Паведамленне прэс-цэнтра Канстытуцыйнага Суда

Аб пенсійным забеспячэнні
 
Канстытуцыйным Судом 7 верасня гэтага года ў адкрытым судовым пасяджэнні будзе разгледжана справа аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта "г" часткі першай артыкула 68 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні".
 
Вытворчасць па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 15 чэрвеня 2007 г. па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
 
Неабходна высветліць, ці валодаюць дзеці, чые бацькі былі неабгрунтавана рэпрэсаваны па палітычных матывах у перыяд рэпрэсій 20—80-х гадоў ХХ ст. і затым рэабілітаваны, правам на павышэнне пенсіі.
 
21 снежня 1990 г. Вярхоўным Саветам было зацверджана Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—80-х гадах. У ім першапачаткова ішла гаворка аб грамадзянах, незаконна рэпрэсаваных па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах, і не акцэнтавалася ўвага на дзецях.
 
Пастановай Вярхоўнага Савета ад 23 снежня 1991 г. Палажэнне было дапоўнена пунктам 16, у адпаведнасці з якім пацярпелымі ад палітычных рэпрэсій прызнаны таксама дзеці, што знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні ў сувязі з рэпрэсаваннем іх бацькоў.
 
Пастанова Вярхоўнага Савета ад 3 снежня 1993 г. ільготы, устаноўленыя для ахвяраў палітычных рэпрэсій, нароўні з дзецьмі, што знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, спецпасяленні, распаўсюдзіла і на дзяцей, якія засталіся сіротамі ў сувязі з рэпрэсаваннем іх бацькоў.
 
Пастанова Вярхоўнага Савета ад 18 кастрычніка 1994 г. выклала пункт 16 у новай рэдакцыі, у адпаведнасці з якой пацярпелымі ад палітычных рэпрэсій прызнаны:
 
1) дзеці, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні;
 
2) дзеці, якія засталіся ў непаўналетнім узросце без апекі бацькоў, неабгрунтавана рэпрэсаваных па палітычных матывах;
 
3) дзеці, муж (жонка) асобаў, расстраляных або памерлых у месцах пазбаўлення волі і рэабілітаваных пасмяротна.
 
На практыцы пенсіі павышаюцца дзецям, якія знаходзіліся разам з бацькамі ў месцах пазбаўлення волі, у ссылцы, высылцы, на спецпасяленні. Астатнія катэгорыі дзяцей такога павышэння пенсіі не атрымалі. Наколькі гэта правамерна — Канстытуцыйны Суд і павінен вынесці свой вердыкт.
 
Людміла МУРАШКА,
начальнік аддзела зваротаў і міжнародных сувязяў.