Заключэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 чэрвеня 2014 г. № З-928/2014
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

з удзелам прадстаўнікоў бакоў:

 

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Чэравача В.А., намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве; Лапекі I.Д., загадчыка аддзела па забеспячэнні дзейнасці Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Цімошчанкі В.В., намесніка начальніка ўпраўлення – загадчыка аддзела прававога аналізу і юрыдычнай экспертызы законапраектаў экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міцкевіч В.В., намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міхалькова Л.С., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Мароз Л.Ф., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

 

прадстаўнікі дзяржаўных органаў:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Калінковіч В.Л., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – Гайдучонак В.А., намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Тушынскі І.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь 12 мая 2014 г. на падставе частак першай і чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), часткі першай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і артыкула 32 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» па прапанове ўпаўнаважанага органа – Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

Падставай для ўнясення прапановы ў Канстытуцыйны Суд з’явіўся зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу грамадзянкі Бялясавай Т.I., якая выказала нязгоду са спыненнем папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ў адносінах да яе памерлага сына Бялясава I.В. з канстатацыяй вінаватасці апошняга ў здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінулі пасажыр і ён сам, паколькі як самім фактам спынення крымінальнай справы па нерэабілітуючай падставе, так і яго магчымымі юрыдычнымі вынікамі істотна закрануты гонар і добрае імя памерлай асобы, а таксама законныя інтарэсы яе блізкіх сваякоў. У сувязі з гэтым пастанова аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе была абскарджана Бялясавай Т.I. у пракуратуру, орган папярэдняга следства і суды. Дадзенымі органамі спыненне вядзення па крымінальнай справе прызнана законным. Бялясава Т.I. лічыць, што спыненнем крымінальнай справы па нерэабілітуючай падставе без згоды блізкіх сваякоў памерлай асобы парушаюцца палажэнні артыкулаў 26 і 60 Канстытуцыі, што замацоўваюць прэзумпцыю невінаватасці і права кожнага на судовую абарону.

 

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу мяркуе, што сумненні Бялясавай Т.I. у канстытуцыйнасці пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца абгрунтаванымі, бо пры спыненні крымінальнай справы ў адносінах да памерлай асобы спыняецца і далейшае даказванне яе вінаватасці, але падазрэнне або абвінавачанне ва ўчыненні злачынства з яе не здымаецца. Пры гэтым асоба, у адносінах да якой крымінальная справа спыняецца па ўказанай падставе, з прычыны смерці аб’ектыўна пазбаўлена магчымасці абараніць свае годнасць і гонар. Што датычыцца блізкіх сваякоў памерлай асобы, то ў крымінальна-працэсуальным законе не прадугледжана палажэнняў аб неабходнасці атрымання іх згоды на спыненне крымінальнага праследавання. На падставе выкладзенага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўнесена прапанова аб дачы Канстытуцыйным Судом заключэння аб адпаведнасці ўказаных норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса артыкулам 26 і 60 Канстытуцыі.

 

Згодна з з пунктам 7 часткі 1 артыкула 29 і пунктам 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 1999 года (Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 28-29, арт. 433), уведзенага ў дзеянне з 1 студзеня 2001 года, са змяненнямі і дапаўненнямі (далей – КПК), у адносінах да памерлай асобы крымінальная справа не можа быць ўзбуджана, а вядзенне па ўзбуджанай справе падлягае спыненню, у тым ліку вядзенне падлягае спыненню ў судовым пасяджэнні, за выключэннем выпадкаў, калі вядзенне па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі такой асобы.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., тлумачэнні прадстаўнікоў бакоў па справе – Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, меркаванні паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў Канстытуцыйным Судзе, выступленні прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, Міністэрства юстыцыі, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, КПК і іншых заканадаўчых актаў, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з абзацамі першым, другім часткі чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі, абзацамі першым, другім часткі першай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай першай артыкула 114, часткай першай артыкула 118 Закона «О конституционном судопроизводстве» Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

 

Згодна з часткамі першай і другой артыкула 54, артыкулам 117 Закона «О конституционном судопроизводстве» Канстытуцыйны Суд можа даць заключэнне і ў дачыненні да актаў, якія заснаваны на правераным акце або аднаўляюць яго асобныя палажэнні, калі яны не ўпаміналіся  ў прапанове аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага акта.

 

У судовым пасяджэнні прадстаўнікі ініцыятара – Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на падставе часткі трэцяй артыкула 19 Закона «О конституционном судопроизводстве» пашырылі змест унесенай у Канстытуцыйны Суд прапановы, паясніўшы, што на норме пункта 7 часткі 1 артыкула 29 КПК грунтуюцца не толькі норма пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК, але і нормы часткі 1 артыкула 250 і часткі 1 артыкула 279 КПК, згодна з якімі, калі будзе устаноўлена ўказаная ў пункце 7 часткі 1 артыкула 29 гэтага Кодэкса акалічнасць, папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спыняецца, суддзёй пры назначэнні судовага пасяджэння выносіцца пастанова аб спыненні вядзення па крымінальнай справе. Прадстаўнікі ініцыятара лічаць, што праверцы на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі падлягаюць узаемазвязаныя палажэнні пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279, пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК у дачыненні да сітуацыі, калі са спыненнем крымінальнай справы не згодны блізкія сваякі памерлай асобы.

 

Прадстаўнік боку – Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу падтрымаў дадзеную прапанову ініцыятара.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» у Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт і Міністэрства юстыцыі Канстытуцыйным Судом былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія дзяржаўныя органы выклалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд лічыць, што ў мэтах прадастаўлення грамадзянам дадатковых гарантый рэалізацыі правоў згодна з палажэннямі артыкулаў 26 і 60 Канстытуцыі магчыма ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у КПК, якія дазваляюць блізкім сваякам патрабаваць прадаўжэння крымінальнага працэсу ў адносінах да памерлай асобы для яе рэабілітацыі, уключаючы разгляд справы ў судзе па сутнасці абвінавачання.

 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, дзяржава, адмаўляючыся ад далейшаго вядзення па крымінальнай справе ў адносінах да памерлай асобы, не ставіць пад сумненне яе невінаватасць, кіруючыся канстытуцыйным прынцыпам наяўнасці для прызнання асобы вінаватай прыгавору суда, які ўступіў у законную сілу. Крымінальнае праследаванне ў адносінах да такой асобы спыняецца без прызнання яе вінаватай з прычыны адсутнасці суб’екта злачынства.

 

Следчы камітэт мяркуе мэтазгодным унясенне ў крымінальна-працэсуальны закон змяненняў, накіраваных на забеспячэнне судовай абароны памерлага падазронага (абвінавачванага) пры дапамозе разгляду такіх крымінальных спраў судамі, калі на гэтым настойваюць яго блізкія сваякі. Магчыма канкрэтызацыя пераліку іншых асоб, якім, апрача блізкіх сваякоў, можа быць нададзена ўказанае права, працэсуальных форм іх допуску да ўдзелу ў справе і адпаведнага прававога статусу.

 

Міністэрства юстыцыі ўказвае, што рэабілітацыя памерлай асобы выключае зварот спагнання на яе маёмасць па грамадзянскіх ісках зацікаўленых асоб, што сведчыць аб непасрэдным інтарэсе ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, вядзенні па ёй папярэдняга расследавання і судовым разборы блізкіх сваякоў такой асобы. У сувязі з гэтым у крымінальна-працэсуальным законе магчыма ўстанавіць норму аб неабходнасці абавязковага атрымання органам крымінальнага праследавання або судом згоды блізкіх сваякоў памерлай асобы на спыненне вядзення па крымінальнай справе ў адносінах да такой асобы па нерэабілітуючых падставах.

 

3. Згодна з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка першая артыкула 2, часткі першая і трэцяя артыкула 21).

 

У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (частка першая артыкула 25); ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу (артыкул 26); кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на яго гонар і годнасць (артыкул 28).

 

Часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

 

У міжнародна-прававых актах замацаваны палажэнні аб тым, што ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах; кожны чалавек, для вызначэння яго  правоў і абавязкаў і для ўстанаўлення абгрунтаванасці прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачання, мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана публічна і з выкананнем усіх патрабаванняў справядлівасці незалежным і непрадузятым судом (артыкулы 1 і 10 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека); кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое яму прад’яўляецца, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (пункт 1 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

 

Разам з тым згодна з нормамі пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279, пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК смерць падазронага або абвінавачванага з’яўляецца акалічнасцю, якая выключае вядзенне па крымінальнай справе па нерэабілітучай падставе.

 

Такім чынам, пры спыненні крымінальнага праследавання ў адносінах да памерлай асобы спыняецца і далейшае даказванне яе вінаватасці, але пры гэтым падазрэнне або абвінавачанне ва ўчыненні злачынства з яе не здымаецца. Больш таго, як гэта ўказана ў пастанове аб спыненні вядзення па крымінальнай справе ў адносінах да Бялясава І.В., канстатуецца ўчыненне памерлай асобай злачынства, ад далейшага крымінальнага праследавання якой упаўнаважаны дзяржаўны орган адмаўляецца толькі па прычыне смерці дадзенай асобы. У КПК не змяшчаецца палажэнняў аб неабходнасці атрымання згоды блізкіх сваякоў памерлай асобы на спыненне крымінальнага праследавання.

 

Незаконнае або неабгрунтаванае крымінальнае праследаванне – гэта перш за ўсё замах на такія замацаваныя ў Канстытуцыі асабістыя немаёмасныя правы грамадзяніна, як годнасць і гонар, што належаць чалавеку ад нараджэння і з’яўляюцца неадчужальнымі. Для рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў аб забеспячэнні дзяржавай годнасці асобы і гарантаванні кожнаму права на абарону ад замаху на яго гонар і годнасць (артыкулы 25 і 28 Канстытуцыі) у КПК прадугледжана магчымасць рэабілітацыі асобы, якой незаконнымі дзеяннямі органа, што вядзе крымінальны працэс, была прычынена шкода.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што з улікам устанаўлення ў Рэспубліцы Беларусь прынцыпу вяршэнства права, прызнання Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права (частка першая артыкула 7, частка першая артыкула 8 Канстытуцыі) вышэйуказаныя канстытуцыйныя палажэнні і нормы міжнародна-прававых актаў не могуць прымяняцца выбіральна, а дзейнічаюць на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы крымінальна-працэсуальнага закона ў той частцы, у якой яны дапускаюць указанне на вінаватасць ва ўчыненні злачынства грамадзяніна без вынясення абвінаваўчага прыгавору суда, не замацоўваючы пры гэтым палажэнняў аб праверцы законнасці і абгрунтаванасці крымінальнага праследавання памерлай асобы з удзелам яе блізкіх сваякоў у судовым парадку, выключаюць магчымасць рэабілітацыі памерлага грамадзяніна для абароны яго годнасці і гонару.

 

4. Рэспубліка Беларусь забяспечвае законнасць і правапарадак; дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка трэцяя артыкула 1, частка першая артыкула 59 Канстытуцыі).

 

Указаным палажэнням Канстытуцыі адпавядае норма часткі 2 артыкула 7 КПК, згодна з якой устаноўлены дадзеным Кодэксам парадак вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе прызваны забяспечыць законнасць і правапарадак, папярэджанне злачынстваў, абарону ад неабгрунтаванага абвінавачання або асуджэння, незаконнага абмежавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а ў выпадку абвінавачання або асуджэння невінаватага – неадкладную і поўную яго рэабілітацыю, пакрыццё яму фізічнай, маёмаснай і маральнай шкоды, аднаўленне парушаных працоўных, пенсіённых, жыллёвых і іншых правоў. У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 27 КПК орган крымінальнага праследавання ў межах сваёй кампетэнцыі абавязаны ўзбудзіць крымінальную справу ў кожным выпадку выяўлення прымет злачынства, прыняць усе прадугледжаныя законам меры да ўстанаўлення прадугледжанага крымінальным законам грамадска небяспечнага дзеяння, выкрыцця асоб, вінаватых ва ўчыненні злачынства, і іх пакарання, роўна як прыняць меры па рэабілітацыі невінаватага.

 

Такім чынам, у сілу норм КПК рэабілітацыі падлягаюць невінаватыя асобы ў выпадку іх незаконнага абвінавачання або асуджэння. Аднак пры адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы або спыненні вядзення па ўзбуджанай справе ў адносінах да памерлай асобы з канстатацыяй яе вінаватасці ў здзяйсненні грамадска небяспечнага дзеяння, якое цягне крымінальную адказнасць, могуць парушацца такія прыналежныя такой асобе канстытуцыйныя правы, як годнасць і гонар асобы.

 

У главе 48 «Вядзенне па пакрыцці шкоды, прычыненай фізічнай або юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс» КПК прадугледжана, што орган, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку прызнання яго дзеянняў і рашэнняў  незаконнымі абавязаны прыняць меры па пакрыцці фізічнай, маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай фізічнай асобе, і па аднаўленні парушаных працоўных, пенсіённых, жыллёвых, іншых асабістых немаёмасных правоў фізічнай асобы (частка 2 артыкула 460).

 

З аналізу зместу пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК вынікае, што адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, спыненне папярэдняга расследавання, спыненне вядзення па крымінальнай справе суддзёй пры назначэнні судовага пасяджэння або судом у судовым пасяджэнні ў сувязі са смерцю падазронага або абвінавачванага не павінны з’яўляцца перашкодай для рэабілітацыі такой асобы ў выпадку прычынення шкоды незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, у прыватнасці для аднаўлення такіх асабістых немаёмасных правоў, як годнасць і гонар асобы.

 

5. Згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі ўсё роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Замацаванне ў частцы 3 артыкула 29 КПК нормы, у адпаведнасці з якой спыненне вядзення па крымінальнай справе па падставах, устаноўленых у пунктах 3 і 4 часткі 1 дадзенага артыкула (за сканчэннем тэрмінаў даўнасці або з прычыны акта амністыі), дапускаецца толькі са згоды падазронага або абвінавачванага, сведчыць аб рэалізацыі такіх канстытуцыйных прынцыпаў, як прэзумпцыя невінаватасці, права кожнага на абарону годнасці і гонару, гарантаванне абароны правоў і свабод у судовым парадку.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, нормы пунктаў 3 і 4 часткі 1 артыкула 29 КПК маюць падобны характар з нормай пункта 7 часткі 1 дадзенага артыкула, паколькі прадугледжваюць акалічнасці, якія выключаюць вядзенне па крымінальнай справе па нерэабілітуючых падставах. Аднак калі спыненне вядзення па крымінальнай справе  па падставах, указаных у пунктах 3 і 4 часткі 1 артыкула 29, дапускаецца толькі са згоды падазронага або абвінавачванага, то ў выпадку спынення вядзення па крымінальнай справе ў адносінах да памерлай асобы (пункт 7 часткі 1 указанага артыкула) такая асоба па прычыне смерці пазбаўлена магчымасці заявіць пярэчанні з мэтай абароны сваіх годнасці і гонару, а атрыманне згоды яе блізкіх сваякоў у КПК не прадугледжана.

 

Выкладзенае сведчыць аб розных падыходах заканадаўца да рэгулявання крымінальна-працэсуальным законам падобных праваадносін, звязаных са спыненнем вядзення па крымінальнай справе па нерэабілітуючых падставах, што абумоўлівае неабходнасць рэалізацыі ў крымінальна-працэсуальным законе ў поўнай меры канстытуцыйнага палажэння аб роўнасці ўсіх перад законам і праве на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

6. Канстытуцыйны Суд адзначае, што права на судовую абарону, замацаванае ў артыкуле 60 Канстытуцыі, падразумявае наяўнасць канкрэтных прававых механізмаў эфектыўнага аднаўлення ў правах. З аналізу зместу дадзенага артыкула ва ўзаемасувязі яго з артыкулам 6, часткай першай артыкула 109 і часткай першай артыкула 115 Канстытуцыі аб самастойнасці судовай улады, якая належыць у Рэспубліцы Беларусь судам, аб ажыццяўленні правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе вынікае, што канстытуцыйнае права на судовую абарону гэта права не толькі на зварот у суд, але і на атрыманне рэальнай абароны ў выніку ажыццяўлення судовай улады пры дапамозе пэўных відаў судаводства.

 

У адпаведнасці з прынцыпам, замацаваным у частцы першай артыкула 115 Канстытуцыі, у крымінальным працэсе правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў абвінавачання і абароны (частка 1 артыкула 24 КПК); для забеспячэння роўнасці правоў бакоў у судовым разборы дзяржаўны, прыватны абвінаваўца, абвінавачваны, яго абаронца і законны прадстаўнік, а таксама пацярпелы, грамадзянскі ісцец, грамадзянскі адказчык і іх прадстаўнікі карыстаюцца роўнымі правамі на заяву адводаў і хадайніцтваў, прадстаўленне доказаў, удзел у іх даследаванні, выступленне ў судовых спрэчках, а таксама на ўдзел у разглядзе іншых пытанняў, якія ўзнікаюць пры судовым разборы крымінальнай справы (артыкул 292 КПК).

 

Па хадайніцтве абвінавачванага вызначэннем (пастановай) суда ў якасці абаронцы ў судзе можа быць дапушчаны адзін з блізкіх сваякоў або законных прадстаўнікоў абвінавачванага (частка 3 артыкула 44 КПК). Аднак у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага яго блізкія сваякі пазбаўлены магчымасці ажыццявіць яго абарону ў крымінальным працэсе і, значыць, заявіць хадайніцтва аб рэабілітацыі памерлай асобы, а таксама рэалізаваць іншыя паўнамоцтвы абаронцы, што сведчыць аб наяўнасці фактычнай няроўнасці бакоў абвінавачання і абароны ў крымінальным працэсе.

 

Акрамя таго, аб фактычнай няроўнасці бакоў абвінавачання і абароны сведчыць тая акалічнасць, што згодна з часткай 4 артыкула 49 КПК па справах аб злачынствах, вынікам якіх з’явілася смерць пацярпелага, правы і абавязкі, прадугледжаныя артыкулам 50 дадзенага Кодэкса, ажыццяўляюць члены яго сем’і, блізкія сваякі або законныя прадстаўнікі, тады як у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага яго блізкія сваякі пазбаўлены магчымасці абараняць у рамках крымінальнага працэсу замацаваныя ў Канстытуцыі немаёмасныя правы асобы.

 

У адпаведнасці з артыкулам 138 КПК дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаны ва ўстаноўленым дадзеным Кодэксам парадку ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, а таксама іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеянні, што праводзяцца, і рашэнні закранаюць іх інтарэсы.

 

Спыненнем крымінальнага праследавання па такой нерэабілітуючай падставе, як смерць падазронага або абвінавачванага, могуць быць закрануты як немаёмасныя (годнасць, гонар, добрае імя), так і маёмасныя (у прыватнасці, у выпадку прад’яўлення патрабаванняў да маёмасці, што  атрымліваецца ў спадчыну, або да наследнікаў, якія атрымалі спадчынную маёмасць) правы блізкіх сваякоў памерлай асобы.

 

Такім чынам, блізкія сваякі памерлай асобы маюць права абскардзіць дзеянні і рашэнні органа, што вядзе крымінальны працэс, толькі ў той частцы, у якой закранаюцца іх законныя інтарэсы.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што ў выпадку адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, спынення папярэдняга расследавання або спынення вядзення па крымінальнай справе суддзёй пры назначэнні судовага пасяджэння або судом у судовым пасяджэнні з прычыны смерці падазронага або абвінавачванага для забеспячэння рэабілітацыі памерлага грамадзяніна з мэтай абароны канстытуцыйных правоў асобы неабходна атрыманне згоды яго блізкіх сваякоў. Пры адсутнасці такой згоды крымінальны працэс павінен працягвацца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў абвінавачання і абароны з удзелам на баку абароны блізкіх сваякоў памерлага падазронага або абвінавачванага з прыняццем у адпаведных выпадках судом канчатковага рашэння па крымінальнай справе.

 

7. У якасці галоўных фактараў зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні Канстытуцыйны Суд бачыць няўхільнае прытрымліванне прынцыпу вяршэнства права, гарантаванае забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, стварэнне і рэалізацыю такіх прававых механізмаў, якія эфектыўна дапамагалі б умацаванню канстытуцыйнай законнасці.

 

Пры разглядзе гэтай справы Канстытуцыйны Суд зыходзіць з узаемазвязаных норм часткі першай артыкула 25, артыкулаў 26, 28 і 60 Канстытуцыі аб забеспячэнні дзяржавай годнасці асобы, аб прэзумпцыі невінаватасці, аб праве кожнага на абарону, ад замаху на яго годнасць і гонар, аб гарантаванні кожнаму абароны яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, а таксама палажэнняў міжнародна-прававых актаў, якія гарантуюць кожнаму права на ўстанаўленне абгрунтаванасці прад’яўленага яму крымінальнага абвінавачання кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што ў выпадку адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, спынення папярэдняга расследавання або вядзення па крымінальнай справе суддзёй  пры назначэнні судовага пасяджэння, а судом – у судовым пасяджэнні ў адносінах да памерлай асобы дзеючае заканадаўства, не прадугледжваючы неабходнасці атрымання згоды блізкіх сваякоў падазронага або абвінавачванага на здзяйсненне ўказаных  крымінальна-працэсуальных дзеянняў, тым самым не дазваляе забяспечыць рэабілітацыю памерлай асобы з мэтай абароны яе годнасці і гонару. Канстытуцыйнае права кожнага на абарону ад замаху на яго годнасць і гонар распаўсюджваецца не толькі на перыяд жыцця чалавека; гэта права абавязвае дзяржаву ўстанавіць прававыя гарантыі  забеспячэння судовай абароны годнасці і гонару чалавека і пасля яго смерці, да ліку якіх трэба аднесці права блізкіх сваякоў патрабаваць рэабілітацыі памерлай асобы ў рамках крымінальнага працэсу з выкананнем канстытуцыйнага прынцыпу ажыццяўлення правасуддзя на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў абвінавачання і абароны.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі і з улікам выкладзенага заканадаўцу належыць прадугледзець у КПК палажэнні, якія ўстанаўліваюць права блізкіх сваякоў заяўляць патрабаванні аб неабходнасці прадаўжэння крымінальнага працэсу з мэтай магчымай рэабілітацыі памерлай асобы і замацоўваюць прававы статус дадзеных удзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку іх правы і абавязкі, а таксама асаблівасці вядзення папярэдняга расследавання і судовага разбору ў выпадку смерці падазронага або абвінавачванага.

 

Зыходзячы з выкладзенага і кіруючыся часткамі першай і чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай першай артыкула 22, часткай першай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай першай артыкула 74, артыкуламі 75, 77, часткай першай артыкула 78, артыкуламі 80, 84 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць палажэнні пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць, што крымінальная справа ў адносінах да памерлай асобы не можа быць узбуджана, а па ўзбуджанай справе падлягаюць спыненню папярэдняе расследаванне і вядзенне па крымінальнай справе пры назначэнні суддзёй судовага пасяджэння, а таксама ў судовым пасяджэнні, акрамя выпадкаў, калі вядзенне па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі памерлай асобы, не адпавядаючымі частцы першай артыкула 25, артыкулам 26, 28 і 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой гэтыя палажэнні ў сістэме дзеючага заканадаўства дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а па ўзбуджанай справе спыніць вядзенне без згоды яго блізкіх сваякоў.

 

2. Гэта Заключэнне ўступае ў сілу з дня яго абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню і апратэставанню не падлягае, дзейнічае непасрэдна і не патрабуе пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі.

 

3. Апублікаваць гэта Заключэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                        П.П.Міклашэвіч