Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абарачэнню наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналагаў»

Прыняты Палатай прадстаўнікоў   15 студзеня 2015 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі             15 студзеня 2015 года

Артыкул 1. Унесці ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 года (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 1999 г., № 76, 2/50; 2003 г., № 8, 2/922; 2006 г., № 111, 2/1242; 2008 г., № 1, 2/1388; 2011 г., № 4, 2/1775; Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 19.07.2012, 2/1960) наступныя дапаўненні і змяненні:

1. Частку 2 артыкула 27 дапоўніць пунктам 171 наступнага зместу:

«171) незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналагаў (часткі 2—5 артыкула 328);».

2. Частку 1 артыкула 57 пасля слова «чалавека» дапоўніць словамі «альбо з незаконным абарачэннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналагаў».

3. Пункт 4 часткі 2 артыкула 115 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«4) за асабліва цяжкае злачынства, звязанае з наўмысным замахам на жыццё чалавека альбо з незаконным абарачэннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў або аналагаў, — дванаццаці гадоў.».

4. Частка 3 заўваг да артыкула 327 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Пад аналагамі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у артыкулах гэтага Кодэкса маюцца на ўвазе хімічныя рэчывы, структурныя формулы якіх утвораны заменай у структурных формулах наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або базавых структурах аднаго або некалькіх атамаў вадароду на замяшчальнікі атамаў вадароду, уключаныя ў пералік замяшчальнікаў атамаў вадароду ў структурных формулах наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або базавых структурах, вызначаны Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.».

5. У артыкуле 328:

у частцы 3:

у абзацы першым словы «або ў месцы правядзення масавых мерапрыемстваў» замяніць словамі «, лячэбна-працоўным прафілакторыі, у месцы правядзення масавага мерапрыемства альбо заведама непаўналетняму»;

у абзацы другім слова «трынаццаці» замяніць словам «пятнаццаці»;

частку 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«4. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2 або 3 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай альбо спалучаныя з вырабам ці перапрацоўкай наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналагаў з выкарыстаннем лабараторнага посуду або лабараторнага абсталявання, прызначаных для хімічнага сінтэзу, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.»;

дапоўніць артыкул часткай 5 наступнага зместу:

«5. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2—4 гэтага артыкула, якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дванаццаці да дваццаці пяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.».

6. Дапоўніць Кодэкс артыкуламі 3281 і 3282 наступнага зместу:

«Артыкул 3281. Незаконнае перамяшчэнне праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналагаў

1. Незаконнае перамяшчэнне праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналагаў пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 228 гэтага Кодэкса, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

2. Дзеянне, прадугледжанае часткай 1 гэтага артыкула, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, альбо паўторна, альбо асобай, якая раней была асуджана за злачынства, прадугледжанае гэтым артыкулам, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў дачыненні асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, альбо ў дачыненні наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у буйным памеры, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3. Дзеянне, прадугледжанае часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненае арганізаванай групай, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Артыкул 3282. Спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або знаходжанне на працы ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў

Спажыванне без прызначэння ўрача наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў у грамадскім месцы альбо спажыванне іх аналагаў у грамадскім месцы, а таксама з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым ужываннем без прызначэння ўрача наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў ці спажываннем іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, якое абражае чалавечую годнасць і грамадскую мараль, альбо знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане, выкліканым ужываннем без прызначэння ўрача наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў ці спажываннем іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, учыненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, —

караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.».

7. Артыкул 332 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 332. Прадастаўленне памяшканняў, арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для вырабу, перапрацоўкі і (або) спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або іншых адурманьваючых рэчываў

1. Прадастаўленне памяшканняў для вырабу, перапрацоўкі і (або) спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або іншых адурманьваючых рэчываў —

караецца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

2. Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для вырабу, перапрацоўкі і (або) спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або іншых адурманьваючых рэчываў —

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў са штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь        Аляксандр Лукашэнка

29 студзеня 2015 года, г. Мінск № 245-3