Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб цэнаўтварэнні»

Закон Рэспублікі Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнікоў   24 чэрвеня 2014 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі          26 чэрвеня 2014 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 1999 года «Аб цэнаўтварэнні» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 37, 2/30; 2006 г., № 6, 2/1177; 2008 г., № 14, 2/1414) наступныя змяненні і дапаўненні:

1. З артыкула 1 словы «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэнаўтварэння і кантроль за ім,» выключыць.

2. Артыкул 2 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства.

Асаблівасці цэнаўтварэння ў сферах натуральных манаполій вызначаюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб натуральных манаполіях.

Калі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правілы міжнародных дагавораў.».

3. У артыкуле 3:

абзац чацвёрты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«цэнаўтварэнне — працэс па вызначэнні і прымяненні цэн (тарыфаў);»;

падрадковую заўвагу да абзаца чацвёртага выключыць;

абзацы шосты і сёмы выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«рэгуляванне цэн (тарыфаў) — уздзеянне на працэсы вызначэння і прымянення цэн (тарыфаў) з боку суб’ектаў цэнаўтварэння, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);

рэгуляваная цана (тарыф) — цана (тарыф), што вызначаецца суб’ектамі цэнаўтварэння, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);»;

з абзаца восьмага словы «, якая вызначаецца суб’ектам цэнаўтварэння» выключыць;

абзац дзясяты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«гранічная надбаўка (зніжка, нацэнка) — абмежаванне да цаны, што вызначаецца суб’ектамі цэнаўтварэння, якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);»;

пасля абзаца адзінаццатага дапоўніць артыкул абзацам наступнага зместу:

«індэксацыя цаны (тарыфу) — змяненне ўзроўню цаны (тарыфу) шляхам прымянення каэфіцыента да цаны (тарыфу) у парадку, вызначаным заканадаўствам;»;

абзац дванаццаты лічыць абзацам трынаццатым;

абзац трынаццаты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«дэклараванне цэн (тарыфаў) — рэгістрацыя цэн (тарыфаў) юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, уключанымі ў Дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, у дзяржаўных органах, вызначаных заканадаўствам.».

4. Артыкул 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 4. Суб’екты цэнаўтварэння

Суб’ектамі цэнаўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;

дзяржаўныя органы (арганізацыі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);

юрыдычныя асобы, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), што ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў) (далей — юрыдычныя асобы);

індывідуальныя прадпрымальнікі;

іншыя фізічныя асобы, якія маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам ажыццяўляць пэўныя віды дзейнасці, што не адносяцца заканадаўчымі актамі да прадпрымальніцкай дзейнасці, на тавары (работы, паслугі) якіх прымяняюцца рэгуляваныя цэны (тарыфы) (далей — фізічныя асобы).».

5. У артыкуле 5:

абзацы чацвёрты і шосты выключыць;

абзац пяты лічыць абзацам чацвёртым.

6. Назву раздзела 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ 3

РЭГУЛЯВАННЕ ЦЭН (ТАРЫФАЎ)».

7. У артыкуле 7:

абзац другі выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«тавары, якія выраблены (рэалізуюцца) ва ўмовах натуральных манаполій, паслугі, якія аказваюцца (прадастаўляюцца) суб’ектамі натуральных манаполій, што адносяцца да сфер натуральных манаполій;»;

у абзацы трэцім:

словы «сацыяльна значныя» выключыць;

пасля слова «Прэзідэнтам» дапоўніць абзац словамі «Рэспублікі Беларусь».

8. У артыкуле 8:

у частцы першай:

у абзацы першым:

словы «Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя і распарадчыя органы» замяніць словамі «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя органы (арганізацыі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў),»;

словы «прамое (адміністрацыйнае)» выключыць;

абзац чацвёрты выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«гранічных надбавак (зніжак, нацэнак);»;

у абзацы шостым слова «вызначэння» замяніць словам «устанаўлення»;

пасля абзаца шостага дапоўніць частку абзацам наступнага зместу:

«індэксацыі цэн (тарыфаў);»;

абзац сёмы лічыць абзацам восьмым;

у частцы другой:

пасля слоў «Дзяржаўныя органы» дапоўніць частку словам «(арганізацыі)»;

слова «цэнаўтварэння» замяніць словамі «цэн (тарыфаў)».

9. Раздзел 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ 4

ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ
Ў ГАЛІНЕ ЦЭНАЎТВАРЭННЯ

Артыкул 9. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне цэнаўтварэння

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:

вызначае адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне цэнаўтварэння;

вызначае пералік тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца;

вызначае дзяржаўныя органы (арганізацыі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), з улікам палажэнняў гэтага Закона;

ажыццяўляе рэгуляванне цэн (тарыфаў) на асобныя тавары (работы, паслугі);

упаўнаважвае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на зацвярджэнне пералікаў тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца асобнымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), што ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў галіне цэнаўтварэння ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 10. Дзяржаўныя органы (арганізацыі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў)

Дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), з’яўляюцца:

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;

рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання па пытаннях эканомікі, на які ў адпаведнасці з заканадаўствам ускладзены функцыі рэгулявання цэн (тарыфаў);

іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі), на якія ў адпаведнасці з гэтым Законам і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ускладзены паўнамоцтвы па рэгуляванні цэн (тарыфаў).

Артыкул 11. Паўнамоцтвы дзяржаўных органаў (арганізацый), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў)

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь:

забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне цэнаўтварэння;

ажыццяўляе рэгуляванне цэн (тарыфаў) на асобныя тавары (работы, паслугі) у межах сваёй кампетэнцыі;

у адпаведнасці з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацвярджае пералікі тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца асобнымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), што ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў галіне цэнаўтварэння ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання па пытаннях эканомікі, на які ў адпаведнасці з заканадаўствам ускладзены функцыі рэгулявання цэн (тарыфаў):

праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне цэнаўтварэння;

выпрацоўвае прапановы аб асновах дзяржаўнай палітыкі ў галіне цэнаўтварэння;

забяспечвае адзіныя падыходы ў галіне цэнаўтварэння, у тым ліку вызначае парадак устанаўлення і прымянення цэн (тарыфаў), а таксама парадак іх дэкларавання і ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва цэнаўтварэннем;

каардынуе работу іншых дзяржаўных органаў (арганізацый), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў);

ажыццяўляе рэгуляванне цэн (тарыфаў) на асобныя тавары (работы, паслугі) у межах сваёй кампетэнцыі;

прымае абавязковыя для суб’ектаў цэнаўтварэння (юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, фізічных асоб) рашэнні аб увядзенні, змяненні або спыненні рэгулявання цэн (тарыфаў) у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам;

прымае абавязковыя для выканання рашэнні аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў у галіне цэнаўтварэння, адмяняе цэны (тарыфы), вызначаныя суб’ектамі цэнаўтварэння з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў галіне цэнаўтварэння, ускладзеныя на яго гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Іншыя дзяржаўныя органы (арганізацыі) у межах сваёй кампетэнцыі:

ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў) на асобныя тавары (работы, паслугі);

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў галіне цэнаўтварэння, ускладзеныя на іх гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.».

10. У назве раздзела 5 слова «прадпрымальніка» замяніць словамі «індывідуальнага прадпрымальніка, фізічнай асобы».

11. У артыкуле 12:

у назве артыкула і абзацы першым словы «прадпрымальніка» і «прадпрымальнік» замяніць адпаведна словамі «індывідуальнага прадпрымальніка, фізічнай асобы» і «індывідуальны прадпрымальнік, фізічная асоба»;

у абзацы другім:

пасля слова «заканадаўствам» дапоўніць абзац словамі «Рэспублікі Беларусь»;

словы «дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне» замяніць словамі «рэгуляванне цэн (тарыфаў)»;

абзац трэці выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«абскардзіць у вызначаным заканадаўствам парадку рашэнні, прынятыя ў дачыненні да іх дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), а таксама службовымі асобамі гэтых дзяржаўных органаў (арганізацый).».

12. Артыкул 13 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 13. Абавязкі юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, фізічнай асобы ў галіне цэнаўтварэння

Юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, фізічная асоба ў галіне цэнаўтварэння абавязаны:

выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні;

прадастаўляць дзяржаўным органам (арганізацыям), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), поўную і дакладную інфармацыю, неабходную для вызначэння рэгуляваных цэн (тарыфаў);

выконваць іншыя абавязкі, вызначаныя заканадаўствам.».

13. Раздзел 6 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ 6

КАНТРОЛЬ ЗА ВЫКАНАННЕМ СУБ’ЕКТАМІ, ЯКІЯ ПРАВЯРАЮЦЦА І АЖЫЦЦЯЎЛЯЮЦЬ РЭАЛІЗАЦЫЮ ТАВАРАЎ (РАБОТ, ПАСЛУГ), ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ ЦЭНАЎТВАРЭННІ І АДКАЗНАСЦЬ ЗА ЯГО ПАРУШЭННЕ

Артыкул 14. Кантроль за выкананнем суб’ектамі, якія правяраюцца і ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў (работ, паслуг), заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні

Кантроль за выкананнем суб’ектамі, якія правяраюцца і ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў (работ, паслуг), заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні ажыццяўляецца органамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, структурным падраздзяленнем з правамі юрыдычнай асобы рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па пытаннях эканомікі, на які ў адпаведнасці з заканадаўствам ускладзены функцыі рэгулявання цэн (тарыфаў), абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 15. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні

Асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 16. Абскарджанне рашэнняў дзяржаўных органаў (арганізацый), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), іх службовых асоб

Рашэнні дзяржаўных органаў (арганізацый), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), іх службовых асоб могуць быць абскарджаны суб’ектамі цэнаўтварэння ў вышэйшы дзяржаўны орган (арганізацыю) і (або) у суд у парадку, вызначаным заканадаўствам.

Абскарджанне ў вызначаным заканадаўствам парадку рашэнняў дзяржаўных органаў (арганізацый), якія ажыццяўляюць рэгуляванне цэн (тарыфаў), іх службовых асоб не прыпыняе выкананне такіх рашэнняў.».

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя захады па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уваходзіць у сілу ў наступным парадку:

артыкул 1 — праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона;

іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

11 ліпеня 2014 года, г. Мінск.

№ 192-З