Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
12 красавіка 2016 г. № Р-1029/2016
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4 красавіка 2016 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4 красавіка 2016 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца дапаўненні і змяненні ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, законы Рэспублікі Беларусь «О массовых мероприятиях в Республике Беларусь», «О республиканских и местных собраниях», «Об оружии», «О противодействии экстремизму», «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь».

 

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання прававых асноў процідзеяння экстрэмісцкай дзейнасці і забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Канстытуцыя абвяшчае чалавека, яго правы, свабоды найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21).

 

Канстытуцыяй кожнаму гарантуюцца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (частка першая артыкула 33), свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь (артыкул 35), замацоўваецца права кожнага на свабоду аб’яднанняў (частка першая артыкула 36). У той жа час згодна з Канстытуцыяй забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці (частка трэцяя артыкула 5). 

 

У Канстытуцыі ўстаноўлена таксама, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).

 

Указаныя канстытуцыйныя нормы карэспандуюць з палажэннямі міжнародна-прававых актаў у галіне правоў чалавека, якія, дэкларуючы права кожнага на свабоду думкі, сумлення, веравызнання, свабоду аб’яднанняў, свабоднае выказванне свайго меркавання, разам з тым прадугледжваюць, што ўсякае распаўсюджванне ідэй, заснаваных на расавай перавазе або нянавісці, любое падбухторванне да дыскрымінацыі або насілля, распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці або розніцы павінны быць забаронены законам. Дадзеныя стандарты замацаваны ў такіх міжнародных актах, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ад 10 снежня 1948 года (артыкулы 2, 7, 18 і 19), Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года (артыкулы 19, 20, 25 і 26), Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі ад 21 снежня 1965 года, Канвенцыя Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека ад 26 мая 1995 года (артыкулы 10, 11 і 20), а таксама ў Дэкларацыі Генеральнай Асамблеі ААН ад 25 лістапада 1981 года аб ліквідацыі ўсіх форм нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў, Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод ад 4 лістапада 1950 года (артыкулы 9, 10 і 14) і інш.

 

У прэамбуле Шанхайскай канвенцыі аб барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам ад 15 чэрвеня 2001 года, прынятай у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (Рэспубліка Беларусь мае статус дзяржавы-назіральніка з 2015 года), заяўлена, што тэрарызм, сепаратызм і экстрэмізм, як яны вызначаны ў дадзенай Канвенцыі, незалежна ад іх матываў, не могуць быць апраўданы ні пры якіх умовах, а асобы, вінаватыя ва ўчыненні такіх дзеянняў, павінны быць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з законам.

 

У мэтах далейшага развіцця вышэйпрыведзеных канстытуцыйных палажэнняў і рэалізацыі міжнародна-прававых абавязацельстваў і рэкамендацый у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь уносяцца змяненні і дапаўненні.

 

2. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 8 Закона ў новай рэдакцыі выкладаецца артыкул 1 Закона «О противодействии экстремизму», што змяшчае асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў названым Законе: экстрэмізм (экстрэмісцкая дзейнасць), экстрэмісцкія матэрыялы, экстрэмісцкая арганізацыя, экстрэмісцкая група, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама іх азначэнні.

 

Так, пад экстрэмізмам (экстрэмісцкай дзейнасцю) разумеецца дзейнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства ці палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных і іншых арганізацый па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і ўчыненні дзеянняў, накіраваных на: гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь; захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, экстрэмісцкай арганізацыі, экстрэмісцкай групы; стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання; ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці; распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розніцы; арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў і актаў вандалізму па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розніцы, палітычнай або ідэалагічнай варожасці; прапаганду выключнасці, перавагі або непаўнацэннасці грамадзян па прымеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасці; прапаганду і публічнае дэманстраванне, выраб і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі; распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна на выраб, выданне, захоўванне або перавозку ў мэтах распаўсюджвання такіх матэрыялаў, і іншых указаных у Законе дзеянняў.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, пашырэнне пераліку асноўных заканадаўчых паняццяў экстрэмісцкай дзейнасці шляхам замацавання яе новых прававых прымет абумоўлена высокай ступенню сацыяльнай небяспекі гэтай з’явы і адпавядае канстытуцыйнаму абавязку дзяржавы абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечваць законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1), а таксама прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

 

Такое заканадаўчае рэгуляванне карэспандуе і зместу Рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы 1344 (2003) «Об угрозе для демократии со стороны экстремистских партий и движений в Европе», згодна з якой незалежна ад сваёй прыроды экстрэмізм уяўляе сабой форму палітычнай дзейнасці, якая яўна або паволі адмаўляе прынцыпы парламенцкай дэмакратыі і заснавана на ідэалогіі і практыцы нецярпімасці, адчужэння, ксенафобіі, антысемітызму і ультранацыяналізму (пункт 3); экстрэмісты ўяўляюць небяспеку для ўсіх дэмакратычных дзяржаў з-за таго, што іх фанатызм можа служыць прычынай для прымянення і апраўдання насілля, паколькі, нават калі самі яны не прапаведуюць насілля, яны ствараюць клімат, які спрыяе росту насілля, што стварае непасрэдную пагрозу канстытуцыйнаму парадку і свабодам, уяўляе ўскосную небяспеку скажэння норм палітычнага жыцця (пункт 7). У названай Рэзалюцыі ўказваецца, што Асамблея заклікае ўрады дзяржаў – членаў Савета Еўропы: a) прадугледзець у сваім заканадаўстве магчымасць абмежавання свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і аб’яднанняў для мэт барацьбы з экстрэмізмам; b) прымяняць, а калі іх няма – увесці: дзейсныя пакаранні пры наяўнасці даказаных фактаў нанясення ўрону экстрэмісцкімі палітычнымі партыямі або іх членамі; суразмерныя і выконваючыя ролю стрымліваючага фактара пакарання за публічныя заклікі да насілля, расавай дыскрымінацыі і нецярпімасці; меры па прыпыненні або спыненні дзяржаўнага фінансавання арганізацый, патураючых экстрэмізму; у надзвычайных выпадках – меры па роспуску экстрэмісцкіх партый і рухаў, якія прымяняюцца толькі пры наяўнасці пагрозы канстытуцыйнаму парадку краіны і абавязкова ў адпаведнасці з канстытуцыяй і заканадаўствам краіны (пункт 13).

 

3. Нормамі Закона ўстанаўліваецца, што экстрэмісцкія матэрыялы – гэта інфармацыйная прадукцыя (друкарскія, аўдыя-, аўдыявізуальныя і іншыя інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая наглядная агітацыя, рэкламная прадукцыя), прызначаная для публічнага выкарыстання, публічнага распаўсюджвання або распаўсюджаная любым спосабам, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую дзейнасць і прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда, а экстрэмісцкая арганізацыя – арганізацыя, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, або прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, або фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь аб прызнанні яе экстрэмісцкай (часткі другая і трэцяя артыкула 1 Закона «О противодействии экстремизму» у рэдакцыі пункта 1 артыкула 8 Закона).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемы Законам судовы парадак прызнання матэрыялаў і арганізацый экстрэмісцкімі, які выключае аналагічныя паўнамоцтвы іншых дзяржаўных органаў і службовых асоб, з’яўляецца дадатковай гарантыяй абароны правоў і свабод чалавека, прадугледжанай артыкулам 60 Канстытуцыі, і адпавядае міжнародна-прававым стандартам у галіне выканання правасуддзя (артыкулы 8 і 10 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 6 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод), пры выкананні якіх забяспечваюцца дэмакратычная практыка і законнасць.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу судоў агульнай юрысдыкцыі на неабходнасць забеспячэння вяршэнства права і канстытуцыйных палажэнняў, якія гарантуюць асноўныя правы і свабоды грамадзян, пры прыняцці ўказаных рашэнняў, а роўна пры разглядзе канкрэтных крымінальных спраў аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці, маючы на ўвазе, што крытыка якіх-небудзь дзеянняў прадстаўнікоў дзяржаўнай улады або іншых службовых асоб з’яўляецца неад’емным атрыбутам дэмакратычнай дзяржавы, паколькі гэта неабходна для забеспячэння адкрытасці дзяржаўных органаў, павышэння эфектыўнасці іх работы і якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва. Такая крытыка сама па сабе не павінна разглядацца як праяўленне экстрэмізму, калі яна не пераходзіць мяжу, якая аддзяляе гарантуемыя кожнаму свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (частка першая артыкула 33 Канстытуцыі) ад учынення супрацьпраўных дзеянняў, прадугледжаных Законам.

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд яшчэ раз пацвярджае выказаную ў раней прынятых рашэннях прававую пазіцыю, згодна з якой іменна ў інтарэсах абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і захавання балансу паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзяніна і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства ў выпадку неабходнасці дапускаецца суразмернае абмежаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

 

4. У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, якія ўносяцца пунктам 1 артыкула 2 Закона ў Крымінальны кодэкс (далей – КК), у новай рэдакцыі выкладаюцца назва і абзац першы часткі 1 артыкула 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розніцы» дадзенага Кодэкса. Акрамя таго, КК дапаўняецца артыкуламі 2953 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў», 3611 «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання», 3612 «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання», 3613 «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» (пункты 4 і 6 артыкула 2 Закона).

 

Змяненні і дапаўненні ўносяцца артыкулам 2 Закона ў шэраг іншых артыкулаў КК (пункты 2, 3 і 5).

 

4.1. Аб’ектыўны бок злачынства, якое прадугледжваецца выкладаемым у новай рэдакцыі абзацам першым часткі 1 артыкула 130 КК, уключае наўмысныя дзеянні, накіраваныя не толькі на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, але і на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці або розніцы. Састаў дадзенага злачынства ўтвараюць таксама аналагічныя супрацьпраўныя дзеянні па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, крыміналізацыя заканадаўцам больш шырокага кола раней некаральных дзеянняў, звязаных з выяўленнямі экстрэмізму, мае на мэце прыняцце адэкватных мер рэагавання на ўзросшыя пагрозы з боку гэтай калектыўна небяспечнай з’явы, што непасрэдна вынікае з палажэнняў Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а роўна іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці (частка трэцяя артыкула 5), дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў (частка другая артыкула 24).

 

У Законе знайшлі адлюстраванне не толькі рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў міжнародна-прававых актах, але і станоўчы замежны і айчынны вопыт процідзеяння экстрэмісцкай і іншай грамадска небяспечнай дзейнасці.

 

Такія заканадаўчыя нормы служаць таксама далейшай рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2010 г. № 575, згодна з якімі ў палітычнай сферы ўнутранымі крыніцамі пагроз нацыянальнай бяспецы з’яўляюцца, у прыватнасці, фарміраванне, пранікненне або распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, сепаратызму, нацыянальнай, расавай і рэлігійнай нецярпімасці, узнікненне або незаконная дзейнасць арганізацый, груповак, некаторых асоб, якія прытрымліваюцца і распаўсюджваюць указаныя погляды (абзац шосты пункта 29).

 

4.2. Заканадавец устанаўлівае крымінальную адказнасць за незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (артыкул 2953 КК у рэдакцыі пункта 4 артыкула 2 Закона). Унясеннем указаных дапаўненняў устараняецца прабел у заканадаўстве, што выражаецца ў адсутнасці крымінальна-прававай забароны на абарот і выкарыстанне прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў. Адначасова артыкулам 5 Закона ўносяцца адпаведныя дапаўненні ў нормы Закона «Об оружии», што азначаюць указаныя сродкі злачынства як прадметы, якія аб’ядноўваюць шкляную або іншую ёмістасць, гаручае рэчыва і прыстасаванне, якія забяспечваюць узгаранне гаручага рэчыва (запал).

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, дадзены падыход заканадаўца адпавядае замацаваным у артыкулах 5, 7, 9 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» патрабаванням сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін і ўзгодненасці нарматыўнага прававога акта з іншымі нарматыўнымі прававымі актамі.

 

4.3. Пунктам 6 артыкула 2 Закона КК дапаўняецца артыкуламі 3611 і 3612, якія прадугледжваюць новыя саставы злачынстваў – стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання. 

 

Увядзенне крымінальна-прававай забароны на ўчыненне дадзеных грамадска небяспечных дзеянняў накіравана на ўзмацненне папераджальна-прафілактычных мер дзяржаўнай палітыкі ў сферы процідзеяння дэструктыўным сацыяльным з’явам, а таксама на стварэнне прававой асновы для эфектыўнай барацьбы са злачыннай дзейнасцю экстрэмісцкіх фарміраванняў, якія маюць на мэце дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнага становішча і тым самым прадстаўляюць пагрозу грамадскаму парадку і нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўвядзенне крымінальнай адказнасці за ўказаныя дзеянні адпавядае прадпісанням часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі і палажэнням міжнародна-прававых актаў, якія прадугледжваюць, што агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека не падлягаюць ніякім адвольным абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маралі насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асоб (артыкул 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека; артыкулы 18, 19, 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; артыкулы 4 і 8 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад 16 снежня 1966 года; артыкулы 9, 10 і 11 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод).

 

4.4. Уводзімы Законам артыкул 3611 КК змяшчае заўвагу, згодна з якой асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле і артыкуле 3612 дадзенага Кодэкса, калі яна своечасовым паведамленнем дзяржаўным органам або іншым чынам садзейнічала выяўленню, прадухіленню або спыненню дзеянняў, аднесеных заканадаўствам да экстрэмісцкай дзейнасці (пункт 6 артыкула 2).

 

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд пацвярджае выказаную ў раней прынятых рашэннях прававую пазіцыю, згодна з якой законапалажэнні аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці асоб, якія добраахвотна спынілі ўдзел у злачыннай дзейнасці, накіраваны на далейшае развіццё крымінальна-прававога інстытута дзейснага раскаяння, які прадугледжвае меры заахвочвальнага характару, што стымулююць асоб, якія маюць дачыненне да актаў тэрарызму і экстрэмізму, да станоўчых паслязлачынных паводзін. Канстытуцыйны Суд лічыць, што пошукі разумнага кампрамісу паміж дзяржавай і такімі асобамі, які выражаецца ў адмове ад крымінальнага праследавання гэтых асоб у абмен на іх добраахвотныя дзеянні з мэтай прадухілення цяжкіх наступстваў сацыяльна небяспечных дзеянняў, у тым ліку тоячых небяспеку гібелі людзей, юрыдычна дапушчальныя і сацыяльна апраўданыя, а таксама адпавядаюць канстытуцыйнаму палажэнню аб тым, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

 

4.5. Пунктам 6 артыкула 2 Закона КК дапаўняецца артыкулам 3613, які прадугледжвае адказнасць за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўку або падрыхтоўку асоб да такога ўдзелу.

 

Устанаўленне крымінальнай адказнасці за ўказаныя дзеянні абумоўлена тым, што асобы, якія добраахвотна прымаюць удзел ва ўзброеных сутыкненнях на тэрыторыі замежных дзяржаў, грамадзянамі якіх яны не з’яўляюцца, нярэдка кіруюцца пры гэтым асабліва ідэалагічнымі матывамі, што выключае іх адказнасць па артыкуле 133 «Наёмніцтва» КК, паколькі абавязковай прыметай саставу дадзенага злачынства з’яўляецца карыслівая мэта, гэта значыць атрыманне матэрыяльнага ўзнагароджання. 

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадавец, рэалізуючы свае паўнамоцтвы прымаць законы аб крымінальнай адказнасці (пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі), а таксама зыходзячы з абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для абароны канстытуцыйных каштоўнасцей, мае права па сваім меркаванні ўстанаўліваць крымінальна-прававую забарону ў дачыненні да калектыўна небяспечных дзеянняў і вызначаць пакаранне за іх парушэнне. Такія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы з’яўляюцца неад’емнай часткай публічнай нарматворчай дзейнасці. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што свабода меркавання не азначае дапушчальнасці адвольных дзеянняў і права прымаць любыя рашэнні, якія дзяржаўны орган (службовая асоба) лічыць абгрунтаванымі і апраўданымі. У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Канстытуцыя прадастаўляе заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, гэта значыць магчымасць меркавання, «прастора выбару» ў рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін. Аднак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў заканадавец дзейнічае ў межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, пры гэтым ён павінен улічваць неабходнасць падтрымання балансу і суразмернасці канстытуцыйна абараняемых каштоўнасцей, мэт і інтарэсаў, якія знаходзяцца ў адзінстве, і не дапускаць падмены адной каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

 

Аналізуючы змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца Законам у нормы КК, Канстытуцыйны Суд канстатуе, што прымаемыя меры заканадаўчага рэгулявання крымінальнай адказнасці за розныя праяўленні экстрэмізму і іншыя антысацыяльныя формы паводзін з’яўляюцца суразмернымі ступені іх сацыяльнай небяспекі, адпавядаюць мэтам абароны асноў канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і аховы ўстаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў, а таксама адпавядаюць міжнародна-прававым стандартам у галіне процідзеяння экстрэмісцкай і іншай супрацьпраўнай дзейнасці. 

 

5. Артыкулам 6 Закона выкладаецца ў новай рэдакцыі артыкул 17.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, у якім устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць за распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць.

 

У адрозненне ад дзеючай рэдакцыі ўказанага артыкула, састаў дадзенага правапарушэння дапаўняецца шэрагам новых юрыдычных прымет, што цягнуць адказнасць за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць, а роўна выраб, захоўванне або перавозку з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, а таксама за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозку з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства (часткі 1, 2 артыкула 17.11 названага Кодэкса ў рэдакцыі Закона).

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прадугледжваемыя Законам меры адміністрацыйнай адказнасці, што дапаўняюць крымінальна-прававыя сродкі процідзеяння экстрэмізму, адпавядаюць устанаўліваемаму ў Рэспубліцы Беларусь прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і заснаванаму на ім прынцыпу прававой пэўнасці, які прадугледжвае сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання сходных грамадскіх адносін законамі рознай галіновай прыналежнасці, змястоўную ўзгодненасць, узаемасувязь і несупярэчлівасць іх нарматыўна-прававых прадпісанняў.

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон мае на мэце забеспячэнне адэкватнага рэагавання на сучасныя пагрозы экстрэмізму і іншай грамадска небяспечнай дзейнасці і накіраваны на далейшае ўдасканальванне заканадаўства ў сферы процідзеяння гэтым сацыяльна-дэструктыўным з’явам, заснаванае на прынцыпах і нормах Канстытуцыі, у інтарэсах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў асобы, канстытуцыйнага ладу, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч