Указ № 650 ад 30 снежня 2014 г. «Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года»

Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, пастанаўляю:

1. За выдатныя дасягненні ў галіне музычнага і выяўленчага мастацтва, кінавідэамастацтва, музейнай справы, народнай мастацкай творчасці, архітэктуры, выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года:

ансамблю песні і танца «Медуніца» ўстановы культуры «Магілёўская абласная філармонія» — за значны ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнай беларускай музычнай культуры, актыўную канцэртную дзейнасць;

аўтарскаму калектыву закрытага акцыянернага таварыства «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе Адашкіна Аляксея Васільевіча, дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў, і Макей Вольгі Сяргееўны, карэспандэнта спецыяльнай службы карэспандэнтаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, — за стварэнне цыкла дакументальных фільмаў «Шай-бу! Shаі-BY!..»;

аўтарскаму калектыву ў складзе Боганевай Алены Міхайлаўны, супрацоўніка дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Варфаламеевай Тамары Барысаўны, старшага навуковага супрацоўніка гэтай навуковай установы, і Козенкі Мікалая Аляксеевіча, педагога дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі «Ветразь» Кастрычніцкага раёна г. Мінска, — за стварэнне фундаментальнага навуковага 6-томнага выдання «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў»;

аўтарскаму калектыву ў складзе Дамнянковай Людмілы Уладзіміраўны, дацэнта кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», Лабковіча Пятра Віктаравіча, дырэктара творча-эксперыментальнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «ГУДАРТ», і Лазукі Барыса Андрэевіча, загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», — за вялікую навуковую і творчую працу па адраджэнні традыцый нацыянальнай культуры і асабісты ўклад у стварэнне экспазіцыі музея гісторыі слуцкіх паясоў на базе рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы» ў г.Слуцку Мінскай вобласці;

калектыву дзяржаўнай установы «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» — за вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і стварэнне новай экспазіцыі ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі Брэсцкай крэпасці «Музей вайны — тэрыторыя міру»;

калектыву дзяржаўнай установы культуры «Творчыя майстэрні «Цэнтр сучасных мастацтваў» — за вялікі ўклад у прапаганду сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі і арганізацыю значных выставачных праектаў;

калектыву Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці — за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў, захаванне і папулярызацыю традыцыйных тэхналогій вытворчасці неглюбскіх ручнікоў;

Багласаву Сяргею Георгіевічу, члену грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз архітэктараў», галоўнаму спецыялісту камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінская спадчына», — за значны асабісты ўклад у рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурнага комплексу плошчы Свабоды з прылеглай забудовай у г.Мінску;

Бандарэнку Сяргею Афанасьевічу, мастаку-скульптару, члену грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў», — за вялікі ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і стварэнне высокамастацкіх твораў манументальнай і станковай скульптуры;

Ганчаруку Уладзіміру Іванавічу, прафесару кафедры малюнка ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў», — за вялікі асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Беларусі і выхаванне таленавітай моладзі.

2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з гэтым Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.

4. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.