АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Праект

Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады

У Асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады дадзена ацэнка дасягнутага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця ў прайшоўшым пяцігоддзі (2001—2005 гады), адлюстравана становішча Рэспублікі Беларусь у свеце, вызначаны мэты, задачы і прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2006—2010 гады, меры па іх рэалізацыі, шляхі ўдасканальвання макраэканамічных умоў, фарміравання эфектыўных эканамічных інстытутаў і чаканыя вынікі выканання Праграмы.

УВОДЗIНЫ

Беларусь уступае ў другое пяцігоддзе новага, ХХI стагоддзя. У адрозненне ад першага пяцігоддзя, якое замацавала станоўчыя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выхад Рэспублікі Беларусь па большасці макраэканамічных паказчыкаў на ўзровень дакрызіснага 1990 года, чарговая пяцігодка заклікана забяспечыць пераход краіны на інавацыйны шлях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэты пераход трэба будзе ажыццяўляць у складанейшых умовах сусветнага эканамічнага развіцця, якія вызначаюцца нарастаннем супярэчнасцяў паміж грамадствам і прыродай у выкарыстанні мінеральна-сыравінных і паліўна-энергетычных рэсурсаў, запасы якіх абмежаваныя, а ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі важнейшыя з іх і зусім будуць вычарпаны, павелічэннем эканамічных, палітычных, культурных і іншых супярэчнасцяў паміж эканамічна развітымі і краінамі, якія развіваюцца.

Cусветныя працэсы будуць вызначацца перш за ўсё далейшай глабалізацыяй, ператварэннем эканомік асобных краін у элементы адзінай сусветнай гаспадаркі з паступовым пераходам да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства, новай эканомікі, заснаванай на ведах.

Згодна з прагнозам міжнародных арганізацый чакаецца паскарэнне глабальнага эканамічнага развіцця: прагназуецца прырост сусветнага ВУП з 2,7 працэнта ў 1986—2000 гадах да 3,7 працэнта ў 2001—2015 гадах. Вытворчасць ВУП на душу насельніцтва ў сярэднім узрасце з 6,8 тыс. долараў ЗША ў 2000 годзе (у цэнах 1995 года) па парытэту пакупніцкай здольнасці да 10 тыс. долараў ЗША ў 2015 годзе, у тым ліку ў заходнееўрапейскіх краінах — з 21,5 да 31,1 тыс. долараў, у ЗША — з 31 да 43,8, у краінах, якія развіваюцца, — з 3,4 да 5,7, у постсацыялістычных краінах — з 7,8 да 15 (у Расіі — з 7,5 да 16,2 тыс. долараў ЗША).

Для таго, каб ісці ў нагу з сусветнымі тэндэнцыямі, Беларусь павінна максімальна выкарыстоўваць свае моцныя бакі (патэнцыяльныя канкурэнтныя перавагі): выгаднае эканоміка-геаграфічнае і геапалітычнае становішча; развітыя сістэмы транспартных камунікацый і вытворчай інфраструктуры; значныя зямельныя, водныя, лясныя рэсурсы, наяўнасць шэрагу важных карысных выкапняў; адносна развіты навукова-тэхнічны патэнцыял; дастаткова магутную будаўнічую базу; высокі адукацыйны ўзровень насельніцтва і існуючую сістэму падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў; шматвектарныя знешнеэканамічныя сувязі.

1. САЦЫЯЛЬНА- ЭКАНАМIЧНАЕ РАЗВIЦЦЁ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

У прайшоўшым пяцігоддзі асноўная ўвага органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання, усіх калектываў прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі была накіравана на вырашэнне задач і дасягненне параметраў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады.

Створана эканоміка сацыяльна арыентаванага тыпу, якая паспяхова працуе. Штогод паляпшаюцца яе якасныя параметры — павышаецца рэнтабельнасць, скарачаецца доля стратных прадпрыемстваў, зніжаецца энергаёмістасць ВУП, расце прадукцыйнасць працы, змяншаюцца запасы гатовай прадукцыі на складах.

У краіне праводзіцца грашова-крэдытная, валютная палітыка па замаруджванню росту спажывецкіх цэн, што дазволіла ў 2005 годзе знізіць узровень інфляцыі да 0,6 працэнта ў сярэднямесячным вылічэнні.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца сістэме сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Узрасла сярэднямесячная заработная плата, павялічыліся пакупніцкая здольнасць насельніцтва, сацыяльныя выплаты, і ў першую чаргу пенсіі.

Паскарэнне эканамічнага росту і павышэнне эфектыўнасці работы галін эканомікі, разам з пазітыўнымі зрухамі па фінансавай стабілізацыі і ўмацаванню даверу да беларускага рубля, дазволілі вырашыць важнейшую задачу — забяспечыць да канца 2005 года намінальную налічаную сярэднямесячную заработную плату работнікаў народнай гаспадаркі ў суме 261 долара ЗША ў эквіваленце.

Асноўныя макраэканамічныя паказчыкі Праграмы на 2001—2005 гады выкананы (гл. табліцу). Гэта дазволіла ў 2005 годзе па многіх параметрах значна перавысіць узровень 1990 года: па вытворчасці ВУП — на 27 працэнтаў, выпуску прамысловай прадукцыі — на 53, вытворчасці спажывецкіх тавараў — на 66, рэальных грашовых даходах — на 75 і па заработнай плаце — на 95 працэнтаў.

Вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 90 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал — 95 працэнтаў да ўзроўню 1990 года.

Для параўнання варта адзначыць, што вядучыя краіны СНД у гэты перыд па асноўных параметрах у большай ступені адставалі ад указанага ўзроўню. Напрыклад, аб'ём вытворчасці ВУП у 2004 годзе адносна 1991 года склаў у цэлым па дзяржавах, якія ўваходзяць у СНД, 89 працэнтаў, у тым ліку ў Расіі — 89,5 працэнта, Украіне — 66,7 працэнта.

Аналіз сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне паказвае, што, нягледзячы на існуючыя станоўчыя тэндэнцыі, на работу эканомікі працягвае аказваць уплыў шэраг нявырашаных праблем. Асноўнымі з іх з'яўляюцца:

наяўнасць арганізацый рэальнага сектара эканомікі, якія маюць нездавальняючыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці;

адносна высокая матэрыяла- і энергаёмістасць вытворчасці, залежнасць яе ад кан'юнктуры цэн на імпартуемыя паліўна-энергетычныя і сыравінныя рэсурсы;

слабая інавацыйная актыўнасць;

дыферэнцыяцыя аплаты працы па комплексах, галінах і сферах эканомікі;

недастаткова высокі ўзровень пенсій, стыпендый і іншых сацыяльных выплат.

Улічваючы, што ў рэальным сектары эканомікі ў асноўным вычарпаны магчымасці нарошчвання вытворчасці за кошт экстэнсіўных фактараў, у наступнай пяцігодцы неабходна забяспечыць мадэрнізацыю эканомікі шляхам укаранення сучасных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, максімальнага выкарыстання інтэлектуальнага рэсурсу краіны на аснове ўсебаковага гарманічнага развіцця чалавека.

2. МЭТЫ I ПРЫЯРЫТЭТЫ САЦЫЯЛЬНА- ЭКАНАМIЧНАГА РАЗВIЦЦЯ

Мэты і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады вызначаны на падставе аналізу яе сацыяльна-эканамічнага становішча, тэндэнцый сусветнага развіцця, прагнозных паказчыкаў эканамічнага росту суседніх дзяржаў — асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, і перш за ўсё Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Украіны, а таксама краін ЕС і іншых рэгіянальных інтэграцыйных утварэнняў.

Галоўная мэта сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады — далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, стварэння дзяржавы, зручнай для людзей.

Для яе дасягнення неабходна забяспечыць:

рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва, у тым ліку заработнай платы, пенсій, стыпендый, дапамог і іншых сацыяльных выплат;

работу органаў дзяржаўнага кіравання ў інтарэсах чалавека з мэтай задавальнення яго патрэбнасцяў;

спрыяльныя ўмовы для інтэлектуальнага, творчага, працоўнага, прафесійнага і фізічнага ўдасканалення чалавека;

апераджальнае развіццё сферы паслуг, і перш за ўсё адукацыі, аховы здароўя, культуры — асновы ўдасканалення чалавечага капіталу;

укараненне павышанай сістэмы сацыяльных стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства;

ажыццяўленне мераў па паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне;

павышэнне эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу, далейшае развіццё сацыяльнай інфраструктуры вёскі;

інавацыйную накіраванасць развіцця эканомікі, больш дзейсны механізм стымулявання распрацоўкі і рэалізацыі эфектыўных інвестыцыйных праектаў і на гэтай аснове павышэння ўзроўню канкурэнтаздольнасці эканомікі, уключаючы структурную перабудову, тэхніка-тэхналагічнае пераўзбраенне і рэструктурызацыю вытворчасцяў;

пашырэнне ўзаемавыгадных эканамічных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа, перш за ўсё з Расіяй, іншымі краінамі СНД, а таксама ЕС;

нацыянальную бяспеку краіны.

Для рэалізацыі пастаўленых задач галоўныя намаганні патрэбна сканцэнтраваць на наступных прыярытэтных накірунках:

усебаковае гарманічнае развіццё чалавека, фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя;

інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне;

нарошчванне экспартнага патэнцыялу краіны;

развіццё аграпрамысловага комплексу і звязаных галін, сацыяльнай сферы вёскі;

развіццё малых і сярэдніх гарадоў;

жыллёвае будаўніцтва.

3. САЦЫЯЛЬНАЯ ПАЛIТЫКА I ЎСЕБАКОВАЕ РАЗВIЦЦЁ ЧАЛАВЕКА

Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі ў наступнай пяцігодцы — далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. Важнейшымі шляхамі яе дасягнення павінны стаць узмацненне ролі заработнай платы як галоўнага фактара, што стымулюе эканамічнае развіццё і павышэнне эфектыўнасці эканомікі, забеспячэнне росту рэальных грашовых даходаў як асновы паляпшэння жыцця насельніцтва, змяншэнне колькасці малазабяспечаных грамадзян, недапушчэнне празмернай дыферэнцыяцыі па ўзроўню даходаў розных груп насельніцтва ў рэгіёнах і па галінах эканомікі.

У якасці арыенціраў дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на павелічэнне даходаў насельніцтва, прадугледжваюцца:

рост рэальных грашовых даходаў на 149—156 працэнтаў;

павышэнне рэальнай заработнай платы як асноўнай крыніцы фарміравання даходаў і важнага стымулу працоўнай актыўнасці работнікаў на 152—158 працэнтаў;

зніжэнне ўзроўню малазабяспечанасці ў два разы;

удасканаленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, падтрымкі маладых сем'яў у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей;

далейшае развіццё сістэмы пенсійнага забеспячэння, павышэнне рэальнай пенсіі па ўзросту не менш чым у 1,5 раза.

Дзяржаўная палітыка ў сферы аплаты працы прадугледжвае ператварэнне заработнай платы ў надзейную крыніцу даходаў, павышэнне яе ролі ў стымуляванні працоўнай актыўнасці работнікаў і будзе грунтавацца на спалучэнні дзяржаўных, рыначных і калектыўна-дагаворных механізмаў яе рэгулявання. Паступова будуць пашырацца правы суб'ектаў гаспадарання ў частцы фарміравання і налічэння заработнай платы.

Важнейшай функцыяй дзяржавы застанецца забеспячэнне дзяржаўных мінімальных сацыяльных гарантый у сферы аплаты працы. У бюджэтным сектары будзе захавана дзяржаўнае рэгуляванне аплаты працы на аснове змянення тарыфнай стаўкі першага разраду і ўдасканалення Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя задачы дзяржаўнай палітыкі ў сферы працоўных адносінаў і занятасці насельніцтва — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў працы, фарміраванне кадравага пацэнцыялу з улікам рэальных патрэб вытворчасці, забеспячэнне сацыяльнай падтрымкі часова не занятага насельніцтва.

На рынку працы прадугледжваецца рэалізаваць сістэму мераў па стварэнню добрых умоў для забеспячэння занятасці насельніцтва, пераадоленню дэфіцыту рабочых месцаў шляхам павышэння інвестыцыйнай актыўнасці за кошт усіх крыніц, зніжэнню напружанасці і падтрыманню стабільнасці ў сферы сацыяльна-працоўных адносінаў, своечасоваму ўстараненню дысбалансу паміж прафесійна-кваліфікацыйным саставам кадраў і структурай рабочых месцаў, якая абнаўляецца, стрымліванню рэгіструемага беспрацоўя ў межах сацыяльна дапушчальнага ўзроўню.

У сферы сацыяльнай абароны насельніцтва прадугледжваецца павышэнне яе эфектыўнасці, надзейнасці, устойлівасці і даступнасці, якія грунтуюцца на дзяржаўных сацыяльных гарантыях і стандартах, дыферэнцыраваным і адрасным падыходах да сацыяльнай падтрымкі розных слаёў насельніцтва.

Гэта будзе дасягацца шляхам:

аказання сацыяльнай дапамогі сем'ям, асобным грамадзянам, якія маюць даходы ніжэй за ўстаноўлены гарантаваны мінімум;

сацыяльнай рэабілітацыі грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі;

павышэння эфектыўнасці сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам і асобам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, на падставе прынцыпаў адраснасці і індывідуальнага падыходу;

удасканалення дзяржаўнай падтрымкі сем'яў пры нараджэнні і выхаванні дзяцей;

вырашэння сацыяльных праблем адзінокіх пажылых грамадзян, якія пражываюць у аддаленых сельскіх населеных пунктах.

Удасканаленне пенсіённай сістэмы будзе накіравана на павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян пенсіённага ўзросту і непрацаздольных на аснове спалучэння абавязковага і дадатковага добраахвотнага пенсіённага страхавання, размежавальных і накапляльных механізмаў фінансавання.

Для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі прадугледжваюцца мерапрыемствы па забеспячэнню аховы мацярынства і дзяцінства, павышэнню нараджальнасці і зніжэнню смяротнасці, умацаванню сям'і і яе прэстыжу ў грамадстве.

Гэта запатрабуе распрацоўкі механізму стымулявання нараджальнасці на аснове ўдасканалення сістэмы выплаты дапамог грамадзянам, якія маюць дзяцей, дзяржаўнай падтрымкі маладых сем'яў у вырашэнні жыллёвых і іншых сацыяльных праблем і г.д. Будзе ўзмоцнена адказнасць тых бацькоў, якія пакінулі сваіх дзяцей.

Развіццё сістэмы адукацыі прадугледжвае прывядзенне яе ў адпаведнасць з сучаснымі патрэбнасцямі асобы, грамадства і дзяржавы, павышэнне якасці падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для пераходу да інфармацыйнага грамадства, апераджальнаму развіццю новых навукаёмістых тэхналогій.

Яе асноўнымі накірункамі стануць:

развіццё новых формаў дашкольнай адукацыі, павышэнне якасці адукацыі, і найперш на вёсцы;

пашырэнне выкарыстання тэхналогій навучання, якія зберагаюць здароўе навучэнцаў;

стварэнне эфектыўных механізмаў узаемадзеяння сістэм прафесійнай адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, умацаванне сувязі вышэйшай адукацыі з фундаментальнай і прыкладной навукай.

Будзе праводзіцца мэтанакіраваная работа па абнаўленню структуры і ўтрымання адукацыі, вучэбных праграм, сістэм навукова-метадычнага забеспячэння ва ўсіх яго звёнах, матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы, укараненню новых інфармацыйных адукацыйных тэхналогій і камп'ютарызацыі. Прадугледжваецца забеспячэнне шырокага выбару адукацыйных праграм і паслуг, павышэнне іх якасці і канкурэнтаздольнасці.

Удасканальваючы сістэму дашкольнай адукацыі, прадугледжваецца забяспечыць разнастайнасць многафункцыянальнай сеткі дашкольных устаноў, захаванне яе ў сельскай мясцовасці і выкарыстанне новых формаў ахопу дзяцей дашкольным выхаваннем.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжваецца завяршэнне рэфармавання агульнаадукацыйнай школы і пераход на 12-гадовае навучанне, стварэнне ўмоў для пераходу да профільнага навучання, далейшая аптымізацыя і правядзенне рэструктурызацыі сеткі ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, з улікам дэмаграфічнай сітуацыі, якая складваецца, стварэнне гібкіх формаў працоўнай (прафесійнай) адукацыі.

У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі мяркуецца забяспечыць у патрэбнай колькасці падрыхтоўку высокакваліфікаваных рабочых кадраў, найперш для навукаёмістых вытворчасцяў і сельскай мясцовасці, далейшае ўдасканаленне сеткі навучальных устаноў прафтэхадукацыі і падрыхтоўкі кадраў у іх.

У краіне будзе праводзіцца далейшая работа па прывядзенню аб'ёмаў і кваліфікацыйнай структуры падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй у адпаведнасць з патрабаваннямі нацыянальнай эканомікі.

У сферы аховы здароўя прадугледжваецца павышэнне даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі для шырокіх слаёў насельніцтва на аснове:

укаранення перадавых медыцынскіх тэхналогій і стварэння навукова-практычных цэнтраў;

рэструктурызацыі сістэмы аказання медыцынскай дапамогі, уключаючы пераразмеркаванне рэсурсаў са стацыянарнай формы на амбулаторна-поліклінічную, развіцця медыка-сацыяльнай дапамогі і агульнай урачэбнай практыкі;

удасканалення сістэмы сацыяльных стандартаў, а таксама тэрытарыяльных праграм дзяржаўных гарантый аказання грамадзянам медыцынскай дапамогі;

пашырэння доступу грамадзян да эфектыўных, бяспечных і якасных лекавых сродкаў, фарміравання комплекснай праграмы лекавага забеспячэння асобных катэгорый грамадзян;

удасканалення сістэмы ўпраўлення якасцю медыцынскай дапамогі, стандартызацыі медыцынскіх тэхналогій, развіцця прафілактычных і рэабілітацыйных тэхналогій.

Плануецца распрацаваць і ўкараніць сістэму стандартаў для медыцынскіх інфармацыйных сістэм, перадавыя медыцынскія тэхналогіі, у тым ліку тэлемедыцыну, з шырокай камп'ютарызацыяй медыцынскіх арганізацый, стварэннем у іх лакальных вылічальных сістэм, увядзеннем у дзеяннне электронных версій медыцынскіх картак пацыентаў.

Мэтай дзяржаўнай палітыкі развіцця нацыянальнай культуры будзе захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы, росту яе творчай ініцыятывы, духоўных і эстэтычных патрэбнасцяў, што значна павысіць ролю асобы як галоўнай рухаючай сілы новага постіндустрыяльнага грамадства.

Для дасягнення гэтай мэты прадугледжваюцца:

забеспячэнне даступнасці культурных каштоўнасцяў і паслуг, якія аказваюцца ў гэтай сферы ўсім слаям насельніцтва, павышэнне ўзроўню і якасці такіх паслуг, павелічэнне іх аб'ёмаў для жыхароў вёскі з мэтай набліжэння да ўзроўню абслугоўвання гарадскога насельніцтва, паляпшэнне культурнага абслугоўвання аддаленых вёсак;

рэалізацыя праграмы рэстаўрацыі, рэканструкцыі і захавання прыярытэтных гісторыка-культурных каштоўнасцяў беларускага народа, уключэнне іх у культурны і турыстычны абарот. Вызначэнне і аднаўленне ў рэгіёнах краіны найбольш значных сельскіх гістарычных сядзіб для выкарыстання ў якасці аб'ектаў культурна-забаўляльнай дзейнасці;

распрацоўка і ўкараненне рацыянальнай схемы размяшчэння сельскіх устаноў культуры з улікам канкрэтнай сацыяльна-дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі ў сельскіх населеных пунктах і раёнах;

павышэнне канкурэнтаздольнасці прафесійных творчых калектываў і выканаўцаў на ўнутраным і знешнім рынках;

забеспячэнне рэалізацыі кадравай палітыкі па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы спецыялістаў культуры і мастацтва на аснове ўкаранення новых адукацыйных тэхналогій;

стварэнне пры сярэдніх спецыяльных навучальных установах культуры і мастацтва ў абласных гарадах кансультацыйных цэнтраў для аказання метадычнай дапамогі і выяўлення ў вёсцы адораных дзяцей і таленавітай моладзі.

Напрамкамі развіцця прафесійнага мастацтва павінны стаць павышэнне яго ролі ў эстэтычным і маральным выхаванні насельніцтва, пераход да інтэнсіўнага развіцця, павышэнне прэстыжу работнікаў творчых прафесій.

У сферы фізічнай культуры, спорту і турызму прадугледжваюцца:

удасканаленне сістэмы масавага фізкультурна-аздараўленчага руху ў краіне і прыцягненне найбольшай колькасці насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам;

павышэнне ўзроўню фізічнага выхавання насельніцтва;

паляпшэнне ўмоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам розных катэгорый і слаёў насельніцтва, павышэнне якасці фізкультурна-аздараўленчых паслуг і іх даступнасці;

фарміраванне эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і спартсменаў высокага класа, забеспячэнне дастойнага выступлення зборных каманд Рэспублікі Беларусь на міжнародных спаборніцтвах.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена фізічнаму выхаванню дзяцей і навучальнай моладзі. Для гэтага мяркуецца развіццё падлеткавых спартыўных клубаў, цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы па месцы жыхарства, стварэнне груп, секцый, гурткоў па спартыўных інтарэсах ва ўстановах адукацыі.

Для развіцця турызму ў Беларусі прадугледжваюцца стварэнне канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, які забяспечвае задавальненне патрэбнасцяў айчынных і замежных турыстаў у разнастайных і якасных паслугах, развіццё сумежных галін эканомікі. У якасці першачарговых мераў намячаюцца:

павышэнне эфектыўнасці выкарыстання наяўных турысцкіх тэрыторый, аб'ектаў культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыны;

стварэнне сучаснай турыстычнай індустрыі, якая забяспечвае растучы попыт на турысцка-экскурсійныя паслугі, ях якасць і даступнасць;

актывізацыя рэгіянальнай турыстычнай палітыкі, фарміраванне цэнтраў і зон турызму, засваенне новых турысцкіх раёнаў, развіццё інтэграцыйных сістэм, якія ўлічваюць інтарэсы ўсіх удзельнікаў турыстычнага рынку;

стварэнне спрыяльных умоў для прасоўвання турысцкага прадукту на міжнародныя рынкі.

Прыярытэтным стане ўязны турызм. Атрымаюць далейшае развіццё пазнавальны, транзітны, трансгранічны, дзелавы, аграэкатурызм, рэкрэацыйны, аздараўленчы і іншыя віды турызму.

4. АКТЫВIЗАЦЫЯ РАЗВIЦЦЯ НАВУКI, IНАВАЦЫЙНАЙ I IНВЕСТЫЦЫЙНАЙ ДЗЕЙНАСЦI

Iнавацыйны шлях развіцця — адна з прыярытэтных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якая вызначае стратэгічную мэту дзяржаўнай навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі па стварэнню спрыяльных прававых, эканамічных і сацыяльных умоў для развіцця навукі, пастаяннага павышэння тэхналагічнага ўзроўню вытворчасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, узроўню і якасці жыцця насельніцтва, умацавання нацыянальнай бяспекі краіны.

У аснову накірункаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2006—2010 гады будуць пакладзены:

рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі;

новыя матэрыялы і новыя крыніцы энергіі;

медыцына і фармацыя;

інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі;

тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі;

прамысловыя біятэхналогіі;

экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне.

Рэалізацыя названых прыярытэтаў дасць магчымасць стварыць найноўшыя тэхналогіі вытворчасці машынабудаўнічай і сельскагаспадарчай прадукцыі, электроннай, вылічальнай і оптавалаконнай тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, а таксама медыцынскія і біялагічныя, тонкія хімічныя, інфармацыйныя тэхналогіі.

Для гэтага прадугледжваюцца:

стварэнне высокадакладнага аўтаматызаванага абсталявання, уключаючы гібкія вытворчыя модулі і інструмент;

распрацоўка фізічных, хімічных і біятэхналагічных працэсаў атрымання новых рэчываў і матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэння, уключаючы нанаматэрыялы і нанатэхналогіі, новыя тэхналогіі формаўтварэння, умацавання і аднаўлення вырабаў з металічных і неметалічных матэрыялаў;

стварэнне сістэм і сродкаў вымярэння, тэхічнай дыягностыкі, оптыка-механічных і оптыка-электронных вырабаў новага пакалення;

стварэнне новага пакалення інтэгральнай элементнай базы прамысловай і бытавой тэхнікі, абсталявання для яе вытворчасці, опта- і СВЧ-электронікі, сучасных электратэхнічных вырабаў мікрасенсорыкі;

стварэннне новага пакалення дарожнай, пазадарожнай і спецыяльнай тэхнікі, транспарту агульнага прызначэння, рухавікоў для іх аснашчэння;

распрацоўка і ўкараненне энергаэфектыўнага абсталявання, матэрыялаў і тэхналогій, у тым ліку арыентаваных на выкарыстанне мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі;

стварэнне сістэм навігацыйна-часавага забеспячэння, камп'ютарных сродкаў і сістэм, сродкаў сувязі, уключаючы лічбавае тэлебачанне і апаратуру кабельных сетак;

распрацоўка і вытворчасць аўтаматызаваных сістэм кіравання.

У галінах эканомікі ўказаныя напрамкі будуць рэалізоўвацца праз дзяржаўныя навукова-тэхнічныя праграмы, якія будуць накіраваны на распрацоўку перадавых тэхналогій і новых відаў навукаёмістай экспартаарыентаванай і імпартазамяняльнай прадукцыі на аснове сыравіннай і матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыю яе серыйнага выпуску. Тым самым ствараюцца ўмовы для тэхналагічнага абнаўлення вытворчасці, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на сусветным рынку.

Далейшае развіццё атрымае тэхналагічная база навукі і інавацыйная інфраструктура.

Для рэалізацыі дзяржаўнай навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі патрабуюцца:

у сферы фундаментальных даследаванняў — паглыбленне ведаў аб прыродзе, чалавеку, і грамадстве, якасць якіх павінна адпавядаць сусветнаму ўзроўню развіцця навукі, а таксама патрэбнасцям развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы рэспублікі па абраных прыярытэтных накірунках;

у сферы прыкладных даследаванняў і распрацовак — накіраванне асноўных намаганняў на распрацоўку стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, духоўнага і культурнага ўдасканалення грамадства; стварэнне перадавых тэхналогій і новай канкурэнтаздольнай прадукцыі; развіццё праграмна-мэтавага метаду планавання навуковых даследаванняў і распрацовак з улікам канкрэтных патрэбнасцяў галін рэальнага сектара эканомікі; павышэнне выніковасці фундаментальных, прыкладных даследаванняў і распрацовак, дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў, асноўнымі крытэрыямі якіх павінны быць навізна створаных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, пацверджаных патэнтамі на вынаходніцтвы, а таксама попыт на навуковыя распрацоўкі і ўклад навуковых калектываў у нарошчванне навукаёмістага экспарту;

у вытворчай сферы — прыярытэтнае ўкараненне інавацый ва ўсіх сектарах эканомікі і выкарыстанне ў вытворчасці навукаёмістых тэхналогій; стымуляванне развіцця высокатэхналагічных вытворчасцяў; пераважнае інвеставанне найбольш перспектыўных інавацыйных праектаў; павышэнне інавацыйнай актыўнасці і ўспрымальнасці нацыянальных вытворчасцяў; укараненне ў вытворчасць сусветных стандартаў якасці прадукцыі і аховы навакольнага асяроддзя; узмацненне інавацыйных магчымасцяў метадам эканамічнага стымулявання галіновых канструктарскіх бюро і доследных вытворчасцяў; забеспячэнне распрацоўкі новых імпартазамяняльных тэхналогій на аснове ўласнай сыравіннай базы і стварэнне ўмоў для тэхналагічнага абнаўлення вытворчасці з выкарыстаннем галіновага навукова-тэхнічнага патэнцыялу як сувязнага звяна паміж фундаментальнымі, прыкладнымі даследаваннямі і рэальным сектарам вытворчасці;

у аграрным сектары асаблівая ўвага будзе ўдзелена распрацоўцы адаптыўных рэсурсазберагальных, экалагічна бяспечных тэхналогій, тэхналагічных комплексаў, сельскагаспадарчых машын і абсталявання для вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове ўзнаўлення ўрадлівасці глебы, стварэння новых канкурэнтаздольных і імпартазамяняльных сартоў раслін, угнаенняў, парод жывёлы, вытворчасці новых прадуктаў харчавання.

у сферы аховы і выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці — стварэнне эфектыўнай шматузроўневай сістэмы абароны інтэлектуальнай уласнасці і неабходнай інфраструктуры, абарона перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак з мэтай недапушчэння іх уцечкі за мяжу, фарміраванне дзейснага механізму стымулявання выкарыстання аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці праз камерцыялізацыю аб'ектаў аўтарскіх і сумежных правоў як аднаго з істотных фактараў павышэння эфектыўнасці эканомікі, стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі, актывізацыі інавацыйных працэсаў;

у сферы інавацыйнай дзейнасці — паскораныя распрацоўка і засваенне новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі і перадавых тэхналогій, развіццё новых інстытуцыяльных і арганізацыйных формаў інавацыйнай дзейнасці, такіх, як навукова-укараняльныя і навукова-тэхнічныя цэнтры, тэхнапаркі і тэхнаполісы, іншых формаў. Вялікая ўвага будзе ўдзелена развіццю Парка высокіх тэхналогій, асноўным накірункам дзейнасці якога будзе распрацоўка новых і высокіх тэхналогій, накіраваных на павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі;

у сферы дзяржаўнага ўпраўлення навукай і інавацыямі — умацаванне мэтавай арыентацыі на вырашэнне прыярытэтных для краіны праблем; стымуляванне перспектыўных распрацовак дзяржаўнага значэння і ўдасканаленне механізму іх адбору; першачарговая падтрымка дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў, накіраваных на пашырэнне экспарту, імпартазамяшчэнне, рэсурсазберажэнне, удасканаленне і абнаўленне найбольш эфектыўных вытворчасцяў, фарміраванне попыту, у задавальненні якога айчынная навукаёмістая прадукцыя адыгрывала б дамінуючую ролю; правядзенне эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі ў сферы навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці; развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы краіны.

Фінансаванне навукова-інавацыйнай дзейнасці да 2010 года будзе павялічана не менш як у 2,5—3 разы. Пры гэтым сродкі будуць канцэнтравацца на важнейшых накірунках навуковых даследаванняў.

Актывізуецца міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў рамках міждзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, а таксама двухбаковых беларуска-расійскіх навукова-тэхнічных праектаў для прыцягнення замежных інвестыцый, правядзення навуковых даследаванняў і распрацовак з мэтай наступнага выкарыстання вынікаў сумеснай дзейнасці на ўнутраным і міжнародным рынках навукаёмістай прадукцыі.

Iнвестыцыйная дзейнасць будзе накіравана на мадэрнізацыю эканомікі, павышэнне яе эфектыўнасці, максімальнае выкарыстанне канкурэнтных пераваг, удасканаленне структуры, а таксама на рэалізацыю сацыяльных праграм і агульнадзяржаўных прыярытэтаў, павышэнне эканамічнай бяспекі дзяржавы.

Асаблівую ўвагу прадугледжваецца ўдзяліць прыцягненню інвестыцыйных рэсурсаў у вытворчую сферу, засяродзіўшы іх на рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з высокімі навукаёмістымі і рэсурсазберагальнымі тэхналогіямі экспартнай і імпартазамяшчальнай накіраванасці, у сферу паслуг, а таксама для развіцця сельскай гаспадаркі і прадпрымальніцтва. Узрастуць аб'ёмы інвеставання ў інтэлектуальны капітал як найбольш эфектыўны аб'ект размяшчэння рэсурсаў.

Iнвестыцыі ў асноўны капітал у 2010 годзе ў параўнанні з 2005 годам павялічацца ў 1,65—1,75 раза.

5. ПАВЫШЭННЕ ЭФЕКТЫЎНАСЦI I КАНКУРЭНТАЗДОЛЬНАСЦI ПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ КРАIНЫ. ЭНЕРГА- I РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ

Асноватворная роля ў павышэнні канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі належыць прамысловасці, якая забяспечвае ўстойлівае функцыянаванне іншых галін народнагаспадарчага комплексу, задавальненне патрэб насельніцтва ў таварах і вызначае экспартны патэнцыял краіны, яе эканамічную бяспеку і абараназдольнасць.

Устойлівыя высокія тэмпы росту прамысловай вытворчасці ў 2006-2010 гадах будуць забяспечвацца на аснове мадэрнізацыі, удасканалення галіновай і тэхналагічнай структуры вытворчасці, павышэння якасці выпускаемай прадукцыі.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю вытворчасцяў, якія выкарыстоўваюць мясцовыя сыравінныя рэсурсы — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, перапрацоўчых галін аграпрамысловага комплексу, прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.

Будуць павялічаны выпуск аптычных і оптыка-механічных прыбораў і апаратуры, сродкаў вылічальнай тэхнікі, вытворчасць бытавых прыбораў і машын, прыбораў для медыцыны, фізіялогіі і біялогіі, прадукцыі хіміка-фармацэўтычнай прамысловасці, медыцынскай тэхнікі і інш.

Развіццё паліўна-энергетычнага комплексу прадугледжвае надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне народнай гаспадаркі і насельніцтва краіны ўсімі відамі энергетычных рэсурсаў, у першую чаргу газам, электрычнай энергіяй і нафтапрадуктамі.

Важнейшымі задачамі гэтага комплексу на 2006—2010 гады з'яўляюцца:

устойлівае, экалагічна бяспечнае функцыянаванне прадпрыемстваў на аснове эфектыўнага выкарыстання паліва і энергіі;

актывізацыя мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення дзеючых энергааб'ектаў;

рэалізацыя рэспубліканскіх, рэгіянальных і галіновых праграм па энергазберажэнню;

забеспячэнне рацыянальнай структуры паліўна-энергетычнага балансу, у тым ліку за кошт павелічэння спажывання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі;

удасканаленне сістэмы кіравання прадпрыемствамі комплексу.

Вырашэнне гэтых задач дасць магчымасць знізіць энергаёмістасць ВУП на 26—30,4 працэнта.

Укараненне высокаэфектыўных парагазавых тэхналогій на дзеючых парасілавых энергаблоках Бярозаўскай ДРЭС, Гомельскай ЦЭЦ-2, Гродзенскай ЦЭЦ-2, Мазырскай ЦЭЦ, а таксама будаўніцтва новых парагазавых блокаў па утылізацыйнай схеме на Мінскай ЦЭЦ-3, Светлагорскай ЦЭЦ, Брэсцкай ЦЭЦ-2 і Мінскай ЦЭЦ-5 дасць магчымасць павялічыць вытворчасць айчыннай электраэнергіі.

Развіццё нафтаздабыўнай прамысловасці будзе накіравана на ўдасканаленне існуючых і ўкараненне новых тэхналогій інтэнсіфікацыі здабычы нафты, водаізаляцыі і павышэння нафтааддачы пластоў.

У нафтаперапрацоўчай прамысловасці прадугледжваецца рэалізацыя наступных інвестыцыйных праектаў:

ААТ «Нафтан» — аднаўленне ўстаноўкі АТ-8, рэканструкцыя вакуумнага блока АВТ-2, устаноўкі ЛЧ-35-11/600, рэканструкцыя гідраачысткі Л-24/7 блок-1, будаўніцтва вакуумнага блока ўстаноўкі «Віс- брэкінг», установак нізкатэмпературнай ізамерызацыі і запаволенага каксавання і іншых. У выніку колькасць нафты, што перапрацоўваецца за год, узрасце з 9,4 да 12 млн тон (127,7 працэнта), павялічыцца вытворчасць высокаактанавых бензінаў і нізкасярністага дызельнага паліва;

ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» — будаўніцтва комплексаў вытворчасці бензолу, алкіліравання, устаноўкі гідраачысткі бензіну ад серы каталітычнага крэкінгу, будаўніцтва ўстаноўкі ізамерызацыі. Гэта дасць магчымасць павялічыць вытворчасць бензіну еўрапейскай якасці на 20 працэнтаў, дызельнага паліва — на 5 працэнтаў, а таксама арганізаваць выпуск бензолу ў аб'ёме 55 тыс.т у год.

У чорнай металургіі асноўныя намаганні будуць пераарыентаваны з росту аб'ёмаў перапрацоўкі металургічнай сыравіны на паляпшэнне якасці яе перапрацоўкі і павышэнне тэхналагічнасці вытворчасці (павышэнне якасці прадукцыі і асваенне новых відаў вырабаў).

Асноўнымі напрамкамі развіцця хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці стануць мадэрнізацыя вытворчасці і павышэнне якасці прадукцыі, стварэнне новых відаў поліэфірных і поліамідных валокнаў, палімерных матэрыялаў, імітуючых уласцівасці натуральных валокнаў, новых відаў угнаенняў, распрацоўка і асваенне вытворчасці шын новага пакалення.

Для іх рэалізацыі прадугледжваецца ажыццявіць такія буйнамаштабныя праекты, як стварэнне ўстаноўкі бесперапыннай полікандэнсацыі атрымання грануляту ПЭТФ і арганізацыя вытворчасці высакамодульных высокатрывалых тэхнічных ніцей, стварэнне вытворчасці бікампанентных поліэфірных валокнаў у ААТ «Магілёўхімвалакно», будаўніцтва ўстаноўкі акіслення цыклагексану магутнасцю 80 тыс. тон у год і рэканструкцыя цэха карбаміду-3 з будаўніцтвам устаноўкі грануляцыі ў ААТ «Гродна Азот», будаўніцтва рудніка на Чырвонаслабодскім участку калійных солей РУП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуськалій», стварэнне вытворчасці суцэльнаметалакордных шын радыяльнай канструкцыі для кар'ернай тэхнікі ў ААТ «Белшына».

Удасканаленне машынабудаўнічага комплексу будзе ажыццяўляцца шляхам правядзення актыўнай рэканструкцыі і рэструктурызацыі ўжо існуючых прадпрыемстваў, стварэння новых экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Павышэнне канкурэнтаздольнасці галіны прадугледжваецца забяспечыць за кошт фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў, своечасовай сертыфікацыі выпускаемай прадукцыі на адпаведнасць міжнародным стандартам, стымулявання інвестыцыйна-інавацыйных працэсаў, развіцця і больш эфектыўнага выкарыстання навукова-тэхнічнага і тэхналагічнага патэнцыялу.

Далейшае развіццё атрымаюць аўтамабілебудаванне, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, мікраэлектроніка, прыборабудаванне, оптыка-механічная прамысловасць.

У радыёэлектроннай, оптыка-механічнай прамысловасці і прыборабудаванні прадугледжваецца развіццё вытворчасцяў высокадакладнага аўтаматызаванага абсталявання, што дасць магчымасць стварыць новае пакаленне інтэгральнай элементнай базы прамысловай і бытавой тэхнікі, опта- і ЗВЧ-электронікі, сучасных электратэхнічных вырабаў мікрасенсорыкі. Новая элементная база спатрэбіцца для стварэння камп'ютарных сродкаў, сродкаў сувязі, уключаючы лічбавае тэлебачанне і апаратуру кабельных сетак. У навукова-вытворчым аб'яднанні «Iнтэграл» прадугледжваецца прадаўжэнне работ па стварэнню субмікронных тэхналогій і на іх аснове канкурэнтаздольных вырабаў, якія выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, інфарматыцы, на транспарце, у сферы тэлекамунікацый і сувязі, для ваеннай тэхнікі, у медыцыне. У ААТ «Гарызонт» і на РУВП «Віцязь» будзе пачата серыйная вытворчасць лічбавых тэлевізараў, тэлевізараў на плоскіх панэлях, апаратуры для інтэрактыўных сетак кабельнага тэлебачання.

У аўтамабілебудаванні (ВА «Бел-аўтаМАЗ») прадугледжваецца паэтапнае стварэнне магутнасцяў па выпуску сямейства аўтамабільнай тэхнікі, адпаведнай нормам Еўра-3, Еўра-4, а ў далейшым і Еўра-5.

У сувязі з прагнозамі далейшага павелічэння аб'ёмаў здабычы і транспарціроўкі горнай масы ў Расійскай Федэрацыі павялічыцца выпуск велікагрузных самазвалаў на РУВП «Беларускі аўтамабільны завод».

На ВРУП «Мінскі маторны завод» будзе ажыццёўлены інвестыцыйны праект па стварэнню аўтамабільных і трактарных чатырох- і шасціцыліндравых дызельных рухавікоў. Прадоўжыцца тэхнічнае пераўзбраенне ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», накіраванае на павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці ролікавых канічных падшыпнікаў, а таксама РУВП «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» у мэтах арганізацыі вытворчасці гідрасістэм з узмацняльнікам інтэгральнага тыпу.

Важнейшым напрамкам развіцця трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання з'яўляецца тэхналагічнае і тэхнічнае абнаўленне прадпрыемстваў.

На РУП «Мінскі трактарны завод» будзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па павелічэнню вытворчай магутнасці да 75 тыс. трактароў у год.

У лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці асноўным напрамкам стане павелічэнне глыбіні перапрацоўкі драўніны, атрымае развіццё вытворчасць новых відаў прадукцыі: абліцовачных драўнінных пліт, высокамастацкіх набораў элітнай мэблі і якаснай мэблі масавага попыту, сталярна-будаўнічых вырабаў высокага ўзроўню заводскай гатоўнасці з аптымальнымі характарыстыкамі па цеплазберажэнню і шумаізаляцыі, шпалераў з нятканых матэрыялаў і ўспененага вінілу.

Нараўне з пералічанымі галінамі атрымае далейшае развіццё індустрыя спажывецкіх тавараў, дзе прадугледжваецца ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў па кардынальнаму паляпшэнню якасці прадукцыі, пашырэнню асартыменту і ўдасканаленню структуры вытворчасці на аснове выкарыстання новых тэхналогій і тэхнічных рашэнняў, ажыццяўлення інвестыцый у канкурэнтаздольныя, імпартазамяшчальныя вытворчасці, глыбокіх і ўсебаковых маркетынгавых даследаванняў.

Прадугледжваецца пашырыць асартымент і павысіць якасць прадукцыі лёгкай прамысловасці і тавараў культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння, неабходных у першую чаргу для задавальнення патрэбнасцяў ў іх сельскіх жыхароў.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена энерга- і рэсурсазберажэнню. Для Беларусі, як краіны, якая ўвозіць сыравінныя і энергетычныя рэсурсы і расходуе іх на вытворчасць адзінкі прадукцыі ў 2-3 разы больш, чым эканамічна развітыя дзяржавы, гэта мае стратэгічнае значэнне. Знізіць узровень энерга- і рэсурсаспажывання на вытворчасць адзінкі прадукцыі намячаецца за кошт укаранення навукаёмістых энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій, эканамічнага механізму стымулявання зніжэння затрат і апераджальнага развіцця вытворчасцяў на аснове новых высокіх тэхналогій.

6. РАЗВIЦЦЁ БУДАЎНIЧАГА КОМПЛЕКСУ I ЖЫЛЛЁВАЕ БУДАЎНIЦТВА

Асноўныя задачы будаўнічага комплексу — найбольш поўнае забеспячэнне патрэбнасцяў насельніцтва і народнай гаспадаркі ў высокаэфектыўнай будаўнічай прадукцыі, скарачэнне тэрмінаў і кошту будаўніцтва, зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, а таксама ўзроўню забеспячэння ўнутранага рынку рэспублікі будаўнічымі матэрыяламі (вырабамі, канструкцыямі) айчыннай вытворчасці, павелічэнне экспарту будаўнічых матэрыялаў і паслуг.

Для іх вырашэння прадугледжваюцца стварэнне новых і мадэрнізацыя дзеючых вытворчых магутнасцяў, удасканаленне праектавання і ўкараненне прагрэсіўных рашэнняў і тэхналогій, выпуск матэрыялаў і вырабаў з павышанымі спажывецкімі ўласцівасцямі, пашырэнне экспартнага патэнцыялу будаўнічай прадукцыі, актывізацыя прыцягнення ў сферу будаўніцтва інвестыцый, што павышаюць загрузку вытворчых магутнасцяў, і эфектыўнае іх выкарыстанне.

У мэтах пашырэння выпуску прагрэсіўных відаў будаўнічых матэрыялаў і канструкцый неабходна забяспечыць распрацоўку новых рэсурсазберагальных тэхналогій па вытворчасці цэменту і вапны на аснову рыхлых вільготных мергеляў і мелу па сухому спосабу, гіпсакардонных лістоў і дробных блокаў з ячэістага гіпсу, вырабу буйнаразмерных керамічных сценавых блокаў, керамічных буйнапустотных камянёў, атрыманню звязваючых кампанентаў для сухога спосабу вытворчасці мінералаватных пліт і цеплаізаляцыйных матэрыялаў.

Прадугледжваюцца мадэрнізацыя і дыверсіфікацыя заводаў буйнапанэльнага домабудавання, абнаўленне тэхнічнай базы і машыннага парку будаўнічых арганізацый, удасканаленне структуры магутнасцяў па выпуску сценавых матэрыялаў за кошт вырабаў з ячэістага бетону, арганізацыя комплекснай вытворчасці вырабаў і канструкцый для малапавярховага будаўніцтва, пашырэнне выпуску сучасных ячэіста-бетонных, дахавых, аддзелачных фасадных і цеплаізаляцыйных матэрыялаў.

Развіццё жыллёвай сферы забяспечыць стварэнне камфортнага, даўгавечнага, эканамічнага па ўтрыманню і абслугоўванню жыллёвага фонду, які можа задавольваць патрэбнасці цяперашняга і будучых пакаленняў грамадзян.

У жыллёвым будаўніцтве асноўная ўвага будзе ўдзелена ўзвядзенню жылых дамоў высокіх спажывецкіх і эксплуатацыйных якасцяў з высокай ступенню добраўпарадкавання і нізкім узроўнем энергаспажывання, забеспячэнню жыллёвага фонду надзейнымі прыборамі ўліку і рэгулявання спажывання камунальных паслуг. Прадугледжваецца ўстанаўленне заданняў па будаўніцтву жылых памяшканяў для адсялення грамадзян, якія пражываюць у старых і аварыйных жылых дамах.

Штогадовыя аб'ёмы будаўніцтва жылля будуць даведзены ў 2010 годзе да 4,5-5 млн.кв.метраў. Пры гэтым да 50 працэнтаў агульнага аб'ёму жылля павінна ўзводзіцца ў сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчах. Сярэдняя забяспечанасць жыллём дасягне 25-25,5 кв.метра на чалавека.

Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца паляпшэнню жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў, малазабяспечаных, непрацаздольных і некаторых іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Суадносіны кошту квадратнага метра жылля і сярэднямесячнай заработнай платы, якія склалі ў 2004 годзе 1,64, да 2010 года павінны зменшыцца і дасягнуць 0,9 — 1, што забяспечыць даступнасць жылля для грамадзян з сярэдняй заработнай платай, прагназуемай на канец пяцігодкі.

Будуць створаны спрыяльныя ўмовы для пазабюджэтнага фінансавання жыллёвага будаўніцтва, укаранення і развіцця сістэмы будзберажэнняў і іпатэчнага крэдытавання.

Прадугледжваюцца новыя падыходы да фарміравання крыніц фінансавання аб'ектаў інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры ў раёнах жылой забудовы шляхам развіцця эканамічных метадаў кіравання зямельнымі рэсурсамі, уключаючы арганізацыю і правядзенне аўкцыёнаў на права заключэння юрыдычнымі і фізічнымі асобамі дагавораў арэнды зямельных участкаў у гарадскіх паселішчах (перш за ўсё ў г.Мінску, абласных цэнтрах, іншых гарадах абласнога падпарадкавання, а таксама ў зонах перспектыўнага развіцця названых гарадоў) з улікам кадастравага кошту і функцыянальнага выкарыстання зямель.

7. РАЗВIЦЦЁ АГРАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ

Асноўныя задачы развіцця аграпрамысловага комплексу — фарміраванне эфектыўнай, устойлівай і канкурэнтаздольнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, арыентацыя на задавальненне попыту ўнутранага рынку і павелічэнне паставак на экспарт, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця сельскага насельніцтва.

Вырашэнне гэтых задач запатрабуе:

забеспячэння рэнтабельнай вытворчасці прадукцыі і павышэння яе канкурэнтаздольнасці на ўнутраным і знешнім рынках;

распрацоўкі і ўкаранення новых тэхналогій, машын і абсталявання для вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі;

стварэння высокапрадукцыйных, устойлівых сартоў раслін і парод жывёл, сродкаў іх аховы, у тым ліку з выкарыстаннем генна-інжынерных тэхналогій;

распрацоўкі сістэмы рацыянальнага выкарыстання глебавых рэсурсаў, эфектыўных метадаў аховы глеб ад дэградацыі і ўзнаўлення ўрадлівасці глеб на аснове рэсурсазберагальных і адаптыўных тэхналогій;

забеспячэння фінансавай устойлівасці сельскагаспадарчых арганізацый;

дыверсіфікацыі занятасці, развіцця базавых сельскіх населеных пунктаў са стварэннем у іх комплексу неабходных сацыяльных паслуг па абслугоўванню насельніцтва, якое пражывае ў гэтых і прылеглых да іх пунктах;

павышэння ролі асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян у стварэнні харчовай бяспекі краіны.

У першую чаргу будзе забяспечана мадэрнізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове яе тэхнічнага і тэхналагічнага перааснашчэння. Новы парк машын прадугледжваецца камплектаваць пераважна шматфункцыянальнымі, універсальна-камбінаванымі агрэгатамі. Будзе перааснашчана зернеачышчальна-сушыльная гаспадарка.

Мадэрнізацыя жывёлагадоўлі плануецца на аснове рэканструкцыі існуючых вытворчых магутнасцяў і іх тэхнічнага пераўзбраення, будуць рэканструяваны і аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем 81 комплекс па гадоўлі і адкорму буйной рагатай жывёлы, 87 — па гадоўлі і адкорму свіней, 32 птушкафабрыкі, 859 буйных малочнатаварных ферм.

Рост эфектыўнасці земляробства магчымы за кошт павышэння ўрадлівасці глеб шляхам удасканалення сістэмы забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый мінеральнымі ўгнаеннямі, павелічэння аб'ёмаў работ па вапнаванню кіслых ворных зямель, інтэнсіфікацыі выкарыстання іх меліярацыйнага фонду.

Важнейшым напрамкам развіцця аграрнага сектара эканомікі стане максімальнае выкарыстанне інавацый. Прадугледжаны стварэнне новых высокапрадукцыйных сартоў і гібрыдаў бульбы, лёну, рапсу, цукровых буракоў, збожжавых і кармавых культур, агародніны з выкарыстаннем як традыцыйнай селекцыі, так і геннай інжынерыі, распрацоўка сучасных эфектыўных тэхналогій апрацоўкі глебы, адаптыўных метадаў вядзення земляробства, новых метадаў аховы сельскагаспадарчых раслін з выкарыстаннем біятэхналогій.

У мэтах далейшага паглыблення спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці неабходна правесці аптымізацыю структуры пасяўных плошчаў у адпаведнасці з глебава-кліматычнымі ўмовамі кожнага рэгіёну, укараніць занальныя сістэмы земляробства, якія грунтуюцца на вырошчванні высокадаходных сельскагаспадарчых культур і прымяненні энергазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць высокі ўзровень акупнасці інвестыцый, вызначыць вытворчасць эканамічна выгадных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Далейшае развіццё атрымаюць усе формы ўласнасці і гаспадарання. Iнстытуцыянальныя пераўтварэнні прадугледжваецца ажыццяўляць на базе кааперацыі і інтэграцыі з фарміраваннем рознаўзроўневых шматгаліновых і вузкаспецыялізаваных аб'яднанняў, якія ахопліваюць тэхналагічныя ланцужкі ад вытворчасці сыравіны да яе перапрацоўкі і рэалізацыі прадуктаў харчавання. Перспектыўнымі формамі інтэграцыйных утварэнняў будуць аграфірмы, агракамбінаты, фінансава-прамысловыя групы, саюзы, буйныя карпарацыі — мадэлі АПК, якія развіваюцца ў асноўным за кошт уласных рэсурсаў.

Значна будзе павышаны ўзровень і якасць жыцця сельскага насельніцтва. У гэтых мэтах неабходна:

стварыць умовы для росту даходаў работнікаў, занятых у аграрнай сферы: іх сярэднямесячную заработную плату да 2010 года прагназуецца давесці да 320-360 долараў ЗША у эквіваленце;

пашырыць сферу занятасці ў сельскай мясцовасці, стварыць альтэрнатыўныя рабочыя месцы;

забяспечыць даступнасць для сельскіх жыхароў комплексу неабходных сацыяльных паслуг;

весці будаўніцтва жылля і аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы.

Рэалізацыя гэтых і іншых мерапрыемстваў дасць магчымасць павысіць прывабнасць сельскагаспадарчай працы і сельскага ладу жыцця, прыпыніць адток найбольш дзеяздольнай часткі сельскага насельніцтва (у асноўным моладзі) у горад, забяспечыць галіну высокакваліфікаванымі кадрамі і істотна павялічыць эфектыўнасць аграрнай вытворчасці. За кошт матывацыйнага і тэхніка-тэхналагічнага фактараў намячаецца павысіць прадукцыйнасць працы ў 1,5 раза.

У выніку выканання намечаных мерапрыемстваў прырост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за 2006-2010 гады складзе 34-45 працэнтаў.

Асноўнымі напрамкамі развіцця галін перапрацоўчай прамысловасці стануць пашырэнне асартыменту і павышэнне якасці прадукцыі шляхам укаранення дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, мадэрнізацыі і тэхнічнага перааснашчэння дзеючых прадпрыемстваў, пераходу на новыя рэсурсазберагальныя тэхналогіі, якія могуць забяспечыць глыбокую перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена павелічэнню выпуску кансерваў для дзяцей на малочнай, мясной і плодаагародніннай аснове, сухіх малочных сумесяў, а таксама абагачэнню прадуктаў вітамінамі, амінакіслотамі і мікраэлементамі.

Развіццё аграпрамысловага комплеску ў гэтым пяцігоддзі будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады.

8. РАЗВIЦЦЁ СФЕРЫ ПАСЛУГ

Асноўнай задачай развіцця сферы паслуг на бягучае пяцігоддзе з'яўляецца задавальненне патрэбнасцяў нацыянальнай эканомікі і насельніцтва ў шырокім спектры высакаякасных паслуг па даступных цэнах.

Трэба будзе забяспечыць апераджальныя тэмпы развіцця гэтага сектара эканомікі, значна павысіць узровень канкурэнтаздольнасці паслуг, якія выконваюцца айчыннымі арганізацыямі, на ўнутраным і знешніх рынках. Для гэтага прадугледжваюцца далейшае ўдасканаленне адпаведнай інфраструктуры, стымуляванне прытоку інвестыцый у гэту сферу, стварэнне дадатковых рабочых месцаў, пашырэнне перспектыўных для краіны знешніх рынкаў паслуг і павелічэнне аб'ёмаў экспарту, укараненне сістэм кіравання якасцю, адпаведных міжнародным стандартам.

Прадугледжваецца ажыццявіць структурныя зрухі ў сферы паслуг за кошт апераджальнага развіцця новых відаў — паслугі Iнтэрнэт, мабільнай сувязі, дадатковыя віды паштовых паслуг, а таксама паслугі, якія ўтвараюць інфраструктуру рыначнай гаспадаркі, — банкаўскія, страхавыя, інфармацыйныя, прававыя і іншыя.

Вялікая ўвага па-ранейшаму будзе ўдзяляцца развіццю паслуг транспарту і сувязі. Найбольш хуткімі тэмпамі намячаецца павялічыць перавозкі аўтамабільным і паветраным транспартам.

Асноўным напрамкам стане адміністрацыйная і эканамічная падтрымка бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці, удасканаленне сельскай службы быту. Для паляпшэння бытавога абслугоўвання сельскіх жыхароў плануецца прадоўжыць аднаўленне, мадэрнізацыю і адкрыццё новых сельскіх комплексных прыёмных пунктаў, а таксама пашырыць выязное абслугоўванне і асваенне работнікамі галіны сумежных прафесій.

У сувязі з пераходам да постіндустрыяльнага інфармацыйнага грамадства прадугледжваецца істотна павялічыць аб'ёмы рэалізацыі інфармацыйных паслуг (інфарматыкі, тэлекамунікацый, электроннай сувязі), што дасць магчымасць сфарміраваць такія важнейшыя складальнікі эканамічнага росту, як навуковыя веды, нематэрыяльныя формы накаплення, інфармацыйныя тэхналогіі.

Асаблівай увагі патрабуюць паслугі, якія садзейнічаюць актывізацыі чалавечага фактару ў эканоміцы і вызначаюць якасць жыцця насельніцтва, — развіццё эфектыўнай сістэмы навукі, адукацыі, аховы здароўя, а таксама паслугі, звязаныя з падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай кадраў, рацыяналізацыяй быту, арганізацыяй вольнага часу.

Трэба будзе павысіць значнасць паслуг, звязаных з крэдытаваннем арганізацый, фермерскіх гаспадарак, індывідуальнага прадпрымальніцтва і атрымання адукацыі. Далейшае развіццё будуць мець рыэлтэрскія паслугі і паслугі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, што аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі. Прадугледжваецца прыняць меры па пашырэнню спектра прадастаўляемых паслуг у галіне кіравання прадпрыемствамі і інавацыямі ў навукова-тэхнічнай сферы, стварэнню спрыяльных умоў для пашырэння попыту на іх.

Аб'ём рэалізацыі ўсіх відаў паслуг у 2010 годзе павялічыцца ў параўнанні 2005 годам у 1,5-1,6 раза, а іх доля ў ВУП узрасце да 48 працэнтаў.

9. ПАЛЯПШЭННЕ МАКРАЭКАНАМIЧНЫХ УМОЎ

Для забеспячэння ўстойлівага росту эканомікі прадугледжваецца далейшае ўдасканаленне бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і цэнавай палітыкі, развіццё рыначнай інфраструктуры, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

9.1. Бюджэтна-падатковая палітыка

Бюджэтна-падатковая палітыка ў бягучым пяцігоддзі будзе накіравана на стварэнне макраэканамічных умоў для стымуляваня эканамічнага росту і структурнай перабудовы эканомікі, зніжэнне падатковай нагрузкі і павышэнне жыццёвага ўзроўню народа.

У галіне падатковай палітыкі ў 2006-2010 гадах будзе прадоўжана падатковая рэформа, якая забяспечыць замацаванне існуючых станоўчых тэндэнцый у галіне падаткаабкладання і павышэнне эфектыўнасці падатковай сістэмы ў цэлым, арыентацыю яе на эканамічнае развіццё і далейшае нарошчванне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Адным з важнейшых напрамкаў падатковай рэформы стане спрашчэнне падатковай сістэмы і рэальнае зніжэнне падатковага цяжару на эканоміку.

У мэтах удасканалення падатковай сістэмы будуць рэалізаваны наступныя мерапрыемствы:

паляпшэнне падатковай структуры за кошт павышэння долі і значэння прамога падаткаабкладання, прымянення агульнапрынятых мадэлей пабудовы асноўных падаткаў і збораў, перагляду прымяняльных падатковых ільгот, пашырэння падатковай базы кожнага з устаноўленых падаткаў і збораў;

зніжэнне нагрузкі на фонд заработнай платы;

аптымізацыя ставак і ўдасканалення механізму выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і адлічэнняў у дзяржаўны фонд садзейнічання занятасці;

павышэнне стымулюючай ролі мытнай палітыкі;

выраўноўванне ўмоў падаткаабкладання для ўсіх катэгорый плацельшчыкаў шляхам аптымізацыі падатковых ставак;

удасканаленне сістэмы падатковага адміністравання, якое павінна забяспечваць зніжэнне ўзроўню выдаткаў выканання падатковага заканадаўства як для дзяржавы, так і для плацельшчыкаў;

аптымізацыя суадносінаў рэспубліканскіх і мясцовых падаткаў і збораў з арыентацыяй на павышэнне ролі і пашырэнне самастойнасці мясцовых бюджэтаў за кошт павелічэння ўдзельнай вагі маёмасных падаткаў і экалагічных плацяжоў.

Пры захаванні высокага ўзроўню сацыяльных расходаў бюджэтная палітыка ў 2006-2010 гадах будзе накіравана на:

стварэнне ўмоў для поўнага і ўстойлівага выканання фінансавых абавязацельстваў дзяржавы і канцэнтрацыю рэсурсаў бюджэту на вырашэнні ключавых задач пры адначасовым скарачэнні неэфектыўных расходаў;

забеспячэнне эфектыўнай работы сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі на ўсіх стадыях бюджэтнага працэсу, уключаючы фарміраванне новых сістэм фінансавай падтрымкі рэгіёнаў;

прыняцце мераў па ўдасканаленню працэдур дзяржаўных закупак, устараненню парушэнняў у гэтай сферы.

9.2. Грашова-крэдытная палітыка

Стратэгічныя мэты грашова-крэдытнай палітыкі ў 2006-2010 гадах — забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання грашова-крэдытнай сістэмы, яе садзейнічанне дасягненню ўстойлівага эканамічнага росту, павышэнню рэальных грашовых даходаў насельніцтва, росту інвестыцый і зберажэнняў.

Грашова-крэдытная палітыка будзе накіравана на зніжэнне ўзроўню інфляцыі з дапамогай манетарных інструментаў нараўне з мерамі агульнай эканамічнай палітыкі. Прадугледжваецца таксама забеспячэнне ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупной здольнасці і абменнага курсу ў адносінах да замежных валют.

Асноўныя задачы развіцця банкаўскай сістэмы краіны:

павышэнне ўстойлівасці банкаў, павелічэнне іх капіталу і рэсурснай базы;

аптымізацыя структуры актываў і пасіваў банкаў для павелічэння аб'ёмаў доўгатэрміновага крэдытавання рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва;

пашырэнне складу і паляпшэнне якасці банкаўскіх паслуг, развіццё інфармацыйных і новых банкаўскіх тэхналогій.

Тэмпы нарошчвання грашовага прапанавання ў нацыянальнай валюце будуць вытрымлівацца ў адпаведнасці з попытам эканомікі на грошы і з мэтавым параметрам інфляцыі, дапушчальны ўзровень якога да 2010 года не павінен перавысіць 5 працэнтаў. Пры гэтым валавыя крэдыты банкаў павялічацца ў 2,7 раза.

Прадоўжыцца працэс узаемавыгаднага збліжэння грашовых сістэм і банкаўскіх сектараў Рэспублікі Беларусь і іншых краін СНД, перш за ўсё Расійскай Федэрацыі, у рамках функцыянавання Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных утварэнняў.

9.3. Цэнавая палітыка і стварэнне канкурэнтнага асяроддзя

Важнейшымі напрамкамі цэнавай палітыкі вызначаны фарміраванне механізму, які стымулюе структурную перабудову эканомікі, стварэнне ўмоў для павышэння эфектыўнасці функцыянавання і канкурэнтаздольнасці галін эканомікі, стабільны рост жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны. Для дасягнення гэтых мэтаў прадугледжваецца правядзенне ўзважанай цэнавай палітыкі, якая грунтуецца на гібкім спалучэнні свабодных і рэгулюемых цэн.

Асноўныя задачы ў галіне цэнаўтварэння:

скарачэнне цэнавых дыспрапорцый;

удасканаленне механізмаў цэнавага рэгулявання, накіраваных на стварэнне бар'ераў для неапраўданага росту выдаткаў і ўстанаўлення завышаных цэн, у тым ліку і для суб'ектаў натуральных манаполій;

рэгуляванне ўнутранага ўзроўню цэн з улікам цэн у сумежных краінах для абароны эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.

Антыманапольная палітыка будзе накіравана на стварэнне ўмоў для роўнай, добрасумленнай канкурэнцыі вытворцаў на нацыянальным рынку пры дапамозе:

прадухілення, абмежавання і спынення манапалістычнай дзейнасці суб'ектаў гаспадарання і дзяржаўных органаў кіравання;

спынення нядобрасумленнай канкурэнцыі;

забеспячэння прававой абароненасці добрасумленнай канкурэнцыі;

садзейнічання развіццю канкурэнцыі на таварных рынках краіны;

кантролю за эканамічнай канцэнтрацыяй;

удасканалення рэгулявання дзейнасці натуральных манаполій;

прывядзення антыманапольнага рэгулявання з улікам адкрытасці нацыянальнай эканомікі ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі.

9.4. Iнстытуцыянальныя пераўтварэнні і развіццё рыначнай інфраструктуры

Важнейшай задачай у інстытуцыянальнай галіне будзе развіццё сістэмы інстытутаў, неабходных для мабілізацыі фінансавых рэсурсаў на мадэрнізацыю эканомікі, павышэнне яе эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці на аснове ўкаранення і распаўсюджвання новых тэхналогій.

Для гэтага прадугледжваюцца:

актывізацыя рынку карпаратыўных папер;

пашырэнне спектра інструментаў фондавага рынку;

удасканаленне фінансавых паслуг, што аказваюцца нябанкаўскімі інстытуцыянальнымі інвестарамі (інвестыцыйныя фонды, фінансавыя, лізінгавыя, траставыя, страхавыя кампаніі);

развіццё спецыялізаваных нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых інстытутаў, якія садзейнічаюць накапленню і пераразмеркаванню капіталаў (інстытут крэдытнай кааперацыі);

актывізацыя развіцця сістэмы фінансавых рынкаў і інстытутаў, уключаючы банкаўскі сектар і сетку нябанкаўскіх фінансавых арганізацый (партфельныя фонды, фонды венчурнага (рызыкоўнага) капіталу, лізінгавыя і факторынгавыя кампаніі, страхавыя кампаніі);

фарміраванне эфектыўнай сістэмы фінансавага пасрэдніцтва ў эканоміцы, што запатрабуе развіцця даверу да інстытутаў фінансавага пасрэдніцтва.

Для далейшага развіцця страхавой дзейнасці неабходна:

развіваць добраахвотныя віды страхавання, уключаючы віды страхавання, якія адносяцца да страхавання жыцця;

удасканаліць парадак фарміравання страхавых рэзерваў;

увесці абавязковыя віды страхавання ў сферах, звязаных з найбольшымі рызыкамі, у тым ліку абавязковае страхаванне жылых памяшканняў пры іпатэчным жыллёвым крэдытным страхаванні;

павысіць капіталаёмістасць страхавых арганізацый;

сфарміраваць нацыянальную сістэму экспартных крэдытаў.

9.5. Развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва

Дзяржаўная палітыка падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва будзе накіравана на стварэнне арганізацыйных, прававых і эканамічных умоў, якія садзейнічаюць дынамічнаму і ўстойліваму развіццю гэтага сектара эканомікі, фарміраванню рацыянальнай галіновай структуры прадпрымальніцкай дзейнасці, стымуляванню развіцця прадпрымальніцтва ў малых гарадскіх паселішчах і сельскай мясцовасці.

Для гэтага прадугледжваюцца:

комплекснае ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе дзейнасць суб'ектаў малога прадпрымальніцтва;

забеспячэнне каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый па аказанню падтрымкі малому і сярэдняму прадпрымальніцтву;

стварэнне спрыяльных умоў для доступу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва да крэдытна-фінансавых рэсурсаў, уключаючы далейшае развіццё механізмаў мікрафінансавання, спрашчэнне працэдуры атрымання мікракрэдытаў, укараненне механізмаў гарантавання вяртання мікракрэдытаў, а таксама да матэрыяльна-тэхнічных і інфармацыйных рэсурсаў, навукова-тэхнічных распрацовак, новых і высокіх тэхналогій;

далейшае пашырэнне і ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для прадпрымальніцтва;

актывізацыя вытворчай, інавацыйнай, інвестыцыйнай, знешнеэканамічнай дзейнасці і нарошчванне экспартнага патэнцыялу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва на аснове павышэння ўзроўню канкурэнтаздольнасці прадукцыі, што імі выпускаецца;

арганізацыя ўзаемадзеяння малых вытворчых прадпрыемстваў з буйнымі шляхам развіцця кааператыўных сувязей.

Да 2010 года доля валавога ўнутранага прадукту, вырабленага суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у агульным аб'ёме ВУП дасягне 20 — 22 працэнты.

10. ЗНЕШНЕЭКАНАМIЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ I НАРОШЧВАННЕ ЭКСПАРТУ

Асноўнымі напрамкамі знешнеэканамічнай дзейнасці павінны стаць пашырэнне экспарту, рацыяналізацыя аб'ёму і структуры імпарту, паглыбленне ўзаемадзеяння з сусветным рынкам, ажыццяўленне эфектыўнай знешнегандлёвай палітыкі, узаемаўвязанай з макраэканамічнай і прамысловай палітыкай, якія забяспечваюць дынамічнае развіццё знешнеэканамічнага комплексу краіны і абарону інтарэсаў нацыянальнага рынку ад неспрыяльнага ўздзеяння сусветнай кан'юнктуры.

Для гэтага спатрэбяцца:

узмацненне канкурэнтных пазіцый на сусветных рынках традыцыйных беларускіх вытворцаў-экспарцёраў за кошт зніжэння затрат на вытворчасць экспартнай прадукцыі, укаранення новых тэхналогій, якія забяспечваюць адпаведнасць гэтай прадукцыі патрабаванням міжнародных стандартаў;

актывізацыя імпартазамяшчэння;

стварэнне новых экспартаарыентаваных вытворчасцяў на аснове айчынных навукова-тэхнічных распрацовак;

павышэнне долі навукаёмістай прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту;

актыўнае прымяненне новых формаў гандлю (стварэнне беларускіх гандлёвых кампаній за мяжой, фінансава-прамысловых груп з замежнымі партнёрамі, экспарт тэхналогій, адкрыццё зборачных вытворчасцяў з адначасовым фарміраваннем сетак тэхнічных цэнтраў, прадстаўніцтваў прадпрыемстваў у краінах блізкага і далёкага замежжа);

прыцягненне замежных фінансавых рэсурсаў, уключаючы прамыя замежныя інвестыцыі;

аптымізацыя і збалансаванасць гандлёвых і плацежных адносінаў у знешнім гандлі;

замацаванне міжнароднай спецыялізацыі беларускай эканомікі на аснове традыцыйных экспартных пазіцый (грузавыя аўтамабілі, трактары, прадукцыя нафтахімічнага комплексу і льнаводства), а таксама ўкараненне ў новыя рыначныя нішы айчыннай прадукцыі, створанай з выкарыстаннем высокіх тэхналогій;

удасканаленне механізму кіравання і рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці;

фарміраванне мытнай палітыкі краіны з улікам яе міжнародных абавязацельстваў і ў рамках пагадненняў з Расійскай Федэрацыяй.

Прадугледжваецца далейшае развіццё экспарту паслуг — важнай крыніцы валютных паступленняў, якая не патрабуе вялікіх інвестыцый. У структуры іх экспарту першараднае значэнне будуць мець развіццё паслуг транспарту, сувязі, паслуг, звязаных з абслугоўваннем інфраструктуы рыначнай гаспадаркі (банкаўскія, страхавыя, прававыя, маркетынгавыя, кансалтынгавыя, інфармацыйныя), а таксама прасоўванне на знешнія рынкі паслуг, якія садзейнічаюць актывізацыі чалавечага фактару (інтэлектуальныя, адукацыйныя, медыцынскія, прафесійныя, турысцкія), паслуг ваенна-тэхнічнага прызначэння.

У сістэме знешнеэканамічных сувязяў важнейшая роля належыць супрацоўніцтву ў рамках эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, умацаванню і паглыбленаму развіццю сувязяў з дзяржавамі — удзельніцамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама з іншымі інтэграцыйнымі ўтварэннямі.

Далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў з Расійскай Федэрацыяй будзе ажыццяўляцца ў рамках Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Неабходна прадоўжыць фарміраванне агульнай эканамічнай прасторы на аснове развіцця свабоднага гандлю, плацежнага саюза, адзінай навукова-тэхналагічнай, інвестыцыйнай і інфармацыйнай прасторы, аб'яднанай транспартнай і энергетычнай сістэмы.

Развіццё інтэграцыйных сувязяў з краінамі па-за СНД прадугледжваецца накіраваць на забеспячэнне збалансаванасці гандлёвых аперацый і стварэнне ўмоў для замацавання беларускіх вытворцаў на асвоеных рынках і пашырэння геаграфіі экспартных рынкаў, а таксама на завяршэнне працэсу далучэння Рэспублікі Беларусь да СГА.

Актывізацыя супрацоўніцтва з такімі міжнароднымі фінансавымі і эканамічнымі арганізацыямі, як Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Праграма развіцця ААН, Еўрапейская эканамічная камісія ААН, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па прамысловаму развіццю (ЮНIДА), будзе садзейнічаць дадатковаму прыцягненню крэдытных рэсурсаў і тэхнічнай дапамогі для развіцця нацыянальнай эканомікі, пашырэнню ўдзелу міжнароднага супольніцтва ў вырашэнні доўгатэрміновых сацыяльна-эканамічных, навукова-тэхнічных і медыцынскіх праблем, звязаных з пераадоленнем наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Адзін з напрамкаў актывізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці — развіццё свабодных эканамічных зон у мэтах нарошчвання экспартнага патэнцыялу, развіцця імпартазамяшчальных вытворчасцяў, арганізацыі новых рабочых месцаў з улікам праводзімай структурна-інвестыцыйнай палітыкі, стварэння полюсаў паскоранага росту шляхам прыцягнення беларускага і замежнага капіталу, а таксама ўкаранення перадавых тэхналогій.

11. РЭГIЯНАЛЬНАЯ ПАЛIТЫКА I РАЗВIЦЦЁ МАЛЫХ ГАРАДОЎ

Рэгіянальная эканамічная палітыка прадугледжвае забеспячэнне росту дабрабыту насельніцтва незалежна ад месца яго пражывання, павышэнне ўзроўню комплекснага развіцця прадукцыйных сіл і канкурэнтаздольнасці эканомікі рэгіёнаў. Пры агульным росце ўзроўню дабрабыту насельніцтва важнейшай задачай становіцца апераджальнае павелічэнне даходаў і паляпшэнне ўмоў пражывання жыхароў тых рэгіёнаў, дзе гэтыя паказчыкі ніжэйшыя, чым у сярэднім па краіне.

Для павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей у праблемных рэгіёнах неабходна:

стварыць умовы для актывізацыі інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, развіцця прадпрымальніцтва, асабліва ў галінах, здольных забяспечыць хуткую аддачу ад укладзеных сродкаў;

актывізаваць дзейнасць у новых сферах прыкладання працы (прыгранічны сэрвіс, абслугоўванне транспартных калідораў, турызм і іншыя), у першую чаргу ў раёнах, дзе ёсць аб'ектыўныя перадумовы для іх фарміравання;

забяспечыць першачарговае развіццё вытворчасцяў і відаў дзейнасці, арыентаваных на выкарыстанне мясцовых рэсурсаў;

павысіць узровень комплекснасці развіцця сацыяльнай інфраструктуры, перш за ўсё ў раёнах з больш нізкім развіццём сеткі яе ўстаноў;

забяспечыць дзяржаўную падтрымку рэгіёнаў з істотнай доляй неэфектыўна працуючых прадпрыемстваў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама малых гарадскіх паселішчаў з адным горадаўтваральным прадпрыемствам.

Асаблівай увагі з боку дзяржавы патрабуюць праблемы развіцця малых гарадоў. У іх прадугледжваюцца паскоранае развіццё будаўніцтва жылля і сферы паслуг, стварэнне новых рабочых месцаў.

Будзе праводзіцца мэтанакіраваная палітыка стымулявання размяшчэння новых прадпрыемстваў, філіялаў і цэхаў дзеючых вытворчасцяў, а таксама пашырэння сферы прадпрымальніцтва, звязанага з абслугоўваннем насельніцтва, сельскай гаспадаркай, перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі і выпускам прадукцыі з мясцовай сыравіны.

12. ЗАБЕСПЯЧЭННЕ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМIЧНАЙ БЯСПЕКI КРАIНЫ

У мэтах забеспячэння эканамічнай бяспекі краіны прадугледжваюцца своечасовае выяўленне негатыўных фактараў і тэндэнцый у сацыяльна-эканамічным развіцці, вызначэнне знешніх і ўнутраных пагроз нацыянальным інтарэсам і ўстойлівасці развіцця эканомікі — павышэнне цэн на паліўна-энергетычныя рэсурсы, недахоп сродкаў на абнаўленне асноўных фондаў, пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі і іншыя.

Для забеспячэння вытворчай бяспекі намечана далейшае падтрыманне стабільных тэмпаў эканамічнага росту, пераважнае развіццё галін з высокай дабаўленай вартасцю і рэнтабельнасцю, менш матэрыялаёмістых і ў большай ступені арыентаваных на мясцовыя рэсурсы і канкурэнтныя перавагі Рэспублікі Беларусь.

Навукова-тэхнічная бяспека будзе гарантавацца павышэннем канкурэнтаздольнасці вырабленай у краіне прадукцыі, інтэнсіўным развіццём навукі і тэхналогій, якія забяспечваюць структурную перабудову і мадэрнізацыю эканомікі, вырашэннем праблем імпартазамяшчэння і рэсурсазберажэння, стварэннем інавацыйнай інфраструктуры.

Павышэнне энергетычнай бяспекі адбудзецца за кошт актыўнага правядзення энергазберагальнай палітыкі, укаранення энергазберагальных тэхналогій, дыверсіфікацыі крыніц атрымання энергарэсурсаў. Прадугледжваюцца выкарыстанне альтэрнатыўных энерганосьбітаў, а таксама пашырэнне мясцовых крыніц энергіі, што дасць магчымасць істотна павялічыць долю ўласных энергарэсурсаў.

Для забеспячэння харчовай бяспекі будзе праведзена далейшае ўмацаванне ўласнай вытворчасці прадукцыі на аснове дынамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу ў мэтах забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання, прамысловасці — сыравінай у аб'ёмах, неабходных для эканамічнага росту, павелічэння экспарту пры скарачэнні да рацыянальнага ўзроўню імпарту харчовых тавараў.

Фінансавая бяспека будзе забяспечана пры дапамозе зніжэння інфляцыі, падтрымання стабільнага абменнага курсу беларускага рубля, далейшага павелічэння золатавалютных рэзерваў, змяншэння колькасці стратных прадпрыемстваў, кантролю за ўнутраным і знешнім доўгам.

Сацыяльную бяспеку прадугледжваецца забяспечыць за кошт зніжэння ўзроўню малазабяспечанасці, недапушчэння празмернай дыферэнцыяцыі даходаў розных груп насельніцтва, кантролю за беспрацоўем, развіцця адраснай сацыяльнай дапамогі, падтрымання сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, захавання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

Асноўнай задачай у сферы знешнеэканамічнай бяспекі з'яўляецца далейшае развіццё шматвектарных гандлёвых сувязяў, нарошчванне экспартных паставак, аптымізацыя аб'ёму і структуры імпарту.

Забеспячэнню сацыяльна-эканамічнай бяспекі краіны будуць садзейнічаць прыняцце адпаведных нарматыўных прававых актаў, а таксама аператыўнае кіраванне эканамічнымі працэсамі на мікра- і макраўзроўні пры дапамозе правядзення маніторынгу пагроз эканамічнай бяспецы краіны.

Прадугледжваюцца прыняцце і рэалізацыя Дзяржаўнай стратэгіі забеспячэння эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

13. УДАСКАНАЛЕННЕ ДЗЯРЖАЎНАГА КIРАВАННЯ

Па меры дасягнення поспехаў у развіцці рэспублікі, яе руху наперад да сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, дэмакратыі і сталай грамадзянскай супольнасці ў краіне будуць узмацняцца працэсы трансфармацыі грамадскіх адносінаў, сацыяльных і палітычных структур дзяржавы. Галоўная сутнасць гэтых працэсаў — канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на патрэбнасцях і інтарэсах чалавека, актывізацыі яго сацыяльнай ролі, развіцці ініцыятывы і прадпрымальнасці, узмацненні грамадзянскай адказнасці.

Кожны жыхар Беларусі павінен адчуць павышаную ўвагу і падтрымку ва ўсіх галінах, звязаных з жыццядзейнасцю, — у эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя, сферы бытавых паслуг.

У гэтых мэтах будуць удасканальвацца структура і функцыі органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляцца дэбюракратызацыя дзяржаўных паслуг і павышацца іх якасць, укараняцца эфектыўныя мадэлі работы з насельніцтвам на аснове заяўнага прынцыпу «адно акно», прымяняцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў дзейнасці дзяржаўнага апарату пры прыняцці рашэнняў.

Адной з важнейшых задач павінна стаць фарміраванне адзінай нацыянальнай інфармацыйнай сеткі, якая будзе аб'ядноўваць лакальныя сеткі дзяржаўных органаў усіх узроўняў і звёнаў.

Галоўным патрабаваннем, якое выстаўляецца да работы кадраў дзяржаўных органаў у бягучым пяцігоддзі, з'яўляецца павышэнне яе эфектыўнасці, празрыстасці, падсправаздачнасці грамадзянам. Важным крокам у гэтай справе будзе правядзенне дзейснай кадравай палітыкі, накіраванай на ўдасканаленне інстытута дзяржаўнай службы, падрыхтоўку кіраўніцкага корпуса да вырашэння прынцыпова новых задач і асваення новых формаў і метадаў кіравання, прыцягненне ў сферу кіравання высокакваліфікаваных кіраўнікоў з кадравага рэзерву, а таксама ўдасканаленне сістэмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі дзяржаўных служачых, вызначэнне маральна-этычных стандартаў іх паводзін.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, у тым ліку аптымізацыі паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на аснове ўзмацнення ролі органаў базавага і пярвічнага ўзроўняў, удасканаленню кіравання дзяржаўнай уласнасцю, пошуку новых арганізацыйных формаў кіравання.

***

Вынікамі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады будуць:

устойлівае інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі;

усебаковае гарманічнае развіццё чалавека на аснове павышэння рэальных грашовых даходаў, якаснага ўдасканалення сістэмы адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, жыллёвага будаўніцтва і іншых;

паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, павышэнне ўзроўню нараджальнасці, павелічэнне працягласці жыцця;

значнае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця сельскага насельніцтва, пашырэнне будаўніцтва жылля і аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы;

павышэнне ўзроўню комплекснасці сацыяльна-эканамічнага развіцця абласцей, раёнаў і гарадоў.

Кожны жыхар нашай краіны адчуе рэальны клопат, на самай справе пераканаецца, што жыве ў сацыяльна справядлівай дзяржаве.

Табліца

ВЫКАНАННЕ ЗАДАННЯЎ ПРАГРАМЫ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМIЧНАГА РАЗВIЦЦЯ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ НА 2001—2005 ГАДЫ, У ПРАЦЭНТАХ

Праграмныя паказчыкі Выкананне 2005 год
да 1990 года да 1995 года

Валавы ўнутраны прадукт 135—140 143,1 127 1,9 раза

Прадукцыя прамысловасці 128—132 151,8 153 2,5 раза

Прадукцыя сельскай гаспадаркі 122—128 125,7 90 1,2 раза

Iнвестыцыі ў асноўны капітал 160—170 184 95 2,5 раза

Вытворчасць спажывецкіх тавараў 142—147 150,4 166 2,8 раза

у тым ліку:

харчовых 139—144 151,1 117 2,3 раза

нехарчовых 146—152 150,4 198 3,4 раза

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва 158—163 176,7 175 3,4 раза

Рэальная заработная плата 180—185 207,0 195 3,5 раза


Асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 – 2010 гады

(у супастаўных цэнах, у працэнтах да папярэдняга года)

Гады

2006 2010 2010 год у працэнтах да 2005 года

Валавы ўнутраны прадукт* 107 – 108,5 108,5 – 110 146 – 155

Прадукцыя прамысловасці* 106,5 – 108 108 – 109,5 143 – 151

Прадукцыя сельскай гаспадаркі 106 – 108 106,5 – 108 134 – 145

Інвестыцыі ў асноўны капітал 113 – 114 111 – 112 165 – 175

Вытворчасць спажывецкіх тавараў 108 – 109 109 – 110 150 – 157

у тым ліку:

харчовых 108,5 – 109,5 109 – 110 151 – 158

нехарчовых 107,5 – 108,5 109 – 110 150 – 157

Аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі** – усяго 108,3 – 109,3 109,8 – 110,8 153 – 160

у тым ліку:

экспарту 108,5 – 109,5 110 – 111 155 – 162

імпарту 108 – 109 109,5 – 110,5 151 – 158

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва 107 – 108,5 109,5 – 110,5 149 – 156

Рэальная заработная плата 108 – 109 109,5 – 110 152 – 158

Рознічны тавараабарот 109 – 110,5 110 – 111 157 – 165

Платныя паслугі насельніцтву 108-109 110 – 111 154 – 161

Зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (-6) – -(-7) (-5,5) – (-7) (-26) – (-30,4) Увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, млн. кв. метраў 3,7 – 4,2 4,5 – 5 118 – 132

Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту, працэнтаў да ВУП -1,5 -1,5

–––––––––––––––––––––––––

* З улікам індэкса фізічнага аб'ёму прадукцыі прамысловасці.

** Па метадалогіі плацежнага балансу.