Палажэнне аб парадку прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый

Зацверджана
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
14.12.2007 № 638
 
ПАЛАЖЭННЕ
аб парадку прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый

Глава 1

Агульныя палажэнні

1. У гэтым Палажэнні ўстанаўліваецца парадак прадастаўлення сем'ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку (далей — сем'і (грамадзяне), безнаяўных жыллёвых субсідый (далей — субсідыі) у адпаведнасці з падпунктам 2.3 пункта 2 Указа, якім зацвярджаецца гэта Палажэнне.

2. Субсідыі прадастаўляюцца сем'ям (грамадзянам), якія пражываюць у дамах дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду.

3. Пры наяўнасці ў сям'і (грамадзяніна) ільгот па плаце за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) сума плацяжоў разлічваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам з прымяненнем скідак з тарыфаў, а разлік сумы субсідыі праводзіцца без прымянення гэтых скідак.

4. Субсідыя не можа перасягаць фактычна налічанай сумы плацяжоў сям'і (грамадзяніна) за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) і адлічэнняў на капітальны рамонт.

5. Сукупны даход сям'і (грамадзяніна) пры вызначэнні права на атрыманне субсідыі вылічваецца за тры месяцы, якія папярэднічаюць месяцу звароту за яе назначэннем. Парадак уліку даходаў і разлік сукупнага даходу сям'і (грамадзяніна) для назначэння субсідыі ўстанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

6. Субсідыя назначаецца сям'і (грамадзяніну) па рашэнню мясцовага выканаўчага і распарадчага органа з месяца звароту на тры месяцы і прадастаўляецца ў безнаяўнай форме.

Паводле рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, субсідыя можа быць назначана на тэрмін да аднаго года, у выпадку калі сям'я (грамадзянін) на працягу трох і больш месяцаў знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі*, якая аб'ектыўна парушае нармальную жыццядзейнасць.

Наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі пацвярджаецца актам абследавання матэрыяльна-бытавога становішча сям'і (грамадзяніна), складзеным камісіяй (не меншай за тры чалавекі), створанай для гэтых мэтаў мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Глава 2

Парадак звароту за субсідыяй

7. Заяву на атрыманне субсідыі па форме згодна з дадаткам 1 падаецца ўласнікам, наймальнікам жылога памяшкання, членам арганізацыі забудоўшчыкаў або паўналетнімі членамі іх сем'яў (іх законнымі прадстаўнікамі) па месцы жыхарства ў арганізацыю, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, а пры яе адсутнасці — у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (далей — служба субсідзіравання). Бланк заявы выдаецца службай субсідзіравання.

У выпадку звароту за назначэннем субсідыі адзінокіх састарэлых грамадзян і інвалідаў, якім па стану здароўя патрэбна пастаянная пабочная дапамога, бланк заявы могуць запаўняць работнікі службы субсідзіравання.

8. Да заявы аб назначэнні субсідыі заяўнікам прыкладаюцца:

пашпарт або іншы дакумент, які засведчвае асобу;

пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці — для асобаў, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў;

даведка аб нараджэнні дзіцяці з называннем падставы ўнясення звестак аб бацьку дзіцяці — для жанчын, якія нарадзілі дзяцей па-за шлюбам, калі звесткі пра бацьку дзіцяці ў кнізе рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану праведзены па ўказанню маці;

працоўная кніжка — для непрацуючых пенсіянераў і непрацуючых членаў сям'і працаздольнага ўзросту;

пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка — для індывідуальнага прадпрымальніка;

пенсійнае пасведчанне — для пенсіянераў;

пасведчанне інваліда — для інвалідаў;

звесткі аб фактычна атрыманых даходах кожнага члена сям'і за апошнія тры месяцы, якія папярэднічалі месяцу падачы заявы, з месца іх работы, службы, вучобы, з камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення (аддзела) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта па месцы жыхарства (заработная плата, дапамога, аліменты, даходы індывідуальнага прадпрымальніка і г.д.) па форме, устаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь, акрамя даведак аб даходах пенсіянераў і беспрацоўных, якія прыкладаюцца да матэрыялаў справы службай субсідзіравання ў адпаведнасці з пунктам 11 гэтага палажэння;

даведкі аб рэалізацыі прадукцыі жывёльнага паходжання (за выключэннем малака), пладоў і прадукцыі асабістай падсобнай гаспадаркі, прадуктаў промыславай дзейнасці — у выпадку рэалізацыі названай прадукцыі;

даведка аб памеры зямельнага ўчастка — для членаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і асобаў, якія маюць права на льготы па зямельнаму падатку;

дамавая кніга (пры яе наяўнасці) — у выпадку пражывання грамадзяніна ў аднакватэрным блакіраваным жылым доме;

дагавор аб падрыхтоўцы спецыяліста на платнай аснове з установай адукацыі — для студэнтаў, якія вучацца ва ўстанове адукацыі за кошт уласных сродкаў.

Копіі дакументаў, пералічаных у абзацах другім — восьмым і адзінаццатым — трынаццатым часткі першай гэтага пункта, завяраюцца подпісам кіраўніка і пячаткай службы субсідзіравання без спагнання платы.

9. У выпадку, калі па адным адрасе пражываюць некалькі сем'яў (грамадзян), якія маюць розныя асабовыя рахункі і вядуць раздзельную гаспадарку, даходы ўлічваюцца асобна для кожнай сям'і (грамадзяніна).

10 . Пры непрадстаўленні заяўнікам дакументаў, пералічаных у частцы першай пункта 8 гэтага Палажэння, заява аб назначэнні субсідыі для разгляду не прымаецца.

11. Служба субсідзіравання пры неабходнасці на працягу трох рабочых дзён з дня прыняцця заявы запрошвае ў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый:

11.1. даведку арганізацыі, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду, або даведку сельскага (пасялковага) Савета дэпутатаў аб месцы жыхарства і складзе сям'і, а ў выпадку, калі члены сям'і не зарэгістраваны (не прапісаны) па адрасе заяўніка, — даведкі аб месцы жыхарства (запрошваюцца ў арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, сельскіх (пасялковых) Саветаў дэпутатаў па месцы рэгістрацыі (прапіскі) членаў сям'і);

11.2. даведку з тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі аб наяўнасці ў прыватнай уласнасці ў членаў сям'і (грамадзяніна) больш як аднаго жылога памяшкання (кватэры);

11.3. звесткі аб атрыманых за апошнія тры месяцы, якія папярэднічаюць месяцу падачы заявы, даходах членаў сям'і, якія з'яўляюцца беспрацоўнымі або пенсіянерамі (запрошваюцца ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўленні (аддзеле) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта і (або) у органа, які выплачвае пенсію), аб памерах атрымліваемых:

пенсій з улікам надбавак, даплат і павышэнняў;

дапамог па беспрацоўю;

матэрыяльнай дапамогі і іншых выплатах беспрацоўным грамадзянам, а таксама стыпендый і матэрыяльнай дапамогі, якія выплачваюцца грамадзянам у перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па накіраванню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення (аддзела) па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога (раённага) выканаўчага камітэта;

дапамог па догляду інвалідаў І групы або асобаў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту;

11.4. дакументы, якія пацвярджаюць атрыманне іншых відаў даходаў (за выключэннем дакументаў, названых у абзацах дзевятым і дзесятым часткі першай пункта 8 гэтага Палажэння і падпункце 11.3 гэтага пункта):

дапамог, якія выплачваюцца згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1992 года "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 27, арт. 473; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 35, 2/843), за выключэннем аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і аднаразовай дапамогі жанчыне, якая стала на ўлік у медыцынскай установе да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці;

даходаў па дагаворах рэнты і пажыццёвага догляду з утрыманнем;

даходаў ад зямельнага ўчастка;

11.5. іншыя дакументы, неабходныя для прызначэння субсідыі.

Па жаданню заяўніка дакументы, пералічаныя ў гэтым пункце, прадстаўляюцца ім самім.

Арганізацыі, якія атрымалі запыт, абавязаны ў тыднёвы тэрмін з дня яго атрымання накіраваць выпатрабуемыя дакументы службе субсідзіравання без спагнання платы.

12. Пры прыёме дакументаў служба субсідзіравання:

правярае правільнасць афармлення заявы, наяўнасць дакументаў, неабходных для назначэння субсідыі, а таксама адпаведнасць адлюстраваных у заяве даных прадстаўленым дакументам, пералічаным у частцы першай пункта 8 гэтага Палажэння;

папярэджвае заяўніка аб адказнасці за наўмыснае скажэнне звестак, якія з'яўляюцца падставай для назначэння субсідыі, і аб абавязку інфармавання аб змяненні складу сям'і і (або) даходу сям'і (грамадзяніна);

рэгіструе заяву ў журнале рэгістрацыі заяў аб назначэнні субсідыі.

Глава 3

Парадак назначэння і выплаты субсідый

13. Рашэнне аб назначэнні і памеры субсідыі прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі на працягу дзесяці рабочых дзён з дня падачы заявы пры прадстаўленні заяўнікам усіх дакументаў, неабходных для назначэння субсідыі, а ў выпадку, калі патрэбныя для назначэння субсідыі дакументы запрошваюцца службай субсідзіравання, — на працягу дзесяці рабочых дзён пасля атрымання апошняга неабходнага для назначэння субсідыі дакумента, прадугледжанага ў пункце 11 гэтага Палажэння.

14. Служба субсідзіравання не пазней як за тры рабочыя дні пасля прыняцця мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі адпаведнага рашэння накіроўвае заяўніку паведамленне аб назначэнні субсідыі па форме згодна з дадаткам 2 з называннем сумы платы за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў), адлічэнняў на капітальны рамонт па дзеючых тарыфах, сумы субсідыі, прадастаўляемай безнаяўна сям'і (грамадзяніну), і сумы, якая падлягае выплаце заяўнікам, або ад адмове ў назначэнні субсідыі з называннем прычын адмовы і парадку абскарджання гэтага рашэння.

15. Рашэнне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб назначэнні (адмове ў назначэнні) субсідыі, а таксама дзеянні службы субсідзіравання па прыпыненню (спыненню) прадастаўлення сям'і (грамадзяніну) субсідыі ў адпаведнасці з пунктамі 18—20 гэтага Палажэння могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячы мясцовы выканаўчы і распарадчы орган. Пры нязгодзе з прынятым гэтым органам рашэннем спрэчка вырашаецца ў судовым парадку.

16. Служба субсідзіравання мае права праверыць абгрунтаванасць і дакладнасць прадстаўленых заяўнікам дакументаў.

17. Пры правядзенні праверкі прадстаўленых дакументаў служба субсідзіравання на працягу трох рабочых дзён з дня атрымання заявы або паступлення апошняга дакумента, патрэбнага для назначэння субсідыі, паведамляе заяўніку аб неабходнасці такой праверкі, а таксама аб тым, што рашэнне аб назначэнні або аб адмове ў назначэнні субсідыі будзе вынесена на працягу 25 дзён з дня падачы заявы.

18. Пералічэнне назначанай субсідыі сям'і (грамадзяніну) прыпыняецца службай субсідзіравання, калі заяўнік не ўнёс за мінулы месяц суму плацяжоў, падлеглых выплаце ім самім, за карыстанне жылым памяшканнем, яго тэхнічнае абслугоўванне, камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, карыстанне ліфтамі, вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў) і адлічэнняў на капітальны рамонт.

Прадастаўленне субсідыі аднаўляецца пасля ўстаранення заяўнікам прычыны яго прыпынення.

19. Пералічэнне субсідыі спыняецца службай субсідзіравання пры:

добраахвотнай адмове заяўніка ад назначанай субсідыі шляхам пісьмовага паведамлення службе субсідзіравання;

змяненні заяўнікам месца жыхарства;

узнікненнем фактаў (абставінаў), названых у частцы другой пункта 22 гэтага Палажэння.

20. Назначэнне субсідыі на наступны трохмесячны тэрмін праводзіцца ў парадку, устаноўленым у гэтым Палажэнні.

21. У выпадку змянення складу сям'і і (або) даходу сям'і (грамадзяніна) пасля назначэння субсідыі або ўзнікнення абставін, прадугледжаных у пункце 3 Указа, які зацвярджае гэта Палажэнне, заяўнік у пяцідзённы тэрмін з дня надыходу такіх абставінаў паведамляе аб гэтым службе субсідзіравання і пры наяўнасці падстаў для назначэння субсідыі прадстаўляе ў службу субсідзіравання дакументы ў адпаведнасці з гэтым Палажэннем. Разгляд прадстаўленых дакументаў, пераразлік сумы субсідыі і яе выплата ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым у гэтым Палажэнні.

22. Пры змяненні пасля назначэння субсідыі памераў даходаў і прыналежнай членам сям'і (грамадзяніну) маёмасці на праве ўласнасці, у тым ліку якая можа прыносіць даход, змяненні складу сям'і, але пры гэтым сям'я (грамадзянін) не страчвае падстаў на атрыманне субсідыі, службай субсідзіравання праводзіцца адпаведны пераразлік сумы субсідыі.

Пры выяўленні службай субсідзіравання фактаў, якія вядуць да страты сям'ёй (грамадзянінам) падстаў для прадастаўлення субсідыі, абставін, пры наяўнасці якіх у адпаведнасці з пунктам 3 Указа, які зацвярджае гэта Палажэнне, субсідыі не прадастаўляюцца, выплата субсідыі спыняецца з дня выяўлення такіх фактаў (абставінаў), а залішне прадастаўленая сума субсідыі падлягае вяртанню (праводзіцца адпаведны пераразлік).

Глава 4

Фінансаванне

23. Расходы, звязаныя з прадастаўленнем сем'ям (грамадзянам) субсідый, ажыццяўляюцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на гэтыя мэты.

24. Паводле рашэння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў агульная сума субсідый, налічаных сем'ям (грамадзянам) у бягучым месяцы з улікам авансу на прадастаўленне субсідый у наступным месяцы, пералічаецца названымі органамі на рахунак службы субсідзіравання (а пры адсутнасці такой службы — на рахунак арганізацыі, якая займаецца налічэннем субсідый) штомесяц да 10-га чысла наступнага месяца.

25. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў нясуць адказнасць за мэтавае выкарыстанне сродкаў мясцовых бюджэтаў, прызначаных для выплаты субсідый, у адпаведнасці з заканадаўствам.  

_______________________________________

*Для мэт гэтага Палажэння пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй разумеюцца абставіны, складаныя для самастойнага вырашэння (поўная непрацаздольнасць з прычыны ўзросту або інваліднасці, няздольнасць да самаабслугоўвання ў сувязі з хваробай, патрэбнасць у тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі, стыхійныя бедствы, катастрофы, пажары і іншыя абставіны).