РАСТЛУМАЧЭННI

аб абарачэнні імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць»

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2005 г. № 950 «Аб тэрмінах абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць» тэрмін абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць» устаноўлены да 30 чэрвеня 2007 года.

Пад абарачэннем імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць» разумеюцца іх індэксацыя, пераафармленне, выкарыстанне ў адпаведнасці з артыкуламі 6, 10 і 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» і Палажэннем аб абарачэнні імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць».

Падаўжэнне тэрмінаў абарачэння чэкаў «Маёмасць» азначае падаўжэнне бязвыплатнай прыватызацыі ў частцы перадачы грамадзянам Рэспублікі Беларусь у абмен на чэкі «Маёмасць» акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе пераўтварэння дзяржаўных прадпрыемстваў.

У перыяд бязвыплатнай прыватызацыі да 50 працэнтаў акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе пераўтварэння дзяржаўных прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве, абменьваюцца ва ўстаноўленым парадку на чэкі «Маёмасць»:

работнікам акцыянерных таварыстваў і прыраўнаваных да іх асобам — у першачарговым парадку на працягу пяці месяцаў з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі акцый на падставе спісаў, складзеных камісіяй па пераўтварэнню прадпрыемстваў у адкрытае акцыянернае таварыства;

грамадзянам Рэспублікі Беларусь — праз структурныя падраздзяленнні адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк» ва ўстаноўленым парадку;

іншым суб'ектам прыватызацыі — на спецыялізаваных чэкавых аўкцыёнах.

Абмен акцый на чэкі «Маёмасць» ажыццяўляецца непасрэдна органам прыватызацыі або яго паверанымі, якія дзейнічаюць ад імя органа прыватызацыі. Пры абмене чэкаў «Маёмасць» на акцыі акцыянернага таварыства праз падраздзяленні ААБ «Беларусбанк» у якасці Паверанага выступае само акцыянернае таварыства ў асобе свайго кіраўніка.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць выкарыстоўваць выдадзеныя ім асабіста чэкі «Маёмасць» у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» (прадаваць, перадаваць у распараджэнне давераных асоб, завяшчаць, атрымліваць у спадчыну, абменьваць на акцыі, якія належаць дзяржаве). У асобных выпадках грамадзяне перадавалі выдадзеныя чэкі па дагаворах дарэння блізкім сваякам, якія як работнікі акцыянернага таварыства, якое ствараецца ў працэсе пераўтварэння дзяржаўнага прадпрыемства, мелі права выкарыстаць чэкі для абмену на акцыі гэтага таварыства. Аднак калі ў далейшым у сувязі са змяненнем заканадаўства такі абмен не адбыўся і ўказаныя чэкі «Маёмасць» былі па дагаворах дарэння вернуты гэтым грамадзянам, то яны таксама могуць быць выкарыстаны імі ў адпаведнасці з артыкулам 11 Закона.

Праз падраздзяленні ААБ «Беларусбанк» абмену на акцыі падлягаюць чэкі «Маёмасць»:

налічаныя грамадзяніну ў адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» (асабістая маёмасная квота) і атрыманыя ў спадчыну;

налічаныя грамадзяніну ў якасці асабістай маёмаснай квоты і выкарыстаныя ім у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь», а пасля вернутыя ў той жа колькасці на яго спецыяльны чэкавы рахунак па прычыне неажыццёўленых здзелак, скасавання дагавораў, ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку чэкі, вернутыя ад спецыялізаваных інвестыцыйных фондаў (СIФаў);

пераафармленне грамадзяніну ад блізкіх сваякоў (бацькоў, дзяцей, мужа ці жонкі, родных братоў і сясцёр, унукаў, бабуль, дзядуляў, свекрыві, свёкра, цесця і цешчы), налічаныя ўказаным сваякам у якасці асабістай маёмаснай квоты, але ў суме не больш за 250 чэкаў сумарна на працягу ўсяго перыяду бязвыплатнай прыватызацыі.

Неабходна адзначыць, што калі ў працэсе ліквідацыі СIФаў грамадзянам былі вернуты не толькі чэкі «Маёмасць», атрыманыя імі раней у якасці асабістай маёмаснай квоты, але і чэкі, перааформленыя ад блізкіх сваякоў, а пасля абмененыя на акцыі СIФаў, то такія чэкі могуць вяртацца гэтым сваякам.

Па стану на 01.08.2005 г. у абмене ва ўстановах ААБ «Беларусбанк» знаходзіліся акцыі 207 акцыянерных таварыстваў на суму каля 65 млн. чэкаў. Гэта прадпрыемствы будаўнічай галіны і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, машынабудавання і металаапрацоўкі, лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, транспартнай галіны.

З 1 студзеня 2006 г. абмен чэкаў «Маёмасць» на акцыі, якія належаць дзяржаве, праз падраздзяленні ААБ «Беларусбанк» будзе падоўжаны да 30 чэрвеня 2007 года.

Акцыі, набытыя грамадзянамі ў абмен на чэкі «Маёмасць» у перыяд бязвыплатнай прыватызацыі, г. зн. да 1 ліпеня 2007 г., не могуць быць адчужаны, акрамя выпадкаў, устаноўленых заканадаўствам.


ЧАЧОТКА Леанід Раманавіч,

Намеснік начальніка ўпраўлення ўліку і распараджэння акцыямі Фонду дзяржаўнай маёмасці Міністэрства эканомікі.