Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
21 чэрвеня 2016 г. № Р-1039/2016
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойкі Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и  изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и  изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 25 мая 2016 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1чэрвеня 2016 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца дапаўненні і змяненні ў законы Рэспублікі Беларусь «О борьбе с терроризмом»  (далей – Закон аб барацьбе з тэрарызмам) і «О Вооруженных Силах Республики Беларусь» (далей – Закон аб Узброеных Сілах).

 

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання прававых асноў папярэджання, выяўлення, спынення і мінімізацыі вынікаў тэрарыстычнай дзейнасці, абароны правоў асоб, якія падвяргаюцца небяспецы ў выніку праяўленняў тэрарызму, а таксама забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Канстытуцыяй устаноўлена, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1); чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

 

Артыкулам 8 Канстытуцыі абвешчана, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

 

Рэспубліка Беларусь далучылася да такіх найбольш важных міжнародна-прававых актаў у сферы прадухілення тэрарызму, як Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з бомбавым тэрарызмам ад 15 снежня 1997 года, Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму ад 9 снежня 1999 года, Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму ад 13 красавіка 2005 года і інш.

 

У Рэзалюцыі № 1822 (2008) Савета Бяспекі ААН «Угрозы международному миру и безопасности, создаваемые террористическими актами», прынятай 30 чэрвеня 2008 года, указваецца, што тэрарызм ва ўсіх яго формах і праяўленнях уяўляе сабой адну з самых сур’ёзных пагроз міру і бяспецы і што любыя акты тэрарызму з’яўляюцца не маючымі апраўдання злачынствамі, незалежна ад іх матывацыі, калі б і кім бы яны ні ўчыняліся.

 

Пры гэтым у Рэзалюцыі 61/171 Генеральнай Асамблеі ААН «Защита прав человека и основных свобод в условиях борьбы с терроризмом», прынятай 19 снежня 2006 года, якая безагаворачна асуджае ўсе акты, метады і практыку тэрарызму ва ўсіх яго формах і праяўленнях, дзе б і кім бы яны ні здзяйсняліся, незалежна ад іх матывацыі, у якасці злачынных і не падлягаючых апраўданню, звяртаецца ўвага на абсалютную неабходнасць таго, каб ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам усе дзяржавы прыкладалі намаганні па забеспячэнні павагі і абароны годнасці людзей і іх асноўных свабод, а таксама дэмакратычнай практыкі і законнасці.

 

З улікам прыведзеных канстытуцыйных і міжнародна-прававых прынцыпаў і норм Канстытуцыйны Суд ацэньвае канстытуцыйнасць Закона.

 

2. Палажэннямі Закона ўносяцца дапаўненні і змяненні ў Закон аб барацьбе з тэрарызмам. 

 

2.1. Законам пашыраецца кампетэнцыя асобных дзяржаўных органаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам.

 

Так, пунктам 3 артыкула 2 Закона органы дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь надзяляюцца паўнамоцтвамі па папярэджанні, выяўленні і спыненні дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў, а органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – па папярэджанні, выяўленні і спыненні дзейнасці тэрарыстычных арганізацый.

 

Адначасова ўдакладняецца кампетэнцыя Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, якое забяспечвае ахову і абарону ўзбраення, ваеннай тэхнікі і ваенных аб’ектаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, удзельнічае ў забеспячэнні бяспекі паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе іншыя функцыі ў адпаведнасці з Законам аб барацьбе з тэрарызмам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь (абзац пяты пункта 3 артыкула 2 Закона).

 

2.2. Заканадавец уносіць удакладненне і ў азначэнне паняцця контртэрарыстычнай аперацыі, прадугледжваючы магчымасць яе правядзення не толькі для спынення акта тэрарызму, дзейнасці незаконнага ўзброенага фарміравання, але і для спынення дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі (абзац пяты пункта 2 артыкула 2 Закона).

 

У мэтах узгаднення з указаным азначэннем у нормы артыкулаў 10, 13, 14 і 16 Закона аб барацьбе з тэрарызмам уносяцца аналагічныя дапаўненні, якія ўстанаўліваюць, што контртэрарыстычная аперацыя можа праводзіцца для спынення дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі (пункты 6–8 артыкула 2 Закона).

 

2.3. Законам замацоўваецца новы тэрмін «дзяржаўнае рэагаванне», пад якім разумеецца рэалізацыя дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі ў межах іх кампетэнцыі мер па папярэджанні, выяўленні і спыненні актаў тэрарызму, дзейнасці тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і мінімізацыі іх вынікаў (абзац трэці пункта 2 артыкула 2).

 

Нароўні з гэтым Закон аб барацьбе з тэрарызмам дапаўняецца палажэннямі, згодна з якімі суб’екты барацьбы з тэрарызмам, а таксама дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія не з’яўляюцца суб’ектамі барацьбы з тэрарызмам, удзельнічаюць у дзяржаўным рэагаванні ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (пункты 4 і 5 артыкула  2 Закона). 

 

Указаныя карэкціроўкі заканадаўства ажыццяўляюцца з мэтай павышэння эфектыўнасці мер процідзеяння тэрарызму, які ў адпаведнасці з дапаўненнем, што ўносіцца пунктам 2 артыкула 2 Закона, вызначаецца як сацыяльна-палітычная крымінальная з’ява, якая ўяўляе сабой ідэалогію і практыку прымянення насілля або пагрозы насіллем у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, перашкоджвання палітычнай або іншай грамадскай дзейнасці, правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны, запалохвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (абзац дзявяты артыкула 3 Закона аб барацьбе з тэрарызмам), а таксама накіраваны на ўзгадненне Закона аб барацьбе з тэрарызмам з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць пытанні рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што тэрарызм адносіцца да ліку найбольш сацыяльна небяспечных і разбуральных з’яў сучаснасці, якія набываюць усё больш разнастайныя формы і пагражальныя маштабы. Тэрарызм падрывае стабільнасць грамадства і дзяржавы, цягне масавыя чалавечыя ахвяры, правакуе міжнародныя ўзброеныя канфлікты, наносіць непапраўны ўрон трываламу развіццю чалавечай цывілізацыі і глабальнаму светапарадку.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устанаўліваемае прававое рэгуляванне накіравана на ўзмацненне паўнамоцтваў суб’ектаў барацьбы з тэрарызмам, стварэнне ўмоў для больш актыўнага і выніковага ўдзелу дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у дзяржаўным рэагаванні на праяўленні тэрарызму і іншых антысацыяльных, шкодных для грамадства з’яў, а таксама пашырэнне сферы прымянення контртэрарыстычнай аперацыі. Такі заканадаўчы падыход засноўваецца на канстытуцыйных палажэннях аб тым, што Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

 

2.4. У артыкул 13 Закона аб барацьбе з тэрарызмам, што рэгулюе прававы рэжым у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, уносіцца дапаўненне, згодна з якім асобы, якія праводзяць указаную аперацыю, маюць права, у прыватнасці, уваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем замыкаючых устройстваў і іншых прадметаў, у любы час сутак у жыллё або іншыя законныя ўладанні грамадзян, у памяшканні і (або) іншыя аб’екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацый і аглядаць іх пры праследаванні асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні акта тэрарызму, стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі, незаконнага ўзброенага фарміравання, кіраўніцтве імі або ўдзеле ў іх дзейнасці з далейшым паведамленнем аб гэтым пракурору на працягу 24 гадзін (пункт 7 артыкула 2 Закона).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што правядзенне ўказаных мерапрыемстваў звязана з умяшаннем у асабістае жыццё грамадзян і ў пэўнай меры абмяжоўвае прадугледжаныя Канстытуцыяй правы на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё (артыкул 28) і на недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў (артыкул 29).

 

Разам з тым, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, такое абмежаванне з’яўляецца аб’ектыўна абумоўленым і вымушаным сродкам, неабходным для дасягнення сацыяльна апраўданай мэты барацьбы з тэрарызмам, паколькі ў адпаведнасці з прадпісаннямі часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі яно дапушчальна ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

 

Аналіз устанаўліваемых у артыкуле 13 Закона аб барацьбе з тэрарызмам абмежаванняў правоў і свабод асобы дазваляе таксама зрабіць вывад аб тым, што яны не з’яўляюцца празмернымі, адпавядаюць палажэнням міжнародна-прававых актаў, у тым ліку пункту 2 артыкула 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у адпаведнасці з якім пры ажыццяўленні сваіх правоў і свабод кожны чалавек павінен падвяргацца толькі такім абмежаванням, што ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку і агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльніка на неабходнасць няўхільнага выканання патрабаванняў разумнай суразмернасці дапушчальных і апраўданых абмежаванняў правоў і свабод асобы мэтам абароны канстытуцыйных асноў бяспекі грамадства і дзяржавы шляхам дасягнення балансу абараняемых каштоўнасцей.

 

2.5. Артыкул 18 Закона аб барацьбе з тэрарызмам, што прадугледжвае сацыяльную рэабілітацыю асоб, якія папакутавалі ў выніку акта тэрарызму, выкладаецца ў новай рэдакцыі (пункт 9 артыкула 2 Закона).

 

Згодна з уносімымі змяненнямі сацыяльная рэабілітацыя, гэта значыць прававая дапамога, якая праводзіцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, псіхалагічная, медыцынская, прафесійная рэабілітацыя, працаўладкаванне і забеспячэнне жылымі памяшканнямі, ажыццяўляецца ў адносінах не толькі да ахвяр акта тэрарызму, але і асоб, якія папакутавалі ў выніку дзейнасці тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў або ў ходзе іх спынення.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што сацыяльная рэабілітацыя, якая мае на мэце сацыяльную адаптацыю і інтэграцыю ў грамадства ўказаных пацярпеўшых асоб, уяўляе сабой праяўленне прынцыпу гуманізму, які вынікае з канстытуцыйных палажэнняў аб тым, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы.

 

3. Артыкулам 1 Закона прадугледжваецца дапаўненне Закона аб Узброеных Сілах артыкулам 111, у адпаведнасці з якім Узброеныя Сілы могуць прыцягвацца да ўзмацнення аховы крытычна важных аб’ектаў у выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Дадзеная заканадаўчая рэгламентацыя абумоўлена неабходнасцю ўмацавання абароны такіх аб’ектаў ад пагроз тэрарыстычных замахаў, а таксама ўзгаднення з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць пытанні барацьбы з тэрарызмам.

 

Ацэньваючы канстытуцыйнасць прыведзенага палажэння Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што згодна з артыкулам 11 Закона аб Узброеных Сілах прыцягненне Узброеных Сіл для выканання задач, не звязаных з забеспячэннем ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў неабходнасці абароны насельніцтва і аказання яму дапамогі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама іншых выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2015 г. № 356 «О комиссии по противодействию экстремизму и борьбе с терроризмом» пад крытычна важнымі аб’ектамі разумеюцца аб’екты сацыяльнай, вытворчай, інжынерна-транспартнай, энергетычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры, парушэнне функцыянавання якіх у выніку акта тэрарызму або масавых беспарадкаў можа садзейнічаць дэстабілізацыі грамадскага парадку і дасягненню іншых мэт тэрарызму і (або) пацягнуць за сабой чалавечыя ахвяры, прычыненне шкоды здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю, значны матэрыяльны ўрон і парушэнне ўмоў жыццядзейнасці людзей.

 

Указаныя аб’екты маюць першараднае значэнне для ўстойлівага функцыянавання народна-гаспадарчага комплексу краіны, улічваючы небяспеку шматлікіх ахвяр сярод абслуговага персаналу гэтых аб’ектаў і высокую імавернасць іх разбурэння ў выніку тэрарыстычных атак. Прымаючы да ўвагі асаблівую значнасць дадзеных аб’ектаў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае заканадаўцам прававое рэгуляванне аховы крытычна важных аб’ектаў, якое прадугледжвае прыцягненне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, адпавядае нормам Закона аб Узброеных Сілах і замацаваным у Канстытуцыі палажэнням аб забеспячэнні дзяржавай рэжыму законнасці і правапарадку (частка трэцяя артыкула 1), абароны жыцця чалавека ад любых проціпраўных замахаў (частка другая артыкула 24), а таксама аб паўнамоцтвах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаць меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечваць палітычную і эканамічную стабільнасць (частка другая артыкула 79).

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон мае на мэце стварэнне належнай прававой асновы для базіруемых на прынцыпах і нормах Канстытуцыі адэкватных мер рэагавання на сучасныя пагрозы тэрарызму і іншай грамадска небяспечнай дзейнасці, у інтарэсах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў асобы, канстытуцыйнага ладу, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэння бяспекі грамадства і дзяржавы.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судауладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и  изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам борьбы с терроризмом» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч