Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
8 снежня 2014 г. № Р-952/2014
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 10 лістапада 2014 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 лістапада 2014 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання арганізацыйна-прававых асноў процідзеяння гандлю людзьмі, уключаючы сістэму мер па абароне і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі, а таксама далейшай рэалізацыі ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь патрабаванняў міжнародных стандартаў ва ўказанай сферы.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. У Канстытуцыі ўстаноўлена, што Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся прававой дзяржавай, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1); чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і дастойнага развіцця асобы; грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй (артыкул 2); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21).

 

Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8 Канстытуцыі).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што Закон накіраваны на рэалізацыю названых канстытуцыйных норм і выкананне Рэспублікай Беларусь узятых на сябе міжнародных абавязацельстваў.

 

2. Рэспубліка Беларусь далучылася да найбольш важных міжнародна-прававых актаў у сферы процідзеяння гандлю людзьмі, у тым ліку Канвенцыі Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі ад 16 мая 2005 года (уступіла ў сілу для Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка 2014 г.), заснаванай на Пратаколе аб папярэджанні і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, і пакаранні за яго, што дапаўняе Канвенцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці ад 15 лістапада 2000 года (уступіў у сілу для Рэспублікі Беларусь 25 снежня 2003 г.), палажэнні якіх знайшлі адлюстраванне ў нормах Закона.

 

Пунктам 1 артыкула 1 Закона ўдакладняюцца вызначэнні тэрмінаў «гандаль людзьмі» і «эксплуатацыя».

 

Так, у адпаведнасці з Законам гандаль людзьмі вызначаецца як вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальніцтва або атрыманне чалавека ў мэтах эксплуатацыі, учыненыя шляхам падману, або злоўжывання даверам, або прымянення насілля, або пад пагрозай прымянення насілля; згода грамадзяніна на запланаваную эксплуатацыю не прымаецца да ўвагі, калі выкарыстоўваўся любы з названых сродкаў уздзеяння; вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальніцтва або атрыманне непаўналетняга ў мэтах эксплуатацыі лічацца гандлем людзьмі нават у тым выпадку, калі яны не звязаны з прымяненнем якога-небудзь з названых сродкаў уздзеяння.

 

У новай рэдакцыі выкладаецца вызначэнне эксплуатацыі, пад якой разумеецца незаконны прымус чалавека да працы або аказання паслуг (у тым ліку да дзеянняў сексуальнага характару, сурагатнага мацярынства, забору ў чалавека органаў і (або) тканак) у выпадку, калі ён па прычынах, якія не залежаць ад яго, не можа адмовіцца ад выканання работ або аказання паслуг, уключаючы рабства або звычаі, падобныя да рабства.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, увядзенне заканадаўцам дадатковых прымет пры вызначэнні ўказаных тэрмінаў накіравана на крыміналізацыю больш шырокага кола грамадства небяспечных дзеянняў, звязаных з гандлем людзьмі і рознымі формамі эксплуатацыі чалавека, уключаючы раней некаральныя іх праяўленні, што мае мэтай умацаванне законнасці і правапарадку і адпавядае канстытуцыйнаму абавязку дзяржавы абараняць жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў, забяспечваць свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (частка другая артыкула 24, частка першая артыкула 25 Канстытуцыі).

 

Пашырэнне зместу тэрміна «гандаль людзьмі» шляхам указання на дзеянні, учыненыя ў мэтах эксплуатацыі непаўналетніх, незалежна ад прымянення такіх сродкаў уздзеяння, як падман, злоўжыванне даверам, прымяненне насілля або пагроза прымянення насілля, накіравана на ахову інтарэсаў непаўналетніх асоб і максімальнае забеспячэнне гарантый іх дабрабыту, што адпавядае палажэнню часткі першай артыкула 32 Канстытуцыі аб тым, што дзяцінства знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, а таксама забяспечвае належнае выкананне Рэспублікай Беларусь сваіх абавязацельстваў у рамках Канвенцыі аб правах дзіцяці, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 20 лістапада 1989 года, удзельніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.

 

Разам з тым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць своечасовага ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у мэтах удакладнення прымет адпаведных саставаў злачынстваў для адназначнага разумення ўводзімых Законам тэрмінаў і забеспячэння аднастайнай правапрымяняльнай практыкі.

 

Неабходнасць такога ўдакладнення абумоўлена патрабаваннем выканання ўстаноўленага Канстытуцыяй прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7), з якога вынікае прынцып прававой пэўнасці, што падразумявае абавязковасць узаемнага ўзгаднення нарматыўных прававых актаў, сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін, выкарыстанне адзінай тэрміналогіі.

 

3. Законам замацоўваецца вызначэнне ідэнтыфікацыі ахвяр гандлю людзьмі як комплексу дзеянняў, якія ажыццяўляюцца ў мэтах атрымання звестак аб здзяйсненні ў дачыненні да грамадзяніна гандлю людзьмі або звязаных з ім злачынстваў (пункт 1 артыкула 1).

 

Адначасова Закон Рэспублікі Беларусь «О противодействии торговле людьми» дапаўняецца артыкулам 171 «Ідэнтыфікацыя ахвяр гандлю людзьмі» (пункт 4 артыкула 1 Закона). У названым артыкуле ўстанаўліваецца, што ідэнтыфікацыя ахвяр гандлю людзьмі ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць процідзеянне гандлю людзьмі (пункт 1); ідэнтыфікацыя ахвяр гандлю людзьмі можа быць ініцыіравана дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя, установамі адукацыі, органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цэнтрамі па абароне ахвяр гандлю людзьмі і аказанню ім дапамогі перад дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць процідзеянне гандлю людзьмі (пункт 3); ідэнтыфікацыя ахвяр гандлю людзьмі ажыццяўляецца на працягу 30 дзён з дня запаўнення анкеты грамадзяніна, які мог пацярпець ад гандлю людзьмі або звязаных з ім злачынстваў (пункт 4). Пунктам 6 дадзенага артыкула прадугледжваецца, што грамадзянін, які мог пацярпець ад гандлю людзьмі або звязаных з ім злачынстваў, мае права на прымяненне ў дачыненні да яго мер па абароне і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі.

 

Прыведзеныя палажэнні Закона адпавядаюць патрабаванням артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае таксама, што нормы аб ідэнтыфікацыі ахвяр гандлю людзьмі з’яўляюцца рэалізацыяй палажэнняў Канвенцыі Савета Еўропы аб процідзеянні гандлю людзьмі, у адпаведнасці з якімі дзяржава, якая падпісала дадзеную Канвенцыю, прымае заканадаўчыя або іншыя меры, неабходныя для выяўлення ахвяр (пункт 2 артыкула 10); прадугледжвае ў нацыянальным заканадаўстве перыяд працягласцю не менш за 30 дзён для рэабілітацыі і прыняцця рашэння, прадастаўляемы асобе пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што яна з’яўляецца ахвярай (пункт 1 артыкула 13).

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, заканадавец, вызначаючы для кампетэнтных дзяржаўных органаў і арганізацый Рэспублікі Беларусь адпаведныя паўнамоцтвы, звязаныя з ідэнтыфікацыяй ахвяр гандлю людзьмі, стварае неабходныя ўмовы для належнага выканання прадпісанняў названай Канвенцыі і прыняцця абгрунтаванага рашэння ў тэрміны, якія рэкамендуюцца.

 

Такім чынам, Закон накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы процідзеяння гандлю людзьмі, у тым ліку ў частцы канкрэтызацыі прымет указанага калектыўна небяспечнага дзеяння, уліку палажэнняў міжнародна-прававых актаў, і ў цэлым – на павышэнне эфектыўнасці барацьбы з дадзеным відам злачыннасці і належную абарону правоў і свабод чалавека.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в Закон Республики Беларусь «О противодействии торговле людьми» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

намеснік Старшыні Канстытуцыйнага

Суда Рэспублікі Беларусь                                                                                             В.Г.Сяргеева