Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях мінімальнай заработнай платы

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 2 красавіка 2014 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 11 красавіка 2014 года

Артыкул 1. Артыкул 59 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 80, 2/70; 2007, № 183, 2/1369) выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 59. Мінімальная заработная плата

Мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) — дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, які наймальнік абавязаны ўжываць у якасці найніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за работу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні абавязкаў работніка, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора.

Парадак вызначэння і павышэння мінімальнай заработнай платы вызначаецца заканадаўствам.».

Артыкул 2. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2002 года «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002  г.,
№ 84, 2/873; 2010, № 15, 2/1666) наступныя змяненні і дапаўненні, выклаўшы яго ў новай рэдакцыі:

«Закон Рэспублікі Беларусь

Аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы

Сапраўдны закон вызначае прававую аснову вызначэння і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы.

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) — дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, які наймальнік абавязаны ўжываць у якасці найніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за работу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні абавязкаў работніка, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора;

месячная мінімальная заработная плата — вызначаны заканадаўствам найніжэйшы памер аплаты працы работнікаў за каляндарны месяц;

гадзінная мінімальная заработная плата — разлічаны з вызначанай заканадаўствам месячнай мінімальнай заработнай платы найніжэйшы памер аплаты працы работнікаў за адну гадзіну працоўнага часу.

Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона

Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на ўсіх работнікаў і наймальнікаў, якія заключылі працоўны дагавор на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі або міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3. Заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы

Заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства, а таксама міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 4. Месячная мінімальная заработная плата

Месячная мінімальная заработная плата прымяняецца ў дачыненні да работнікаў, аплата працы якіх робіцца на аснове месячных тарыфных ставак (акладаў, службовых акладаў).

Памер месячнай мінімальнай платы вызначаецца з улікам:

эканамічных магчымасцяў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама наймальнікаў;

патрэб работнікаў у матэрыяльных дабротах і паслугах;

узроўню занятасці і прадукцыйнасці працы;

прагнознага значэння росту спажывецкіх цэн;

узроўню намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы ў цэлым.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з удзелам рэспубліканскіх аб’яднанняў наймальнікаў і прафесійных саюзаў пры распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь вызначае суадносіны памераў месячнай мінімальнай заработнай платы і мінімальнага спажывецкага бюджэту, забяспечваючы штогадовае збліжэнне іх памераў.

Памер месячнай мінімальнай заработнай платы вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь штогод з 1 студзеня з улікам часткі другой гэтага артыкула і суадносін памераў месячнай мінімальнай заработнай платы і мінімальнага спажывецкага бюджэту, вызначанага ў адпаведнасці з часткай трэцяй гэтага артыкула.

Месячная мінімальная заработная плата на працягу года падлягае індэксацыі ў парадку, прадугледжаным для індэксацыі даходаў, атрыманых з бюджэтных крыніц, у адпаведнасці з заканадаўствам аб індэксацыі даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі.

Калектыўным дагаворам (пагадненнем) можа быць вызначаны іншы памер месячнай мінімальнай заработнай платы, але не ніжэйшы за памер месячнай мінімальнай заработнай платы, вызначанага ў адпаведнасці з гэтым Законам.

Артыкул 5. Гадзінная мінімальная заработная плата

Гадзінная мінімальная заработная плата прымяняецца ў дачыненні да работнікаў, аплата працы якіх робіцца на падставе гадзінных тарыфных ставак (акладаў, службовых акладаў).

Памер гадзіннай мінімальнай заработнай платы вызначаецца наймальнікам шляхам дзялення месячнай мінімальнай заработнай платы на суадносіны разліковай нормы працоўнага часу каляндарнага года, вызначанай для адпаведных катэгорый работнікаў наймальнікам у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы, і колькасці месяцаў каляндарнага года.

Гадзінная мінімальная заработная плата змяняецца наймальнікам пры змене памеру месячнай мінімальнай заработнай платы, у тым ліку ў сувязі з індэксацыяй мінімальнай заработнай платы.

Артыкул 6. Прымяненне мінімальнай заработнай платы

Мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) прымяняецца выключна ў сферы працоўных адносін і забяспечвае сацыяльную абарону работнікаў.

Мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) прымяняецца наймальнікам пры аплаце працы работнікаў за работу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні абавязкаў работніка, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора, з улікам адпрацаванага працоўнага часу.

Работніку, у якога памер налічанай заработнай платы аказаўся ніжэйшым за памер мінімальнай заработнай платы (месячнай і гадзіннай), што вызначаны і прымяняецца ў адпаведнасці з гэтым Законам, наймальнік абавязаны зрабіць даплату да памеру мінімальнай заработнай платы (месячнай і гадзіннай). Пры вызначэнні даплаты да памеру мінімальнай заработнай платы (месячнай і гадзіннай) у памеры налічанай заработнай платы работніка не ўлічваюцца выплаты кампенсавальнага характару і выплаты, не звязаныя з выкананнем работнікам абавязкаў, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнага дагавора. Пералік названых выплат вызначаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне аплаты працы.

Артыкул 7. Крыніцы фінансавання расходаў на выплату мінімальнай заработнай платы

Мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) выплачваецца бюджэтнымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, за кошт сродкаў адпаведных бюджэтаў, іншымі арганізацыямі — за кошт сродкаў, прызначаных на аплату працы.

Артыкул 8. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы

Парушэнне заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння заработнай платы цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 9. Разгляд спрэчак па пытаннях прымянення заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы

Спрэчкі па пытаннях прымянення заканадаўства аб вызначэнні і парадку павышэння мінімальнай заработнай платы разглядаюцца камісіяй па працоўных спрэчках і (або) судом.».

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя захады па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 4. Гэты Закон уступае ў сілу ў наступным парадку:

артыкулы 1 і 2 — праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона;

іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

24 красавіка 2014 года, г. Мінск

№ 134-3