Палажэнне аб парадку і ўмовах абавязковага страхавання адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання

ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 20.06.2005 № 287

Палажэнне аб парадку і ўмовах абавязковага страхавання адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Аб'ектам абавязковага страхавання з'яўляецца адказнасць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання.

2. Страхоўшчыкамі па абавязковаму страхаванню адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання (далей — абавязковае страхаванне адказнасці) з'яўляюцца страхавыя арганізацыі — дзяржаўныя юрыдычныя асобы або юрыдычныя асобы, у статутных фондах якіх больш за 50 працэнтаў доляў (простых (звычайных) або галасуючых акцый) знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (далей — страхоўшчык).

3. Страхавальнікамі па абавязковаму страхаванню адказнасці з'яўляюцца юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, што ажыццяўляюць у адпаведнасці з заканадаўствам долевае будаўніцтва жылых памяшканняў за кошт грашовых сродкаў грамадзян, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб (далей — страхавальнікі).

4. Страхавым выпадкам з'яўляецца невыкананне страхавальнікам абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання перад грамадзянінам, уключаючы індывідуальнага прадпрымальніка, або юрыдычнай асобай (далей — выгаданабытчык) па перадачы жылога памяшкання.

5. Ліміт адказнасці страхоўшчыка вызначаецца ў памеры кошту жылога памяшкання, названым у дагаворы аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання.

6. Страхавы ўзнос па дагавору абавязковага страхавання адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання (далей — дагавор абавязковага страхавання адказнасці) разлічваецца зыходзячы з зацверджаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь страхавога тарыфу і парадку разліку памеру страхавога ўзносу.

7. На фарміраванне гарантыйнага фонду па абавязковаму страхаванню адказнасці адлічваюцца сродкі страхавых узносаў у памеры 2 працэнтаў.

ГЛАВА 2

ПАРАДАК ЗАКЛЮЧЭННЯ, СПЫНЕННЯ ДАГАВОРА АБАВЯЗКОВАГА СТРАХАВАННЯ АДКАЗНАСЦI, УНЯСЕННЯ Ў ЯГО ЗМЯНЕННЯЎ I (АБО) ДАПАЎНЕННЯЎ, ВЫЗНАЧЭННЯ ТЭРМIНУ ЯГО ДЗЕЯННЯ

8. Страхавальнік абавязаны ва ўстаноўленым парадку заключаць дагавор абавязковага страхавання адказнасці па кожнаму аб'екту долевага будаўніцтва да атрымання дазволу органа дзяржаўнага будаўнічага нагляду на вытворчасць будаўніча-мантажных работ.

Пад аб'ектам долевага будаўніцтва разумеецца шматкватэрны жылы дом і жылыя памяшканні, якія знаходзяцца ў ім, што падлягаюць перадачы грамадзянам, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычным асобам.

9. Дагавор абавязковага страхавання адказнасці заключаецца на падставе пісьмовай заявы страхавальніка з прыкладаннем да яго копій:

пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка без натарыяльнага засведчвання;

дакументаў, што пацвярджаюць кошт аб'екта долевага будаўніцтва і тэрмін выканання абавязацельстваў страхавальніка перад грамадзянамі, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычнымі асобамі па перадачы жылога памяшкання;

іншых дакументаў па патрабаванню страхоўшчыка, неабходных для вызначэння ступені страхавой рызыкі і яе ацэнкі.

Пры прадстаўленні копій названых дакументаў страхавальнік абавязаны прад'явіць іх арыгіналы.

10. Тэрмін дзеяння дагавора абавязковага страхавання адказнасці вызначаецца сумарна, зыходзячы з тэрміну, устаноўленага дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання для выканання абавязацельстваў страхавальніка перад грамадзянамі, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычнымі асобамі па перадачы жылога памяшкання, і перыяду ў 1 год.

11. Дагавор абавязковага страхавання адказнасці лічыцца заключаным з моманту ўручэння страхавальніку страхавога поліса, падпісанага страхоўшчыкам, і ўступае ў сілу з дня выплаты страхавальнікам страхавога ўзносу.

Днём выплаты страхавальнікам страхавога ўзносу з'яўляецца дзень спісання грашовых сродкаў з яго рахунку.

Страхавы ўзнос выплачваецца страхавальнікам адначасова з заключэннем дагавора абавязковага страхавання адказнасці.

Формы страхавога поліса і заявы страхавальніка зацвярджаюцца Міністэрствам фінансаў.

12. У выпадку падаўжэння тэрміну выканання абавязацельстваў страхавальніка перад грамадзянамі, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычнымі асобамі па перадачы жылога памяшкання, устаноўленага дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання, страхавальнік абавязаны на працягу 7 дзён звярнуцца да страхоўшчыка для ўнясення адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у дагавор абавязковага страхавання адказнасці.

13. Пры павелічэнні кошту аб'екта долевага будаўніцтва страхавальнік абавязаны на працягу 7 дзён звярнуцца да страхоўшчыка для ўнясення змяненняў і (або) дапаўненняў у дагавор абавязковага страхавання адказнасці ў частцы павелічэння кошту гэтага аб'екта, ліміту адказнасці і памеру страхавога ўзносу.

Пры ўнясенні ў дагавор абавязковага страхавання адказнасці змяненняў і (або) дапаўненняў, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, страхавы ўзнос выплачваецца страхавальнікам адначасова з унясеннем гэтых змяненняў і (або) дапаўненняў.

14. Выплата штрафу пры долевым будаўніцтве жылых памяшканняў без заключэння дагавора абавязковага страхавання адказнасці, парушэнні тэрміну звароту да страхоўшчыка для ўнясення змяненняў і (або) дапаўненняў у такі дагавор у частцы падаўжэння тэрміну выканання страхавальнікам абавязацельстваў перад выгаданабытчыкам па перадачы жылога памяшкання, устаноўленага дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання, павелічэння кошту аб'екта долевага будаўніцтва не вызваляе страхавальнікаў ад заключэння дагавора абавязковага страхавання адказнасці або ўнясення ў яго адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў.

ГЛАВА 3

ПРАВЫ I АБАВЯЗКI СТРАХАВАЛЬНIКА I СТРАХОЎШЧЫКА ПА ДАГАВОРУ АБАВЯЗКОВАГА СТРАХАВАННЯ АДКАЗНАСЦI

15. Страхавальнік абавязаны:

заключаць дагавор абавязковага страхавання адказнасці па кожнаму аб'екту долевага будаўніцтва;

выплачваць страхавыя ўзносы;

пры заключэнні дагавора абавязковага страхавання адказнасці прадастаўляць страхоўшчыку неабходныя звесткі і дакументы;

па патрабаванню страхоўшчыка прадстаўляць копію дагавора аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання;

уносіць у дагавор аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання звесткі аб заключаным ім дагаворы абавязковага страхавання адказнасці, у тым ліку аб умовах, на якіх ён заключаны, і даныя аб страхоўшчыку.

16. Страхавальнік мае права азнаёміцца з умовамі дагавора абавязковага страхавання адказнасці.

17. Страхоўшчык абавязаны:

ва ўстаноўленым парадку сфарміравваць страхавы рэзерв і фонд папераджальных (прэвентыўных) мерапрыемстваў;

заключыць дагавор абавязковага страхавання адказнасці;

азнаёміць страхавальніка з умовамі дагавора абавязковага страхавання адказнасці;

выдаць страхавальніку ва ўстаноўлены тэрмін страхавы поліс;

пры надыходзе страхавога выпадку ажыццявіць страхавую выплату ў тэрмін, вызначаны гэтым Палажэннем.

18. Страхоўшчык мае права:

патрабаваць у страхавальніка звесткі і дакументы, неабходныя для заключэння дагавора абавязковага страхавання адказнасці;

правяраць звесткі, паведамленыя страхавальнікам пры заключэнні дагавора абавязковага страхавання адказнасці, а таксама выкананне ім умоў гэтага дагавора;

атрымліваць ад праваахоўных і іншых кампетэнтных органаў звесткі і дакументы, неабходныя для вырашэння пытанняў, звязаных са страхавым выпадкам і ўстанаўленнем памеру нанесенага ўрону.

ГЛАВА 4

ВЫЗНАЧЭННЕ ПАМЕРУ СТРАХАВОЙ КАМПЕНСАЦЫI I ЯЕ ВЫПЛАТА

19. У адпаведнасці з дагаворам абавязковага страхавання адказнасці падлягае кампенсаванню ўрон, нанесены выгаданабытчыку невыкананнем страхавальнікам сваіх абавязкаў па перадачы жылога памяшкання згодна з дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання.

Памер нанесенага выгаданабытчыку ўрону, што падлягае кампенсаванню пры надыходзе страхавога выпадку, вызначаецца зыходзячы з кошту жылога памяшкання, названага ў дагаворы аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання, але не больш за памер, прадугледжаны дагаворам абавязковага страхавання адказнасці.

20. Для атрымання страхавой кампенсацыі выгаданабытчык або ўпаўнаважаная ім асоба на працягу трох месяцаў з даты невыканання страхавальнікам абавязацельстваў па перадачы жылога памяшкання згодна з дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання перад грамадзянамі, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, або юрыдычнымі асобамі павінен звярнуцца да страхоўшчыка з пісьмовай заявай аб невыкананні страхавальнікам абавязацельстваў па дагавору аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання па перадачы жылога памяшкання.

Да названай заявы прыкладаюцца копіі дагавора аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання і дакументаў, што пацвярджаюць сумы грашовых сродкаў, унесеных выгаданабытчыкам.

Пасля заканчэння трохмесячнага тэрміну названыя заява і копіі дакументаў прымаюцца страхоўшчыкам па рашэнню суда.

Рашэнне аб выплаце страхавой кампенсацыі прымаецца страхоўшчыкам пасля складання акта аб страхавым выпадку па форме, зацверджанай Міністэрствам фінансаў, на працягу 10 дзён з дня паступлення заявы і дакументаў, названых у частцы другой гэтага пункта.

Страхавая кампенсацыя выплачваецца выгаданабытчыку на працягу 5 дзён з даты складання акта аб страхавым выпадку.

21. Пры неабходнасці дадатковага вывучэння або дадатковай праверкі абставінаў надыходу страхавога выпадку і прадстаўленых дакументаў тэрмін складання акта аб страхавым выпадку можа быць падоўжаны страхоўшчыкам, але не больш як на адзін месяц з дня атрымання дакументаў, названых у пункце 20 гэтага Палажэння.

Аб падаўжэнні тэрміну складання акта аб страхавым выпадку страхоўшчык пісьмова паведамляе асобе, якая звярнулася да яго за выплатай страхавой кампенсацыі.

22. За кожны дзень пратэрміноўкі выплаты страхавой кампенсацыі па віне страхоўшчыка выгаданабытчыку выплачваецца пеня ў памеры 0,5 працэнта — грамадзянам, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, і 0,1 працэнта — юрыдычным асобам, што вылічваецца зыходзячы з сумы страхавой кампенсацыі.

ГЛАВА 5

ПАРАДАК ФАРМIРАВАННЯ I ВЫКАРЫСТАННЯ СРОДКАЎ ФОНДУ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫХ (ПРЭВЕНТЫЎНЫХ) МЕРАПРЫЕМСТВАЎ ПА АБАВЯЗКОВАМУ СТРАХАВАННЮ АДКАЗНАСЦI

23. Фонд папераджальных (прэвентыўных) мерапрыемстваў (далей — фонд) фарміруецца страхоўшчыкамі ў беларускіх рублях за кошт штомесячных адлічэнняў у памеры 6 працэнтаў ад страхавых узносаў, што паступілі, па абавязковаму страхаванню адказнасці.

24. Сродкі фонду ўлічваюцца страхоўшчыкам асобна ад іншых фондаў і рэзерваў.

25. Сродкі, што адлічваюцца ў фонд, уключаюцца ў сабекошт страхавых паслуг страхоўшчыка.

26. Залічэнне сродкаў фонду ў даход рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца страхоўшчыкамі не пазней за 22-е чысло месяца, наступнага за справаздачным.

27. Атрымальнікамі грашовых сродкаў фонду з'яўляюцца страхавальнікі па абавязковаму страхаванню адказнасці.

28. Грашовыя сродкі фонду выкарыстоўваюцца атрымальнікамі гэтых сродкаў строга па мэтаваму прызначэнню на фінансаванне мерапрыемстваў па прадухіленню страхавых выпадкаў пры долевым будаўніцтве жылых памяшканняў і накіроўваюцца на фінансаванне аб'ектаў долевага будаўніцтва ў выпадку невыканання фізічнымі і (або) юрыдычнымі асобамі абавязацельстваў перад названымі атрымальнікамі (якія ажыццяўляюць долевае будаўніцтва жылых памяшканняў) па ўнясенню грашовых сродкаў на аплату будаўніцтва ў тэрміны, прадугледжаныя дагаворам аб долевым будаўніцтве жылога памяшкання.

29. Грашовыя сродкі фонду выдзяляюцца атрымальнікам у выглядзе пазыкі ў парадку, устаноўленым для прадастаўлення і вяртання сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў выглядзе бюджэтнай пазыкі.

30. Справаздачнасць аб выкарыстанні атрымальнікамі грашовых сродкаў фонду прадстаўляецца па формах і ў тэрміны, устаноўленыя для прадстаўлення перыядычнай справаздачнасці.

31. Сродкі фонду, не выкарыстаныя на працягу года, выкарыстоўваюцца на фінансаванне мерапрыемстваў па прадухіленню страхавых выпадкаў пры долевым будаўніцтве жылых памяшканняў у наступным годзе.

32. Кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў фонду ажыццяўляецца Міністэрствам фінансаў.

ГЛАВА 6

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

33. Пры надыходзе страхавога выпадку страхоўшчык мае права патрабавання да страхавальніка, адказнага за нанясенне шкоды, у межах выплачанай страхавой кампенсацыі.

34. Калі страхавальнік або выгаданабытчык наўмысна прадставіў няправільныя звесткі, што прывялі да павелічэння памеру шкоды або неабгрунтаванай выплаты страхавой кампенсацыі, выгаданабытчык абавязаны вярнуць па патрабаванню страхоўшчыка неабгрунтавана атрыманую суму.

35. Спрэчкі, што ўзнікаюць па дагаворах абавязковага страхавання адказнасці, не вырашаныя шляхам правядзення перагавораў, вырашаюцца ў судовым парадку.