ПАЛАЖЭННЕ аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб

ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 18.06.2005 № 285

ПАЛАЖЭННЕ аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб

————————————-

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. У гэтым Палажэнні вызначаюцца плацельшчыкі, аб'ект падаткаабкладання, падатковыя стаўкі і парадак іх устанаўлення, а таксама парадак вылічэння і тэрміны выплаты адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (далей — адзіны падатак).

2. Гэтым Палажэннем не рэгулююцца пытанні вылічэння і выплаты падаткаў, збораў (пошлін) і іншых абавязковых плацяжоў індывідуальнымі прадпрымальнікамі пры:

рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам;

ажыццяўленне дзейнасці ў рамках дагавора простага таварыства (дагавора аб сумеснай дзейнасці);

рэалізацыі спажыўцам тавараў (работ, паслуг), не пералічаных у пераліку відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак, і базавых ставак адзінага падатку (далей — пералік);

рэалізацыі спажыўцам тавараў:

у магазіне*, гандлёвая і агульная плошчы якога перавышаюць адпаведна 15 і 100 кв. метраў;

у размешчаным на гандлёвым месцы іншым гандлёвым аб'екце, агульная плошча якога перавышае 100 кв. метраў, або іншым аб'екце, які не з'яўляецца гандлёвым;

у выпадку наяўнасці іншых аб'ектаў, агульная плошча кожнага з якіх перавышае 100 кв. метраў, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці, перапрацоўкі, захоўвання тавараў, прызначаных для рэалізацыі ў магазіне, іншым гандлёвым аб'екце, гандлёвым месцы на рынку.

ГЛАВА 2

ПЛАЦЕЛЬШЧЫКI АДЗIНАГА ПАДАТКУ

3. Плацельшчыкамі адзінага падатку з'яўляюцца:

3.1. індывідуальныя прадпрымальнікі пры аказанні спажыўцам паслуг (выкананні работ), пералічаных у пераліку;

3.2. індывідуальныя прадпрымальнікі пры рознічным гандлі таварамі, аднесенымі да таварных груп, названых у пераліку:

у магазіне, гандлёвая і агульная плошчы якога не перавышаюць адпаведна 15 і 100 кв. метраў (уключна);

на гандлёвых месцах на рынках, у размешчаным на гандлёвым месцы іншым гандлёвым аб'екце, агульная плошча якога не перавышае 100 кв. метраў (уключна).

Пры гэтым агульная плошча кожнага з выкарыстоўваемых аб'ектаў для вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання тавараў, прызначаных для рэалізацыі ў магазіне, іншым гандлёвым аб'екце, гандлёвым месцы на рынку, названых у абзацах другім і трэцім гэтага падпункта, не можа перавышаць 100 кв. метраў (уключна);

у прадугледжаных заканадаўствам формах, што ажыццяўляюцца без (па-за) размешчанага на гандлёвым месцы гандлёвага аб'екта: гандаль па ўзорах, з выкарыстаннем аўтаматаў, пасылачны, электронны, развазны і разносны гандаль.

Плацельшчыкі адзінага падатку маюць права прыцягваць не больш як трох фізічных асоб і (або) выкарыстоўваць адначасова не больш як чатыры гандлёвыя, абслуговыя і іншыя аб'екты, гандлёвыя месцы на рынках, транспартныя сродкі, што прымяняюцца для перавозак пасажыраў і грузаў на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), у адпаведнасці з пунктам 2 Указа, які зацвярджае гэтае Палажэнне;

3.3. фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, пры разавай рэалізацыі на гандлёвых месцах на рынках вырабленых, перапрацаваных або набытых імі тавараў, аднесеных да таварных груп, вызначаных у пераліку. Такая рэалізацыя тавараў можа ажыццяўляцца не больш як 60 дзён у годзе (з 1 студзеня па 31 снежня ўключна).

Выкарыстанне індывідуальнымі прадпрымальнікамі памяшканняў (плошчаў) іншых юрыдычных і фізічных асоб, а таксама перадача тавараў на захоўванне іншым юрыдычным і фізічным асобам дапускаюцца толькі на падставе заключаных у пісьмовай форме грамадзянска-прававых дагавораў.

4. Плацельшчыкі адзінага падатку вызваляюцца ад выплаты:

падаходнага падатку з фізічных асоб на даходы, што атрымліваюцца імі пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, пералічаных у пераліку;

падатку на дабаўленую вартасць, за выключэннем падатку, што выплачваецца на тавары, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;

падатку за выкарыстанне прыродных рэсурсаў (экалагічнага падатку);

мясцовых падаткаў і збораў, што збіраюцца пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, названых у пераліку.

Iндывідуальныя прадпрымальнікі пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, названых у пераліку, не маюць права прымяняць іншы парадак падаткаабкладання ў адносінах да такіх відаў дзейнасці, за выключэннем выпадку, прадугледжанага ў абзацы пятым пункта 3 Указа, які зацвярджае гэта Палажэнне.

Iндывідуальныя прадпрымальнікі, якія з'яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, пры ажыццяўленні дзейнасці, вызначанай у пункце 2 гэтага Палажэння, вядуць раздзельны ўлік і выплачваюць па гэтай дзейнасці падаткі, зборы (пошліны), а таксама іншыя абавязковыя плацяжы ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

ГЛАВА 3

ПАРАДАК УСТАНАЎЛЕННЯ СТАВАК АДЗIНАГА ПАДАТКУ

5. Абласныя і Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў устанаўліваюць стаўкі адзінага падатку ў межах яго базавых ставак, вызначаных у пераліку, у залежнасці ад:

населенага пункта, у якім ажыццяўляецца дзейнасць плацельшчыка адзінага падатку (г. Мінск, гарады абласнога, раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, вясковыя населеныя пункты);

месца ажыццяўлення дзейнасці гэтых асоб у межах населенага пункта (цэнтр, ускраіна, транспартныя развязкі, аддаленасць гэтага месца ад прыпынкаў пасажырскага транспарту);

рэжыму работы плацельшчыкаў адзінага падатку;

іншых умоў ажыццяўлення відаў дзейнасці, названых у пераліку.

6. Абласныя Саветы дэпутатаў устанаўліваюць паніжальныя каэфіцыенты да ставак адзінага падатку пры аказанні платных паслуг насельніцтву ў вясковых населеных пунктах, пасёлках гарадскога тыпу і гарадах раённага падпарадкавання.

ГЛАВА 4

ПАДАТКОВЫЯ ЛЬГОТЫ

7. Стаўкі адзінага падатку паніжаюцца для:

фізічных асоб, упершыню зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, — на 25 працэнтаў у першыя тры месяцы, пачынаючы з месяца, у якім індывідуальным прадпрымальнікам пачата прадпрымальніцкая дзейнасць, уключаючы апошні дзень месяца, у якім заканчваецца права на льготу;

індывідуальных прадпрымальнікаў, якія дасягнулі ўзросту: мужчыны — 60 гадоў, жанчыны — 55 гадоў, незалежна ад віду атрымліваемай пенсіі, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў-інвалідаў — на 20 працэнтаў, пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам, у якім узнікла права на льготу.

Пры рэалізацыі ў каляндарным месяцы тавараў, аднесеных да таварных груп, названых у пераліку, ільготы, пералічаныя ў частцы першай гэтага пункта, прымяняюцца толькі па аднаму магазіну, іншаму гандлёваму аб'екту (далей — гандлёвы аб'ект) або гандлёваму месцу на рынку на выбар плацельшчыка.

Гэтыя льготы не прымяняюцца ў адносінах да сумы адзінага падатку, вылічанай у адпаведнасці з часткай другой пункта 14 гэтага Палажэння.

Пры наяўнасці ў індывідуальнага прадпрымальніка права на паніжэнне ўстаноўленай стаўкі адзінага падатку адначасова па падставах, названых у частцы першай гэтага пункта, гэта стаўка паніжаецца на 45 працэнтаў.

8. Ад выплаты адзінага па- датку вызваляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя фізічныя асобы, якія рэалізуюць прадукцыю жывёлагадоўлі (акрамя пушной зверагадоўлі), пчалярства і раслінаводства (за выключэннем кветак і насення кветак), пры ўмове прад'яўлення даведкі, выдадзенай мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якая пацвярджае, што прадаваемая гэтымі асобамі прадукцыя выраблена на зямельным участку, прадастаўленым ім у адпаведнасці з заканадаўствам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, садоўніцтва, агародніцтва (у адносінах да прадукцыі пчалярства — пры ўмове прад'яўлення ветэрынарна-санітарнага пашпарта пчальніка або пасведчання, аформленага на падставе гэтага пашпарта), а таксама якія рэалізуюць лекавыя расліны, ягады, грыбы, арэхі, іншую дзікарослую прадукцыю. Форма даведкі зацвярджаецца Міністэрствам па падатках і зборах. Плацельшчыкі абавязаны захоўваць адпаведныя даведкі на гандлёвых месцах на рынках і ў гандлёвых аб'ектах.

ГЛАВА 5

ВЫЛIЧЭННЕ АДЗIНАГА ПАДАТКУ

9. Iндывідуальныя прадпрымальнікі самастойна вылічваюць належны да выплаты адзіны падатак з улікам патрабаванняў гэтага Палажэння і ставак адзінага падатку, устаноўленых у населеным пункце, у якім ажыццяўляецца дзейнасць. Пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, названых у пунктах 11 - 13 пераліку, адзіны падатак вылічваецца зыходзячы са ставак, устаноўленых у населеным пункце па месцы пастаноўкі індывідуальных прадпрымальнікаў на ўлік у падатковым органе.

10. Фізічным асобам, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, адзіны падатак вылічваецца падатковымі органамі на падставе прадстаўленай гэтымі асобамі заявы з улікам патрабаванняў гэтага Палажэння.

11. Пры рэалізацыі тавараў, аднесеных да таварных груп, пералічаных у пераліку, у гандлёвых аб'ектах да ўстаноўленых ставак адзінага падатку ў залежнасці ад фактычнага памеру (агульнай плошчы) гандлёвага аб'екта прымяняюцца павышальныя каэфіцыенты:

1,2 — звыш 15 да 25 кв. метраў (уключна);

1,5 — звыш 25 да 50 кв. метраў (уключна);

2,0 — звыш 50 да 75 кв. метраў (уключна);

2,5 — звыш 75 да 100 кв. метраў (уключна).

Пры продажы тавараў, аднесеных да таварных груп, названых у пераліку, на гандлёвых месцах на рынках, памер якіх перавышае памер аднаго гандлёвага месца, вызначанага на рынку, да ўстаноўленай стаўкі адзінага падатку прымяняецца каэфіцыент 0,5 за кожнае дадатковае гандлёвае месца, вызначанае (прадастаўленае) уласнікам рынку. Пры гэтым адным гандлёвым месцам прызнаецца тэрыторыя, якая адзначана на плане эксплікацыі рынку, зацверджаным ва ўстаноўленым парадку па ўзгадненню з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання рынку.

12. У выпадку рэалізацыі не вырабленых у Рэспубліцы Беларусь тавараў (акрамя падакцызных тавараў, што падлягаюць маркіроўцы акцызнымі маркамі), аднесеных да таварных груп, названых у пераліку, да ўстаноўленай стаўкі падатку прымяняецца павышальны каэфіцыент 1,5 незалежна ад удзельнай вагі гэтых тавараў у гандлёвым асартыменце.

Пры рэалізацыі ў каляндарным месяцы тавараў, аднесеных да розных таварных груп, названых у пераліку, выплата адзінага падатку ажыццяўляецца па таму віду тавараў, па якому ўстаноўлена найбольш высокая стаўка падатку.

У выпадку рэалізацыі тавараў, аднесеных да таварных груп, вызначаных у пераліку, у некалькіх гандлёвых аб'ектах, на некалькіх гандлёвых месцах на рынках адзіны падатак выплачваецца па кожнаму гандлёваму аб'екту, гандлёваму месцу на рынку.

13. Пры продажы тавараў, аднесеных да таварных груп, названых у пераліку, на гандлёвых месцах на рынках, у развазной і разноснай гандлёвай сетцы менш як 15 дзён у каляндарным месяцы адзіны падатак вылічваецца ў парадку, прадугледжаным у пункце 12 гэтага Палажэння, з улікам наступных каэфіцыентаў у залежнасці ад працягласці перыяду рэалізацыі тавараў на гандлёвых месцах на рынках, у развазным і разносным гандлі:

0,2 — менш як 3 дні;

0,3 — ад 3 да 4 дзён;

0,5 — ад 5 да 10 дзён;

0,8 — ад 11 да 14 дзён.

14. Пры рэалізацыі ў каляндарным месяцы некалькіх відаў работ (паслуг) адзіны падатак выплачваецца па таму віду работ (паслуг), па якому ўстаноўлена найбольш высокая стаўка падатку.

Iндывідуальныя прадпрымальнікі пры рэалізацыі работ (паслуг) дадаткова выплачваюць падатак у памеры 60 працэнтаў ад устаноўленай, у тым ліку з улікам часткі першай гэтага пункта, стаўкі адзінага падатку:

па кожнай фізічнай асобе, якая прыцягваецца да прадпрымальніцкай дзейнасці (акрамя выпадку, прадугледжанага ў абзацы трэцім часткі другой гэтага пункта) на падставе грамадзянска-прававога або працоўнага дагавора, уключаючы асоб, якія выконваюць функцыі кіравання, уліку, кантролю, абслугоўвання, і іншых занятых;

па кожнаму транспартнаму сродку, што выкарыстоўваецца пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, пералічаных у пунктах 11 — 13 пераліку, калі колькасць такіх транспартных сродкаў перавышае колькасць фізічных асоб, якія прыцягваюцца да ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

15. У выпадку, калі ў перыядзе, за які выплачаны адзіны падатак, змяняюцца ўмовы ажыццяўлення дзейнасці, у адпаведнасці з гэтым Палажэннем, праводзіцца даплата розніцы паміж сумай адзінага падатку, вылічанай зыходзячы з новых умоў, і выплачанай сумай падатку.

ГЛАВА 6

ПАРАДАК ПРАДСТАЎЛЕННЯ ПАДАТКОВЫХ ДЭКЛАРАЦЫЙ

(РАЗЛIКАЎ) I ВЫПЛАТЫ АДЗIНАГА ПАДАТКУ

16. Падатковая дэкларацыя (разлік) па адзінаму падатку прадстаўляецца індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў падатковы орган па месцы пастаноўкі іх на ўлік не пазней за 28-е чысло месяца, які папярэднічае месяцу ажыццяўлення дзейнасці; індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зарэгістраванымі ўпершыню, а таксама ў выпадках, вызначаных у пункце 13 гэтага Палажэння, — не пазней за дзень, які папярэднічае дню пачатку дзейнасці. Форма падатковай дэкларацыі (разліку) зацвярджаецца Міністэрствам па падатках і зборах.

Пры змяненні ўмоў ажыццяўлення дзейнасці, прадугледжаных у пункце 15 гэтага Палажэння, індывідуальнымі прадпрымальнікамі прадстаўляецца ў адпаведны падатковы орган удакладненая падатковая дэкларацыя (разлік) па адзінаму падатку не пазней за дзень, што папярэднічае дню змянення гэтых умоў.

17. Адзіны падатак выплачваецца (даплачваецца) у беларускіх рублях зыходзячы з устаноўленага Нацыянальным банкам курса еўра ў адносінах да беларускага рубля, што дзейнічае на першае чысло месяца, у якім праводзіцца выплата (даплата) падатку:

індывідуальнымі прадпрымальнікамі — штомесячна не пазней за 28-е чысло месяца, які папярэднічае месяцу ажыццяўлення дзейнасці, што абкладаецца адзіным падаткам; індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зарэгістраванымі ўпершыню, а таксама ў выпадках, прадугледжаных у пункце 13 гэтага Палажэння, — не пазней за дзень, што папярэднічае дню ажыццяўлення такой дзейнасці;

фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, — да пачатку рэалізацыі тавараў.

У выпадку, прадугледжаным у пункце 15 гэтага Палажэння, даплата адзінага падатку праводзіцца не пазней за дзень, які папярэднічае дню змянення ўмоў ажыццяўлення дзейнасці.

18. Адзіны падатак выплачваецца:

індывідуальнымі прадпрымальнікамі — па месцы пастаноўкі на ўлік у падатковым органе;

фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, — па месцы пастаноўкі на ўлік у падатковым органе або па месцы рэалізацыі тавараў.

19. Iндывідуальныя прадпрымальнікі прад'яўляюць у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік дакумент аб выплаце адзінага падатку ў тэрміны, устаноўленыя ў гэтым Палажэнні для прадстаўлення падатковых дэкларацый (разлікаў) па адзінаму падатку, у тым ліку ўдакладненых.

У дакуменце аб выплаце адзінага падатку называюцца від дзейнасці, перыяд рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), месца іх рэалізацыі (месцазнаходжанне кожнага гандлёвага аб'екта, гандлёвага месца на рынку, аб'екта, у якім індывідуальныя прадпрымальнікі аказваюць паслугі (выконваюць работы) спажыўцам (далей — абслуговы аб'ект), від рэалізуемых тавараў, колькасць фізічных асоб, што прыцягваюцца да ажыццяўлення дзейнасці, і (або) транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, пералічаных у пунктах 11—13 пераліку.

Падатковы орган правярае паўнату і адпаведнасць рэквізітаў, названых у дакуменце аб выплаце адзінага падатку, выплачаным сумам падатку, даным падатковай дэкларацыі (разліку) па адзінаму падатку і робіць адзнаку ў дакуменце аб выплаце адзінага падатку аб залічэнні ў бюджэт адзінага падатку і падатку на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме, выплачанага ў перыяд з 1 жніўня 2005 г. па 31 снежня 2006 г.

Дакумент аб выплаце адзінага падатку (завераная падатковым органам копія) з адпаведнай адзнакай падатковага органа захоўваецца ў гандлёвым, абслуговым аб'екце, на гандлёвым месцы на рынку, у транспартным сродку, што выкарыстоўваецца пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, пералічаных у пунктах 11—13 пераліку, і прад'яўляецца па патрабаванню юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка, якія прадастаўляюць аб'ект, месца для гандлю, упаўнаважаных службовых асоб органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства гандлю, Міністэрства ўнутраных спраў.

ГЛАВА 7

ПАРАДАК ПЕРАРАЗЛIКУ (ВЯРТАННЯ АБО ЗАЛIКУ) АДЗIНАГА ПАДАТКУ

20. Пераразлік (вяртанне або залік) адзінага падатку праводзіцца ў выпадках:

часовай непрацаздольнасці індывідуальнага прадпрымальніка або прыцягваемай ім па грамадзянска-прававому або працоўнаму дагавору фізічнай асобы, калі такая непрацаздольнасць выклікала спыненне дзейнасці, — на падставе выдаваемых упаўнаважанымі органамі дакументаў або заверанах ва ўстаноўленым парадку іх копій, што пацвярджаюць непрацаздольнасць;

страты плацельшчыкам адзінага падатку права карыстання гандлёвымі, абслуговымі аб'ектамі, гандлёвымі месцамі на рынках, транспартнымі сродкамі, асноўнымі сродкамі, у тым ліку памяшканнямі (будынкамі), што выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення дзейнасці, — на падставе завераных ва ўстаноўленым парадку копій дакументаў, што пацвярджаюць гэту страту;

неажыццяўлення дзейнасці з прычыны прыняцця дзяржаўнымі органамі рашэнняў, што перашкаджаюць яе ажыццяўленню, за выключэннем выпадкаў, калі такія рашэнні выкліканы неправамернай дзейнасцю саміх індывідуальных прадпрымальнікаў, — на падставе завераных ва ўстаноўленым парадку копій рашэнняў гэтых органаў або іншых дакументаў;

неажыццяўлення дзейнасці ў выніку ўзнікнення надзвычайных сітуацый;

часовага (працягласцю не больш як 30 каляндарных дзён у годзе) неажыццяўлення дзейнасці індывідуальным прадпрымальнікам — на падставе яго заявы, якая падаецца ў падатковы орган не пазней за дзень, што папярэднічае дню часовага неажыццяўлення дзейнасці.

21. Пераразлік адзінага падатку праводзіцца падатковым органам на падставе ўдакладненай падатковай дэкларацыі (разліку), што прадстаўляецца індывідуальным прадпрымальнікам.

22. Сума адзінага падатку, што падлягае вяртанню або заліку, вызначаецца шляхам множання выплачанай за адзін месяц (дні месяца) сумы падатку на суадносіны колькасці дзён, на працягу якіх дзейнасць не ажыццяўлялася па падставах, прадугледжаных у пункце 20 гэтага Палажэння, да колькасці дзён месяца, за якія быў выплачаны гэты падатак.

23. Пераразлік адзінага падатку не праводзіцца пры ўстанаўленні ў ходзе правядзення па- датковых праверак фактаў рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) у перыяд дзеяння абставінаў, якія з'яўляюцца падставай для яго пераразліку.

ГЛАВА 8

ПАРАДАК ПРАДСТАЎЛЕННЯ СПРАВАЗДАЧНАСЦI, ЗАХОЎВАННЯ I РЭАЛIЗАЦЫI ТАВАРАЎ, ПРЫЁМУ НАЯЎНЫХ ГРАШОВЫХ СРОДКАЎ, А ТАКСАМА ДЭКЛАРАВАННЯ ДАХОДАЎ ПЛАЦЕЛЬШЧЫКАМI АДЗIНАГА ПАДАТКУ

24. Пасля заканчэння каляндарнага года (не пазней як 1 лютага года, наступнага за справаздачным) індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку прадстаўляюць у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік справаздачу аб памеры атрыманай у справаздачным каляндарным годзе выручкі па форме, зацверджанай Міністэрствам па падатках і зборах.

25. Iндывідуальныя прадпрымальнікі, якія выплачваюць адзіны падатак, маюць права ажыццяўляць захоўванне і рэалізацыю тавараў (акрамя падакцызных) у гандлёвых аб'ектах (акрамя магазінаў) і на гандлёвых месцах на рынках без дагавораў, на падставе якіх набыты тавар, таварасуправаджальных дакументаў, іншых дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё (паступленне). Дакументы, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) тавараў (акрамя выпадку, прадугледжанага ў абзацы трэцім пункта 3 Указа, што зацвярджае гэта Палажэнне), прадстаўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі па пісьмоваму прадпісанню службовых асоб органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства гандлю, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў ва ўстаноўленыя гэтымі органамі тэрміны.

26. Iндывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку пры ажыццяўленні дзейнасці, што абкладаецца такім падаткам, прымаюць наяўныя грашовыя сродкі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

27. Пры дэклараванні фізічнымі асобамі ў якасці крыніц грашовых сродкаў, за кошт якіх былі праведзены расходы, даходаў, атрыманых ад ажыццяўлення дзейнасці, што абкладаецца адзіным падаткам, у дэкларацыі адлюстроўваюцца фактычна атрыманыя даходы. Пры дэклараванні ў якасці названых крыніц даходаў у памерах, што перавышаюць даход, які адпавядае выплачанаму адзінаму падатку, з сумы такога перавышэння даплачваецца адзіны падатак у памеры 10 працэнтаў. Памер даходу, які адпавядае выплачанаму адзінаму падатку, вызначаецца шляхам памнажэння сумы выплачанага за пэўны перыяд адзінага падатку на 10.

Даплата адзінага падатку праводзіцца ў месячны тэрмін з дня ўручэння фізічнай асобе падатковым органам адпаведнага па- датковага паведамлення.

___________________________
* Магазін — спецыяльна абсталяваны стацыянарны будынак (або яго частка), прызначаны для продажу тавараў і аказання паслуг пакупнікам, які мае спецыяльна абсталяванае асноўнае памяшканне, прызначанае для абслугоўвання пакупнікоў, занятае абсталяваннем для дэманстрацыі тавараў, а пры неабходнасці — памяшкання для аказання паслуг.