Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
10 ліпеня 2014 г. № Р-945/2014
Аб прававым рэгуляванні размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Клімаў В.Д., начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – Маслоўская В.В., начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – Шэлковіч У.I., начальнік галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь 20 чэрвеня 2014 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту адкрытага акцыянернага таварыства «Желдорсервис г. Могилев».

 

У звароце акцыянернага таварыства ўказваецца на супярэчлівую судовую практыку ў частцы заліку кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск пры вызначэнні размеру аплаты работніку часу вымушанага прагулу. Заяўнік спасылаецца на тое, што час  аплачанага вымушанага прагулу ўключаецца ў рабочы год, за які прадастаўляецца працоўны водпуск, у сувязі з чым работнік, адноўлены на ранейшай рабоце, мае права патрабаваць прадастаўлення аплачваемага водпуску, які ўключае перыяд, за які яму пры звальненні ўжо выплачана грашовая кампенсацыя, чым уціскаюцца законныя інтарэсы наймальніка.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., выступленні прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 42 Канстытуцыі асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне.

 

Згодна з часткай першай артыкула 244 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) у выпадках аднаўлення работніка на ранейшай рабоце, а таксама змянення фармулёўкі прычыны звальнення, якая перашкаджала паступленню работніка на новую работу, яму выплачваецца сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

 

У ПК прадугледжана, што ўмовы і парадак вылічэння сярэдняга заробку, які захоўваецца за час працоўнага і сацыяльнага водпускаў, выплаты грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам ртыкул 81); сярэдні заробак вылічваецца для аплаты часу ў тым ліку вымушанага прагулу ў выпадках аднаўлення работніка на ранейшай рабоце (пункт 2 часткі першай артыкула 82).

 

Умовы і парадак вылічэння сярэдняга заробку вызначаны Інструкцыяй аб парадку вылічэння сярэдняга заробку, які захоўваецца ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, зацверджанай  пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2000 г. № 47 «Об утверждении условий и порядка исчисления среднего заработка, сохраняемого за время трудового (основного и дополнительного) и социального (в связи с обучением) отпусков, выплаты денежной компенсации за неиспользованный трудовой отпуск и в других случаях, предусмотренных законодательством, а также перечня выплат, учитываемых при исчислении среднего заработка» (у рэдакцыі пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2006 г. № 37) (далей – Інструкцыя аб парадку вылічэння сярэдняга заробку).

 

Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у пункце 51 пастановы ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 «О некоторых вопросах применения судами законодательства о труде» растлумачыў, што ў матываваным рашэнні (матывіровачнай частцы рашэння) аб аднаўленні на рабоце павінна быць указана, за які час, з якога сярэдняга заробку і ў якім размеры вызначана аплата за вымушаны прагул; пры гэтым судам неабходна мець на ўвазе, што сярэдні заробак у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 82 ТК вылічваецца зыходзячы з заработнай платы, налічанай работніку за два каляндарных месяцы, папярэдніх месяцу яго звальнення; умовы і парадак вылічэння сярэдняга заробку вызначаны пастановай Міністэрства працы ад 10 красавіка 2000 г. № 47; пры спагнанні на карысць работніка сярэдняга заробку падлягаюць заліку выплачаныя выхадная дапамога і кампенсацыі, звязаныя са звальненнем; заработная плата, атрыманая за час працы ў іншага наймальніка пасля незаконнага звальнення; дапамога па часовай непрацаздольнасці, выплачаная істцу ў межах тэрміну аплачваемага вымушанага прагулу.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт Канстытуцыйным Судом былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія ўказаныя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд лічыць, што пытанне аб заліку выхадной дапамогі і іншых выплат пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу можа быць урэгулявана нарматыўнымі прававымі актамі. У прыватнасці, такое рэгуляванне можа быць ажыццёўлена Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

Генеральная пракуратура адзначае, што ў актах заканадаўства аб працы не рэгламентаваны парадак заліку грашовых сум, выплачаных работніку пры звальненні, у выпадку яго аднаўлення на рабоце. Дадзеныя нормы змяшчаюцца толькі ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2. З мэтай выключэння прававой нявызначанасці Генеральная пракуратура мяркуе неабходным ажыццявіць адпаведнае прававое рэгуляванне на ўзроўні пастановы Савета Міністраў.

 

Міністэрства юстыцыі лічыць, што розныя падыходы да прававога рэгулявання заліку выплат, атрыманых работнікам пры звальненні, пры вызначэнні размеру аплаты вымушанага прагулу ў выпадку аднаўлення яго на ранейшай рабоце, замацаваныя ў ПК, Інструкцыі аб парадку вылічэння сярэдняга заробку і пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29  сакавіка 2001 г. № 2, могуць прыводзіць да неадназначнага разумення адпаведных прававых норм, супярэчлівай правапрымяняльнай практыкі і, як следства, парушэння правоў і інтарэсаў работніка і наймальніка. У сувязі з гэтым, па меркаванні Міністэрства юстыцыі, неабходна ўстараніць няўзгодненасць прававых норм актаў заканадаўства аб працы.

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўказвае, што ў ТК і ў Інструкцыі аб парадку вылічэння сярэдняга заробку адсутнічаюць нормы, якія дазвалялі б рабіць залік выплачаных грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск і выхадной дапамогі ў разлік сумы сярэдняга заробку, які падлягае выплаце адноўленаму работніку за час вымушанага прагулу.

 

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адзначае, што нарматыўнымі прававымі актамі парадак заліку якіх-небудзь кампенсацый і іншых выплат пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу не вызначаны, таму дадзенае пытанне трэба ўрэгуляваць  на заканадаўчым узроўні.

 

Пазіцыя кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заключаецца ў тым, што заканадавец не прадугледзеў магчымасці заліку якіх-небудзь сум, выплачаных пры звальненні работніка, пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу (частка першая артыкула  244 ТК). Растлумачэнне, якое змяшчаецца ў абзацы трэцім пункта 51 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, не адпавядае ПК і ў парушэнне часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі абмяжоўвае правы работнікаў.

 

3. Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь – дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1).

 

Абвяшчаючы чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, Канстытуцыя вызначае, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы, дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, а таксама абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 2, часткі першая і трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 59).

 

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (частка першая артыкула 41 Канстытуцыі).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што, зыходзячы з указаных норм у іх узаемасувязі з часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, а таксама палажэннямі міжнародна-прававых актаў, у тым ліку артыкула 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, пункта 1 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у выпадку парушэння працоўных правоў дзяржава абавязана забяспечыць работніку яго права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, поўнай і эфектыўнай.

 

Згодна з часткай першай артыкула 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў.

 

У ПК вызначана, што непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі па заявах работнікаў, у тым ліку аб аднаўленні на рабоце незалежна ад падстаў спынення працоўнага дагавора, аб аплаце за час вымушанага прагулу або выканання ніжэйаплачваемай работы; у выпадку аднаўлення работніка на ранейшай рабоце яму выплачваецца сярэдні заробак за час вымушанага прагулу (пункт 3 часткі другой артыкула 241, частка першая артыкула 244).

 

Указанае заканадаўчае рэгуляванне падразумявае забеспячэнне судовай абароны працоўных правоў работніка, звольненага з работы без законнай падставы.

 

4. Зыходзячы са зместу часткі першай артыкула 42 Канстытуцыі і заснаванай на ёй нормы ПК (пункт 5 артыкула 11), якія замацоўваюць права работнікаў на гарантаваную справядлівую долю ўзнагароджання за працу ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае работнікам і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне, у артыкуле 57 ТК вызначана, што заработная плата узнагароджанне за працу, якое наймальнік абавязаны выплаціць работніку за выкананую працу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоў працы і кваліфікацыі работніка з улікам фактычна адпрацаванага часу, а таксама за перыяды, якія ўключаюцца ў рабочы час.

 

Згодна з часткай першай артыкула 77 ПК пры звальненні работніка ўсе выплаты, належныя яму ад наймальніка, праводзяцца ў дзень звальнення. Калі работнік у дзень звальнення не працаваў, то адпаведныя выплаты павінны быць праведзены не пазней наступнага дня пасля прад’яўлення ім патрабавання аб разліку.

 

Да ліку выплат, якія праводзяцца пры звальненні работніка, адносяцца заработная плата, выхадная дапамога, кампенсацыі, іншыя выплаты, на якія работнік мае права ў адпаведнасці з заканадаўствам
і (або) калектыўным дагаворам, пагадненнем.

 

Падставы спынення працоўнага дагавора, пры якіх павінна выплачвацца выхадная дапамога, і яе размеры вызначаны ПК. Замацаваны часткамі другой – пятай артыкула 48 ПК пералік падстаў выплаты выхадной дапамогі не з’яўляецца вычарпальным, паколькі ў адпаведнасці з ПК, іншымі заканадаўчымі актамі, калектыўным дагаворам, пагадненнем выхадная дапамога пры звальненні можа выплачвацца і ў іншых выпадках (частка першая ўказанага артыкула).

 

Са зместу часткі трэцяй артыкула 7 і часткі сёмай артыкула 48 ПК вынікае, што ў лакальным нарматыўным прававым акце (калектыўным дагаворы, пагадненні) могуць быць прадугледжаны іншыя выпадкі выплаты выхадной дапамогі і павялічаны яе размеры ў параўнанні з устаноўленымі ў ПК і іншых актах заканадаўства.

 

У разлік пры звальненні ўключаюцца і іншыя выплаты, на якія работнік мае права ў адпаведнасці з іншымі актамі заканадаўства, працоўным або калектыўным дагаворам, пагадненнем.

 

У прыватнасці, пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 «Об утверждении Примерной формы контракта нанимателя с работником» і падпунктам 10.9 пункта 10 Палажэння аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 1999 г. № 1476, прадугледжваецца выплата кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча работніка ў выпадку датэрміновага скасавання кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка, якая выплачваецца ў размеры не менш трох сярэднямесячных заработных плат.

 

Такім чынам, заканадаўствам аб працы вызначаны выплаты, якія падлягаюць уліку (або не ўлічваюцца) пры вылічэнні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу. Пры гэтым заканадаўства аб працы ў частцы вызначэння размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, які падлягае аднаўленню на ранейшай рабоце, не змяшчае палажэнняў аб заліку выплат, уключаных у разлік пры звальненні работніка, гэта значыць аб магчымасці змяншэння вылічанага сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу на пэўныя сумы.

 

5. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на асобую прававую прыроду выхадной дапамогі ў параўнанні з іншымі выплатамі, якія праводзяцца пры звальненні работніка.

 

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 1 лютага 2001 г. «О выходном пособии, выплачиваемом в соответствии с законодательством на основании коллективного договора  при увольнении работника в связи с окончанием срока действия контракта» адзначалася, што мэта выхадной дапамогі заключаецца ў змякчэнні вынікаў, якія наступаюць са стратай асобай работы ў выпадку звальнення яе па ініцыятыве наймальніка за невінаватыя дзеянні па прычынах, якія не залежаць ад работніка, а таксама па акалічнасцях, якія не залежаць ад волі бакоў.

 

У адпаведнасці з падпунктам 5.10 пункта 5 пераліку выплат, якія ўлічваюцца пры падліку сярэдняга заробку, які з’яўляецца дадаткам да Інструкцыі аб парадку падліку сярэдняга заробку, прынятай у мэтах забеспячэння адзінага парадку вылічэння сярэдняга заробку, у тым ліку для аплаты часу вымушанага прагулу, выхадная дапамога (кампенсацыя), якая выплачваецца ў выпадку спынення працоўнага дагавора (кантракта), пры вылічэнні сярэдняга заробку не ўлічваецца.

 

Канстытуцыйны Суд мяркуе неабходным звярнуць увагу на рэгуляванне сходных грамадскіх адносін заканадаўствам іншых дзяржаў.

 

Так, часткай першай артыкула 178 Працоўнага кодэкса Расійскай Федэрацыі вызначана, што пры скасаванні працоўнага дагавора ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі або скарачэннем колькасці або штата работнікаў арганізацыі работніку, які звальняецца, выплачваецца выхадная дапамога ў размеры сярэдняга месячнага заробку, а таксама за ім захоўваецца сярэдні месячны заробак на перыяд працаўладкавання, але не больш за два месяцы з дня звальнення (з залікам выхадной дапамогі).

 

Засноўваючыся на дадзенай норме Працоўнага кодэкса Расійскай Федэрацыі, Пленум Вярхоўнага Суда Расійскай Федэрацыі ў пастанове ад 17 сакавіка 2004 г. № 2 «О применении судами Российской Федерации Трудового кодекса Российской Федерации» растлумачыў, што пры спагнанні сярэдняга заробку на карысць работніка, адноўленага на ранейшай рабоце, або ў выпадку прызнання яго звальнення незаконным выплачаная яму выхадная дапамога падлягае заліку. Аднак пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу сярэдні заробак, які спаганяецца на карысць работніка за гэты час, не падлягае змяншэнню на сумы заработнай платы, атрыманай у іншага работадаўца, незалежна ад таго, працаваў у яго работнік на дзень звальнення ці не, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, выплачаныя істцу ў межах тэрміну аплачваемага прагулу, а таксама дапамогі па беспрацоўі, якую ён атрымліваў у перыяд вымушанага прагулу, паколькі ўказаныя выплаты дзеючым заканадаўствам не аднесены да ліку выплат, якія падлягаюць заліку пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу (абзац чацвёрты пункта 62).

 

У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд адзначае магчымасць выкарыстання ўказанага падыходу ў частцы заліку выхадной дапамогі ў прававым рэгуляванні вызначэння размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце, у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.

 

6. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7).

 

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе» указана, што галоўнымі фактарамі зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці ў заканадаўстве і правапрямяненні з’яўляюцца няўхільнае выкананне прынцыпу вяршэнства права, гарантаванае забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, стварэнне і рэалізацыя такіх прававых механізмаў, якія эфектыўна дапамагалі б умацаванню канстытуцыйнай законнасці.

 

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова адзначалася, што рэалізацыя ў нарматворчасці прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой пэўнасці падразумявае стварэнне прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, узгоднены паміж сабой, а таксама забяспечваюць яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і ўзгодненасць прававых норм.

 

Прынцып вяршэнства права азначае ў тым ліку паўнату і дакладнасць норм аб правах і абавязках грамадзян, адпаведнасць іх паміж сабой у розных нарматыўных прававых актах. Наяўнасць у заканадаўстве прабелаў, калізій прававых норм і прававой нявызначанасці цягне неадназначнае разуменне нарматыўных прававых актаў і звязаную з гэтым супярэчлівую правапрымяняльную практыку, што аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 7 ПК крыніцамі рэгулявання працоўных і звязаных з імі адносін з’яўляюцца: Канстытуцыя; дадзены Кодэкс і іншыя акты заканадаўства аб працы; калектыўныя дагаворы, пагадненні і іншыя лакальныя нарматыўныя прававыя акты, заключаныя і прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам; працоўныя дагаворы.

 

Згодна з абзацам адзінаццатым артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» акты Вярхоўнага Суда (пастановы Пленума Вярхоўнага Суда) – гэта нарматыўныя прававыя акты, прынятыя ў межах яго кампетэнцыі па рэгуляванні грамадскіх адносін, устаноўленай Канстытуцыяй і прынятымі ў адпаведнасці з ёю іншымі заканадаўчымі актамі. 

 

Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў да кампетэнцыі Пленума Вярхоўнага Суда аднесены разгляд матэрыялаў абагульнення судовай практыкі, судовай статыстыкі і дача ў парадку судовага тлумачэння агульным судам растлумачэнняў па пытаннях прымянення заканадаўства (абзац трэці часткі першай артыкула 51).

 

Як адзначалася, у пункце 51 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 указана, што пры спагнанні на карысць работніка сярэдняга заробку падлягаюць заліку выплачаная выхадная дапамога і кампенсацыі, звязаныя са звальненнем; заработная плата, атрыманая за час працы ў іншага наймальніка пасля незаконнага звальнення; дапамога па часовай непрацаздольнасці, выплачаная істцу ў межах тэрміну аплачваемага вымушанага прагулу.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзенае палажэнне пастановы Пленума Вярхоўнага Суда фактычна змяшчае не растлумачэнне па пытанні прымянення заканадаўства аб працы, а новую прававую норму, якая ўстанаўлівае, якія выплаты падлягаюць заліку пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу, тады як грамадскія адносіны ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін павінны рэгулявацца на аснове актаў заканадаўства аб працы і іншых указаных у частцы першай артыкула 7 ТК крыніц рэгулявання.

 

Такім чынам, адсутнасць у заканадаўстве аб працы норм, якія рэгулююць вызначэнне размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце, у частцы заліку выхадной дапамогі і (або) іншых выплат, атрыманых ім пры звальненні, пры тым, што гэтыя пытанні рэгламентаваны Пленумам Вярхоўнага Суда, пацягнула нявызначанасць у правапрымяненні.

 

Зыходзячы з указанага, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ў мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, гарантавання правоў і законных інтарэсаў як работнікаў, так і наймальнікаў, для ўстаранення прававой нявызначанасці ў заканадаўстве аб працы і правапрымяненні ў ПК неабходна ўрэгуляваць пытанне заліку выплат, атрыманых работнікам пры звальненні, у выпадку аднаўлення яго на ранейшай рабоце пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22, артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85, артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, для ўстаранення прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні вызначэння размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце, прызнаць неабходным унясенне ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненняў у частцы ўрэгулявання пытання заліку выплат, атрыманых работнікам пры звальненні, пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                            П.П.Міклашэвіч