаванняў, устаноўленых актамі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі; невыканання ўмоў, устаноўленых дагаворамі арэнды паверхневых водных аб’ектаў для рыбаводства.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае правамернасць указанага падыходу ў дачыненні да ажыццяўлення права водакарыстання, які адпавядае  частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы ў прадугледжаных законам выпадках у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, абароны здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, і адказвае прынцыпу прапарцыянальнасці, паколькі абмежавальныя меры, што ўстанаўліваюцца ў Кодэксе, суразмерныя дасягаемым канстытуцыйным мэтам.

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Кодэкса, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае ім заканадаўчае рэгуляванне накіравана на забеспячэнне балансу інтарэсаў суб’ектаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, звязанай з ажыццяўленнем права водакарыстання, і інтарэсаў чалавека і грамадства ў цэлым, а таксама на гарантаванне кожнаму магчымасці рэалізацыі канстытуцыйнага права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

 

Разам з гэтым замацаванне заканадаўцам вычарпальных пералікаў падстаў абмежавання і спынення права водакарыстання стварае ўмовы для вядзення гаспадарчай і іншай дзейнасці, выключэння асабістага меркавання, магчымых праяўленняў суб’ектывізму пры выдачы дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне, комплексных прыродаахоўных дазволаў, абмежаванні і спыненні права водакарыстання.

 

3. У Канстытуцыі ўстаноўлена, што ахова прыроднага асяроддзя – абавязак кожнага (артыкул 55). Абавязак з’яўляецца ў першую чаргу маральна-духоўнай (этычнай) катэгорыяй. Будучы ўвасобленым у канстытуцыйна-прававую форму, ён надзяляецца якасцю прававой неабходнасці, набывае юрыдычнае значэнне агульнаабавязковага загаду аб’ектыўна-суб’ектыўнага характару, які забяспечваецца дзяржавай у мэтах стварэння належных умоў для рэалізацыі канстытуцыйнага права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Указаная вышэй канстытуцыйная норма, якая таксама выступае ў якасці прававога агульнаабавязковага загаду, не раскрывае зместу абавязку аховы прыроднага асяроддзя, таксама як і не ўстанаўлівае форм і спосабаў яе рэалізацыі.

 

Зыходзячы з выяўленага Канстытуцыйным Судом сэнсу артыкула 55 Канстытуцыі, рэалізацыя кожным чалавекам свайго абавязку па ахове навакольнага асяроддзя можа ажыццяўляцца прама або ўскосна, у розных формах і рознымі спосабамі, у тым ліку прававымі. У экалагічных адносінах абавязак, які займае дамінуючае палажэнне ў якасці этычнага патрабавання (імператыву), стымулюе чалавека да ажыццяўлення экалагічных правоў, накіраваных на ахову прыроды, якія, у сваю чаргу, забяспечваюць, гарантуюць рэалізацыю права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Замацаванне заканадаўцам экалагічных правоў прадугледжввае адпаведныя дзеянні грамадзян, накіраваныя на іх рэалізацыю, што надае этычнаму патрабаванню ўласцівасць прававога агульнаабавязковага загаду.

 

Дадзенае палажэнне атрымлівае развіццё і канкрэтызацыю ў артыкуле 17 Кодэкса, які замацоўвае правы грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў у галіне аховы і выкарыстання вод, у прыватнасці права ініцыіраваць правядзенне ва ўстаноўленым парадку грамадскай экалагічнай экспертызы, прымаць удзел у правядзенні мерапрыемстваў па ахове і рацыянальным (сталым) выкарыстанні водных рэсурсаў, удзельнічаць у рабоце басейнавых саветаў. У артыкуле 19 Кодэкса прадугледжваецца, што басейнавыя саветы з’яўляюцца міжведамасным і міжтэрытарыяльным кансультатыўным органам. У склад гэтых саветаў уключаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, водакарыстальнікаў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў і навуковых арганізацый. Дадзеныя саветы ствараюцца ў мэтах распрацоўкі рэкамендацый па ахове і рацыянальным (сталым) выкарыстанні водных рэсурсаў для басейнаў рэк Днепр, Заходняя Дзвіна, Заходні Буг, Нёман і Прыпяць. Рашэнні ўказаных саветаў маюць рэкамендацыйны характар, улічваюцца пры распрацоўцы планаў кіравання рачнымі басейнамі, а таксама праграм у галіне аховы і выкарыстання вод у межах рачнога басейна.

 

4. Згодна з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Часткай першай артыкула 33 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» вызначана, што міжнародныя дагаворы падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.

 

Шэраг палажэнняў Кодэкса (артыкулы 6, 20–24, 47, 48, 52 і інш.) адпавядае падыходу, замацаванаму ў Канвенцыі па ахове і выкарыстанні трансгранічных вадатокаў і міжнародных азёр ад 17 сакавіка 1992 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 27 жніўня 2003 г.), Пратаколе па праблемах вады і здароўя да ўказанай Канвенцыі.

 

Артыкулы Кодэкса, якія прадугледжваюць стварэнне басейнавых саветаў, увядзенне прынцыпу басейнавага кіравання і інш., гарманізаваны з нормамі заканадаўства Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан – краін Еўразійскага эканамічнага супольніцтва і Мытнага саюза, членам якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, а таксама заканадаўства Еўрапейскага саюза, што ўстанаўлівае пэўныя стандарты ў галіне аховы і выкарыстання водных рэсурсаў, якія выступаюць у якасці арыенціра пры ўдасканальванні нацыянальнага заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін.

 

Кодэкс прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Кодэкс адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 98–105 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                         П.П.Міклашэвіч