Закон Рэспублікі Беларусь

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе».

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 11 чэрвеня 2015 года

Ухвалены Саветам Рэспублікі 23 чэрвеня 2015 года

Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 года «Аб рэкламе» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 119, 2/1321; 2008 г., № 196, 2/1525; 2009 г., № 276, 2/1607; Нацыянальны прававы Iнтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 09.01.2013, 2/2013; 26. 04.2014, 2/2130) наступныя змяненні і дапаўненні:

1. У абзацы шостым артыкула 2 словы «індывідуалізацыі арганізацый або грамадзян» замяніць словамі «індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту».

2. У артыкуле 10:

пункт 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«3. Рэклама, якая ўтрымлівае найменне тавару, найменне арганізацыі, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) (далей, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам, — імя) грамадзяніна, таварны знак або знак абслугоўвання, малюнак тавару або яго спажывецкай упакоўкі, тоесныя або падобныя да ступені змяшэння з найменнем алкагольных напояў, таварным знакам, які выкарыстоўваецца для абазначэння назвы алкагольных напояў, альбо выявай алкагольных напояў або іх спажывецкай упакоўкі (далей — рэклама, падобная з рэкламай алкагольных напояў), не дапускаецца ў месцах, у якіх у адпаведнасці з гэтым Законам і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь забараняецца размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы алкагольных напояў, а таксама пры арганізацыі і правядзенні культурных, адукацыйных, спартыўных і іншых гуманітарных мерапрыемстваў, за выключэннем выпадкаў, указаных у частках трэцяй і чацвёртай гэтага пункта.

Рэклама, якая ўтрымлівае найменне тавару, найменне арганізацыі, імя грамадзяніна, таварны знак або знак абслугоўвання, малюнак тавару або яго спажывецкай упакоўкі, тоесныя або падобныя да ступені змяшэння з найменнем тытунёвых вырабаў, таварным знакам, выкарыстаным для абазначэння наймення тытунёвых вырабаў, альбо выявай тытунёвых вырабаў або іх спажывецкай упакоўкі (далей — рэклама, падобная да рэкламы тытунёвых вырабаў), не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, названых у частках трэцяй і чацвёртай гэтага пункта.

Рэклама, падобная да рэкламы алкагольных напояў, рэклама, падобная да рэкламы тытунёвых вырабаў, дапускаюцца, калі яны ўяўляюць сабой інфармацыю аб арганізацыі, грамадзяніне, вытворчым аб’екце, гандлёвым аб’екце або іншым аб’екце абслугоўвання і размяшчаюцца (распаўсюджваюцца) на шыльдзе або паказальніку альбо прадстаўлены ў форме інтэрв’ю аб дзейнасці арганізацыі або грамадзяніна.

Выява тавару або яго спажывецкай упакоўкі, тоесная або падобная да ступені змяшэння з выявай алкагольных напояў, тытунёвых вырабаў або іх спажывецкай упакоўкі, дапускаецца ў сацыяльнай рэкламе.

На рэкламу сродкаў індывідуалізацыі іншых тавараў, удзельнікаў грамадзянскага абароту распаўсюджваюцца ўсе забароны, устаноўленыя заканадаўчымі актамі ў дачыненні да рэкламы такіх тавараў, калі іншае не ўстаноўлена часткай шостай гэтага пункта.

Забароны, устаноўленыя заканадаўчымі актамі ў адносінах да рэкламы тавару, за выключэннем рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў, не распаўсюджваюцца на рэкламу сродка індывідуалізацыі ўдзельніка грамадзянскага абароту, тавару, калі дадзены сродак выкарыстоўваецца таксама для абазначэння іншага тавару, не забароненага да рэкламавання, арганізацыі і ў рэкламе змяшчаецца ўказанне на такі тавар, арганізацыю. Пры гэтым дадзенае ўказанне выконваецца шрыфтам, памер якога не павінен быць менш памеру шрыфта, які выкарыстоўваецца для напісання сродка індывідуалізацыі ўдзельніка грамадзянскага абароту, тавару, і ў рэкламе на тэлебачанні і мультымедыйнай рэкламе павінна быць размешчана (распаўсюджвацца) на працягу ўсяго часу рэкламы, а ў рэкламе на радыё — агучвацца.»;

частку першую пункта 5 дапоўніць словамі «, за выключэннем юрыдычнай асобы, якая прызнана такой заканадаўствам»;

у абзацы трэцім пункта 8 словы «статыстычнай справаздачнасці або бухгалтарскага балансу, дакладнасць якіх пацверджана аўдытарскай арганізацыяй (аўдытарам — індывідуальным прадпрымальнікам)» замяніць словамі «бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці, дакладнасць якой пацверджана аўдытарскай арганізацыяй (аўдытарам, які ажыццяўляе дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка)»;

у абзацы другім пункта 9 словы «прозвішчаў, уласных імёнаў і імёнаў па бацьку (далей — імя) «замяніць словам «імёнаў».

3. У пункце 2 артыкула 13 і пункце 2 артыкула 14 словы «або грамадзянінам, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць, прыватную натарыяльную дзейнасць,» замяніць словамі «, натарыусам, адвакатам альбо грамадзянінам, які ажыццяўляе».

4. У артыкуле 17:

у абзацы дзясятым пункта 1 словы «тары (упакоўкі)» замяніць словам «упакоўкі»;

у пункце 5 словы «і гандлёвыя маркі» замяніць словамі «алкагольных напояў і таварныя знакі, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння».

5. З абзаца чацвёртага часткі першай пункта 1 артыкула 18 слова «гандлёвых» выключыць.

6. У абзацы другім пункта 2 артыкула 211 словы «прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры яго наяўнасці)» замяніць словам «імя».

7. Абзац чацвёрты пункта 2 артыкула 26 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«распаўсюджваемых звестак аб аб’ёмах вытворчасці і (або) продажу рэкламуемага ці іншага тавару, а таксама аб колькасных параметрах попыту на такі тавар;».

8. Частку першую пункта 1 артыкула 27 дапоўніць словамі «, за выключэннем юрыдычнай асобы, прызнанай такой заканадаўствам».

Артыкул 2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 3. Гэты Закон уступае ў сілу ў наступным парадку:

артыкул 1 — праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона;

іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А. Лукашэнка

10 ліпеня 2015 года, г. Мінск

№ 285-З