ПАЛАЖЭННЕ аб парадку праходжання службы ў рэзерве

Зацверджана

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10.03.2008 № 148

ПАЛАЖЭННЕ

аб парадку праходжання службы ў рэзерве

Глава 1

Агульныя палажэнні

1. Гэтым Палажэннем вызначаецца парадак праходжання службы ў рэзерве грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (далей — грамадзяне) у мірны час, а таксама іншыя пытанні, аднесеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года "Аб воінскім абавязку і воінскай службе" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., № 29, арт. 501; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 85, 2/976) (далей — Закон) да сферы рэгулявання гэтага Палажэння.

2. Рэзервістам з'яўляецца грамадзянін, які праходзіць службу ў рэзерве ў воінскіх часцях, іншых арганізацыях Узброеных Сілаў або транспартных войсках Рэспублікі Беларусь (далей — воінская часць).

Праходжанне службы ў рэзерве рэзервістам уключае:

пастаўноўку на ўлік і зняцце з уліку ў воінскай часці;

прысваенне воінскага звання;

праходжанне заняткаў і вучэбных збораў;

звальненне са службы ў рэзерве;

іншыя абставіны (падзеі), якія ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі вызначаюць службовае і прававое становішча рэзервіста.

3. Праходжанне службы ў рэзерве ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам, гэтым Палажэннем і іншымі актамі заканадаўства.

4. Загады аб пастаноўцы рэзервістаў на ўлік у воінскіх часцях, прысваенні ім воінскіх званняў, праходжанні заняткаў і вучэбных збораў, звальненні са службы ў рэзерве павінны змяшчаць спасылкі на адпаведныя нормы Закона і (або) гэтага Палажэння.

5. Тэрмін службы ў рэзерве вылічаецца і ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з Законам.

6. Формы дакументаў наконт арганізацыі прызыву грамадзян на службу ў рэзерве, адпраўкі прызваных грамадзян да месца службы ў рэзерве, пастаноўкі іх на ўлік у воінскіх часцях, прысваення воінскага звання, арганізацыі і правядзення заняткаў і вучэбных збораў, арганізацыі звальнення грамадзян са службы ў рэзерве, накіравання іх для праходжання тэрміновай ваеннай службы, а таксама патрабаванні да складання гэтых дакументаў устанаўліваюцца Міністэрствам абароны.

7. Рэзервісты праходзяць службу ў рэзерве ў воінскіх часцях, у якія яны былі накіраваны пры прызыве на службу ў рэзерве.

8. Перавод рэзервістаў з адной воінскай часці ў другую дапускаецца толькі ў выпадках іх пераводу на работу ў іншую мясцовасць разам з наймальнікам, ліквідацыі воінскай часці або немагчымасці прадаўжэння падрыхтоўкі рэзервістаў па ваенна-ўліковай спецыяльнасці ў сувязі са спыненнем іх допуску да дзяржаўных сакрэтаў.

9. Рэзервісты могуць быць накіраваны для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў воінскія часці, у якіх яны праходзяць службу ў рэзерве, а пры адсутнасці ў гэтых часцях вакантных пасад, што камплектуюцца ваеннаслужачымі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, — у іншыя воінскія часці ў парадку, што ўстанаўліваецца Міністэрствам абароны.

Накіраванне рэзервістаў для праходжання тэрміновай ваеннай службы праводзіцца па іх просьбе.

10. Рэзервістам пры іх накіраванні для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў тэрмін тэрміновай ваеннай службы залічваецца працягласць службы ў рэзерве з разліку восем вучэбных гадзін вучэбных збораў за адны суткі тэрміновай ваеннай службы.

11. У выпадку змянення ўзроўню адукацыі рэзервіста тэрмін яго службы ў рэзерве ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з Законам.

12. У перыяд паміж заняткамі і вучэбнымі зборамі рэзервіст мае права на часовы выезд за мяжу ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

13. Паступленне рэзервістаў у ваенныя навучальныя ўстановы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Глава 2

Арганізацыя прыёму і ўліку рэзервістаў у воінскай часці

14. Колькасць грамадзян, якія падлягаюць прызыву на службу ў рэзерве, пералік ваенных камісарыятаў абласцей, тэрміны адпраўкі на службу ў рэзерве, пералік ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў, пералік воінскіх часцей, у якіх рэзервісты будуць праходзіць службу ў рэзерве, вызначае Генеральны штаб Узброеных Сілаў.

15. Улік рэзервістаў ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам абароны.

16. Адпраўка грамадзян, прызваных на службу ў рэзерве, у камплектуемыя воінскія часці ажыццяўляецца з прызыўных (зборных) пунктаў ваенных камісарыятаў.

17. Пасля прыбыцця грамадзян у воінскую часць для праходжання службы ў рэзерве наймальнікам у пяцідзённы тэрмін паведамляецца камандзірам воінскай часці аб пачатку праходжання гэтымі грамадзянамі службы ў рэзерве.

18. Грамадзяне, якія прыбылі ў воінскія часці для праходжання службы ў рэзерве, прымаюцца на ўлік, залічваюцца ў спісы асабовага складу воінскай часці і на ўсе віды забеспячэння.

19. Пасля заканчэння заняткаў і вучэбных збораў рэзервісты здымаюцца з усіх відаў забеспячэння і накіроўваюцца да месца жыхарства (рэгістрацыі) да пачатку чарговых заняткаў і вучэбных збораў. Пры гэтым рэзервістам уручаюцца дакументы для паведамлення іх наймальнікам аб тэрмінах правядзення чарговых заняткаў і вучэбных збораў.

20. Рэзервісты стаяць на ўліку ў воінскіх часцях да іх звальнення са службы ў рэзерве.

21. Пры аб'яўленні мабілізацыі, увядзенні ваеннага становішча і ў ваенны час рэзервісты пераводзяцца на становішча ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па прызыву, накіроўваюцца камандзірамі воінскіх часцей для камплектавання воінскіх часцей або ў вучэбныя воінскія часці для навучання па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і спецыялістаў у парадку, які вызначаецца Міністэрствам абароны.

Глава 3

Прысваенне воінскіх званняў рэзервістам

22. Старшынство воінскіх званняў і складаў рэзервістаў вызначаецца паслядоўнасцю іх пералічэння ў Законе: ад воінскага звання "радавы рэзерву" да больш высокага і ад складу "салдаты" да больш высокага.

23. Воінскія званні прысвойваюцца рэзервістам персанальна. Воінскае званне можа быць першым або чарговым.

24. Рэзервістам прысвойваюцца воінскія званні:

да старшыны рэзерву ўключна — службовымі асобамі, якія вызначаюцца Міністэрствам абароны;

прапаршчыка — Міністрам абароны.

25. Першае воінскае званне рэзервіста — "радавы рэзерву", прысвойваецца грамадзяніну, прызванаму на службу ў рэзерве, пры прыёме на ўлік і залічэнні ў спісы асабовага складу воінскай часці.

26. Чарговае воінскае званне прысвойваецца рэзервісту пасля заканчэння ўстаноўленага тэрміну выслугі ў папярэднім воінскім званні, калі ён праходзіць падрыхтоўку па ваенна-ўліковай спецыяльнасці і воінскай пасадзе, для якой штатам прадугледжана воінскае званне, роўнае або больш высокае, чым прысвойваемае.

27. Для рэзервістаў устанаўліваюцца наступныя тэрміны выслугі ў воінскіх званнях:

радавы рэзерву — адзін навучальны год;

малодшы сяржант рэзерву — адзін навучальны год;

сяржант рэзерву, старшы сяржант рэзерву, старшына рэзерву — не ўстанаўліваецца;

28. Воінскае званне "прапаршчык" прысвойваецца рэзервісту, які мае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, прайшоў падрыхтоўку ў перыяд службы ў рэзерве па ваенна-ўліковай спецыяльнасці і воінскай пасадзе, для якой штатам прадугледжана воінскае званне "прапаршчык", пасля заканчэння службы ў рэзерве з улікам здачы кваліфікацыйных экзаменаў і атэстацыі для прысваення воінскага звання "прапаршчык".

29. Воінскія званні афіцэрскага складу рэзервістам не прысвойваюцца.

Глава 4

Арганізацыя праходжання заняткаў і вучэбных збораў

30. Агульнае кіраўніцтва планаваннем навучання рэзервістаў у воінскіх часцях ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца Міністэрствам абароны.

31. Падрыхтоўка рэзервістаў арганізуецца і праводзіцца ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі, зацверджанымі загадамі Міністра абароны.

Працягласць і парадак правядзення заняткаў і вучэбных збораў устанаўліваюцца вучэбнымі праграмамі ў адпаведнасці з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі, якія атрымліваюць рэзервісты.

32. Забеспячэнне заняткаў і вучэбных збораў з рэзервістамі ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай, іншай маёмасцю, неабходнай для гэтага, арганізуецца ў адпаведнасці з прававымі актамі Міністэрства абароны.

33. Допуск і доступ да дзяржаўных сакрэтаў рэзервістаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

34. Парадак і тэрміны прыбыцця рэзервіста на чарговыя заняткі і вучэбныя зборы вызначаюцца камандзірам воінскай часці.

35. Уважлівымі прычынамі непрыбыцця рэзервіста на заняткі і вучэбныя зборы з'яўляюцца:

35.1. калецтва (раненне, траўма, кантузія) або захворванне, звязаныя са стратай рэзервістам працаздольнасці;

35.2. цяжкі стан здароўя бацькі, маці, айчыма, мачахі, жонкі, дзіцяці, родных брата або сястры, дзеда, бабулі, апекуна рэзервіста ці ўдзел у пахаванні названых асобаў;

35.3. перашкода, якая ўзнікла ў выніку дзеяння непераадольнай сілы, або іншыя абставіны, што не залежаць ад волі рэзервіста;

35.4. іншыя прычыны, прызнаныя ўважлівымі камандзірам воінскай часці або судом.

Прычыны непрыбыцця павінны быць пацверджаны дакументамі, выдадзенымі адпаведнымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі)

36. Рэзервісты, якія не прыбылі на заняткі і вучэбныя зборы ва ўстаноўленыя камандзірам воінскай часці тэрміны без уважлівай прычыны, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

37. Рэзервістам у перыяд заняткаў і вучэбных збораў прадастаўляецца водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару ў выпадках:

37.1. цяжкага стану здароўя або смерці (гібелі) бацькі, маці, айчыма, мачахі, жонкі, дзіцяці, родных брата або сястры, дзеда, бабулі, бацькі (маці) жонкі або апекуна рэзервіста;

37.2. пажару, іншага стыхійнага бедства, якое здарылася з сям'ёй або блізкімі роднымі рэзервіста;

37.3. у іншых выключных выпадках, калі прысутнасць рэзервіста ў сям'і неабходная, — па рашэнню камандзіра воінскай часці.

38. Водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару прадастаўляецца на тэрмін да 10 сутак, не ўлічваючы часу, неабходнага для праезду да месца правядзення водпуску і назад.

Неабходнасць прадастаўлення рэзервісту названага водпуску павінна быць пацверджана дакументальна.

39. Водпуск па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару рэзервістам можа быць прадоўжаны ваенным камендантам ваеннай камендатуры гарнізона або ваенным камісарам раёна (горада) па месцы правядзення водпуску ў выпадку ўзнікнення абставінаў, прадугледжаных у пункце 37 гэтага Палажэння, на падставе прадстаўленых дакументаў.

40. У перыяд паміж заняткамі і вучэбнымі зборамі рэзервіст мае права на прадаўжэнне адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Навучанне рэзервіста ва ўстанове адукацыі не можа з'яўляцца падставай для змянення тэрмінаў заняткаў і вучэбных збораў.

Глава 5

Звальненне са службы ў рэзерве ў запас

41. Рэзервіст падлягае звальненню са службы ў рэзерве ў запас:

41.1. пасля заканчэння тэрміну службы ў рэзерве, устаноўленага Законам;

41.2. з прычыны хваробы (у выпадку прызнання непрыгодным да ваеннай службы ў мірны час);

41.3. у сувязі з уступленнем у законную сілу прыгавора суда аб назначэнні рэзервісту пакарання ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення або пакарання смерцю;

41.4. пры ўстанаўленні абставінаў, якія сведчаць аб тым, што ён праходзіць ці прайшоў альтэрнатыўную службу;

41.5. пры ўстанаўленні абставінаў, якія сведчаць аб тым, што ён прайшоў ваенную службу або іншым спосабам выканаў воінскі абавязак у іншай дзяржаве;

41.6. пры ўстанаўленні абставінаў, якія сведчаць аб тым, што ў рэзервіста ў момант прызыву на службу ў рэзерве былі падставы, па якіх ён у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не павінен быў падлягаць прызыву на службу ў рэзерве:

41.6.1. адбыванне да прызыву на службу ў рэзерве пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчых установах;

41.6.2. адбыванне ў час прызыву на службу ў рэзерве пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, грамадскіх або папраўчых работ, абмежавання свабоды або арышту;

41.6.3. наяўнасць судзімасці, якая не знята або не пагашана ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

41.6.4. у адносінах да яго не закончыўся тэрмін прымянення судом прымусовых мераў бяспекі і лячэння;

41.6.5. у адносінах да яго ажыццяўляецца крымінальнае праследаванне або крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд або ажыццяўляецца судовае вядзенне.

42. Рэзервіст мае права на датэрміновае звальненне са службы ў рэзерве ў запас, калі ў яго ёсць:

42.1. бацькі, родныя брат або сястра, якія, з'яўляючыся ваеннаслужачымі, асобамі начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі I або II групы ў выніку калецтва (ранення, траўмы, кантузіі), захворвання, атрыманых пры выкананні абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў), а таксама з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

42.2. непрацаздольныя бацькі або іншыя члены сям'і, якім патрэбны па стану здароўя ў адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай (медыка-рэабілітацыйнай экспертнай) камісіі пабочны пастаянны догляд (дапамога, нагляд) і якія не знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, — пры адсутнасці іншых працаздольных асобаў, што пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаных у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь утрымліваць названых членаў сям'і і клапаціцца пра іх незалежна ад таго, пражываюць яны разам з імі або асобна, ці пры наяўнасці такіх асобаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве;

42.3. жонка і дзіця ва ўзросце да трох гадоў;

42.4. жонка-інвалід I або II групы;

42.5. дзіця-інвалід;

42.6. дзіця, якое выхоўваецца без маці;

42.7. двое або больш дзяцей;

42.8. маці (бацька), якая не знаходзіцца (які не знаходзіцца) у зарэгістраваным шлюбе і не мае (які не мае) іншых працаздольных дзяцей, якая (які) мае адно дзіця ва ўзросце да трох гадоў або дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, або дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, або дзіця, старэйшае за 18 гадоў, якое з'яўляецца інвалідам I або II групы, або маці з тэрмінам цяжарнасці 28 тыдняў і больш, якая не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе і не мае іншых працаздольных дзяцей;

42.9. адзін або больш родных братоў і сясцёр ва ўзросце да 18 гадоў або старэйшых за 18 гадоў, якія з'яўляюцца навучэнцамі ўстаноў, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, або інвалідамі I ці II групы, — пры адсутнасці іншых асобаў, якія маглі б узяць іх на ўтрыманне.

43. Рэзервістам, якія звальняюцца са службы ў рэзерве ў запас, па выніках здачы кваліфікацыйных экзаменаў вызначаецца ваенна-ўліковая спецыяльнасць і воінская пасада для камплектавання Узброеных Сілаў або іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь на ваенны час.

44. Рэзервістам, якія звальняюцца са службы ў рэзерве ў запас датэрмінова, ваенна-ўліковая спецыяльнасць і воінская пасада для камплектавання Узброеных Сілаў або іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь на ваенны час вызначаюцца ў адпаведнасці з іх узроўнем ваеннай падрыхтоўкі.

Глава 6

Парадак звальнення са службы ў рэзерве ў адстаўку

45. Рэзервіст падлягае звальненню са службы ў рэзерве ў адстаўку з прычыны хваробы на падставе заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі аб прызнанні яго непрыгодным да ваеннай службы з выключэннем з воінскага ўліку.

46. Рэзервіст, прызнаны ваенна-ўрачэбнай камісіяй па стану здароўя непрыгодным да ваеннай службы з выключэннем з воінскага ўліку, падлягае звальненню ў адстаўку ў месячны тэрмін з дня атрымання воінскай часцю пасведчання аб хваробе (заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі аб стане здароўя рэзервіста).