Палажэнне аб парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі

ЗАЦВЕРДЖАНА
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
14.12.2007 № 638

 

ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі

ГЛАВА 1 

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. У гэтым Палажэнні ўстанаўліваецца парадак прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог сем'ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку (далей — сем'і (грамадзяне), у адпаведнасці з падпунктамі 2.1 і 2.2 пункта 2 Указа, якім зацвярджаецца гэта Палажэнне.

2. Штомесячная сацыяльная дапамога сем'ям (грамадзянам) назначаецца з месяца звароту, як правіла, на тры месяцы, і не больш як два разы на працягу каляндарнага года.

Названая сацыяльная дапамога можа быць назначана больш як два разы на працягу каляндарнага года або на тэрмін да аднаго года ў выпадку, калі сем'і (грамадзяне) на працягу трох і больш месяцаў знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі*, што аб'ектыўна парушае іх нармальную жыццядзейнасць.

3. Аднаразовая сацыяльная дапамога назначаецца сем'ям (грамадзянам) не больш як адзін раз на працягу каляндарнага года.

4. Рашэнне аб назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прымаецца пастаянна дзеючай камісіяй, створанай раённым (гарадскім) выканаўчым камітэтам з дэпутатаў раённага (гарадскога) Савета дэпутатаў, спецыялістаў упраўлення (аддзела) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта (далей — орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне), тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (далей — цэнтр), прадстаўнікоў іншых органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў (далей — камісія).

Забеспячэнне дзейнасці камісіі ажыццяўляецца органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

5. Наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі, што дае права сям'і (грамадзяніну) на атрыманне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, устанаўліваецца камісіяй на падставе акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча, складзенага па яе даручэнню калегіяльна (не менш як тры чалавекі) спецыялістамі органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цэнтра з прыцягненнем прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў.

6. Па рашэнню камісіі дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога можа прадастаўляцца ў грашовай (наяўнай або безнаяўнай) і (або) натуральнай форме.

7. Натуральная форма прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прымяняецца ў выпадку, калі:

бацькі не забяспечваюць належны догляд дзяцей;

дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў грашовай форме выкарыстоўваецца не па прызначэнню.

У гэтых выпадках работнікі органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цэнтраў за кошт грашовых сродкаў, выдзеленых на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, набываюць для сем'яў (грамадзян) прадукты харчавання, лекавыя сродкі, адзенне, абутак, школьныя прылады, іншыя тавары і паслугі першай неабходнасці;

мэты, на якія выпатрабоўваецца названая дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, могуць быць задаволены за кошт аказання менавіта такой формы гэтай дапамогі.

8. Сярэднедушавы даход сям'і (грамадзяніна) пры назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі вылічваецца за тры месяцы, што папярэднічаюць месяцу звароту за яе назначэннем.

Парадак уліку даходаў і разліку сярэднедушавога даходу грамадзяніна і даходу сям'і для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўстанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2

ПАРАДАК ЗВАРОТУ ЗА ПРАДАСТАЎЛЕННЕМ
ДЗЯРЖАЎНАЙ АДРАСНАЙ САЦЫЯЛЬНАЙ ДАПАМОГI

9. Заява аб назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі па форме згодна з дадаткам 1 падаецца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Бланк заявы выдаецца гэтым органам.

10. Пры звароце за назначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі сям'і заява аб яе назначэнні можа падавацца любым дарослым членам сям'і, а таксама непаўналетнімі членамі сям'і, якія ўзялі шлюб да дасягнення ўзросту 18 гадоў або маюць дзяцей.

11. Да заявы аб назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі заяўнікам прыкладаюцца:

пашпарт або іншы дакумент, што засведчвае асобу;

пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці — для асобаў, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў;

пасведчанне аб шлюбе — для асобаў, што знаходзяцца ў шлюбе;

рашэнне суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу — для асобаў, якія скасавалі шлюб;

даведка аб нараджэнні дзіцяці з называннем падставы ўнясення звестак аб бацьку дзіцяці — для жанчын, якія нарадзілі дзяцей не ў шлюбе, у выпадку, калі запіс аб бацьку дзіцяці ў кнізе запісаў актаў аб нараджэнні праведзены па ўказанню маці;

працоўная кніжка — для непрацуючых пенсіянераў і непрацуючых членаў сям'і працаздольнага ўзросту;

пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка — для індывідуальнага прадпрымальніка;

пенсійннае пасведчанне — для пенсіянераў;

пасведчанне інваліда — для інвалідаў;

звесткі аб атрыманых даходах кожнага члена сям'і за апошнія тры месяцы, што папярэднічаюць месяцу падачы заявы, (акрамя звестак аб памерах: пенсій з улікам надбавак, даплат і павышэнняў; дапамог па беспрацоўю; матэрыяльнай дапамогі і іншых выплат беспрацоўным грамадзянам, а таксама стыпендый і матэрыяльнай дапамогі, што выплачваюцца грамадзянам у перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па накіраванню органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дапамог па догляду інвалідаў I групы або асобаў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту; кошту бясплатнага харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, якія далучаюцца да матэрыялаў справы органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне);

даведкі аб рэалізацыі прадукцыі жывёльнага паходжання (за выключэннем малака), пладоў і прадукцыі асабістай падсобнай гаспадаркі, прадуктаў промыславай дзейнасці — у выпадку рэалізацыі названай прадукцыі;

звесткі аб грашовым эквіваленце сацыяльных ільгот па аплаце за карыстанне кватэрным тэлефонам (акрамя міжнародных і міжгародніх размоў), за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) (пацвярджаюцца рахункам-квітанцыяй арганізацый, якія ажыццяўляюць паслугі сувязі і эксплуатацыю жыллёвага фонду);

картка ўліку льготнага водпуску лекавых сродкаў — для асобаў, якія маюць права на такую льготу;

даведка аб памеры зямельнага ўчастка — для членаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і асобаў, якія маюць права на льготы па зямельныму падатку;

дамавая кніга (пры яе наяўнасці) — у выпадку пражывання сям'і (грамадзяніна) у аднакватэрным, блакіраваным жылым доме;

дагавор аб падрыхтоўцы спецыяліста на платнай аснове з установай адукацыі — для студэнтаў, якія навучаюцца ва ўстанове адукацыі за кошт уласных сродкаў;

дагавор рэнты і пажыццёвага догляду з утрыманнем — для грамадзян, якія заключылі названы дагавор;

індывідуальная праграма рэабілітацыі інваліда, што распрацоўваецца медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй (далей — МРЭК), заключэнне МРЭК або медыцынскае заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя (далей — УКК) — для асобаў, якія маюць патрэбу ў тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі, за выключэннем грамадзян, якія маюць права на бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі ў адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2007 г., № 147, 2/1336).

Асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, акрамя дакументаў, названых у абзацах другім — дзевятнаццатым часткі першай гэтага пункта, прадстаўляюць дакументы, што пацвярджаюць наяўнасць на момант дасягнення ўзросту 18 гадоў статусу дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або падстаў для яго атрымання, і ў далейшым не страцілі гэтыя падставы.

Копіі дакументаў, пералічаных у абзацах другім — дзесятым, трынаццатым — дзевятнаццатым часткі першай гэтага пункта, завяраюцца подпісам кіраўніка і пячаткай органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне без спагнання платы.

12. У выпадку, калі па адным адрасе пражываюць некалькі сем'яў (грамадзян), якія маюць агульны асабовы рахунак, але вядуць раздзельную гаспадарку, даходы ўлічваюцца асобна для кожнай сям'і (грамадзяніна).

Факт раздзельнага вядзення гаспадаркі ўстанаўліваецца камісіяй на падставе акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча, складзенага па яе даручэнню калегіяльна (не менш як тры чалавекі) спецыялістамі органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цэнтра з прыцягненнем прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў.

13. Пры непрадстаўленні заяўнікам дакументаў, прадугледжаных у пункце 11 гэтага Палажэння, заява аб назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі для разгляду не прымаецца.

14. У выпадку звароту за назначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі адзінокіх састарэлых грамадзян і інвалідаў, якія па стану здароўя маюць патрэбу ў пастаяннай пабочнай дапамозе, запаўненне заявы можа ажыццяўляцца работнікамі органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, цэнтра.

15. Орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры неабходнасці на працягу трох рабочых дзён з дня прыняцця заявы запытвае ў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый:

15.1. даведку арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, або даведку сельскага (пасялковага) Савета дэпутатаў аб месцы жыхарства і складзе сям'і, а ў выпадку, калі члены сям'і не зарэгістраваны (не прапісаны) па адрасе заяўніка, — даведкі аб месцы іх жыхарства (запытваюцца ў арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, і сельскіх (пасялковых) Саветаў дэпутатаў па месцы рэгістрацыі (прапіскі) членаў сям'і);

15.2. даведку з тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі аб наяўнасці ў прыватнай уласнасці ў членаў сям'і (грамадзяніна) больш як аднаго жылога памяшкання (кватэры);

15.3. дакументы, што пацвярджаюць атрыманне іншых відаў даходаў (за выключэннем дакументаў, названых у абзацах адзінаццатым — трынаццатым часткі першай пункта 11 гэтага Палажэння):

дапамог, што выплачваюцца згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1992 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 27, арт. 473; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 35, 2/843), за выключэннем аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і аднаразовай дапамогі жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці;

безнаяўных жыллёвых субсідый;

ільгот па аплаце харчавання дзяцей ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, у памеры іх грашовага эквіваленту;

кошту бясплатнага харчавання вучняў устаноў адукацыі;

15.4. іншыя дакументы, неабходныя для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

Па жаданню заяўніка дакументы, пералічаныя ў гэтым пункце, прадстаўляюцца ім самім.

Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, якія атрымалі запыт, абавязаны ў тыднёвы тэрмін з дня яго атрымання накіраваць выпатрабуемыя дакументы органу па працы, занятасці і сацыяльнай абароне без спагнання платы.

16. Пры прыёме дакументаў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне:

правярае правільнасць афармлення заявы, адпаведнасць у ёй звестак прадстаўленым дакументам, а таксама наяўнасць неабходных дакументаў для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі;

папярэджвае заяўніка аб адказнасці за наўмыснае скажэнне звестак, якія з'яўляюцца падставай для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, і аб абавязку інфармавання аб змяненні складу сям'і і (або) даходу сям'і (грамадзяніна);

рэгіструе заяву ў журнале рэгістрацыі заяў аб назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

ГЛАВА 3

ПАРАДАК НАЗНАЧЭННЯ I ВЫПЛАТЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ
АДРАСНАЙ САЦЫЯЛЬНАЙ ДАПАМОГI

17. Рашэнне аб назначэнні і памеры дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі або аб адмове ў яе назначэнні па форме згодна з дадаткам 2 прымаецца камісіяй на працягу пяці рабочых дзён з дня падачы заявы пры прадстаўленні заяўнікам усіх дакументаў, неабходных для яе назначэння, а ў выпадку, калі патрэбныя для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі дакументы запытваюцца органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, —

на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання апошняга неабходнага для яе назначэння дакумента.

18. Орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не пазней як за тры рабочыя дні пасля прыняцця адпаведнага рашэння камісіі паведамляе заяўніку аб назначэнні або адмове ў назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі з называннем прычын адмовы і парадку абскарджання.

Штомесячная сацыяльная дапамога выплачваецца з месяца, што ідзе за месяцам яе назначэння, а аднаразовая сацыяльная дапамога выплачваецца не пазней як за 10 дзён пасля прыняцця камісіяй адпаведнага рашэння.

19. Рашэнне камісіі аб назначэнні (адмове ў назначэнні) сацыяльных дапамог можа быць абскарджана ў вышэйстаячы орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры нязгодзе з прынятым гэтым органам рашэннем спрэчка вырашаецца ў судовым парадку.

20. Орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мае права праверыць звесткі, што змяшчаюцца ў прадстаўленых заяўнікам дакументах для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

21. Пры правядзенні праверкі прадстаўленых дакументаў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на працягу трох рабочых дзён з дня атрымання заявы або паступлення апошняга патрэбнага для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі дакумента паведамляе заяўніку аб неабходнасці такой праверкі, а таксама аб тым, што рашэнне аб назначэнні або аб адмове ў назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі будзе вынесена на працягу 25 дзён з дня падачы заявы.

22. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў грашовай форме выплачваецца праз аб'екты паштовай сувязі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" і філіялы адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк" і іх структурныя падраздзяленні без спагнання платы.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў натуральнай форме выдаецца сем'ям (грамадзянам) па картках уліку, спісах і ведамасцях, якія запаўняюцца органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і захоўваюцца ў асабістай справе заяўніка.

23. Налічэнне і (або) выплата дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі спыняецца органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры:

добраахвотнай адмове заяўніка ад дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі шляхам пісьмовага паведамлення органу па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;

змяненні заяўнікам месца жыхарства;

узнікненні фактаў (абставінаў), названых у частцы другой пункта 25 гэтага Палажэння.

24. У выпадку змянення складу сям'і і (або) даходу сям'і (грамадзяніна) пасля назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі або ўзнікнення абставінаў, прадугледжаных пунктам 3 Указа, які зацвярджае гэтага Палажэнне, заяўнік у пяцідзённы тэрмін з дня надыходу такіх абставінаў паведамляе аб гэтым у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і пры наяўнасці падстаў для назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прадстаўляе ў названы орган дакументы ў адпаведнасці з гэтым Палажэннем. Разгляд прадстаўленых дакументаў, пераразлік сумы назначанай дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і яе выплата ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым у гэтым Палажэнні.

25. Пры змяненні пасля назначэння штомесячнай сацыяльнай дапамогі памераў даходаў і прыналежнай членам сям'і (грамадзяніну) маёмасці на праве ўласнасці, у тым ліку здольнай прыносіць даход, змянення складу сям'і, але пры гэтым сям'я (грамадзянін) не страчвае падстаў на атрыманне гэтай дапамогі, органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіцца адпаведны пераразлік сумы дапамогі, а лішне выплачаная сума штомесячнай сацыяльнай дапамогі падлягае вяртанню.

Пры выяўленні органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне фактаў, што вядуць да страты сям'ёю (грамадзянінам) падстаў для прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі, абставінаў, пры наяўнасці якіх у адпаведнасці з пунктам 3 Указа, што зацвярджае гэта Палажэнне, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога не назначаецца, выплата гэтай дапамогі спыняецца з дня выяўлення такіх фактаў (абставінаў), а залішне выплачаныя сумы падлягаюць вяртанню.

У выпадку адмовы ад вяртання ў добраахвотным парадку залішне выплачаных сум штомесячнай сацыяльнай дапамогі яны спаганяюцца ў судовым парадку.

ГЛАВА 4

ФIНАНСАВАННЕ

26. Расходы, звязаныя з выплатай дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на гэтыя мэты.

27. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў нясуць адказнасць за мэтавае выкарыстанне сродкаў мясцовых бюджэтаў, прызначаных для выплаты дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, у адпаведнасці з заканадаўствам.

__________________________________
 
*Для мэтаў гэтага Палажэння пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй разумеюцца абставіны, складаныя для самастойнага вырашэння (поўная непрацаздольнасць па прычыне ўзросту або інваліднасці, няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з хваробай, наяўнасць патрэбы ў тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі, стыхійныя бедствы, катастрофы, пажары і іншыя абставіны).