Палажэнне аб прэміі «За духоўнае адраджэнне»

ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 05.01.1997 № 20 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.08.2005 № 342)

1. Прэмія «За духоўнае адраджэнне» (далей — прэмія) прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва, актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне, накіраваную на развіццё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцый, якія садзейнічаюць сцвярджэнню духоўных каштоўнасцяў, ідэй дружбы і брацтва паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і веравызнання.

На суісканне прэміі вылучаюцца дзеячы культуры, мастацтва, літаратуры, архітэктуры, адукацыі, навукі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, свяшчэннаслужыцелі, грамадскія дзеячы, а таксама аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы (далей суіскальнікі прэміі).

Адным і тым жа асобам, калектывам прэмія можа прысуджацца неаднаразова.

2. Вылучэнне суіскальнікаў прэміі ажыццяўляецца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі культуры, навукі і адукацыі, рэдакцыямі газет і часопісаў, выдавецтвамі, тэлерадыёкампаніямі, творчымі, грамадскімі, рэлігійнымі і іншымі арганізацыямі, а таксама калектывамі работнікаў.

Работы суіскальнікаў прэміі, якія рэкамендуюцца для прысуджэння прэміі, павінны быць выкананы, публічна выкананы або апублікаваны на працягу двух гадоў, якія папярэднічаюць году яе прысуджэння. У выпадку вылучэння суіскальніка прэміі за актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне ён павінен мець канкрэтныя заслугі ў гэтым відзе дзейнасці, якія атрымалі шырокае грамадскае прызнанне.

Пры вылучэнні на суісканне прэміі аўтарскага калектыву ў яго склад уключаюцца толькі асноўныя аўтары, чый творчы ўклад быў вызначальны (не больш як 8 чалавек).

Рашэнне аб вылучэнні суіскальнікаў прэміі прымаецца на пасяджэннях калегій, выканаўчых камітэтаў, прэзідыумаў, сакратарыятаў праўленняў, мастацкіх, рэдакцыйна-выдавецкіх, вучоных саветаў, органаў кіравання рэлігійных арганізацый і іншых калегіяльных органаў, на сходах калектываў работнікаў у абстаноўцы высокай патрабавальнасці і галоснасці.

Рашэнне аб вылучэнні суіскальнікаў прэміі ад калектыву работнікаў павінна быць прынята не менш як 51 працэнтам працуючых у арганізацыі.

3. Кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, іншых арганізацый пасля вылучэння кандыдатур на суісканне прэміі накіроўваюць да 1 кастрычніка ў Міністэрства культуры:

пісьмо-хадайніцтва аб вылучэнні суіскальніка прэміі;

пратакол пасяджэння калегіяльнага органа, сходу працоўнага калектыву аб вылучэнні суіскальніка прэміі;

інфармацыю аб дзейнасці і творчых дасягненнях суіскальніка прэміі або арганізацыі, калектыў работнікаў якой вылучаны на суісканне прэміі;

выданні, публікацыі, фатаграфіі, рэпрадукцыі, аўдыё- і відэазапісы работ, за якія вылучаецца суіскальнік прэміі;

біяграфічныя даныя суіскальніка прэміі і копію яго пашпарта, копіі ўстаноўчых дакументаў арганізацыі, калектыў работнікаў якой вылучаны на суісканне прэміі, і біяграфічныя даныя яе кіраўніка;

копіі водгукаў у сродках масавай інфармацыі, іншых дакументаў, якія сведчаць аб шырокім грамадскім прызнанні заслуг суіскальніка прэміі.

4. Міністэрства культуры штогод да 1 верасня стварае экспертную камісію для папярэдняй ацэнкі творчых работ і заслуг суіскальнікаў прэміі, у склад якой уключаюцца прадстаўнікі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аблвыканкамаў, Мін-скага гарвыканкама, дзеячы культуры, іншыя спецыялісты па профілю прэмій, якія прысуджаюцца, і забяспечвае яе работу. Персанальны склад і парадак работы экспертнай камісіі зацвярджаюцца Міністэрствам культуры.

Названая камісія мае права запрошваць заключэнні дзяржаўных органаў, іншых арганізацый па кандыдатурах суіскальнікаў прэміі, а таксама іншую дадатковую інфармацыю да матэрыялаў, пералічаных у пункце 3 гэтага Палажэння.

5. Міністэрства культуры, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, іншыя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі прадастаўляюць членам савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва (далей савет фонду), калегіі Міністэрства культуры і экспертнай камісіі магчымасць прагляду і праслухоўвання спектакляў і паказаў, музычных твораў, канцэртных праграм, кінавідэафільмаў, тэлевізійных і радыёпраграм, твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, агляду архітэктурных збудаванняў, якія рэкамендуюцца для прысуджэння прэміі, азнаямлення з іншымі вынікамі дзейнасці суіскальнікаў прэміі.

6. Рашэнне аб прысуджэнні прэміі прымаецца на сумесным пасяджэнні савета фонду і калегіі Міністэрства культуры з удзелам прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы на аснове заключэння экспертнай камісіі. Такое рашэнне прымаецца простай большасцю галасоў прысутных на пасяджэнні і ўзгадняецца з кіраўніцтвам Беларускай праваслаўнай царквы.

Пасяджэнне лічыцца правамоцным пры ўдзеле ў ім не менш за дзве трэці членаў савета фонду і не менш за дзве трэці членаў калегіі Міністэрства культуры. Па выніках гэтага пасяджэння Міністэрства культуры рыхтуе праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які да 15 снежня ва ўстаноўленым парадку ўносіцца на разгляд кіраўніка дзяржавы. Да праекта прыкладаюцца заключэнні Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь па кожнай кандыдатуры суіскальнікаў прэміі.

7. Прэмія прысуджаецца ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай ім асобай 7 студзеня, у дзень Ражаства Хрыстова. Асобам, кіраўнікам калектываў работнікаў, творчых і іншых калектываў, якія ўдастоены прэміі, уручаюцца дыпломы і ганаровыя медалі лаўрэата.

Памер прэміі — 100 базавых велічынь. Пры прысуджэнні прэміі аўтарскаму калектыву сума прэміі дзеліцца пароўну паміж яго членамі. Пры прысуджэнні прэміі творчаму або іншаму калектыву выплачваецца адна сума прэміі на ўвесь калектыў.

Дыплом і Ганаровы медаль памёршага лаўрэата прэміі ўручаюцца яго сям'і. Грашовая частка прэміі пера-даецца ў спадчыну ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

8. Выплата прэміі праводзіцца Міністэрствам культуры са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на падставе ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб яе прысуджэнні.